Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 49)
— Каб толькі я мог ведаць. Здаецца, яна сама нейкім вар'яцкім спосабам забіла сябе спецыяльна, каб адпомсціць мне.
— Такім чынам выстраліла з вашага рэвальвера, які быў у вашай кабуры, у той час, як вы стаялі за сем метраў ад яе?
— Гэта быў не мой рэвальвер, — сказаў Леапольд, паціраючы лоб. — Экспертыза гэта вызначыць дакладна.
— Але з вашага рэвальвера неўзабаве да гэтага стралялі, і ў пакоі знайшлі пустую гільзу.
— Я не магу гэтага растлумачыць. Апошні раз я страляў з яго гэтымі днямі ў ціры, але пасля перазарадзіў.
— Скажыце, капітан, магла яна настолькі вас ненавідзець, — спытаў Флетчэр, — каб зрабіць вінаватым у забойстве?
— Магла. Думаю, што яна была вельмі хворая. Калі гэта я быў прычынай яе хваробы, тады лічу, што заслугоўваю ўсё тое, што зараз адбываецца.
— Якога ліха вы заслугоўваеце? — буркнуў Флетчэр. — Капітан, калі вы гаворыце, што невінаваты, я буду за вас. — Ён зноў пачаў хадзіць па пакоі і нарэшце звярнуўся да камісара. — Што, калі правесці экспертызу з парафінам, каб праверыць, ці страляў ён нядаўна з рэвальвера?
Камісар адмоўна пахітаў галавой.
— Мы даўно ўжо не карыстаемся гэтым метадам. Вы ж ведаеце, Флетчэр, які ён ненадзейны. Шмат у каго на руках можна знайсці нітраты ці нітрыты. Яны могуць з'явіцца і ад бруду, і ад угнаенняў, і ад наладжвання феерверкаў, ці нават ад дотыку да гароху ці бобу. Усе курцы могуць мець адпаведныя сляды на далонях. Ёсць распрацаваныя новыя эксперыменты для вызначэння прысутнасці барыю ці свінцу, але на іх правядзенне мы не маем адпаведных хімікатаў.
Леапольд кіўнуў галавой. Камісар прыйшоў да сваёй пасады, пачынаючы з нізоў, заняў свой пост не ў выніку нейкага там палітычнага рашэння, таму супрацоўнікі адносіліся да яго з павагай. Ставіўся да яго з павагай і Леапольд.
— Пачакаем высноў экспертаў-балістыкаў, — сказаў ён. — Яны апраўдаюць мяне.
Усе трое засталіся чакаць. Прайшло яшчэ сорак хвілін, калі нарэшце зазваніў тэлефон і камісар пачаў размову з экспертамі. Спачатку ён проста слухаў, потым буркнуў нешта сабе пад нос і задаў некалькі пытанняў. Паклаўшы слухаўку, ён зірнуў на Леапольда, які сядзеў па другі бок стала.
— Куля выйшла са ствала вашага рэвальвера, — проста сказаў камісар. — Ніякай памылкі быць не можа. Баюся, што мы будзем вымушаны прад'явіць вам абвінавачванне ў забойстве.
Працэдура, так добра вядомая Леапольду, працягвалася да суботняга вечара, і калі ўсё скончылася і яго праводзілі з судовай залы, ён убачыў, што за дзвярамі яго чакае малады — Тэд Мор.
— Вы ж павінны былі пачаць свой мядовы месяц, — звярнуўся да яго Леапольд.
— Вікі сказала, что не зможа нікуды паехаць, пакуль я з вамі не сустрэнуся і не паспрабую дапамагчы. Я не вялікі знаўца крымінальнага права, але, магчыма, мог бы вырашыць пытанне вызвалення на парукі.
— Наконт гэтага паклапаціліся, — сказаў Леапольд. — На наступным тыдні вялікае журы прысяжных пачне разглядаць справу.
— Я-я не ведаю, што і сказаць. Мы з Вікі вельмі засмучаны тым, што здарылася.
— Я таксама. — Леапольд рушыў далей, потым азірнуўся. — Жадаю шчаслівага мядовага месяца.
— Мы будзем у горадзе да раніцы, у гатэлі «Таўэрз». Гэта на той выпадак, калі спатрэбіцца мая дапамога.
Леапольд кіўнуў галавой і пайшоў далей. У вачах маладога Мора ён убачыў адлюстраванне сваёй віны. Калі Леапольд садзіўся ў машыну, ён звярнуў увагу на тое, што знаёмы дзяжурны паліцэйскі зірнуў у яго бок і адразу ж адвёў вочы. У суботні вечар ніхто не хацеў размаўляць з забойцамі сваіх жонак. Нават Флетчэр некуды знік.
Леапольд вырашыў, што не здолее заставацца сам-насам з шэрымі сценамі кабінета і людзьмі, што пазбягалі яго. Акрамя таго, камісар быў вымушаны вызваліць яго ад аператыўных службовых абавязкаў да рашэння вялікага журы прысяжных і магчымага судовага разбору. Нават кабінет больш не належаў яму. Леапольд вылаяўся ў душы і паехаў дадому, у сваю кватэрку, прабіраючыся па цёмных вуліцах і назіраючы адным вокам за патрульнай машынай. Яму хацелася ведаць, ці назіраюць за ім, каб прадухіліць уцёкі падазронага, якога адпусцілі на парукі. Цікава, як бы ён дзейнічаў на месцы камісара.
У тэлевізійных навінах, што перадаваліся ў адзіннаццаць гадзін, здарэнне было вядучай тэмай. У якасці ілюстрацыі дэманстравалася яго чорна-белае фота, зробленае летась у час расследавання нейкай справы. Леапольд выключыў тэлевізар, не даслухаўшы каментарыяў, выйшаў на вуліцу і накіраваўся да рага вуліцы, каб купіць ранішні выпуск нядзельнай газеты. Загаловак на першай старонцы, як ён і прадчуваў, быў кепскі: «Капітан — агент вышуковай паліцыі затрыманы ў час забойства сваёй былой жонкі».
Ідучы нетаропкай хадой дадому, ён намагаўся ўспомніць, якая яна была — не ў той дзень, — а да разводу. Ён спрабаваў успомніць твар у дзень вяселля, яе ціхі смех у час мядовага месяца. Але ўспаміналіся толькі яе шалёныя помслівыя вочы. І куля, што рассекла яе грудзі.
Зрэшты, можа, гэта ён забіў яе. Можа, рэвальвер трапіў у руку так лёгка, што ён нават не ўсвядоміў гэтага.
— Прывітанне, капітан.
— А, Флетчэр! Што ты тут робіш?
— Чакаю. Можна зайсці да вас?
— Ну, што ж...
— У мяне вось тут з сабой шэсць бляшанак піва. Падумаў, што вы хацелі пагаварыць наконт усяго гэтага.
— Пра што тут гаварыць? — спытаў Леапольд, адчыняючы дзверы кватэры.
— Капітан, калі вы гаворыце, што не забівалі яе, я хачу паслухаць, што вы яшчэ скажаце.
Флетчэр зайшоў следам за Леапольдам у невялічкую кухню і адкрыў дзве бляшанкі. Леапольд узяў прапанаванае яму піва і апусціўся ў бліжэйшае крэсла. Ён адчуваў сябе ўшчэнт знясіленым, абсалютна няздольным да абароны.
— Флетчэр, яна падставіла мяне, — спакойна сказаў Леапольд. — Яна падставіла мяне настолькі ўдала, як мне ніколі не даводзілася бачыць у жыцці. Усё гэта здаецца неверагодным, але ёй гэта ўдалося.
— Капітан, давайце ўсё пройдзем крок за крокам. На мой погляд, існуюць толькі тры альтэрнатывы: альбо вы забілі яе, альбо яна сама застрэлілася, альбо гэта зрабіў нехта іншы. Лічу, што мы павінны выключыць апошнюю магчымасць. Тры акны заставаліся замкнёныя і цэлыя, у пустым пакоі не было ніводнага кутка, дзе можна было схавацца, адзіны ўваход быў праз дзверы-гармонік. А тыя былі зачынены, іх можна было адчыніць з другога боку, але б вы гэта ўбачылі ці пачулі. Апрача гэтага, з таго боку дзвярэй было паўтары сотні гасцей. Нікому не ўдалося б адамкнуць, рассунуць дзверы, выстраліць з рэвальвера і застацца незаўважаным.
