Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 121)
I ў дамавіну палажыць...
Цыгане
Не йдзі, нябога, будзь тут з намі!
У нас, яй-богу, добра жыць!
Ведзьма
А дзеці ёсць у вас?
Цыгане
Не маем.
Ведзьма
Каго ж вам песціць, гадаваць?
Каго ж вам нанач класці спаць?
Каго калышаце ўначы?
Кладучыся і ўстаючы,
За каго моліцеся? Дзеці!
I ўсё дзеці! I ўсё дзеці!
Не знаю, дзе ад іх падзецца.
Дзе ні пайду, яны за мною,
З’ядуць мяне калі-небудзь...
Цыгане
Не плач, нябога, сум забудзь.
У нас дзяцей няма й заводу.
Ведзьма
Хоць з гары ды ў воду.
I ведзьма цяжка зарыдала.
Цыгане моўчкі паглядалі,
Пакуль заснулі, дзе хто ўпаў.
Яна ж не спала, не тужыла,
Сядзела, ногі палажыла
Ў гарачы попел. Выступаў
Шчарбаты месяц з-за магілы,
I на шацёр ён паглядаў.
Аж покуль хмара засланіла.
Што не спіцца багатаму,
Гладкаму, сівому?
Што не спіцца убогаму
Сіраце старому?
Адзін думае, як гэта
Дом дабудаваці,
Другі думае, як гэта
На званы прыдбаці.
Адзін стары адпачыне
Ў пышнай дамавіне.
Другі стары і так сабе
Дзе-небудзь пад тынам.
I абодва спачываюць —
Ні аб чым не дбаюць,
Убогага забываюць,
А таго шчэ й лаюць.
Каля агню стары цыган
З люлькі дым пускае,
Пазірае на прыблуду
Й пра званы не дбае.
Цыган
Чаму не ляжаш, не спачынеш?
Зарніца ўсходзіць — паглядзі.
Ведзьма
Глядзела я — ўжо ты глядзі!
Цыган
Мы рана рушыма, пакінем,
Як не прачнешся.
Ведзьма
Не прачнуся,
Я ўжо ніколі не прачнуся.
Вось так дзе-небудзь і загіну
У бур’яне...