18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 20)

18

Так густа і бессаромна рос палын на даўнім гарадзішчы, узнесеным на галавакружную вышыню над далінай, што ў самай няўцямнай галаве цьмяна варушыўся жах перад усемагутным часам, і такой грознай сілай павявала ад шчарбатых сцен — астаткаў некалі магутнага замка, што толькі самы апошні гуляка мог заначаваць у абдымку з бутэлькай на гэтай пустэльнай гары, што нагадвала выкрашаны зуб, які можна было ўбачыць за многа кіламетраў ад раённага гарадка.

Гарадзішча, у нагах якога стогадовыя паркавыя дрэвы здаюцца карлікавымі кустамі, а велічэзны шпіль фарнага касцёла — штыком звычайнай вінтоўкі, здаецца, плыве ў залаціста-блакітнай прасторы гарачага ліпеньскага дня, і дзяўчынай, што адзінока сядзіць у праломе таўшчэзнай — у тры метры сцяны — авалодвае дрымота.

Толькі сёння раніцай прыехала яна ў гэты раённы гарадок, пра які марыла цэлы месяц — трыццаць доўгіх, упартых дзён, заехала, каб пабыць тут усяго палову сутак; рашэнне ехаць было для яе самой такім жа нечаканым, як і для таго, да каго яна рвалася, аб кім тужыла. Чакаючы прыстойнага для візіту часу, яна спачатку трапіла на могілкі, утульныя і чыстыя, бітком набітыя мармуровымі анёламі, капліцамі і гранітнымі помнікамі, над якімі, у доўгіх галінах вяза, на розныя галасы шчабяталі птушкі, пасля выйшла да глухой агароджы закінутага манастыра, за якім, у светлай жаўцізне жыта, буйна цвілі валошкі. З букетам, што пахнуў смолкай і свежасцю, яна вярнулася на плошчу, адкуль лёгка знайшла знаёмы па лістах адрас. У чырвоным драўляным доме з жоўтымі дарычнымі калонамі ёй шматслоўна растлумачылі, што Максім паехаў на цэлы дзень над Белае возера, дзе на матацыклах гойсаюць за смерцю, а маці ягоная ўжо пайшла на працу. Пакінуўшы цыдулку, у якой прызначала сустрэчу, яна ў другі раз пайшла па плошчу і, блытаючыся ў вузкіх брукаваных вулачках, дабралася да гарадзішча, пра якое шмат расказваў Максім. Гарадок, у якім ён жыў, даўно стаў для яе як бы родным, яна часта ўяўляла ўсё, пра што чытала, і перад ад'ездам ёй нанова прысніліся і гара, і касцёл унізе, і далёкае возера на гарызонце, а цяпер сон здзейсніўся, яна звярала яго і яву, і ў яве было тое ж радаснае, светлае чаканне сустрэчы, што і ў сне, а сон да драбніц супадаў з рэчаіснасцю.

I цяпер яна сядзела, узнесеная над усім светам, і дрымота ўсё мацней падала на яе. Непадалёк пачуліся нейкія крокі, яна імкліва расплюшчыла вочы. Але то была ўсяго толькі старая стомленая каза, яна павольна ішла па цвёрдай сцяжынцы, цягнучы разбухлае вымя, і дзяўчына, пашукаўшы ў сумцы, працягнула ёй цукерку. Каза заклапочана зашапацела фальгой, пасля, пастаяўшы яшчэ і нічога болей не дачакаўшыся, раўнадушна пайшла далей, пастукваючы капыткамі па старажытнай цаглянай муроўцы. Адышоўшыся, яна гэтак жа дзелавіта пачала шчыпаць траву, трасучы злямчанай барадой, і дзяўчына расчаравана адкінулася назад, закрываючы вочы і нібы патанаючы ў цёплым магутным целе зямлі. Ёй хацелася паляжаць паўгадзінкі, а пасля ізноў блукаць па гарадку, але, стомленая хваляваннем і дарогай, яна нечакана для сябе заснула, пакуль яе не разбудзіла сонца, уварваўшыся ў вочы гарачымі чырвонымі кругамі. Абтрасаючыся ад пяску і даланёй прычэсваючы кароткія русыя валасы, яна пачула крыклівыя хлапечыя галасы і, выглянуўшы з-за сцяны, з цяжкасцю разгледзела ў асляпляльным марыве дня ўжо знаёмую казу і чатырох хлапчукоў. Трое, наступаючы на чацвёртага, нечага патрабавалі ад яго, а той, ухіляючыся ад тычкоў, з плачам у голасе паўтараў:

— Не! Не дам! Сказана вам! Не дам на Казьцы ездзіць!

