Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 47)
Вось вам — забойца й забіты;
Бацька ды сын.
Гора прынеслі прысуды мае.
Сын мой, ты ранняю смерцю памёр, малады.
Сын мой! Дзіця!
Памёр ты, загінуў
Не праз сваю неразважнасць,
А праз маю...
Карыфей
Ох, позна ўбачыў праўду ты!
Крэонт
Гора мне!
Так, я убачыў яе: у галаве маёй
Бог памуціў цяжка розум тады
I на шлях неразумнасці кінуў мяне.
Гора! Ён знішчыў мне радасць жыцця;
Цяжка мне, цяжка! Не бачу ніякай
Мэты памкненняў жыццёвых...
З палаца ідзе Вястун.
Вястун
Здаецца, уладар, апроч адной бяды,
Ты маеш новую. Вось на руках — адна,
А дома хутка ўбачыш ты другую.
Крэонт
Што ж можа быць няшчасней за няшчасці?
Вястун
Памерла жонка, маці гэтага вось цела:
Гаротная, яна мячом сябе забіла.
Антыстрафа першая
Крэонт
Цяжка мне, цяжка:
Смерць неўблагальная,
Што ж ты мяне, што ж ты губіш?
Веснік бязлітасны
Новай бяды, што ты кажаш?
Я ўжо загінуў, мяне ты дабіў.
Што кажаш? Аб смерці якой новай кажаш?
Цяжка мне, цяжка!
Аб смерці няшчаснай жонкі маёй —
Няўжо ж ты за сынам пайшла?
З палаца выносяць цела Эўрыдыкі.
Карыфей
Ты можаш бачыць — вось яна, перад табой.
Антыстрафа другая
Крэонт
Ох, цяжка!
Вось бачу я, гаротны, новую бяду.
Якая ж смерць мяне яшчэ чакае?
Вось на руках сваіх трымаю сына труп —
Няшчасны я, перад сабою я труп жонкі бачу.
Ох, жонка бедная! Ох, бедны сыне мой!
Вястун
Ля алтара яна, гаротная,
Закрыла вочы. Плакала ж даўней
Аб слаўнай смерці Мегарэя[68], што раней памёр;
Таксама і па ім. Ды клікала ў канцы
Ўсе беды на цябе, бо ты дзіця забіў.
Страфа другая
Крэонт
Цяжка мне, цяжка!——
Ад страху дрыжу я. Чаму ж аніхто
Мяне не забіў двухвострым мячом?
Мне цяжка, гаротнаму, цяжка:
Не бачу ад гора збавення.
Вястун