18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 43)

18

Але Віктар смяяўся з яе праектаў: цяпліцамі тут пакуль і не пахла, усё завозілі на верталётах, і не сокі прывозілі сюды, а самую садавіну, таму што шкло магло лопнуць ад холаду. Калі ж і прывозяць сокі, то амаль што ўсе — замежныя, яны, праўда, у кансерваваным выглядзе, але паспрабуй пакармі тых пчолак замежнымі сокамі — бадай, падохнуць, дый зарплаты не хопіць.

Кацярына не крыўдавала на Віктара. Яна і сама разумела, што пакуль пра пчальнік марыць не прыходзіцца: дрэўцы навокал чэзлыя, кволенькія, летам яны ледзь паспяваюць выкінуць лісточкі і болей гнуцца да зямлі, быццам і само паветра тут цісне на іх галінкі. А кветкі адцвітаюць так хутка, што і сам не паспяваеш на іх нагледзецца, дзе тут пчолам! I ўсё ж, відаць, жыла ў яе крыві ўпартасць, што дасталася ў спадчыну ад дзеда бацьку, а пасля і ёй. Ці не тая сіла рухала і дзедам, які ў звычайнай вёсачцы наладзіў такую аранжарэю, што там можна было б адкрываць філіял батанічнага саду. А бацька, які, нягледзячы на наступленне хіміі, падняў у саўгасе зусім было забытае пчалярства?

Яна ўсміхалася зараз, хутаючы нос у цёплую аўчыну. Вось і кажухі зрабіў бацька самастойна, хаця спачатку не ведаў, як узяцца за гэтую справу. Але, дзівуючыся таму, што маладыя цяпер пачалі вар'яцець на гэтых даўблёнках (так называў ён кажушкі), якія ў гады ягонай маладосці апраналі толькі вартаўнікі ды тыя, хто ехаў у дарогу, ён пашыў-такі два, а пасля яшчэ некалькі, але грошай не браў. Бурчаў, што так нядоўга і кулаком зрабіцца, грошай жа і так, дзякуй богу, хапае. Рабіў толькі для знаёмых і то хваліў моладзь, якая пачала-такі пазбягаць сінтэтыкі, ад якой па целе бегаюць іскры і пачынаецца задуха, то смяяўся з тых юнцоў, што гатовы былі і мяхі з-пад бульбы на сябе ўсцягпуць, абы модна было.

— Што, замярзаеш? — нахіліўся над ёю Віктар.

— Не, — яна ўдзячна ўсміхнулася.

— Хутка прыедзем. — Ён бліснуў карымі вачамі, і вусікі над дзіцячай яшчэ прыпухлай губой смешна прыўзняліся.

Калі ён пачаў адпускаць вусікі, жартаў было многа. Хлопцы называлі яго віконтам дэ Бражэлонам — нехта прывёз з «кантынента», як называлі тут далёкую Цюмень, некалькі томікаў Дзюма, і яны, прачытаныя, сіратліва валяліся на газазборачнай станцыі, наводзячы спакусу на прыезджых. А ён і сапраўды быў падобны на юнака, якога намалявала фантазія мастака, што афармляў кнігу, — высокі, хударлявы, з насмешлівымі карымі вачамі на бледным твары і арліным носам. Выгляд у яго быў крыху задзірісты і ваяўнічы. Спакойная, упэўненая Кацярына побач з ім здавалася крышку соннай. Было нешта непарушна трывалае, надзейнае ў яе рухах — як здымала з Віктаравага касцюма парушынкі, як падавала яму талерку, усміхаючыся куткамі вуснаў — прыгожых, пунсовых. Яна хадзіла заўсёды ў світэры і спадніцы, і толькі дзяўчаты ведалі, што ў яе надзіва прапарцыянальная, амаль класічная фігура.

— Ты б сукеначку, сукеначку, ды такую, каб усё было бачна — і талія, і астатняе! — не раз вучыла яе Зіна Лаўрыновіч, першая модніца ў пасёлку.

— А навошта? — пыталася Кацярына, і Зіна кожны раз нібы слупянела.

