18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 44)

18

— Або начуйце ў мяне, альбо едзьце хутчэй. Ноч ужо!

— Дык жа якая гэта поч, Сямёнавіч, — жартаваў Віктар, — вунь сонца з неба не сыходзіць!

— Усё роўна, — спяшаўся пасадзіць іх Сямёнавіч, ухутваючы Кацярыніны валёнкі кажухом. Апошні раз пагладзіўшы шчанюка, ён усміхнуўся добрай усмешкай:

— Заместа блаславення вам. На вяселле ўсё роўна старая не адпусціць, баіцца, што кіну, маладую знайду. А і знайду! Як думаеш?

I Кацярына ў адказ засмяялася, пажартавала:

— Нашто вам маладая? У вас і свая гаспадыня яшчэ хоць куды!

— Мы з ёю трыццаць гадоў душа ў душу жывём, — прызнаўся Андрэй Сямёнавіч. — Вам жадаю так пражыць, дзеці…

Коля Мігалкін маўкліва завёў матор, і дрызіна пабегла, перавальваючыся на стыках, як жывая істота. Шчанюк мякка тыцкаўся ў Кацярыніны грудзі і то вішчаў — тоненька і працягла, як быццам скардзячыся, то маўкліва туліўся да яе, і яна адчувала, як нешта цёплае і добрае хвалямі прабягае па ёй — ці то радасць ад таго, што дамаглася свайго, ці проста звінела ўсё ў ёй і спявала — ад таго, што побач Віктар, што спяшаўся ён выканаць яе жаданне — набыць шчанюка, што іх жыццё пачынаецца так шчасліва і добра…

Шчанюк для яе быў пе прыхамаць — з дзяцінства Кацярына жыла ў цесным суседстве з іншымі жывымі істотамі. Была ў іх у Валеўцы карова Зорка — ціхманая, з вялікімі ласкавымі вачамі, жыў кот Валацуга, у двары — руды дварняк, што прыбіўся з суседняй вёскі напалоханым мокрым шчанюком. За хатай, ля балотца, купаліся ў пяску куры і гускі і, заўважыўшы Кацярыну, беглі да яе, махаючы крыллем і выцягваючы шыі. Тут, на Поўначы, яна найбольш сумавала па гэтых. штодзённых клопатах пра жывое — бывала, прачнецца рана з думкай, што трэба падаіць Зорку і выпусціць на двор курэй, а пасля спахопіцца, што нічога гэтага тут няма, што можна цэлы дзень валяцца ў ложку, не клапоцячыся ні пра што, апроч заўтрашняй змены, на якую трэба ўставаць раненька. Яна не заўважала, што паступова глухла ў ёй патрэба апекавацца аб некім і нечым, ажно пакуль не ўбачыла Найду, — і тады загарэлася ў ёй гэтае ўпартае жаданне — мець хаця б вось такую пушыстую, з разумнымі вачамі лайку, вырасціць яе, каб чакала са змены яе і Віктара.

Віктар пакепліваў і з гэтага — невядома, колькі яны тут будуць. А што, калі надакучыць? Праз два гады можна ехаць дадому, і што тады рабіць з лайкай? Але Кацярыніна прыхамаць не праходзіла, а яму хацелася дагадзіць ёй. Вельмі хацелася…

Чырвоны круг сонца нагадваў вялізную дзірку, прапаленую скрозь бледна-сіні покрыў. Пры поглядзе на яго мроілася, што недзе там, за гэтым покрывам, палае-гарыць агромністы атамны рэактар, а сюды даходзіць толькі слабы, прыпагаслы ўжо водбліск. На снезе — і далёка ўперадзе, і па баках — клаліся доўгія хударлявыя цені лістоўніц і сасонак. Нягледзячы на лютыя маразы, на доўгія, па паўгода, палярныя ночы, яны раслі насуперак усяму і позняй вясной гэтак жа, як іх сёстры на поўдні, выпускалі тонкія светла-зялёныя парасткі, на якіх высыпалі жаўтаватыя скупыя кветкі, пасыпаныя амаль непрыкметным для вока пылком. Зараз, аблітыя, быццам глазурай, падталым за дзень лядком, пад чырванаватым святлом начнога сонца, ствалы здаваліся людзьмі, што скамянелі пад чарамі, і чамусьці абодвум падумалася, што яны як сочаць за дрызінай сотнямі вачэй, нібыта спадзеючыся на дапамогу. Віктар доўга глядзеў па баках, пасля задумліва адвёў позірк і павярнуў галаву да Кацярыны.

