18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 19)

18

Я часта думаю пра так званую «святую» мацярынскую любоў. Мне не пашанцавала: самаахвярнасць і маёй мамы, і Антаніны Дзмітрыеўны была, як мне здаецца, накшталт любові Габсэка да сваёй ашчаднай кніжкі, куды ён паклаў бы ўсё да ацошняй капейкі. Цікава, як бы паводзіў сябе Габсэк, калі б ягонай ашчаднай кніжцы пагражала небяспека? Ці не так ціха і прыстойна аплёў бы ён павуціннем інтрыгі наіўную правінцыялку, як гэта зрабіла Антаніна Дзмітрыеўна? Ці не з такой бы палёгкай мармытаў эпітафію над прахам Гулякі і Прайдзісвета, якую сачыніла мама, стоячы на агромністых італьянскіх «платформах» перад пустой шафай; яны былі такія трывалыя, тыя «платформы», што не толькі нейкая там пустая шафа, але і землятрус у дзесяць балаў не збіў бы з ног іхнюю ўладальнііцу… Як цяпер бачу: ёй было ў той час… дванаццаць гадоў назад… ёй было сорак шэсць, але яна абхітрыла прыроду па крайняй меры гадоў на дзесяць, а можа, і болей, таму што і на той час у мамы быў жалезны страўнік, нервы, як сталёвыя каітаты, а фігура, як у выкладчыцы танцаў, і яна цвёрда стаяла на сваіх «платформах», а бялявая капа парыка разлічана спадала ёй на вочы, умела маскіруючы лоб, залішне пукаты для маленькага твару. Я сядзела на канапе, аглушаная і голасам, і грудай чамаданаў, якія завалілі ледзь не палову пакоя, і атупела адчувала, як з кожным раскатам бляшанага фальцэту выціскаецца з пакоя, з канапы, з кухні, дзе мы так любілі піць чай, прывід у пацёртых сініх джынсах, з жоўтымі пракуранымі пальцамі. «Можа, так лепей», — стукнула ў скронях. Я думала пра тое, што дарэмна ўтрымліваць Юркаў прывід у нашай кватэры, ён не зможа існаваць тут, з намі ўсімі; тата, які ляжыць зараз у спальні на адным з ложкаў, выціснуў яго са спальні, а ў сталовай мы амаль што не бывалі: там стаяў сапраўдны гаспадар — гарнітур са светлай карэльскай бярозы, які мама не прамяняла на навамодныя паліроўкі. Цяпер кватэра пераставала быць музеем, маім маўклівым музеем, які я аберагала пасля Юркавай смерці як сваё апошняе прыстанішча, не дапускаючы сюды нікога ні з суседзяў, ні з аднакурсніц і сябровак.

— Я проста геній, — казала тым часам мама, і яе ружовыя шчокі ўздрыгвалі, а чырвань гневу і задаволенасці прабівалася скрозь тонкі грым. — Я паслухала сваёй галавы, а сэрцу, беднаму свайму сэрцу, загадала маўчаць. I не пісала табе, як быццам не ведала пра яго, гэтага… (Тут яна спахапілася і ўсё ж апусціла вейкі.) Пра твайго…

— Мамачка, не трэба.

Я сядзела, і мне бачылася грубая драўляная шкатулка, а прывід быў у дзвярах, і я баялася сустрэцца з ягоным позіркам, таму апускала позірк, а мамін голас біў і біў па галаве:

— I так і здарылася, ён такі не жаніўся. Абышлося без крапіўніку, ты можаш спакойна думаць пра будучае. Хаця ты і хавалася ад усіх, я даведалася… Як мне шкада, што я паддалася спакусе і паехала за тваім бацькам на цэлы год! Я вінна ва ўсім, цябе нельга было пакідаць, бо на такіх, як ты, мая дзяўчынка, на такіх і вешаюцца розныя прахадзімцы… О божа, даруй мне грэх, я такі не ўтрымала язык! Ну, гэты, твой, Смактуноўскі твой, ад якога засталася пустая шафа…

