реклама
Бургер менюБургер меню

Софокл – Прыкуты Праметэй. Антыгона (страница 1)

18px

Эсхіл / Сафокл

Прыкуты Праметэй / Антыгона

Трагедыя Сафокла «Антыгона» друкуецца з выдання: Софокль. Антыгона: Са старажытнагрэцкае пераклаў Ю. Дрэйзін. — Менск: Дзярж. выд., 1926. — у новай рэдакцыі Л. Баршчэўскага. 

Эсхіл

Прыкуты Праметэй

Пераклад Лявона Баршчэўскага

Асобы:

УЛАДА I СІЛА

ГЕФЭСТ

ПРАМЕТЭЙ

ХОР АКІЯНІД

АКІЯН

ІО, ІНАХАВА ДАЧКА

ГЕРМЕС

ПРАЛОГ

Улада

Ну вось, ужо мы на краі зямлі, У Скіфіі далёкай і пустэльнай. I тут цяпер павінен ты, Гефэсце, бацькоўскі выканаць: да скалаў Вось гэтага злачынцу прыкаваць Жалезным, непарыўным ланцугом. Украўшы кветку яркую тваю — агонь — Людзям смяротным ён аддаў яго. Багі за гэта і павінны пакараць Яго, каб шанаваў Зевеса ўладу I каб ахвяр смяротным не рабіў.

Гефэст

О Ўлада моцная! Ўжо ж выканана воля Зевесава — і што вам да таго? Ды як змагу я роднага мне бога Да скал, на здзекі бураў, прыкаваць? І ўсё-ткі я наважыцца павінен: Не выканаць загад бацькоўскі — страшна! Ты, сын харобры асцярожлівай Феміды, Цябе я мушу, супраць нашай з табой волі, Прыкуць жалезам да скалы самотнай; Людзей ні чуць, ні бачыць ты не зможаш: Павяне скура пад спякотным сонцам, Табе на радасць ноч намётам зорным Святло акрые; неўзабаве ж сонца Ізноў асушыць росную дзянніцу; Боль катавання будзе несупыннай; А збаўца твой яшчэ не нарадзіўся — Вось плён тваёй любові да людзей. Сам богам будучы, багам ты не патрафіў I даў смяротным годнасці звыш меры; Праз гэта будзеш пільнаваць скалу, Стаяць вось так, без сну і без спачыну. I ўздыхі, й крыкі будуць без карысці — Зевес няўмольны і бязлітасны: заўжды Караюць новыя багі сурова.

Улада

Чаго ж чакаеш, скардзішся дарэмна. I зненавіджанага ўсімі бога, Які агонь украў, не ненавідзіш?

Гефэст

Вялікая ў сваяцтва й дружбы моц.

Улада

Што ж, гэта праўда. Толькі ці ж бацькоўскі Загад парушыць — не страшней нашмат?

Гефэст

Шмат дзёрзкасці бязлітаснай ты маеш.

Улада

Па ім табе няма чаго тут плакаць: Дарэмна выйсця не шукай яму.

Гефэст