18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 22)

18

Пасля кіно іх чакалі. Чацвёра хлопцаў на матацыклах і дзяўчаткі — усе прыкладна аднаго ўзросту з Наталяй, — закрычалі, замахалі рукамі. Максім хуценька перазнаёміў яе з усімі, але Наталя нікога не запомніла ад збянтэжанасці, толькі першага, Валодзю, які падышоў да яе не спяшаючыся, упэўнена і дапытліва разглядаючы яе ўсю — ад ілба да кончыкаў не надта новых туфлікаў. Пасля ён ізноў наблізіўся да яе — калі абмяркоўвалі, якой дарогай ехаць, — і шматзначна ўзяў яе за руку:

— Мы Максіма без вас ледзь не ажанілі. Каб уратаваць. А то калі такая дзяўчына возьмецца за ратаванне душы — усё, прапаў чалавек!

Наталя імгненна ўспомніла інтанацыю, з якой Максім адмахнуўся ад яе там, ля універмага, і, вырваўшы сваю руку з чэпкіх Валодзевых пальцаў, моўчкі села на «Яву», стараючыся, каб Максім не заўважыў яе спахмурнелага твару. Пасля яны ўсім гуртам сядзелі ў бары, дзе на цяжкіх драўляных панелях бранзавелі чаканкі, на дубовых кругляках вакол дубовых калодаў сядзелі завесялелыя мужчыны і дзе Валодзя настойліва хацеў нешта давесці ёй, Наталі, нібы яна была ягоным асабістым ворагам.

— Ты вось што, — ён курыў цыгарэту за цыгарэтай, — не крыўдуй, я чалавек просты, але слова сваё скажу. Не пазнаю Максіма. Паступіў у гэты ваш інстытут — другім стаў. Ад кампаніі адбіваецца. Разважаць пачынае. Нашто яму разважаць? Мужчына ледзь не так што — не разважаць, а адразу — у зубы! Каб баяліся! А ён далікатным робіцца. Не-е, мы яго так проста не аддадзім.

— Не слухай яго, ён Максіму сваю сястрычку сватае, каб баксёра ў родзічах мець. А то сам — як Кашчэй! — весела закрычала праз Максімава плячо адна з дзяўчат, боўтаючы белай саломінай у кактэйлі. Наталя ўбачыла, як зачырванеліся шчокі ў Максіма. Ён на некалькі імгненняў моцна прыціснуў сваю шклянку з сокам да яе шклянкі, нібы стараючыся нешта давесці без слоў, адгарадзіў яе ад Валодзі і ўзяў за плячо.

— Пайшлі адсюль, — ціха вымавіла Наталя. Ёй цяжка і нязручна было сядзець на высокім табурэце, яе раздражняў цыгарэтны дым, што густа калыхаўся над сталамі, пах вільготнай вяленай рыбы, лянівы шчэбет дзяўчатак. Збіраючыся ў дарогу, яна не думала пра заходні мадэрн, ёй чамусьці ўяўлялася, як яны ўдваіх будуць сядзець недзе ў зарослым парку альбо за горадам, ціха гаварыць пра нешта харошае і яна паспее расказаць Максіму хаця б крышачку з таго, што перадумалася ў адзінокія гадзіны, калі пасля адбою ў лагеры яна бегла на капрызную рэчку Беразанку і гадзінамі бяздумна сачыла, як уставаў ранні маладзік або паволі гусцела белая пелена туману.

Максім нечакана лёгка згадзіўся. Але кампанія не хацела іх адпускаць.

— Паехалі ў парк. Там танцы! — перакрыў галасы Валодзя. — А пасля мы цяпнем у мяне мацнейшага, а то што гэтая брыда!

