Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 51)
— Засталіся ў кабінеце. Але глыбіня рэзкасці на іх настолькі абмежаваная, што, відаць, можна даведацца больш, калі самому паглядзець на гэтыя кулі праз мікраскоп.
Флетчэр адвёз Леапольда ў лабараторыю, дзе яны ўгаварылі супрацоўніка, прызначанага дзяжурыць у нядзелю, дазволіць ім зірнуць на кулі. У той час як Флетчэр і афіцэр стаялі побач, забяспечваючы захаванасць рэчавых доказаў, Леапольд, прыжмурыўшы вока, вывучаў праз мікраскоп кавалкі свінцу.
— Куля, якая выклікала смерць, даволі пашматаная, — заўважыў ён, але быў вымушаны пагадзіцца, што сляды ад нарэзу ў ствале зброі былі аднолькавыя. Ён зірнуў на бірку, прымацаваную да кантрольнай кулі: Кантрольная куля, выпушчаная з рэвальвера 38-га калібру сістэмы «Сміт — Весан», серыйны нумар 2420547.
Леапольд адвярнуўся ўбок, уздыхнуў і зноў вярнуўся да кулі.
2420547.
Ён раскрыў партаманет і знайшоў там пасведчанне на рэвальвер «Сміт — Весан» 2421622.
— Я памятаў дзве апошнія двойкі, — сказаў ён Флетчэру. — Гэта не мой рэвальвер.
— Гэта той, што я ўзяў з вашых рук, капітан. Гатовы прысягнуць.
— І я веру табе, Флетчэр. Але гэта менавіта той самы факт, які мне быў патрэбны. Ён раскрывае той спосаб, дзякуючы якому д-ру Тэрзбі ўдалося забіць Моніку ў замкнёным пакоі ў мяне на вачах з рэвальвера, які знаходзіўся ў той час у маёй кабуры. І ён можа таксама падказаць, дзе шукаць няўлоўнага д-ра Тэрзбі.
Да раніцы панядзелка Леапольду ўдалося зрабіць шэсць міжгародніх званкоў у Каліфорнію, робячы гэта з тэлефона, што стаяў на ягоным стале, у той час як Флетчэр тэлефанаваў з дзяжурнага пакоя. Потым, бліжэй да поўдня, Леапольд, Флетчэр, камісар і прадстаўнік пракурора акругі селі ў машыну і паехалі ў Бостан.
— Вы ўпэўнены, што ўсё як след разлічылі? — спытаў Леапольда камісар ужо трэці раз. — Вы ведаеце, што мы не павінны дазваляць вам перасякаць межы штата да рашэння вялікага журы.
— Слухайце, давайце вырашым — альбо вы давяраеце мне, альбо не, — раздражнёна парыраваў Леапольд.
Флетчэр, які сядзеў за рулём, не мог стрымаць усмешкі, у той час як прадстаўнік пракурора захоўваў надзвычайную сур'ёзнасць.
— Уся гэта справа вельмі складаная, — прабурчаў камісар.
— Мая былая жонка была складаная жанчына. І не забывайце, у яе было пятнаццаць год на тое, каб распрацаваць гэты план.
— Пракруціце яго яшчэ раз, — сказаў прадстаўнік пракурора.
Леапольд уздыхнуў і пачаў расказваць:
— Рэвальвер, з якога яе забілі, мне не належаў. Той жа рэвальвер, які я выцягнуў з кабуры пасля таго, як прагучаў стрэл, і які Флетчэр узяў з маіх рук, быў падсунуты мне перад гэтым.
— Якім чынам?
— Я дайду да гэтага. Ключавая роля ва ўсім гэтым належыць, безумоўна, Моніцы. Яна настолькі ненавідзела мяне, што яе звар'яцелы розум спланаваў уласнае забойства з адзінай мэтай адпомсціць мне. Яна задумала ўсю справу такім чынам, быццам ніхто іншы, акрамя мяне, не мог забіць яе.
— Толькі вар'ятка магла быць здольнай на такую рэч, — запярэчыў прадстаўнік пракурора.
