Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 52)
— Ну, вось і прыехалі, — сказаў Флетчэр. — Хадзем.
У гатэлі іх чакалі два супрацоўнікі, прысланыя бостанскай паліцыяй. Усе разам яны ўзняліся на ліфце ў нумар, здадзены на імя Макса Томсана. Флетчэр пастукаў у дзверы, і, калі тыя адчыніліся, з'явіўся знаёмы твар Фелікса Тэрзбі. Вусоў ужо не было, але пальцы былі такія, як заўважыў Імі Фантэйн, тонкія, як у хірурга. Толькі гэта былі пальцы не лекара, а кішэнніка.
— Мы забіраем вас на допыт, — сказаў Флетчэр, а супрацоўнікі бостанскай паліцыі зрабілі стандартныя папярэджанні наконт яго юрыдычных правоў.
Тэрзбі зірнуў на іх стомленымі вачыма і ўсміхнуўся, пазнаўшы Леапольда.
— Яна гаварыла, што вы хваткі. Што вы як і паліцэйскі хваткі.
— Вам неабходна было забіваць яе?
— Не я зрабіў гэта. Я толькі трымаў зброю, а курок націснула яна сама. Усё рабіла яна сама. Я толькі падмяніў рэвальвер. Так яна вас ненавідзела.
— Я ведаю, — ціха сказаў Леапольд, углядаючыся ў нешта ўдалечыні. — Але думаю, відаць, гэтак жа яна ненавідзела і сябе.
Патрыцыя Хайсміт
Гальштук Вудра Вільсана
Фасад «ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО» зіхацеў і пераліваўся чырвонымі і жоўтымі агнямі нават днём. Залацістыя шарыкі — жоўтыя агні — пульсавалі паміж чырвоных, вабячы і прыварожваючы позіркі прахожых.
Клайву Ўілксу падабалася гэта месца, і звонку і ўсярэдзіне. Так як ён працаваў пасыльным у прадуктовай краме, ён мог сказаць, што для дастаўкі таго ці іншага заказу спатрэбілася больш часу, чым меркавалася, бо яму давялося чакаць, пакуль тая альбо іншая пані вернецца дадому, бо вахцёр сказаў, што яна можа вярнуцца праз хвіліну, альбо што яму прыйшлося прайсці пяць кварталаў, каб памяняць грошы, таму што ў місіс Сміт была толькі дваццацідаляравая банкнота. У такія рэдкія моманты — а яны выпадалі Клайву раз альбо два на тыдзень — ён наведваў «ВАСКОВЫ МУЗЕЙ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО».
Калі зойдзеш у гэтую ўстанову, дык перш трэба прайсці па цёмным калідоры — гэта каб набыць адпаведны настрой, — і адразу ж перад вамі, з левага боку — крывавая сцэна забойства: бландзінка з доўгімі валасамі ўтыкае нож у карак старога, які вячэрае за сталом. Вячэра складаецца з дзвюх васковых сасісак і кіслай капусты — таксама з воску, Далей сцэна выкрадання Ліндберга[35].
У ёй Хаўптман лезе па лесвіцы, прыстаўленай да акна дзіцячага пакоя, праз якое бачны канец лесвіцы і верхняя частка тулава Хаўптмана, які хапае хлопчыка. Быў таксама Марат[36] у ванне, а побач — Шарлота, Крысці[37] з панчохай, якой ён душыць жанчыну.
Клайву падабаліся ўсе сцэны, яны ніколі яму не надакучалі. Але ён не ўзіраўся ў іх з важным, крыху спалоханым выглядам, як гэта рабілі іншыя. Клайву хутчэй карцела ўсміхнуцца, нават рассмяяцца. Сцэны былі для яго не больш чым забава. Чаму ж тады не пасмяяцца?
Далей экспазіцыя музея ўключала камеры катаванняў — адна з даўніх часоў, другая — сучасная, якая павінна была дэманстраваць спосабы катаванняў дваццатага стагоддзя ў нацысцкай Германіі або ў французскім Алжыры. Мадам Цібо — а Клайв вельмі сумняваўся, што яна сапраўды існавала, — крочыла ў нагу с часам. Былі, безумоўна, паказаны і забойства Кенэдзі, і крывавая бойня, у час якой была забіта Тэйт[38], і адно забойства, што адбылося ўсяго каля месяца назад.