I зноў Наталя сядзела па-за Максімам і, учапіўшыся за яго, слухала, як цёплы і пругкі вецер свішча ў вушах, б'ецца ў каленцы, кудлаціць валасы; ізноў ёй было хораша з Максімам, і не хацелася ні аб чым думаць, здагадвацца, таму што галоўнае было ў тым, што ён узрадаваўся ёй, чакае яе, можа, якраз дзеля яе прыдумаў гэты бар I кампанію. У рэшце рэшт, яны не бачыліся цэлы месяц, ён адвык ад яе, адвучыўся настройвацца на яе хвалю — хіба ж за дзень выправіш усё гэта? Будзе восень, і ён зноў стане ранейшым, такім, як павінен быць…

Было цёмна, і калі дарога нырала ў нізіны, фары выхоплівалі з начы то спалоханага зайца, то адзінокі куст дзядоўніку — натапыраны і фантастычны, — а пасля высока ўперадзе, закрываючы палову зорнага неба, паказалася Замкавая гара. Матацыклы з трэскам узляцелі на ўзвышша, адкуль жоўтымі ліхтарамі заміргаў гарадок, пасля рэзка павярнулі ўлева — уперадзе вырасла агароджа парку. I вось ужо перад вачыма Наталі калыхалася, вухкаючы і смеючыся, запоўненая да краёў танцпляцоўка, музыка абрушвалася на галовы, паступова шалеючы і набіраючы моц, і дзіўным дысанансам нахабнаму грукату барабана была цудоўная, ціхая летняя поч, высачэзныя маўклівыя таполі навокал і пругкае дыханне духмянай травы, што далятала з далёкіх цёмных палёў.

— Пайшлі адсюль, — ціхенька шапнула Наталя. — Хоць крышку пагуляем.

Яна асцярожна пагладзіла яго па спіне; пяшчота перапаўняла яе, а час ляцеў, і поўнач набліжалася да іх, як папярэджанне ўсіх будучых расстанняў, а ён, Максім, падумаў пра нешта сваё, іншае, таму што вусны яго склаліся ва ўсмешку ганарлівую і задаволеную і ўсё ж крышачку разгубленую.

— Як жа… А, ладна! Мы хутка! — крыкнуў ён Валодзю, пачакаў, пакуль той, апошнім, пройдзе на танцпляцоўку, а пасля абярнуўся да Наталі і шчасліва засмяяўся:

— Ну вось! Вядзі цяпер куды хочаш!

— Калі б ты заўсёды быў такім паслухмяным! — уздыхнула Наталя, адчуваючы, як перадаецца яе руцэ гарачая ўпартая сіла хлопца.

— Заўсёды нельга, — ласкава запярэчыў Максім. — Ты ў мяне такая…

— Такая?..

— Ну, сентыментальная, ці што. Як гэта ты мне чытала нейкага японца… помніш? «Прычасны да прыгажосці кветкі…» Далей пра быка…

— «Не прыме прычасця буйвала»? Так?

— Точна! Але гэта не для мяне — прычасце да кветкі. Букашкі-таракашкі… яны для слабых. Дый будзь я хлюпікам — ты б мяне пакахала, скажы? Га? Так мы заўсёды: гаворым адно, а робім… Ну, дык куды мы пойдзем?

З цёмнай глыбіні парку даносіліся галасы, сцішаны віскат; прама, за паламанай агароджай, за невялікім азярцом, глуха і пагражальна цямнела гара. Контуры яе, абведзеныя лілова-ружаватым — ад заходу, дзе цьмяна чырванелі аблокі,— былі чоткімі і халоднымі, і нейкая незразумелая сіла пацягпула да яе Наталю. Сэрца яе павольна і моцна сціснула прадчуваннем вышыні.

— Пайшлі туды, га? — яна паказала наверх.

— Туды? Ноччу там не ходзяць. Ну, калі ты хочаш… — ён падхапіў яе пад руку, усміхнуўся. — Са мной туды ісці можна. Так што… твае кветачкі-казурачкі зноў прайграюць! — I, злавіўшы яе погляд, весела падміргнуў: — А «лодачкі» прыйдзецца зняць. Вунь якая вертыкаль!

…Паволі, чапляючыся за самы маленькі кусцік, яны ўздымаліся наверх, і дзіўна: з кожным крокам упартасці ў дзяўчыны прыбывала, яна спяшалася, і Максім, пасміхаючыся нязлосна, падпарадкоўваўся яе руцэ. Але перад самым верхам ім давялося памяняцца месцамі: Наталі не пад сілу было залезці ў праём, і Максім, падцягнуўшыся на руках, пасля асцярожна ўцягнуў яе ў пралом па гладкіх каменнях сцяны.

— У-ух! — выдыхнуў ён, азіраючыся па баках. — Не зайздрошчу татарам. Столькі лезці — а пасля цябе як швыргануць, і ляці ўніз, ламай галаву. Багата іх тут палегла некалі!