— Баюся, што яна і была вар'ятка, звар'яцела ад жадання помсты. Яна распрацавала ўвесь план на другую палову дня вяселля, але я ўпэўнены, у яе быў запасны варыянт на той выпадак, калі б я не прыйшоў на прыём. Ёй патрэбна было мноства сведак.
— Раскажыце ім, як яна зрабіла так, што ў яе трапіла куля, — папрасіў Флетчэр.
— Ну, што ж, для мяне гэта аказалася самай складанай часткай. Я сапраўды быў сведкам, як у яе стрэлілі проста на маіх вачах. Бачыў, як у яе трапіла куля, як палілася кроў. Так, мы былі з ёй толькі ўдваіх у замкнёным пакоі. У ім не было дзе схавацца, ніводнай шчыліны, праз якую чалавек ці нават якое-небудзь механічнае прыстасаванне маглі б выпусціць кулю. Вам, панове, відавочна, што вінаватым павінен быць я, асабліва калі ўлічыць, што куля была выпушчана з рэвальвера, які быў у маёй кабуры.
Але я звярнуўся да ўсяго гэтага з іншага пункту гледжання — пасля таго як Флетчэр прымусіў мяне звярнуцца да гэтага наогул! Я ведаў, што не забіваў яе, і так як ніхто іншы не мог гэта зрабіць фізічна, я ведаў, што гэтага не рабіў ніхто! Калі Моніка была забіта куляй 38-га калібру, у яе, відаць, выстралілі з рэвальвера пасля таго, як цела вынеслі з таго замкнёнага пакоя. Паколькі, калі яе прывезлі ў бальніцу, яна была ўжо нежывая, найбольш верагодным момантам яе забойства — зрэшты, на мой погляд — быў той час, калі «хуткая дапамога» была ў дарозе, а д-р Тэрзбі сядзеў, схіліўшыся над ёю ў клапатлівай занепакоенасці.
— Але ж вы бачылі, як у яе стралялі!
— Гэта адна з дзвюх прычын, што мы з Флетчэрам усю раніцу тэлефанавалі па двух тэлефонах у Галівуд. Мая былая жонка працавала ў кінематографе, займаючыся часам тэхнічнымі справамі. Існуе цэлы шэраг спосабаў імітаваць на экране забойства. Напачатку такім спосабам было прыстасаванне — нешта накшталт пнеўматычнай вінтоўкі, якую настаўлялі на акцёра крыху за кадрам. Сёння ж, асабліва для здымання найбольш крывавых вестэрнаў і фільмаў пра вайну, ужываюць невялікае выбухное прыстасаванне, схаванае пад вопраткай акцёраў. Зразумела, цела ў такім выпадку абаронена ад апёкаў, а выбуховая хваля скіравана ад яго ў процілеглы бок. Для большай праўдападобнасці адначасова з выбухам разрываецца пакет са штучнай крывёй.
— І менавіта гэта зрабіла Моніка?
Леапольд кіўнуў галавой.
— У выніку званка ў галівудскую студыю, дзе яна працавала, пацвердзілася, што яна ўдзельнічала ў здымках фільма, у час якіх і было выкарыстана такое прыстасаванне. Сустрэўшы Моніку, я заўважыў, што яна прыбавіла ў бюсце, але я нават не падумаў, што гэта накладка і выбуховае прыстасаванне. Моніка прывяла яго ў дзеянне, калі ўзняла руку, закрычаўшы на мяне.
— Ёсць якія-небудзь доказы?
— Дзірка ў сукенцы аказалася занадта вялікая для кулі 38-га калібру, нават калі ёю стралялі ва ўпор, — занадта вялікая і рваная. Я павінен дзякаваць Флетчэру за тое, што ён звярнуў на гэта ўвагу. Сёння раніцай эксперты з лабараторыі зрабілі аналіз крывавых плям. Частка крыві належала Моніцы, астатняя ж аказалася курынай.
— Яна была добрая актрыса, калі змагла абвесці ўсіх вакол пальца.
— Моніка ведала, што першы яе агледзіць д-р Тэрзбі. Ёй заставалася толькі паваліцца на падлогу, пасля таго, як у выніку выбуху на сукенцы ўтворыцца дзірка.