Першым канкрэтным амбіцыёзным жаданнем Клайва ў дачыненні да «ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО» было правесці там ноч. Аднойчы ён яго здзейсніў, прадбачліва захапіўшы з сабой у кішэню сандвіч з сырам. Зрабіць гэта было даволі лёгка. Клайв ведаў, што ў самым музеі — яго «вантробах», як ён у думках называў унутраныя памяшканні музея, працавалі тры чалавекі — чацвёрты, пухлявы чалавек сярэдніх год у марской шапцы, прадаваў білеты ў будцы каля ўвахода. З трох служачых, што працавалі ў «вантробах», двое — мужчыны, а трэцім супрацоўнікам была жанчына, таксама пухлявая з курчавымі карычневымі валасамі, у акулярах, якая выглядала гадоў на сорак. Яна правярала білеты ў цёмным канцы калідора, дзе і пачынаўся сам музей.
Адзін мужчына, які працаваў унутры музея, увесь час чытаў лекцыі, хоць звычайна іх слухала не больш паловы наведвальнікаў.
— Тут мы бачым фанатычны выраз сапраўднага забойцы, увасоблены непераўзыдзеным майстэрствам у галіне васковай фігуры мадам Цібо, — і гэтак далей.
Другі мужчына, які працаваў у музеі — брунет у акулярах з чорнай аправай, гэткай жа як і ў жанчыны. Ён хадзіў па залах, адганяючы дзяцей, якія спрабавалі залезці ў дыярамы, і, можа, абараняючы кішэні наведвальнікаў ад злодзеяў, а жанчын — ад непрыстойных чаплянняў. Клайв гэтага не ведаў.
Аднак ён дакладна ведаў, што можна даволі лёгка прашмыгнуць у які-небудзь цёмны куток ці ў нішу побач з жалезнымі шыбеніцамі, а магчыма, нават унутр шыбеніцы, але, на думку Клайва, нягледзячы на яго хударлявасць, можна было напароцца на зубцы, і таму ён адмовіўся ад гэтай ідэі. Ён заўважыў, што наведвальнікаў пачыналі ветліва выправаджаць у 9.15 вечара, бо музей зачыняўся ў 9.30. І, затрымаўшыся аднойчы вечарам як мага пазней, Клайв даведаўся, што за двярамі ў адным дальнім кутку было нешта накшталт службовага пакоя для пераапранання, адтуль жа чуўся шум вады ў туалетным бачку.
Дык вось, аднойчы лістападаўскім вечарам Клайв схаваўся ў ценю, якога ў музеі было дастаткова, і пачаў слухаць, пра што гавораць трое служачых, рыхтуючыся ісці дадому. Жанчына — імя якой было Мілдрэд — затрымлівалася, каб забраць скрынку з грашыма ад Фрэда — таго, што прадаваў білеты, — палічыць іх і пакласці недзе ў пакоі для пераапранання. Грошы Клайва не цікавілі. Яму карцела прабыць тут ноч, а потым гэтым пахваліцца.
— Дабранач, Мілдрэд, да заўтра, — сказаў адзін мужчына.
— Больш нічога не трэба зрабіць? А то я пайду ўжо, — адгукнулася Мілдрэд. — Ну, і стамілася ж я! Але ўсё-такі пагляджу сёння вечарам па тэлевізары «Чалавека-д'ябла».
— «Чалавека-д'ябла»? — безуважна перапытаў другі мужчына.
Відаць, білецёр Фрэд пайшоў ужо са сваёй будкі ля ўвахода, аддаўшы скрынку з грашыма, акрамя таго, Клайв успомніў, што аднойчы бачыў, як той зачыніў дзверы, патушыў рэкламныя агні выключальнікам за параднымі дзвярамі, замкнуў іх на ключ і закрыў на засаўку.
Клайв стаяў у нішы побач з жалезнымі шыбеніцамі.
