Тады з жалосным енкам ён загаласіў:
«Няшчасны я! Ці ж я прарок? Няўжо абраў
Я самы цяжкі шлях з усіх шляхоў маіх?
Я чую сына крык свайго! Бяжыце, слугі,
Хутчэй туды і, камень адваліўшы
Ад падзямелля, у пячору паглядзіце —
Ці Геманаў то крык, ці то багоў мана?»
Зрабілі мы, як загадаў нам цар —
Ён быў у роспачы: убачылі мы іх
Абоіх у глыбі пячоры. На пятлі,
З адзежы зробленай, накінутай на шыю,
Яна павесілася. Ля яе ляжаў,
Трымаючы яе ў сваіх абдоймах Геман.
I плакаў ён аб гібелі свае нявесты,
I аб прысудзе бацькі ды гаротным шлюбе.
Убачыўшы яго, Крэонт з жалосным крыкам
I стогнам кінуўся наперад да яго
I крыкнуў так: «Няшчасны! Што ж зрабіў ты?
Што ты хацеў зрабіць? Як розум страціў ты?
Выходзь, дзіця! Багамі заклінаю — выйдзі!»
Зірнуўшы на Крэонта дзікімі вачыма,
З пагардаю на твары, без адказу
Сын выцягнуў двухвостры меч на бацьку,
Але яго не ўдарыў: кінуўся наўцёкі той.
Тады звярнуў няшчасны на сябе свой гнеў
I кінуўся на востры меч грудзьмі.
Але, пакуль прытомнасці не страціў,
Аслаблаю рукой дзяўчыну абдымаў.
Ён дыхаў цяжка, і струмень крывавы
На шчокі бледныя дзяўчыны ліўся.
Так, труп ляжыць ля трупа. Ён, няшчасны,
Ў Аідавым жытле зрабіў сабе вяселле.
Ён паказаў усім, што неразважнасць
Прыносіць найвялікшую бяду.
Эўрыдыка моўчкі ідзе да палаца.
Карыфей
Як ты глядзіш на гэтае? Пайшла жанчына,
Ні добрых слоў, ні дрэнных не сказаўшы.
Вястун
I сам дзіўлюся я. Але й надзею маю,
Што, пра бяду пачуўшы сына, прад усімі
Яна не хоча плакаць, а ўжо дома
Яна стагнаць пачне, з прыслужніцамі разам —
Аплакваць разам з імі хатнюю бяду:
Занадта мудрая яна, каб рабіць дрэнна.
Карыфей
Не ведаю, але здаецца мне,
Што небяспечна надта цяжкае маўчанне,
Як і вялікі ды шалёны крык.
Вястун
Пайду ў палац — даведацца, ці не схавала
У сэрцы хворым штось таемнае яна.
Бо праўду кажаш ты: нядобры знак,
Калі занадта цяжка хтось маўчыць.
Ідзе ў палац.
З боку поля ідзе Крэонт з целам Гемана на руках.
Карыфей
А вось сам уладар: ён нясе на руках
Сынаў труп, што выразна паказвае ўсім —
Калі праўду казаць — што злачынства зрабіў
Не чужы хтось, а бацька сам родны яго.
Страфа першая
Крэонт
Грэх неразважнага розуму,
Згубная ўпартасць!