Юркі ўжо не было ў кватэры, а ў мяне не было сіл супраціўляцца бурнай мамінай пяшчоце. Я ўсё маўчала, а яна, пагаварыўшы гадзіны дзве і знямогшыся, ўсё ж рассцяліла канапу, распранула мяне, а мне здавалася, што я пустая знутры, як егіпецкая мумія, а мама песціць і трасе толькі «брэнную абалонку». Яна была спрабавала апеляваць да таты, але ён нешта прамармытаў, паклаў мне на лоб руку і зноў пайшоў да сваіх газет і да сваіх адказных думак, настолькі адказных, што пра іх ніхто з нас не ведаў, і мама засталася сам-насам з нялёгкімі мацярынскімі абавязкамі, тым больш нялёгкімі, што я тупела ад іх усё болей і болей, пакуль стома не адолела мяне канчаткова, і я заснула ўпершыню за многа дзён. Мамін прыезд сапраўды мяне выратаваў: яе клопаты былі такімі магутнымі, што гіпнатызавалі мяне, нібы труса, і я пакорліва глытала нейкія таблеткі, і здавала экзамены, і адпачывала ў Сочы, а праз пяць месяцаў пасля заканчэння інстытута прыйшла працаваць на студыю тэлебачання на Шабалаўку, таму што на кінастудыях хапала геніяў і без мяне. Выпадак звёў нас з Сярожам, але выпадак таксама ходзіць там, дзе яго чакаюць, а муж мой тады чакаў ад Масквы дзівосаў — не казачных, а рэальных: канешне, хіба магла параўнацца са мной, масквічкай, нейкая там правінцыялка, хіба магла кватэра і прапіска ў Маскве (добра, што ў апошпі момант у ім перасіліла развага, у Маскве ён не дабіўся б таго, што ў рэспубліцы) не спакусіць такога чалавека, як Сяргей?

…А можа быць, я грашу на яго, можа, яму проста спадабалася я сама, але калі з'яўляюцца ў жонкі такія здагадкі, то, відаць, вісяць здагадкі не ў пустым паветры, не ў вакууме, а абапіраюцца на рэальны вопыт… А ў жанчыны, якая сядзіць у хаце і служыць сямейнаму цяплу, такі вопыт назірання за ўласным мужам! I ёсць час думаць — калі толькі ахвота думаць, таму што думаць — цяжкая, няўдзячная работа, а апроч таго, і небяспека (ці не таму многія проста баяцца думаць!). Думаць — гэта значыць пакутліва шукаць, параўноўваць сябе і свае ўчынкі з ідэалам, які жыве ўпутры кожнага — прынамсі, кожны ведае, што такое ідэал, і пакутуе, таму што хіба можа чалавек атаясамліваць сябе з тым жа ідэалам? Я таксама баялася думаць — таму што думкі тыя ледзь не завялі мяне ў вар'яцкі дом, мама нездарма баялася хвілін, калі я застывала над кніжкай, нездарма яна так узрадавалася Сяргею, калі ён з'явіўся на гарызонце… Божа мой, атрымліваецца, што і нам Сяргей быў патрэбны, мы заключылі шлюб на ўзаемнай выгодзе і спрабавалі чэсна выконваць узятыя на сябе абавязацельствы! Канешне, я заўсёды ведала ў глыбіні душы, што за сваім мужам у пекла пайду толькі тады, калі не будзе ніякага іншага выйсця. Якім бы хворым ні быў Сяргей, у якім бы цяжкім стане ён ні знаходзіўся — я нічога не магу зрабіць для яго, хіба што аддаць яму сваю кроў, дый тое немагчыма: у яго кроў другой групы, у мяне — трэцяй. Смешна, але Сяргей бы якраз мяне выратаваў, я ж яго — не змагла б, нават калі б і хацела.