На гарадзішчы ў вячэрні гэты час было асабліва няўтульна і пустэльна, каменне ж не страціла цеплыні, і хлопец з дзяўчынай асцярожна ўселіся на валун, блізка адзін да аднаго. Наталя абцерла далоняй падэшвы, надзела «лодачкі», пасля знайшла хусцінку і выцерла ёю твар. Максім некаторы час назіраў за яе рухамі, пасля ўпэўнена пацягнуўся да яе вуснаў, а яна адхіляла яго разгарачаны твар, але адхіляла нерашуча, баючыся пакрыўдзіць яго.

— Не так… Не трэба… Мы ж не дзеля гэтага сюды прыйшлі!

Ён цяжка перавёў дыханне, спадылба паглядаючы на яе.

— Засумаваў я па табе, каб ты ведала! — Ён дастаў цыгарэту, чыркнуў запалкай. Агеньчык слаба ўспыхнуў — іскрынка ў цемрадзі на імгненне асвятліла спахмурнелыя Максімавы вочы. — А ты…

— Гэта цябе шкадаваць? — Яна села побач. — Давай лепей проста пасядзім, паглядзім. Як тут добра!

— Юродзівая ты, Наталя, га? — нечакана сказаў Максім, нібыта пытаючыся ў яе. — Такая чысценькая, беленькая. Такая правільная. Да цябе прыйсці б не зараз, пасля. Патрапаным, расчараваным, абрыдлым самому сабе. Га?

Яна маўчала. Вецер, цяжкі і цёплы, хвалямі пляскаўся аб гару, скрозь праёмы сцен віднеліся зоркі. Звільгатнелы палын павеяў нечым адзічэлым, нібы ніколі па ім не ступала чалавечая нага. Але, закідваючы галаву, Наталя нейкім цьмяным пачуццём зразумела, што непадалёку нехта ёсць. Яна спалохана ўстала, сціспула Максімаву руку:

— Нехта дыхае. Паслухай!

— Ды ну цябе! Прыдумаеш! — Ён ізноў паспрабаваў прыцягнуць яе да сябе, хацеў пасадзіць на калені.— Хто сюды прыйдзе ў такі час?

— Пачакай! — яна вырвалася. — Вунь там, я чую. Нехта варушыцца.

Ён устаў, напружваючы зрок, пасля цвёрда пайшоў да гарбатай няроўнай аркі. Перш чым Наталя паспела нешта разгледзець, спалоханы хлапечы голас азваўся насустрач:

— Цёця Наталя!

— Антак! Няўжо гэта ты! — ускрыкнула дзяўчына, кідаючыся да хлопчыка, і адразу ж жорсткія рогі ўперліся ў яе жывот. — Ой! I Казька тут? Ты чаму гэта не ў хаце? Здарылася што?

— Цёця Ніна… яна пайшла ў госці… Аднаму ва ўсім доме… страшна! — ён, дрыжучы, прыціснуўся да яе, ашчаперыў рукамі.

— Наталя, хутка ты там?

Яшчэ не разгледзеўшы хлопчыка, Максім адразу ж і незваротна неўзлюбіў яго. Ён пацягнуў дзяўчыну за руку:

— Часу няма!

Але яна быццам бы не чула, толькі цясней прыціснула да сябе хлопчыка, патрапала ягоныя валасы, суцяшаючы. Нешта цёплае і добрае было ў ёй да Антака. Можа, таму і ён так шчыра пацягнуўся да яе?

— Доўга цябе чакаць?

Максімаў голас заледзянеў. Наталя адарвалася ад Антака.

— Ну што ты? Не злуйся. Тут жа недалёка. Крышку пасядзім з ім…

Яна зашаптала яму на вуха:

— Пасля ён засне, і ты якраз паспееш мяне падвезці да вакзала. Добра?

— Ты… думаеш, пра што кажаш? Там кампанія чакае, мы ж і так спазніліся, а ты! — Ён рэзка адхінуўся ад яе. — I хто ён такі, Антак, кажаш? Ну?

— Проста… — голас Наталі задрыжаў, перасох як бы. — Я… чакала цябе. Тут, на гары… А пасля ў яго малако… піла.