Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 48)
— Вельмі рады, што вы змаглі прыйсці, — яшчэ нехта звярнуўся да Леапольда, і той, азірнуўшыся, убачыў маладых, што вярнуліся з цэнтра залы. Зблізку Вікі аказалася сапраўды прыгожай дзяўчынай, якая тулілася да мужавага пляча, як і належыць сапраўднай маладой.
— Ну, як жа я мог не прыйсці, — сказаў Леапольд.
— Гэта Тэд, — сказала Вікі, прадстаўляючы мужа.
Леапольд паціснуў руку маладога, адзначыўшы ў душы цвёрдасць рукі і прыязнасць вачэй Тэда.
— Наколькі я ведаю, вы — адвакат, — пачаў размову Леапольд.
— Так. Праўда, займаюся ў асноўным грамадзянскімі справамі, стараюся не звязвацца з крымінальнікамі.
Яны пагаварылі яшчэ некалькі хвілін, пакуль натоўп гасцей не раз'яднаў іх. Павінны былі выстаўляць закускі, і найбольш згаладалыя сталі ў чаргу каля сталоў, на якія падаваліся стравы. Вікі і Тэд пайшлі да сталоў, каб пачаць усю цырымонію, а Леапольд узяў яшчэ адзін бакал пуншу.
— Я заўважыў, што на вуліцы чакае машына, — сказаў, зноў падыходзячы да Леапольда, Фантэйн. — Вы павінны ехаць на дзяжурства?
— Вось толькі дап'ю бакал і мушу ісці, — кіўнуў галавой Леапольд.
— Моніка тут, прыехала з Захаду.
— Так, я чуў.
Нечакана пад націскам натоўпу з Леапольдам сутыкнуўся хударлявы мужчына з вусікамі, які хуценька папрасіў прабачэння. Фантэйн схапіў чалавека за руку і прадставіў яго Леапольду.
— Гэта д-р Фелікс Тэрзбі. Ён прыехаў сюды разам з Монікай. Доктар, пазнаёмцеся. Гэта капітан Леапольд, былы муж Монікі.
Леапольд нязграбна паціснуў працягнутую руку, адчуваючы няёмкасць і за новага суразмоўцу, і за сябе.
— Цудоўнае вяселле, — прамармытаў ён. — Вы ўпершыню тут, на Ўсходзе?
Тэрзбі адмоўна пахітаў галавой.
— Я сам з Нью-Йорка. Але ўжо даўно там не быў.
— Я некалі служыў там у паліцыі, — заўважыў Леапольд.
Яны пагаварылі яшчэ некалькі хвілін, і Леапольд пачаў прабірацца праз натоўп да выхаду.
— Так рана? — спытаў хрыплы незабыўны голас.
— Прывітанне, Моніка. Колькі часу прайшло...
Леапольд узіраўся ў прыгожую жанчыну сярэдніх год, якая перагарадзіла яму шлях да выхаду. Яна дабавіла крыху ў вазе, асабліва гэта было бачна па бюсце, у валасах з'явілася сівізна. Толькі вочы ўразілі і нават крыху напалохалі Леапольда. Такі шалёны позірк яму даводзілася заўважаць толькі ў вачах псіхічна ненармальных злачынцаў.
— Не спадзявалася, што ты прыйдзеш. Думала, пабаішся мяне, — сказала Моніка.
— Глупства. Чаго мне баяцца?
Зноў зайграла музыка, чарга, нібыта змяя, пачала нетаропка распаўзацца ад сталоў па зале. Леапольду і Моніцы здавалася, што яны адны сярод пустыні.
— Пройдзем сюды, — сказала яна, — тут мы зможам пагаварыць. — Яна рушыла ў канец залы, агароджанай дзвярамі-гармонікам. Леапольд, бездапаможна павінуючыся, пайшоў следам. Моніка адамкнула дзверы і рассунула іх настолькі, каб яны маглі зайсці ў гэты вольны закутак залы. Потым зачыніўшы і замкнуўшы за сабой дзверы, яна стала да Леапольда тварам. У гэтым пустым пакоі яны засталіся сам-насам.
Пакой быў каля дзесяці метраў у шырыню і даўжыню з вокнамі ў дальнім канцы і замкнёнымі дзвярамі-гармонікам за спінай Леапольда. У вокны, прадзіраючыся праз галіны дрэў, заглядала сонца, праз прыглушаныя галасы гасцей было чутно ціхае вуркатанне кандыцыянера.
— Памятаеш дзень нашага вяселля? — спытала яна.
— Так. Ну, вядома.
Моніка падышла да цэнтральнага акна, правяла пальцамі па раме, можа, шукаючы засаўку, каб адчыніць яго. Але акно так і засталося зачыненым, калі яна зноў павярнулася тварам да Леапольда.
— Наш шлюб быў такі ж змрочны і пусты, як гэты пакой. Пазбаўлены жыцця, марны.
— Бог сведка, Моніка, я заўсёды хацеў дзяцей.
— Нічога, апрача гэтай праклятай работы паліцэйскага, ты не хацеў, — выбухнула ў адказ Моніка, у яе ў вачах усё мацней палаў агонь гневу.
— Слухай, мне трэба ісці. Там у машыне мяне чакае чалавек.
— Ідзі. Гэта ты рабіў і раней, ці не так! Ідзі, ідзі! Ідзі на сваю праклятую работу, кінуўшы мяне адну ў змаганні, кінуўшы...
— Гэта ты пайшла ад мяне, Моніка. Памятаеш? — напомніў ён ціха.