— А мы самі! Без цябе абыдземся! — хапаючы казу за рогі, закрычаў старэйшы. Тая спалохана брыкнула, вырвалася, адбегла, але тут жа зноў падбегла да ўладара, які зноў кінуўся на яе абарону.

— Мамцы скажу, паглядзіце!

Голас яго быў няўпэўненым, слабым, і калі ён загукаў уніз, дзе мясцілася вуліца, сваё «мамка», трое засмяяліся.

— Ведаем, чаго там! Мамка твая ў бальніцы, так што давай сюды сваю Казьку!

— Мамка! — яшчэ грамчэй азваўся Казьчын абаронца, і. дзяўчына не вытрымала, выйшла з-за сцяны:

— Ану, пайшлі адсюль! Утрох на аднаго! I не сорамна?

Хлапчукі, што з трох бакоў ужо абкружылі казу, разам застыглі, на тварах іх, расчырванелых ад пагоні, адначасова адбіліся прыкрасць і страх. Але самы старэйшы, чарнавокі, з дзёрзкім позіркам — з тых, хто звычайна верхаводзіць у хлапечых гуртах, — разгледзеўшы дзяўчыну, пажвавеў.

— А што мы такога робім? Падумаеш, Казька! Глядзець моташна, як ён яе лашчыць! — смела сказаў ён, плюнуўшы скрозь зубы.

— Ён баязлівец, гэты Антак! Толькі з казой і дружыць! Вы яго не шкадуйце, — падтрымаў верхавода другі, што стаяў бліжэй да Антака.

Хлапчукі былі прыкладна роўныя, Антак жа — значна меншы, драбнейшы. Палінялая кашуля на ім была акуратна зашпілена на ўсе гузікі, з каўняра тырчала худая незагарэлая шыя, і ўвесь ён — ціхі, нейкі прыгладжаны — быў поўнай процілегласцю іншым: у аднаго на калене была глыбокая свежая драпіна, адкуль сачылася кроў; на другім калене штаны былі таксама парваныя. У другога на клятчастай кашулі чарнела тлустая мазутная пляма. Старэйшы, з крутой цыганскай шавялюрай, быў увогуле толькі ў абтрапаных школьных штанах, і загарэлы хлапечы торс яго быў спярэшчаны белаватымі блізнамі.

— Эх ты, знайшоў з кім ваяваць! — дзяўчына цяпер звярталася толькі да яго, таму што адчувала ў хлапчукоў упартую гатоўнасць на супраціўленне. — Давайце я вас лепей цукеркамі пачастую, а маленькага не чапайце, — сказала яна і шчоўкнула замком, але разлік яе аказаўся правільным: завадатар спрэчкі з пагардай глянуў на сумку і, махнуўшы рукой, згадзіўся:

— Ладна! Пайшлі адсюль, не будзем чапаць… маленькага!

Ён зарагатаў, пайшоў прэч, але абярнуўся і зморшчыўся, дражнячы Антака. Хлопцы пакорліва паўтарылі за ім грымасы, пасля ўсе яны пайшлі да струхлелага мастка, што злучаў гарадзішча з вулачкай, якая адна і вяла да гары.

Антак стаяў, не ўздымаючы галавы. Каза цяжка падышла да яго і асцярожна парнула ў бок. Вочы ў яе былі журботныя, нібы яна разумела ўсё, што адбылося, і цяпер вінавацілася перад гаспадаром за сваё бяссілле. Парнуўшы, яна пацерлася рагамі аб ягоныя сцёгны, але хлапчук толькі таргануў галавой і адвярнуўся. Тады, абышоўшы кола, яна ізноў ціха торкнулася ў ягоны жывот і зазірнула ў твар.