— Як гэта навошта? Як гэта навошта? Дый хай паглядзяць, якая ты! А то ўкляпалася ў свайго Віктара — ён што, свет табе ў акне? Колькі хлопцаў у пасёлку, самы час выбіраць!

— Адвяжыся! — махала рукой Кацярына і ішла ў другі канец вагончыка — мыць посуд, прыбіраць або, калі не было іншай работы, садзілася пад лямпай з вышаўкай, што таксама даводзіла Зіну да роспачы:

— Танцы сёння ў клубе, цяцера ты гэткая! Танцы!

— Ну і што? — спакойна дзівілася Кацярына, асцярожна прадзяваючы нітку ў тоненькае вушка іголкі.

— А хто прасавацца будзе? А прычоска?! Кацярына толькі махала рукой, назіраючы, як мітусіцца Зіна, абстаўляючыся крэмамі, шчыпцамі для завіўкі, лакамі і пілачкамі. Калі наступаў час, яна паднімалася, нацягвала на сябе святочную сукенку і, закалоўшы доўгія бялявыя валасы шпількамі, ішла ў клуб — так называліся два вагончыкі, паміж якімі была высечана сценка, каб там магло памясціцца, у цеснаце і даўцы, з дзесятак пар. Але часцей Кацярына нікуды не ішла. Яна сядзела, чакаючы, пакуль зарыпіць снег пад нагамі, затупаюць знаёмыя крокі і Віктар уварвецца ў вагончык, белы і пахкі, з фотакарткамі актрыс і акцёраў, штучнымі кветкамі і Кацярынінымі вышыўкамі.

Нядаўна яны з Віктарам падалі заяву ў мясцовы загс. Іх маглі распісаць у той жа дзень, але загадчыца загса, выконваючы нядаўна атрыманую інструкцыю аб тэрмінах, якія дадуць магчымасць маладым яшчэ раз узважыць сваё рашэнне, заявіла ім:

— Праз месяц распішам.

— Чаму праз месяц?! — абурыўся Віктар. — Вы ж пазаўчора Івана распісвалі, а яны з Алкай у той жа дзень заяву давалі!

— А вас — праз месяц, — заявіла загадчыца, падціскаючы тонкія вусны. — Новая інструкцыя!

I яны пайшлі назад, трымаючыся за рукі і нялоўка пасміхаючыся са свайго імпэту і з інструкцый, якія абавязвалі іх месяц падумаць над тым, ці жадаюць яны жыць разам, разам несці на сабе і цяжар жыцця і яго радасці.

А калі выйшлі з загса, насустрач ім трапіўся верталётчык Семянцоў і запытаўся:

— Ці забраў ты сваю лайку, Віця?

— Не-е, — разгублена працягнуў Віктар, адразу сцяміўшы, што гаворка ішла пра шчанюка, якога павінна была вось-вось прынесці Найда — славутая на ўвесь пасёлак лайка, якою валодаў начальнік недалёкай адсюль чыгуначнай станцыі.

Начальнік — гэта было занадта для чалавека, які сумяшчаў абавязкі і стрэлачніка, і рамонтніка, і машыніста па гэтай маленькай чыгуначнай ветцы на чыгунцы, па якой вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў хадзіла толькі дрызіна. З кожным годам усё болей расхіствала на ёй рэйкі, усё болей размывалі веснавыя і асеннія дажджы ўпартую няласкавую зямлю. Дарога згубіла сваё прызначэнне яшчэ ў пяцідзесятыя гады, людзі, што будавалі яе, вярнуліся дадому, так што ля яе адзінока жылі цяпер толькі пуцявыя абходчыкі, падпраўляючы, ажыўляючы, ратуючы тое, што яшчэ можна было выратаваць. Дарога магла спатрэбіцца — ішло новае асваенне гэтых бязлюдных мясцін.

