реклама
Бургер менюБургер меню

Ольга Примаченко – З табой я дома. Кніга пра тое, як кахаць адно аднаго і заставацца вернымі сабе (страница 3)

18

Не мае значэння, калі гэты перыяд вас нагоніць – у дваццаць, трыццаць восем ці шэсцьдзясят чатыры, і не мае значэння, колькі разоў ён паўторыцца.

Калі адчуваеце, што каханне вартае таго, каб чакаць, – не выходзьце з гульні, працягвайце пошукі.

Праз шмат гадоў вы будзеце ўспамінаць гэты час з непрытоеным задавальненнем і пяшчотай.

Вось убачыце.

У пошуках «свайго»

але якімі б мы ні блукалі крывымі,

кожны раз вяртаемся да агульнай прамой.

абдымі мяне,

абвясці мяне,

растлумач мяне

мне самой.

У кнізе журналісткі і псіхатэрапеўта Лоры Готліб «Мне патрэбны самы лепшы»[5] я сустрэла адсылку да цікавага даследавання Пола Амата, амерыканскага сацыёлага. У 1980 годзе ён разам з калегамі запусціў дваццацігадовае даследаванне, падчас якога яны назіралі за развіццём сямейнага жыцця дзвюх тысяч людзей, каб зразумець, што прадвызначае магчымы развод.

Як і чакалася, распадаліся тыя шлюбы, у якіх муж і жонка пастаянна спрачаліся і скандалілі, але многія пары выходзілі за межы гэтага шаблону – партнёры ў іх у цэлым ладзілі паміж сабой, а прычыну разводу тлумачылі так: «Я не адчуваў, што расту ў гэтых адносінах як асоба» або «Мой муж добры чалавек, але не мая “палавінка”».

Праз пяць гадоў Амата звязваўся з тымі, хто развёўся, пытаў, наколькі яны задаволеныя сваім жыццём, і параўноўваў іх адказы з вынікамі, атрыманымі ў пачатку даследавання. І ведаеце што? З пункту гледжання статыстыкі яны былі менш шчаслівыя.

Людзям здаецца, што калі ў нейкі момант яны пачынаюць адчуваць сябе ў шлюбе адзінокімі, то гэта паказчык таго, што каханне «скончылася» і ў адносінах «больш няма чаго лавіць». Яны сыходзяць, а потым зноў пачынаюць стасункі з надзеяй, што на гэты раз усё будзе па-іншаму: «Вось цяпер я ўжо дакладна знайду сваё». Як жа яны здзіўляюцца, калі і ў наступных адносінах у іх здараюцца перыяды «адзіноты ўдваіх». Аказваецца, гэта адбываецца не таму, што зноў не пашанцавала, – «ім самотна таму, што людзям наогул уласціва адчуваць сваю адзіноту»[6].

І нават калі вы сустрэнеце «свайго» чалавека (што б вы ні разумелі пад гэтым паняццем), вы ўсё адно калі-нікалі будзеце адчуваць сябе самотнымі.

Гэта нармальна, гэта натуральна, ад гэтага нельга засцерагчыся. Выходзіць з адносін толькі таму, што аднойчы ўвечары вы адчулі побач з партнёрам пустэчу, – вельмі паспешнае рашэнне. Адзін дрэнны дзень не азначае дрэннае жыццё.

Так, адзіноту складана трываць – і таму мы імкнёмся яе пазбягаць, запаўняючы прастору іншымі людзьмі. Як з паўзамі ў размове: мы гатовыя абмяркоўваць любыя тэмы, абы не заставацца ў цішыні. Мы кажам: «Ага». Мы кажам: «Угу». Мы кажам: «Ну і справы!» – і абмяркоўваем надвор’е і корм для кошкі.

З паўзамі ў каханні гэтаксама: пасля расстання мы з зайздросным імпэтам шукаем, у каго б закахацца, і пераносім сардэчную тугу аб ідэальным партнёру на першага стрэчнага.