— Што ж ты яе крыўдзіш? — дзяўчына ўсміхнулася і, дастаўшы цукерку, зняла з яе абгортку і працягнула Казьцы, але тая не варухнулася; па-ранейшаму жалобна і нерухома яна глядзела на Антака, зваляная барада яе дробна трэслася.

— Яна ж невінаватая! — дзяўчына гаварыла ў спіну хлопчыка, гаварыла мякка і нецярпліва. Нешта перашкаджала ёй узяць і пайсці адсюль, і хацелася супакоіць сваё сумленне, а пасля бегчы на плошчу. Максім мог прыехаць раней, а кожная яе гадзіна была цяпер злічана, дый цэлы месяц яны не бачыліся, з таго часу як скончылася сесія ў інстытуце, Максім паехаў дадому, а яе паслалі ў піянерскі лагер, дзе ёй працаваць яшчэ два месяцы, да самай восені!

— Ты чуеш мяне? Памірыся з Казькай! Ну, глянь на яе!

— Заўтра яны зноў прыйдуць… А яе нікуды больш не зацягнеш. Толькі сюды!

Ён сеў, усё не гледзячы на казу, і дзяўчына прысела перад ім. Па твары хлапчука паволі цяклі дзве мутныя кропелькі.

— Чаму ж бацьку не паскардзішся? Або хто там у цябе ёсць?

— Няма ў мяне бацькі,— усхліпнуў Антак. — Толькі мама. Я Казьку баюся крыўдзіць: мама ейнае малако надта любіць. Я кожны дзень нашу ў бальніцу глячык…

Ён змоўк, рукавом выцер слёзы і, глянуўшы Наталі ў твар, дадаў нечакана:

— А вы, цёця, малако ад казы любіце?

— Я? — дзяўчына чамусьці збянтэжылася. — Я… ніколі яго не спрабавала, толькі чула, што яно нясмачнае. У магазінах жа яно не прадаецца, — нібы апраўдваючыся, дадала яна.

— Тады паспрабуйце, — проста сказаў Антак. — Тут пасудзіны няма, а то я проста тут падаіў бы Казьку. Пайшлі да нас, а? Цёця?.. Там Віцька чакае, — пасля паўзы дадаў ён. — Я ведаю… Нябось думае — я адзін назад пайду…

— Ну… як гэта — да вас? Што ты… I чаго ты іх так баішся, не разумею! — паспрабавала яна перавесці гаворку на іншае.

— Я не іх баюся… Я — за Казьку… У яе ж малако, а яны… А мамцы трэба выздаравець! Пайшлі, я вас вельмі прашу! Тут недалёка, пад гарой!

— Ведаеш… у мяне часу малавата, — яна зноў спрабавала адмовіцца. — А ты так адзін і жывеш?

— Адзін, — пацвердзіў Антак. — Бабуля нядаўна памерла, за мной суседзі глядзяць, па чарзе. Толькі зараз усе на працы. Пайшлі, га? Убачыце, малако ў Казькі смачнае. А як вас завуць, цёця?

— Якая ж я цёця? — засаромелася дзяўчына. — Я толькі першы курс закончыла, а завуць мяне Наталяй, так і пазывай, добра?

— Добра, — кіўнуў ёп галавой.

— Ну што з табой рабіць? Пойдзем. Толькі я на хвілінку…

Ён засвяціўся тварам, коратка свіснуў, і каза, узрадавана мэкнуўшы, подбегам заспяшалася ўперад, як здагадаўшыся, аб чым ішла размова. Наталя ішла побач з Антакам, скоса пазіраючы на ягоны засяроджаны профіль. Цёплы вецер лёгка раздзьмуваў кароткую льняную сукеначку, і яна, абцягваючы яе, з цьмяным пачуццём нялоўкасці і шкадавання глядзела на хлапчука, на яго старэнькую кашулю з акуратна пакладзенай латкай, на залаціста-русы віхор на ягонай галаве.

— А хто есці табе гатуе?

— Я сам, — ён з гатоўнасцю адгукнуўся.

Вочы ў яго былі спакойна ласкавыя, нібы згода Наталі пайсці да яго ў госці адразу прымусіла яго адчуць асаблівую годнасць і спакой.