Яму была відна яе шчака, налітая марозным румянцам, ледзь прыпухлыя вусны і белыя валасы, што выбіваліся з-пад шэрай заечай шапкі. Ён ведаў, што шэрае ёй да твару — нібыта дае нейкае адценне шэрым вачам, дробным залацістым вяснушкам. Кацярына злавіла ягоны пагляд, усміхнулася, прыслухоўваючыся да таго, як шкрабецца моцнымі лапамі шчанюк, зноў высоўваючы сваю чорную вільготпую пысу на мароз.

…Ваўкоў яны ўбачылі адначасна, яны як вынырнулі з чырвонага снегу проста пасярэдзіне вялікай прагаліны, што заставалася ззаду. Гэта была, відаць, тая зграя, што гадзіну назад, калі яны трохі ад'ехаліся ад станцыі, неслася за аленем. Але тады, калі Коля, павярнуўшы галаву, заўважыў буднічным голасам, што, аднак, спяшацца трэба, таму што снег цяпер рыхлы і, калі ваўкі не дагоняць аленя, то, раз'юшаныя, могуць пагнацца за імі. Яны пасмяяліся з Колевых слоў — чорныя імклівыя кроплі мільгалі так далёка, алень, за якім яны несліся, быў, здаецца, амаль у ваўчынай уладзе. Яны пашкадавалі аленя, але нічым памагчы яму было нельга, і яны паспадзяваліся толькі на тое, што снег сапраўды рыхлы і легканогі алень, падхліснуты смяротным жахам, здолее перагнаць зграю.

Відаць, так яно і адбылося. I, раз’юшаная няўдачай, зграя павярнула туды, дзе параўнаўча нетаропка, калываючыся па стыках, ехала дрызіна — невысокая цялежка, і жалобна скуголіў шчанюк, высоўваючы на мароз свой цікаўны нос.

— Пяць, — чамусьці шэптам сказала Кацярына.

I хаця Коля наўрад ці мог яе пачуць, ён раптоўна азірнуўся, і смуглявы яго твар перакрывіўся ў спалоханай і адначасна жалобнай грымасе. Пасля ён хутка пахіліўся, нешта знайшоў пад нагамі і кінуў пад ногі Віктару сякеру — адпаліраванае тапарышча бліснула ў чырвоным святле коратка і рэзка. Пасля павярнуўся, і плечы яго захадзілі пад дахой, быццам ён упрошваў матор, сіліўся выціснуць з яго што можна.

I Віктар, разумеючы гэта, крыкнуў яму — адчайна, страшна:

Хутчэй! Жмі, Коля!

— Нельга! Выкіне! — данеслася з-пад дахі, і Коліны плечы яшчэ хутчэй захадзілі пад дахой. Ён болей не азіраўся, і Кацярына, нямеючы ад жаху, зразум-ла — Віктар і яна павінны абараніць і Колева жыццё таксама, таму што цяпер уся надзея на іх ды яшчэ на дрызіну, якая відавочна наскорыла хуткасць, так што хістаць іх пачало яшчэ мацней і няўмольней.

Ваўкі беглі не так хутка, як раней. Відаць было, што глыбокі снег і гонка ўжо выматалі іх, але сіла, якая гнала іх цяпер за дрызінай, была мацнейшая за стому — раз'ятраная воля і разлік адчуваліся ў мерным, да жаху раўнамерным ваўчыным бегу.

Наперадзе, ужо заскочыўшы на шпалы і прынароўваючыся да іх дробнага перабору, бегла невялікая, з упалымі бакамі ваўчыца. Гэта Віктар і Кацярына зразумелі адразу — іншыя былі буйнейшыя, больш марудныя. Яны ўжо раздзяляліся па баках, каб абкружыць дрызіну, і нехта першы рыхтаваўся ўхапіць вострымі бязлітаснымі зубамі здабычу, якая б яна ні была.