У вас жа дакладна ёсць прыяцелька, якая ў пачатку чарговых адносін клянецца, што ніколі ні з кім падобнага не адчувала? Што гэта «бомба», «космас» і «знос даху»? Што ён – той самы? Вось толькі вы не спяшаецеся ў гэта верыць: восем яе папярэдніх раманаў пачыналіся гэткім жа чынам, а потым заканчваліся – усе як адзін.

Але калі зняць белае паліто – а ў каго не так? Сустракаеш чалавека – і не можаш пазбавіцца ад адчування, што гэта лёс: настолькі вы адно аднаго дапаўняеце. Вам камфортна, лёгка і бяспечна разам, як з сябрам дзяцінства. Здаецца, далей будзе толькі лепш. Хочацца, каб менавіта так і было.

Эйфарыя ад знаёмства працягваецца пару дзён. Потым на вахту заступае страх: страх неўзаемнасці, страх здацца дакучлівымі, страх ацэнкі. Страх рашэнняў не на вашу карысць, страх неабходнасці далейшых крокаў, страх непрыемных адкрыццяў. Нарэшце, страх таго, што чароўны пылок асыплецца – і такі неверагодны Іншы акажацца звычайным, з непрыемным пахам з рота, з плоці і крыві. І звычкі ў яго будуць недарэчнымі, і густы – дзіўнымі, і наогул: злы жарт з вамі згуляла паўночнае святло, а ранішняе сонца бязлітаснае і не сыпле кампліментамі.

І зноў заные пад рэбрамі туга аб тым, сваім, «сапраўдным», які ўсё яшчэ недзе ходзіць і «не здарыўся», – ён супадае з табой па краях, думае гэтак жа, як і ты, яго цела хочацца кранаць і цалаваць, а прозвішча – з гонарам насіць, каб калі-небудзь перадаць дзецям.

Але гэта шкодны стэрэатып, што сапраўды «твой» чалавек (а не той, хто выпадкова прыбіўся да твайго жыцця) здольны ўсё зразумець, прыняць і дараваць. Маўляў, што б ты да яго з’яўлення ні нарабіла, ён па ўмаўчанні стане на твой бок, раздзеліць твае інтарэсы і планы на будучыню, бездакорна ўвойдзе ў тваё жыццё, спадабаецца бацькам і сябрам. Прыйдзе і возьме цябе ў свае надзейныя, моцныя рукі, і з гэтага імгнення і да канца вы будзеце разам. Хай разбураюцца гарады, сыходзяць на дно акіянаў кантыненты – вы будзеце назаўсёды, назаўсёды.

Вы спытаеце: а ў чым тут шкода? Справа ў тым, што, пакуль мы чакаем такога, мы рэдка задумваемся аб будучых стасунках з пазіцыі: «А што партнёру змагу даць я?» Са сваімі шалёным графікам і трыма камандзіроўкамі ў тыдзень, доўгім спісам патрабаванняў і чаканняў, мэтамі і амбіцыямі, у рэалізацыі якіх трэба калі не дапамагаць, то хаця б не блытацца пад нагамі? Што, акрамя абстрактных «пяшчоты і кахання», якія ідуць у стартавым пакеце па ўмаўчанні?

Ці захачу я лячыць чужыя раны, якія засталіся ад мінулых адносін, – ці мяне саму трэба вяртаць да жыцця безумоўным прыняццем і каханнем? Чым я змагу ахвяраваць дзеля іншага чалавека, якімі звычкамі і інтарэсамі, – а што буду абараняць да апошняга? Якія адносіны мне цяпер наогул патрэбныя – працяглыя, з разлікам на агульных дзяцей і дом, або ненадакучлівыя, гарэзлівыя, лёгкія, не звязаныя грандыёзнымі планамі і абавязкамі?

Я веру, што шукаць трэба не «сваю другую палавінку», а чалавека, з якім вы супадаеце вобразамі Дома – уяўленнямі пра тое, дзеля чаго патрэбныя сур’ёзныя, працяглыя адносіны, што вы гатовыя ў іх укладваць і што, згодна з вашымі чаканнямі, павінен укладваць партнёр.

Важна не беззаганнае супадзенне характараў, а тое, як вы абое збіраецеся вырашаць праблемы на доўгай дыстанцыі.