— Што, калі б на вяселлі апынуўся яшчэ адзін лекар?
— У такім выпадку яны б адклалі гэта на потым, — паціснуў плячыма Леапольд. — Яны не маглі рызыкаваць.
— Ну, а рэвальвер?
— Я памятаю, што Тэрзбі сутыкнуўся са мной у час нашай першай сустрэчы. Ён узяў мой рэвальвер і замяніў яго на ідэнтычны, калі не браць у разлік розніцу ў серыйных нумарах. Ён неўзабаве да гэтага выстраліў з падкладзенага рэвальвера, каб давяршыць усю карціну. Выцягнуўшы рэвальвер, я проста падыграў ім. Так яно і атрымалася — я адзін на адзін з відавочна паміраючай жанчынай, трымаючы ў руках рэвальвер, з якога толькі што стралялі.
— А як наконт кулі, ад якой яна загінула?
— Насечкі на кулях утвараюцца ад разьбы ў ствале зброі, якая пакідае адмеціны на свінцу. Куля, выпушчаная з гладкага ствала, не мае насечак.
— У якой жа зброі гладкія ствалы? — спытаў камісар.
— У самаробнай тыпу самапала. Такая зброя вельмі ненадзейная, але калі прыставіць яе блізка да скуры ахвяры, можа аказацца даволі эфектыўнай. Тэрзбі выстраліў з рэвальвера, які меркаваў пакласці ў маю кабуру, верагодна, у падушку ці ў штосьці іншае, адкуль ён мог выцягнуць кулю непашкоджанай. Потым ён уставіў гэтую самую кулю, ужо з насечкамі, у новую гільзу і выстраліў ёю з самаробнай зброі проста ў сэрца Монікі. У выніку захаваліся ранейшыя насечкі, а новыя не дабавіліся.
— А што, вадзіцель і санітар «хуткай дапамогі» не пачулі стрэлу?
— Яны сядзелі спераду, бо пацыента суправаджаў лекар. Дзякуючы гэтай акалічнасці ён змог таксама прыбраць з грудзей Монікі выбухное прыстасаванне. Мяркую, што, адкінуўшы яго, ён схіліўся над Монікай і, заглушыўшы, наколькі гэта было магчыма, зброю, зрабіў адзіны стрэл, які аказаўся смяротным. Не забывайце, што «хуткая дапамога», калі яна імчыць у бальніцу, — месца даволі шумнае — сірэна раве ўвесь час, не сціхаючы.
Яны заязджалі ў цэнтр Бостана, і Леапольд сказаў Флетчэру ехаць у гатэль каля...
— Але я ўсё ж не веру ў версію наконт падмены рэвальвера, — запярэчыў прадстаўнік пракурора. — Вы хочаце сказаць, што ён адшпіліў кабуру, выцягнуў рэвальвер, паклаў замест яго іншы і вы нічога не заўважылі?
— Я хачу сказаць, што гэта мог зрабіць чалавек адпаведнага тыпу — спецыяліст, прафесійны злодзей-кішэннік. Эстрадныя нумары ў выкананні такіх спецыялістаў часам можна бачыць у начных клубах ці па тэлебачанні. Менавіта такім чынам я здагадаўся, дзе яго можна адшукаць. Мы абтэлефанавалі ўсю Паўднёвую Каліфорнію, пакуль знайшлі чалавека, які быў знаёмы з Монікай, а таксама ведаў, што яна сустракалася з нейкім мужчынам па прозвішчы Томсан, які выступаў з нумарам, імітуючы кішэннага злодзея. Мы патэлефанавалі імпрэсарыо Томсана і даведаліся, што той некалькі вечароў на тыдзень выступае ў адным бостанскім гатэлі, у якім і жыве.
— А калі б яго нумар не прайшоў і вы злавілі б яго за руку? Альбо ў вас пры сабе не было б зброі?
— Большасць дэтэктываў носяць пры сабе зброю, нават калі яны не на дзяжурстве. Калі б мяне там не было альбо Моніка і Тэрзбі не змаглі б атрымаць рэвальвер, яны б проста памянялі свой план. Тэрзбі, відаць, падаў сігнал, калі паспяхова зрабіў падмену.