Пачуўшы, як грукнулі дзверы чорнага хода, як іх замкнулі на ключ, ён перачакаў якую хвіліну, цешачыся цішынёй, адзіноцтвам і таямнічасцю, потым ужо рызыкнуў вылезці з свайго сховішча. Спачатку ён падышоў на дыбачках да пакоя, дзе служачыя вешалі сваё верхняе адзенне, бо ён ніколі там не быў. Ён прынёс з сабой запалкі, а таксама цыгарэты, хоць паліць у музеі забаранялася, пра гэта папярэджвалі надпісы, якіх было некалькі, і з дапамогай запалкі знайшоў выключальнік. У пакоі стаяў стары стол, чатыры металічныя шафы, бляшанае вядзерца пад смецце, стойка пад парасоны і некалькі кніжак у шафе ля некалі павапнаванай, а цяпер пацямнелай ад бруду сцяны. Клайв выцягнуў шуфляду стала і знайшоў там даволі выцертую па баках драўляную скрыначку, якую аднойчы білецёр нёс у яго на вачах праз уваходныя дзверы. Скрынка была замкнёная. Ён мог бы адразу ж пайсці з музея, прыхапіўшы скрынку, але падумаў, што грошы яго не хвалююць, і ў думках адзначыў, што гэта даволі прыстойна з яго боку. Ён правёў па скрыначцы тыльным бокам рукі, не забыў і пра ніз, за які браўся кончыкамі пальцаў. Хіба не варта смеху, падумаў ён, сціраць адбіткі пальцаў з рэчы, якую не збіраешся красці.
Клайв падрыхтаваўся цешыцца гэтай начной прыгодай. Ён знайшоў выключальнік і запаліў святло ў дыярамах — у выніку жудасныя сцэны былі пры поўнай ілюмінацыі. Праз некаторы час яму захацелася есці. Адкусіўшы раз ад сандвіча, ён зноў загарнуў яго ў папяровую сурвэтку і паклаў у кішэню. Паволі прайшоўся каля сцэны гібелі Джона Кенэдзі, дзе місіс Кенэдзі і дактары схіліліся над белым сталом, на якім ляжаў прэзідэнт. Гэты раз Клайв не ўтрымаўся ад смеху, гледзячы на сцэну, дзе Хаўптман спускаецца ўніз па лесвіцы. Твар Чарльза Ліндберга-малодшага быў такі спакойны, што можна было падумаць, што ён гуляе з цацкамі на падлозе свайго пакоя.
Клайв перакінуў нагу цераз жалезную парэнчу і залез у дыяраму з Джуд і Снайдэр. Яго ахапіла хваляванне ад усведамлення таго, што ён знаходзіцца побач з імі, усяго за некалькі сантыметраў ад працэсу забойства шляхам удушэння з-за спіны, які ўжываў палюбоўнік жанчыны ў дачыненні да яе мужа. Клайв працягнуў руку і дакрануўся да намаляванай чырвонай фарбай крыві, якая сцякала ў тых месцах, дзе ўдаўка глыбока ўпілася ў шыю. Клайв таксама памацаў халодныя скулы ахвяры. Выпучаныя вочы былі шкляныя, нейкія агідныя, і таму ён да іх не дакрануўся.
Праз дзве гадзіны ён запеў псалмы «Бліжэй да цябе, Гасподзь» і «Іісус жадае абагрэць мяне промнямі». Клайв не ведаў іх тэксту да канца, таму ён запаліў.
Ужо ў дзве гадзіны ночы паспеў засумаваць і хацеў выйсці спачатку праз парадны, а потым праз чорны ўваход, але не змог — абое дзвярэй былі знадворку зачынены засаўкамі. Ён падумаў, што было б нядрэнна, каб яму прынеслі булачку з біфштэксам у гэтым начным вагоне-рэстаране, пакуль ён дабярэцца дадому. І ўсё ж вымушанае зняволенне яго не турбавала, таму ён даеў сандвіч, які паспеў падсохнуць, і крыху паспаў на трох ссунутых у рад крэслах. Ляжаць на іх было вельмі мулка, таму ён ведаў, што хутка прачнецца, так і здарылася ў пяць гадзін раніцы. Клайв апаласнуў вадой твар, потым яшчэ раз агледзеў васковыя экспанаты. Гэты раз ён прыхапіў сувенір — гальштук Вудра Вільсана.