Збягаць пры першых цяжкасцях, бразнуўшы дзвярыма? Ці рабіць выгляд, што ўвогуле імі памыліліся? Або адкрыта гаварыць: «Х’юстан, у нас праблемы. Давай вырашым, што будзем рабіць. Галоўнае, не хвалюйся, Х’юстан, – мы справімся»?

Калі адносіны для вас пра дом, а не пра пакой у матэлі на адну ноч, шукайце таго, хто таксама шукае дом. Хто разумее паміж імі розніцу. Хто хоча паўлітровыя шампуні і любімую зубную шчотку на паліцы, а не аднаразовыя гігіенічныя наборы з таннага пластыку і змылак у цэлафанавым пакеціку.

Калі вы абое цэніце і шануеце свой Дом, вам не страшныя ні рамонт, ні адключэнне гарачай вады сярод зімы, ні патоп, учынены суседзямі. Што б ні здарылася, вы станеце поплеч, возьмецеся за анучы, вёдры, тазікі і малярны скотч – і адолееце любую бяду.

Таму што разам вы значна мацнейшыя, чым па адным.

Пра каханне «назаўсёды»

а час ідзе незалежна ад таго, ці дазваляеш яму ісці:

так аднойчы разумееш, што толькі ў маўклівасці мову можна знайсці,

наканаваных сустрэнеш, нават калі не хацеў сустракаць,

і згубіш – нават калі хацеў захаваць.

Аднойчы, многа рамантычных глупстваў назад, на абшарах інтэрнэту я натрапіла на фразу, якой наступныя дзесяць гадоў неўсвядомлена мерала ўсе свае пачуцці і адносіны: «У жыцці бывае толькі адно вялікае каханне, усе папярэднія – спроба пяра, а ўсе наступныя – бег наўздагон»[7].

Дзіўна, як у дваццаць гадоў хочацца верыць, што каханне – гэта назаўсёды.

Міф пра каханне на ўсё жыццё прыгожы, але гэта міф – такое каханне хутчэй выключэнне, чым правіла. Прытым незразумела, чаго ў падобных стасунках больш – таго самага «вечнага кахання» або проста звычкі, агульных дзяцей, ляноты штосьці мяняць і страху больш нікога не сустрэць.

Я даведалася – праз шмат гадоў, – што тая цытата на самай справе няпоўная. У арыгінале яна заканчваецца фразай, якую рэдка выкарыстоўваюць у інтэрнэтных падборках цытат пра каханне, бо лічаць няважнай, але менавіта ў ёй, на маю думку, і змяшчаецца галоўнае: «…каханне – гэта цяпер або ніколі».

І чаму такія важныя словы бессаромна хавае ў цень рамантычная мішура, якая ім папярэднічае? Без гэтага фінальнага акорда можна падумаць, што каштоўнасць мае толькі міфічнае «вялікае каханне», якое «абавязкова» здараецца ў жыцці кожнага з нас – галоўнае, не прапусціць. І атрымліваецца, што калі цяпер вашы адносіны неяк не вельмі, то «вялікае каханне» або наперадзе, або… ужо было.

Але фраза «каханне – гэта цяпер або ніколі» расстаўляе ўсё па месцах. Яна пра тое, што жыць і кахаць трэба тут і цяпер, не задумваючыся, што гэта: спроба пяра або бег наўздагон. Ставіцца да кахання як да чыставіка, а не чарнавых накідаў; як да магчымасці стварыць нешта новае, а не спрабаваць паўтарыць поспех бліскучага рамана з мінулага. Калі кахаеце кагосьці, не параўноўвайце свае пачуцці з мінулымі сувязямі і не гадайце, ці чакае вас наперадзе нешта лепшае. Самыя важныя адносіны – тыя, у якіх вы прачнуліся сёння раніцай. Добра марыць у дзень вяселля пра тое, як вы састарыцеся, трымаючыся за рукі. Але гарантый няма. Ні ў чым, ніколі, і асабліва – у такой тонкай матэрыі, як каханне.

Каханне – гэта сапраўды цяпер або ніколі.