— Але немагчыма і тое, што яна магла застрэліць сябе, — пакруціў галавой Леапольд. — Я ні на хвіліну не зводзіў з яе вачэй. У руках у яе нічога не было, нават сумачкі. А рэвальвер, які стрэліў, быў у кабуры, што вісела ў мяне на рэмені. Я выцягнуў яго з кабуры толькі пасля таго, як прагучаў стрэл.
Флетчэр дапіў піва з адной бляшанкі і ўзяў наступную.
— Капітан, я не аглядаў яе зблізку, але памеры дзіркі на яе сукенцы і падпаліны ад згарэўшага пораху сведчаць аб тым, што гэта была кантактная рана. Судмедэксперт таксама пагадзіўся з такім меркаваннем. Стралялі з адлегласці не болей двух з паловай — пяці сантыметраў. Сляды пораху былі і на ране, хоць большасць з іх былі змытыя крывёй.
— Але ў руках у яе нічога не было, — паўтарыў Леапольд. — І ніхто не стаяў перад ёй, прыставіўшы да грудзей рэвальвер. Нават я стаяў на адлегласці сямі метраў.
— Капітан, гэта неверагодна.
— Неверагодна, — буркнуў капітан, — калі гэта не я, дык хто забіў яе?
— Колькі часу мы маем у запасе? — спытаў Флетчэр, не адводзячы вачэй ад бляшанкі, што трымаў у руцэ.
— Калі журы прысяжных прызнае мяне віноўным у наўмысным забойстве, на наступным тыдні я буду ўжо за кратамі.
— Што з вамі, капітан? — Флетчэр з асуджэннем зірнуў на суразмоўцу. — Здаецца, вы ўжо з усім змірыліся! Чорт вас вазьмі, у час звычайнага затрымання вы праяўлялі куды больш адвагі!
— Думаю, што справа менавіта ў гэтым. Я страціў усялякую здольнасць да барацьбы. Моніка выціснула яе з мяне да апошняй кроплі. Ёй удалося адпомсціць.
— Тады, лічу, я сапраўды нічым не магу вам дапамагчы, капітан, — уздыхнуў Флетчэр і ўзняўся з крэсла. — Добрай ночы.
Леапольд не пайшоў праводзіць яго да дзвярэй. Ён проста застаўся сядзець згорблены за сталом. Упершыню ў жыцці ён адчуваў сябе старым.
У нядзелю раніцай Леапольд прачнуўся позна, да таго ж з дзіўным пачуццём, быццам усё, што здарылася, было толькі сном. Такое ж пачуццё было некалі пасля таго, як ён зламаў руку ў запясці, гонячыся за ўзломшчыкам. Раніцай, калі ён прачнуўся, успаміны аб тым, як яму накладвалі гіпс, таксама здаваліся сном да таго моманту, пакуль не варухнуў рукой. Цяпер, павярнуўшыся на сваім вузкім ложку, ён убачыў нядзельную газету на тым самым месцы, куды адкінуў яе звечара. Загаловак на першай старонцы быў ранейшы. Сон быў явай.
Леапольд устаў з ложка, памыўся пад душам і пачаў апранацца, па звычцы шукаючы рукой кабуру, і толькі тады ўспомніў, што ўжо не мае зброі. Потым сеў за стол у кухні і ўтаропіўся ў пустыя бляшанкі з-пад піва, думаючы, як дажыць гэты дзень. Як дажыць жыццё.
Нехта пазваніў у дзверы — гэта прыйшоў Флетчэр.
— Я ўжо і не думаў цябе зноў убачыць, — прамармытаў Леапольд, упускаючы лейтэнанта ў кватэру.
Флетчэр быў усхваляваны і, яшчэ не паспеўшы прайсці цераз парог, пачаў безупынна сыпаць словамі:
— Капітан, здаецца, мне ўдалося сёе-тое адшукаць. Не так многа, але гэта толькі пачатак. Першае, што я зрабіў сёння, дык гэта зайшоў ва ўправу, дзе ўдалося атрымаць сукенку, што была на Моніцы, калі яе застрэлілі.