Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 125)
Цыган
Усе паснулі.
Ведзьма
Бо каб не пачулі
Майго слова. Страшна будзе.
I ты, як пачуеш,
Сам спужаешся, мой дружа...
Ці ж не пашкадуеш?
Наталачку! Дзіця сваё!
Ірад злы які ён!..
Апаганіў... А раней жа
Пасылае ў Кіеў
Мяне, бачыш, памаліцца.
Малілася многа,
Але марна я, цыгане,
Малілася богу.
У вас ёсць бог які-небудзь?
Мы яго не маем...
Паны ўкралі ды ў шкатуле
У сябе хаваюць.
Вяртаюся я з Кіева,
Замкнёны пакоі.
Ён узяў яе з сабою
Дый паехаў з ёю,
З Наталляю... Ці чуеш ты?
I астрыг, паганы,
Дзіця сваё. Паляцела
Я шукаці пана
Ў Валошчыну. Дый шукаю,
Савою лятаю
Над байракамі. Ды дзетак,
Дзетачак шукаю,
Наталачку! Не, не, не, не!
Я шукаю пана.
Разарву!.. Вазьмі ж ты мяне
Да сябе, цыгане.
Я мядзведзя вадзіць буду,
А як знайду ката,
То й спушчу яго на ката.
Вось тады, пракляты!..
Не, не спушчу. Сама яго
Загрызу... Чуў гэта?
Пабярэмся, маё сэрца,
Дзеўка я й дагэтуль.
А сына ўжо ажаніла,
А дачка й так будзе.
Будзе лазіць пад платамі,
Пакуль знойдуць людзі
Нежывою. Ці ты бачыў?
Ён такі харошы —
Мой сын Іван... Ух, холадна!
Пазыч ты мне грошай,
Маністу добрую куплю
Дый табе павешу,
А сама пайду дадому...
Мыш, вунь мыш, пацешна,
У Кіеў нясе мышанят.
Не данясеш, дзесьці ўтопіш,
Альбо пан адніме.
Ці я знайду маіх дзетак,
Ці так і загіну? —
Дый замоўкла, бы заснула.
Цыгане ўставалі.
Разбіралі шатры свае,
На шлях паспяшалі.