Віктар машынальна, не адрываючыся паглядам ад ваўчыцы, сцягнуў рукавіцу, і рука яго ямчэй ухапіла ледзяное тапарышча. Яно балюча апякло далонь, але холаду ён не адчуў — шэрая, з чарнаватымі падпалінамі ваўчыца была ўжо зусім недалёка. Яна чакала, і дыханне яе штуршкамі вырывалася ў прастору — такую агромністую, бяздонную, што ў яго зацяла дыханне. Іх пасёлак, вуліцы, вагончык — усё гэта было далёка, так далёка, што ў яго на момант мільганула шалёная думка — а ці было гэта на самай справе? Усё цёплае, тое, што сагравала іх, давала раўнавагу жыццю, як быццам пакінула іх, заставаліся бязлюдная пустыня і ваўкі… Не зводзячы вачэй з ваўчыцы, ён убачыў Кацярыну — твар яе быў, як бальнічная сцяна, і толькі, ледзь скошаныя, ззялі нясцерпным святлом поўныя жаху вочы. Яна сядзела бокам, дзвюма рукамі намёртва ўчапілася ў борт.

I гэта як ускалыхнула яго, прымусіла скінуць здранцвенне. Ён раптоўна — усёй скурай — адчуў, што ён мужчына, што спрадвечна, заўсёды было і будзе так — жанчына павінна быць пад ягонай аховай, за ягонай спіной.

— Сядзь прама! — загадаў ён. — Адбівайся нагамі, з усяе сілы. I трымайся. Галоўнае — не вываліцца!

— Ой, Віценька, — нібыта дачакаўшыся гэтых слоў, загаласіла яна, тоненька і безнадзейна, — Яны ж дагоняць нас… О госпадзі-і!

Не выпускаючы з рук сякеру, ён пасунуўся да краю дрызіны — там, амаль кранаючыся яе носам, бегла ваўчыца. Але тая, нібыта разгадаўшы намер, абагнала дрызіну. Яна кіравалася да Кацярыны, беспамылковым інстынктам звера ўгадаўшы, хто слабейшы! А можа, прыцягнула яе скавытанне шчанюка — яно тонка і адчайна праразала цішыню, таму што — Віктар адзначыў гэта неяк машынальна, падсвядома — апроч стукату матора, вакол панавала цішыня — такая, якая бывае перад навальніцай, калі чорная кіпучая хмара вось-вось выблісне асляпляльным, аглушальным раскатам!

Ваўкі абкружылі дрызіну, высокі касцісты звер скокнуў першым. Але абвостраны небяспекай інстынкт Віктара падказаў яму скачок — ён, коратка і востра размахнуўшыся, ударыў сякерай. Воўк паспеў вывернуцца, і сякера звонка, аглушальна звонка ўдарылася ў металічны борт, так што на імгненне выбліснуў сноп іскраў.

Другі скачок — ваўчыцы — ён угадаў таксама, ірвануўся наперарэз, таму што там, дзе цэлілася ваўчыца, была Кацярына. Шаленства ахапіла яго, але мацней за ўсё, нават за страх небяспекі, была адна думка — уратаваць Кацярыну! Яна, яна павінна застацца жывою. Хаця б яна!

Ён гатовы быў крычаць, маліць гэтую халодную ледзяную прастору, каб яна, забраўшы ягонае жыццё, пакінула Кацярыну. Ён вар'яцеў — і, перахапіўшы ваўчыныя лапы, згубіўшы ў гэтым адчайным скачку сякеру, зразумеў, што павінен зрабіць адзінае… Павінен…

Адчуваючы, як патыхнула ад звера гарачым і смуродным, ён, апошнім намаганнем схапіўшы ваўчыцу за шыю, разам з ёю вываліўся з дрызіны!

Яны выкаціліся шалёным клубком, паляцелі ў адхон, перакульваючыся ў рыхлым снезе. Зграя адразу спыпілася, пасля ваўкі кінуліся назад.