Яна была настолькі безабаронная, што не мела нават сумачкі, каб шпурнуць у яго.
— Зразумела, я пайшла! Таму што мяне чакала кар'ера! І ты ведаеш, што здарылася са мной толькі таму, што ты нс паехаў разам са мной? Ты ведаеш, што здарылася са мной там? У мяне адабралі грошы, самапавагу, рэшткі ўласнай годнасці. Ператварылі ў шлюху і, атрымаўшы ад мяне ўсё, што змаглі, засадзілі ў псіхіятрычную бальніцу на тры гады. Тры гады!
— Я табе спачуваю.
— Кожны дзень там я ўспамінала цябе. І думала пра тое, што зраблю, калі выйду на волю. Так, я думала пра гэта. Планавала. Меркавала. Так, ты цяпер вялікі дэтэктыў! Часам аб справах, якія ты вядзеш, паведамляюць нават у каліфарнійскіх газетах. — Моніка хадзіла ўзад і ўперад па пакоі, нібы загнаная ў клетку, з пагрозлівым выглядам. — Вялікі дэтэктыў! Але я магу ўсё парушыць, як гэта ты зрабіў са мной.
Леапольд азірнуўся на зачыненыя дзверы, шукаючы магчымасці выйсці. Усё было ў тысячу разоў горш, чым ён меркаваў. Яна была вар'ятка, помслівая і страшэнна небяспечная.
— Моніка, табе трэба звярнуцца да лекара.
— Я звярталася да лекараў. — Вочы Монікі звузіліся. Яна спынілася каля цэнтральнага акна, стоячы тварам да Леапольда. — Я ехала сюды з Захаду, у гэткую далячынь, бо ведала, што ты прыйдзеш. Гэта месца куды лепш за тваю кватэру ці твой кабінет альбо вуліцу. Тут за дзвярамі паўтары сотні сведкаў.
— Чорт, што ты вярзеш!
Вусны Монікі перакрывіліся ў жудаснай усмешцы.
— Ты зведаеш тое, што зведала я. Краты, камеру прыніжэнне. Ты зведаеш адчай, які мучыў мяне ўсе гэтыя гады.
— Моніка...
У той момант яны стаялі адно ад аднаго на адлегласці, відаць, метраў сем. Моніка ўзняла руку, як бы баронячы сябе, потым крыкнула з жахам у голасе:
— Не! О Божа, не!
Леапольд замёр, не здольны крануцца з месца, і тут рэхам па зале грымнуў стрэл. Ён убачыў, як у грудзі Монікі трапіла куля і яна адхінулася назад нібыта ад удару магутнага кулака. Потым неяк так здарылася, што ён выцягнуў з кабуры пісталет і крутануўся тварам да дзвярэй.
Тыя па-ранейшаму былі зачыненыя і замкнёныя. У пакоі былі толькі Моніка і ён.
Леапольд азірнуўся і ўбачыў, як яна курчыцца на падлозе, вакол чорнай ірванай дзіркі на сукенцы разлілася кроў. Леапольд перавёў позірк на вокны. Яны таксама былі зачыненыя і замкнёныя. Ён патрос галавой, намагаючыся сканцэнтраваць увагу на тым, што здарылася.
За перагародкай пачуўся шум, моцна загрукалі ў дзверы. Нехта з таго боку адамкнуў замок, дзверы рассунуліся.
— Што здарылася? — спытаў нехта. Убачыўшы на падлозе цела, адна госця крыкнула. Другая страціла прытомнасць.
Леапольд ступіў крок назад, разумеючы, што ўсё яшчэ трымае ў руцэ рэвальвер, і ўбачыў, як праз натоўп гасцей прабіраецца лейтэнант Флетчэр.
— У чым справа, капітан?
— Яна... Нехта выстраліў у яе.
Флетчэр падышоў бліжэй да Леапольда і ўзяў у яго рэвальвер асцярожна, нібыта беручы з рук дзіцяці паламаную цацку. Ён паднёс зброю да носа, панюхаў, потым адкрыў барабан, каб праверыць кулі.
— З яго нядаўна стралялі, капітан. Адзін стрэл. — Вочы лейтэнанта павільгатнелі, ледзь не да слёз. — На якое ліха вы гэта зрабілі? — спытаў ён. — Ну, на якое ліха?
Тое, што адбывалася далей, Леапольд ужо не бачыў. Вельмі цьмяна і абрывіста ён прыпамінаў, як нехта агледзеў Моніку і сказаў, што яна яшчэ жывая, як выклікалі «хуткую дапамогу» і які навокал быў вэрхал. Флетчэр адвёз яго ва ўправу, правёў у кабінет, дзе ён сеў і пачаў чакаць, водзячы па штанах вільготнымі далонямі. Леапольд не здзівіўся, калі яму паведамілі, што яна сканала па дарозе ў бальніцу. Моніка заўсёды ўсё даводзіла да канца.
У кабінет камісара зайшлі і выйшлі трое — дэтэктывы, што былі пад яго началам, — ціха перагаворваючыся, схіліўшы адзін да аднаго галовы, нязграбна выказаўшы яму рухамі сваё спачуванне. Навокал панавала атмасфера смутку, і Леапольд ведаў, што прычынай гэтага быў ён.
— Капітан, у вас больш нічога няма нам паведаміць? — спытаў камісар. — Я зраблю ўсё, каб палегчыць вашу сітуацыю.
— Я не забіваў яе, — настойваў Леапольд. — Гэта зрабіў нехта іншы.
— Хто? І як?
Леапольду заставалася толькі пахітаць галавой.