У пасёлку яшчэ жылі легенды аб тым, як адзінока жыў ля ракі нейкі стары — былы інжынер. Дзесяцігоддзямі рабіў ён справу, якая здавалася абсаліотна непатрэбнай: вымяраў узровень вады, хуткасць плыні ў розныя месяцы, дзень за днём, месяц за месяцам. Але раптам ажылі тутэйшыя мясціны, рака стала судаходнай, і ўзялі яго на работу гідраметэаролагам — разам з усімі яго запісамі і рэкамендацыямі. Стаў Кандрацюк вядомым спецыялістам — а было яму тады роўна восемдзесят гадоў…

Надзеяй, што яшчэ спатрэбяцца яго вопыт у поўнай меры, жыў і Андрэй Сямёнавіч, якога ўсе называлі начальнікам станцыі. Немалады, але рухавы і вёрткі, ён прыязджаў у пасёлак на сваіх ездавых сабаках, купляў у краме прадукты і абавязкова прыходзіў да некага ў госці — каб пасядзець вечар, пагаманіць, згуляць у карты. Ён любіў, калі прыязджалі і да яго, але ехаць на станцыю трэба было на дрызіне, якую вадзіў якут Коля Мігалкін, а той амаль заўсёды быў п'яны, дый дрызіна хадзіла толькі па асабістаму распараджэнню Андрэя Сямёнавіча.

Калі Кацярына ўпершыню ўбачыла Найду, яна замерла на месцы і, не зводзячы вачэй з вупражкі, сачыла, як бегла паперадзе іншых, быццам сцелячыся па зямлі, выцягваючы ўперад тонкую разумную морду, высокая, шырокая ў косці сучка, і ўся вупражка, усе астатнія сем сабак, падпарадкоўваючыся яе імкліваму рытму, беглі зладжана і прыгожа. Прахожыя спыняліся і сачылі за вупражкай, Андрэй Сямёнавіч, у шапцы з собаля, у пушыстай дасе і унтах, трымаў лейцы і час ад часу злёгку пакрыкваў на сабак, хаця ў гэтым, здаецца, не было ніякай патрэбы.

З таго часу і «захварэла» Кацярына па шчанюка: дастань ды дастань. Віктар аднойчы сустрэў Андрэя Сямёнавіча і, саромеючыся, загаварыў аб тым, што хацеў бы купіць шчанюка ад Найды, калі яна ашчэніцца.

— Колькі папросіце, столькі і аддамо, — закончыў ён.

— Ты што! — пакрыўдзіўся Андрэй Сямёнавіч. — Я шчанюка і за дзве сотні не аддам абы ў чые рукі. Мне б толькі ведаць, што любіць сабаку будзеце, што радасць ад яе будзе. А ад Найды, сапраўды, добрыя шчанюкі будуць, яна ў Маскве прыз возьме, калі павязу. Мяне ўжо даўно атакуюць, Петрыкоўскія ажно стогнуць, ды ім аддаваць не буду, а то яны і так усю вясну птушку і звера б'юць, дарваліся, а без ніякага паняцця, што і калі.

…I цяпер яны ехалі, амаль праз год пасля той размовы, са станцыі і везлі з сабою шчанюка ад Найды.

Шчанюк быў маленькі, пушысты, з вільготным чорным носам і карымі, вельмі яснымі вочкамі. Шэрая поўсць яго ільснілася, а цікаўная, ужо разумная, амаль як у Найды, мордачка ўвесь час імкнулася наверх, туды, дзе гузік ад кажуха быў расшпілены і можна было, высунуўшы пысу, цікаваць за тым, што робіцца навокал.

Кацярына ўвесь час засоўвала яго назад — яна баялася, што шчанюк адмарозіць нос. Віктар смяяўся з яе — ды гэта ж паўночны сабака, ён прывык спаць у снезе!

— Пасля, — пярэчыла Кацярына. — Пасля, калі акрэпне. А цяпер, бач, які маленькі і кволы!

Найда не хацела аддаваць шчанюка — ён быў апошнім, ён заставаўся з ёю і тады, калі адзін за адным зніклі астатнія пяць, і яго яна наважылася не аддаваць. Алдрэй Сямёнавіч зачыніў яе ў будан, і, ад'язджаючы, яны чулі, як працяжна і стомлена выла яна ўслед, драпаючы моцнымі лапамі тоўстыя сцены будана.

Разгарачаныя пасля гасціны, Віктар і Каця не спяшаліся, але Андрэй Сямёнавіч прыспешваў іх: