Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 53)
Бліжэй да дзевяці гадзін — а «ВАСКОВЫ МУЗЕЙ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО» адчыняўся а палове дзесятай — Клайв схаваўся ў выдатным месцы — за чорнай складной шырмай з залатымі ўзорамі, якая была фонам да адной сцэны. Перад шырмай стаяў ложак, на якім ляжаў вылеплены з воску мужчына з падобнымі на роварны руль вусамі, які, паводле ідэі аўтараў, быў атручаны сваёй жонкай.
Наведвальнікі пачалі пакрыху збірацца пасля таго, як мінула палова дзесятай. І той самы цыбаты нудлівы служачы забубнеў сваю лекцыю. Клайв мусіў пачакаць яшчэ некалькі хвілін, пакуль, на яго думку, можна было спакойна зліцца з натоўпам і выйсці з музея, хаваючы ў кішэні гальштук Вудра Вільсана. Ён быў крыху стомлены, але шчаслівы — хаця калі падумаць — каму ён пра ўсё гэта раскажа? Хіба што Джоі Враслі, гэтай глухой цяцеры, што соваўся за прылаўкам у краме Сіманса? Ха! Трэба было дзеля гэтага старацца! Джоі не варты такой цікавай гісторыі. Клайв спазніўся на працу аж на паўгадзіны.
— Прабачце, містэр Сіманс, я праспаў, — таропка, але, на яго думку, дастаткова ветліва сказаў Клайв, зайшоўшы ў краму. Яму ўжо падрыхтавалі прадукты для дастаўкі пакупнікам. Клайв паставіў скрыню на спецыяльную падстаўку, прымацаваную да руля ровара.
Клайв жыў разам з маці, хударлявай, вельмі нервовай жанчынай, якая працавала ў краме па продажы панчох, паясоў і бялізны. Муж кінуў яе, калі Клайву было дзевяць год. Больш дзяцей у яе не было. Клайв кінуў сярэднюю школу за год да заканчэння, чым вельмі засмуціў маці, і каля года нічым не займаўся, бавячы час на канапе ў хаце ці бадзяючыся з такімі, як і ён, ля вуглоў. Але ніхто з яго знаёмых так і не зрабіўся яго блізкім сябрам на радасць маці, бо яна лічыла ўсю іхнюю кампанію нікчэмнай дрэнню. Ужо год, як Клайв працаваў рассыльным у краме Сіманса, і маці думала, што ён пачаў брацца за розум.
Калі Клайв вярнуўся дадому а палове сёмай вечара, у яго была падрыхтавана гісторыя для маці. Нібыта ўчора вечарам ён выпадкова сустрэў свайго старога прыяцеля Рычы, што служыў у войску і цяпер прыехаў на пабыўку, яны заседзеліся за размовай у яго дома так позна, што бацькі Рычы прапанавалі застацца ў іх начаваць і паклалі Клайва спаць на канапе. Маці паверыла ў гісторыю. Яна стушыла на вячэру фасолю і засмажыла яйкі з шынкай.
Сапраўды, не было такога чалавека, каму б Клайв мог расказаць пра ўчынак, які здзейсніў мінулай ноччу. Ён проста не вытрываў бы, калі б хто-небудзь сказаў, гледзячы ў яго бок: «Вось як? Ну, дык і што?», бо для таго, што ён здзейсніў, трэба было ж і мазгамі паварушыць, нават рызыкнуць крыху. Ён павесіў гальштук Вудра Вільсана побач з гальштукамі, што былі начэплены на шнурок з унутранага боку дзвярэй яго шафы. Гэта быў шэры шаўковы гальштук кансерватыўнага тыпу і дарагі на выгляд. Раз-пораз у той дзень Клайв уяўляў, як хто-небудзь з мужчын — служачых музея, або жанчына, якую завуць Мілдрэд, глянуўшы на Вудра Вільсана, усклікнуць: «Гэй! Цікава, што здарылася з гальштукам Вудра Вільсана?»
Кожны раз, калі Клайв думаў пра гэта, ён мусіў апускаць галаву, каб схаваць усмешку.
Праз суткі, аднак, яго ўчынак пачаў здавацца ўсё менш рамантычным і хвалюючым. Клайв пачынаў хвалявацца зноў толькі тады — а гэта магло здарыцца два-тры разы на дзень, — калі ён праязджаў на ровары каля мігцеўшага агнямі фасада «ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО». Сэрца ёкала, кроў прылівала да скроняў, калі ён думаў пра ўсе тыя нерухомыя забойствы, што адбываліся там унутры, і пра дурнаватыя твары якога-небудзь містэра Джона Наведвальніка і яго жонкі, якія назіралі за гэтымі злачынствамі з разяўленымі ратамі. Але Клайв не захацеў купляць яшчэ адзін білет — коштам шэсцьдзесят цэнтаў, — каб зайсці і ўпэўніцца, што гальштук Вудра Вільсана знік, агаліўшы верхні гузік ля каўняра, і тым самым пацешыцца вынікам сваёй работы.
Аднойчы папалудні ў Клайва ўзнікла новая ідэя, грандыёзна вясёлая задума, што прымусіць публіку падскочыць ад нечаканасці і звярнуць на яго ўвагу. Усё ўнутры ў Клайва калацілася ад зацятага смеху, калі ён круціў педалямі па дарозе да крамы Сіманса, адвёзшы пакунак з прадуктамі.
Калі ж яму здзейсніць усё гэта? Сёння вечарам? Не, лепш пачакаць дзень-два, каб усё як след спланаваць. Тут трэба добра паварушыць мазгамі. І яшчэ патрымаць язык за зубамі. Да таго ж забяспечыць дакладнасць дзеянняў — усё гэта вельмі падабалася Клайву.
Два дні пайшлі на абмеркаванне аперацыі. Ён зайшоў у бліжэйшую закусачную, выпіў піва, пагуляў з прыяцелямі на ігральных аўтаматах. На аўтаматах мігцелі агні, высвечваючы надпісы — «Дазваляецца гуляць некалькім асобам» і «Спаборнічаючы, атрымаеш больш задавальнення» — але Клайв, гледзячы на шарыкі, якія каталіся і падскоквалі, адзначаючы лік у аўтаматах, думаў толькі пра «МУЗЕЙ МАДАМ ЦІБО», і нішто іншае яго не хвалявала. Тое ж адбывалася і тады, калі яго позірк скіраваўся на па-вясёлкаваму размаісты музычны аўтамат з пульсуючымі блакітнымі, чырвонымі і жоўтымі агеньчыкамі, і тады, калі ён да яго падыходзіў, каб кінуць манетку. І ўвесь гэты час ён думаў, што будзе рабіць у «ВАСКОВЫМ МУЗЕІ МАДАМ ЦІБО».
На другі дзень вечарам, павячэраўшы разам з маці, ён пайшоў да «МУЗЕЯ МАДАМ ЦІБО» і купіў білет. Той самы стары, што прадаваў білеты, амаль не глядзеў на людзей, што іх куплялі, настолькі ён быў заняты, адлічваючы рэшту і адрываючы адпаведныя часткі білетаў. Гальштук Вудра Вільсана па-ранейшаму адсутнічаў, здавалася, што ніхто і не заўважыў прапажы — гэта развесяліла Клайва, і ён нават хіхікнуў. Клайв успомніў, што надуты адганяла злодзеяў-кішэннікаў, гэты шаркаючы сышчык, быў апошні, хто пайшоў з музея ў той вечар, калі ён там схаваўся, і падумаў, што ключы, відаць, у яго, таму і забіць яго трэба апошнім.
Першая была жанчына. Клайв схаваўся зноў побач з шыбеніцай у той час, як натоўп паволі соваўся да выхаду, і калі Мілдрэд праходзіла каля яго, у капелюшы і паліто, збіраючыся пайсці дадому праз чорны ход, і нешта сказала перад гэтым служачаму ў выставачнай зале, Клайв вылез з свайго сховішча і, зайшоўшы ззаду, зашчаміў рукой яе шыю.
Яна толькі ледзь чутна захрыпела. Клайв сціснуў горла абедзвюма рукамі, каб яна больш не падала голасу. Нарэшце Мілдрэд ссунулася на падлогу, і Клайв пацягнуў яе ў цёмны аддалены кут у пакоі для пераапранання. Па дарозе ён перакуліў нейкую кардонную скрыню, але грукат аказаўся не настолькі моцны, каб яго заўважылі іншыя служачыя.
— Мілдрэд пайшла ўжо? — спытаў нехта.
— Я думаю, што яна ў канторы.
— Не, яе там няма. — Той, хто гэта сказаў, ужо прайшоў па калідоры, дзе застаўся Клайв, трымаючы Мілдрэд у руках. Потым той самы служачы зазірнуў у пусты пакой для пераапранання, дзе яшчэ гарэла святло. — Яна пайшла ўжо. Я таксама сёння заканчваю.
Клайв зрабіў крок наперад і сціснуў такім жа прыёмам шыю мужчыны. Гэтым разам справа была куды цяжэйшая, бо чалавек супраціўляўся, але рука Клайва была тонкая і моцная; ён дзейнічаў хутка, стукнуўшы сваю ахвяру галавой аб драўляную падлогу.
— Што тут адбываецца? — пачуўшы глухі грукат у калідоры, з'явіўся другі мужчына.
Цяпер Клайв паспрабаваў ударыць мужчыну кулаком у пашчэмку, але прамазаў і трапіў у шыю. Аднак гэта было настолькі нечакана для гэтага надутага карантыша-сышчыка, што зрабіць другі ўдар было значна лягчэй, а пасля Клайв здолеў схапіць яго за грудкі і стукнуць галавой аб абтынкаваную сцяну, якая была цвярдзейшая за драўляную падлогу. Пасля гэтага Клайв упэўніўся, што ўсе трое мёртвыя. З галоў у мужчын цурчэла кроў. Тонкі струменьчык крыві цёк з рота жанчыны. Клайв палез шукаць ключы ў кішэнях другога мужчыны. Яны аказаліся разам са сцізорыкам у левай кішэні штаноў. Клайв забраў і сцізорык.
Мужчына, той, што быў вышэйшы ростам, паварушыўся. Устрывожаны Клайв выцягнуў з перламутравай ручкі сцізорыка лязо і тройчы пырнуў ім у шыю мужчыны.
Ледзь усё не ляснулася, падумаў Клайв, правяраючы зноў, ці ўсе яны мёртвыя. Яны такі і сапраўды былі мёртвыя, і кроў была сапраўдная, а не тая чырвоная фарба, што паказвалі ў «ВАСКОВЫМ МУЗЕІ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО». Клайв запаліў ілюмінацыю і пайшоў у выставачную залу, каб здзейсніць цікавую задумку — знайсці адпаведныя месцы для трох трупаў.
Найбольш удалае месца жанчыне — ванна Марата — тут і сумнявацца не варта. Клайв завагаўся, сцягваючы з яе адзенне, і вырашыў гэтага не рабіць проста таму, што атрымаецца куды смяшней, калі пасадзіць яе ў ванну ў паліто, аздобленым футрам, і капелюшы. Выцягнуўшы з ванны фігуру Марата, Клайв зарагатаў. Ён думаў убачыць палкі замест ног, а паміж імі пустое месца, бо вышэй ванны была відаць толькі палова тулава, але ў Марата наогул не аказалася ног і яго васковы торс заканчваўся крыху ніжэй пояса азызлай куксай, і каб фігура не кулялася, яе прымацавалі да драўлянай падстаўкі. Клайв занёс гэта недарэчнае збудаванне з воску ў пакой для пераапранання і паставіў пасярод стала. Потым зацягнуў жанчыну — а яна была цяжкая — у дыяраму забойства Марата і запіхнуў яе ў ванну. Па дарозе зваліўся капялюш. Клайв зноў напнуў яго на галаву жанчыны, крыху нахіліўшы на адно вока. Разяўлены рот жанчыны быў поўны крыві. Божа ж мой, гэта ж сапраўды была забава!
Ну, а цяпер надышла чарга мужчын. Відаць, той, чыю шыю ён пароў нажом, будзе выдатна выглядаць на месцы старога, які вячэрае васковымі сасіскамі і капустай, таму што дзяўчына за яго спінай павінна загнаць яму ў шыю нож. На гэта Клайву спатрэбілася пятнаццаць хвілін.