Выпадак ходзіць там, дзе яго чакаюць, — калі гэта не так, то чаму я, падсвядома, заўсёды чакала ад жыцця нейкага такога ж падвоху, які адбыўся аднойчы? Які адбыўся зараз? Сяргея, майго асцярожнага, прадбачлівага Сяргея, збілі на горкі яблык нейкія хуліганы, ад якіх ён заўсёды трымаўся далей, чым ад якой метагалактыкі. Што гэта — выпадковасць? А калі — расплата?

Але ў чым я вінаватая, у чым?! Крык — «за што?» — гэта сляпы, атавістычны крык, які чалавек кідае ночы і цьмянаму жаху, які гняздзіцца ў ягонай крыві. Заўсёды ёсць — «за што?». Заўсёды за віной ідзе расплата.

Мае мілыя, утульныя, нявінныя іпастасі — добрай жонкі, дабрачыннай маці, прыстойнай жанчыны, — чаму вы знікаеце ад мяне з такой маланкавай хуткасцю, і вашы бляклыя абрысы здалёку глядзяць на мяне дакорліва і крыўдліва, як пакінутыя дзеці? Вы адступаеце перад магутнай хадой — чаго? Вочы, вочы сочаць за мной адусюль: вочы маёй дарагой мамачкі, вочы Антаніны Дзмітрыеўны, а самае галоўнае — блішчаць у белай цемры першага снегападу Юркавы зрэнкі.

«Стэла, не рабіся драпежніцай!» Ты што ж, прарокам быў, Юраська, га? Таму што драпежніца — не абавязкова тая, што рве мяса на бліжнім. Драпежніца — яшчэ і тая, якая дазваляе гэта рабіць, якая жыве за кошт таго, чужога мяса — няхай сабе ёй прыносяць мяса на прыгожай талерцы…

Калі Юркава смерць была ягонай расплатай за тое, што жыў ён згодна са сваім сэрцам — як я ўжо казала, жыў па-каралеўску — бо Ікар сам сабе дазволіў узляцець, і ўзляцеў, і бачыў сонца зблізку, а такое могуць дазволіць сабе нямногія… то другі раз падыходзіць да мяне расплата. За што? За тое, што я не магу ўзляцець да сонца?

Не, я няздольная на нодзвігі — я не з тых, каму ляцець да сонца…

Але ёсць жа ў кожнага свая вышыня — ці ўзнімалася я на яе? Ці спрабавала падняцца?

Не помню.

Здаецца, не спрабавала.

Калісьці ў інстытуце я здавала залік па антычнаму мастацтву. Трапілася мне тады, як цяпер помню, Немезіда — багіня пакарання. О, як яна карала смельчакоў, якія спрабавалі змагацца з рокам! Праметэй, Сізіф, які спрабаваў перахітрыць смерць, шчаслівец лёсу — Палікрат… А Крэз? А брат Сізіфа Салманей, які хацеў быць богам?

Ці не караеш ты, Немезіда, таксама і тых, хто н е з а х а ц е ў быць богам?!

Ішла па лесе, па лесе цёмным і спакойным, як балота, — і ўперадзе зачырванелася полымя, такое гарачае і зыркае, што здалёку апякала гарачыня.

Юрка быў тым полымем — цяпер разумею.

Нашто дадзены агромністы, магутны свет, і кожны дзень у ім — як раскошны, казачны падарунак, якім мы не ўмеем, не можам распарадзіцца, і баімся падарунка, і хаваемся ад яго, і не хочам апякаць сабе крылы!

…Як позна ты прыязджаеш, таксі, так позна, каб засталося толькі зразумець, што ўсё ранейшае, наладжанае і спакуслівае для іншых, ляціць, узрываючыся, ва ўсе бакі, як, кажуць, ляціць ва ўсе бакі наш Сусвет, глытаючы шалёныя кіламетры!

…А можа, і не ляціць? Колькі я чакала цябе, таксі? Няўжо ўсяго толькі дваццаць хвілін? Сапраўды, дваццаць. Ажно не верыцца, здаецца, прайшла вечнасць!

Але ж не кожнаму ўдаецца, нават за ўсё сваё жыццё, сам-насам пабыць хаця дваццаць хвілін з Немезідай!

Апоўначы, калі б’юць куранты…