реклама
Бургер менюБургер меню

Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 2)

18px
Як рамяство сваё я ненавіджу!

Улада

Навошта кажаш гэтак на яго? Папраўдзе, не яно тут вінавата.

Гефэст

Няхай бы нехта іншы ім валодаў!

Улада

Усё ў руках багоў, але ж распараджацца Сабой не могуць. Толькі Зеўс адзін свабодны.

Гефэст

Я гэта ведаю й спрачацца тут не буду.

Улада

Дык паспяшайся ланцугі накласці: Бо ўгледзіць бацька наш, што ты марудзіш!

Гефэст

Вось кайданы гатовыя — на рукі.

Улада

Накладвай іх ужо: як наймацней Бі молатам і да скалы прыкоўвай.

Гефэст

Прыкоўваю... усё раблю старанна.

Улада

Яшчэ мацней, каб дзе не адляцела: Ён выкруціцца здольны ды ўцячы.

Гефэст

Прыкута гэтая рука надзейна.

Улада

Цяпер прыкуй другую — каб ён ведаў, Што ён, хітрун, дурнейшы ўсё ж за Зеўса!

Гефэст

Папрок зрабіць мне можа Праметэй адзін...

Улада

Жалезны цвік, бязлітасны і гостры, Цяпер у грудзі загані яму.

Гефэст

О Праметэй, мне ад пакут тваіх балюча!

Улада

Ты зноў марудзіш? I па ворагах Зевесавых ты плачаш? Пашкадуеш!

Гефэст

Ты бачыш тое, што вачам нясцерпна...

Улада

Заслужанае пакаранне бачу я — Мацней зацягвай ланцугі на сцёгнах!

Гефэст

Я ведаю, што я рабіць павінен — Загады тут залішнія твае.

Улада

Мае загады, воклічы — якраз да месца: Ніжэй спусціся, пад каленьмі папрыкоўвай!

Гефэст

Ну, я зрабіў усё без доўгай цяганіны.

Улада

Там, каля пятак, кайданы ўмацуй: Тваю суддзя суровы спраўдзіць працу.

Гефэст

Твой голас гэткі самы, як твой выгляд!

Улада

Будзь больш лагодны, бо табе ж вядома, Што мне наканаваная няўмольнасць!

Гефэст

Прыкуты добра ён — хадзем адсюль.

Улада

Будзь поўны пыхі зараз, выкрадай Багам належнае і аддавай смяротным!