реклама
Бургер менюБургер меню

Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 42)

18

Бацька занепакоена паказаў у бок трох дзядкоў на кухоннай канапе. Тыя спалатнелі ды не варушыліся. Ён папрасіў мяне праверыць, ці не памерлі яны яшчэ. Я падышоў да канапы й паспрабаваў намацаць пульс на запясьцях з набухлымі сінімі венамі. Нічога. Хоць не, зьлёгку пульсуе.

Трасучыся ад холаду, увайшлі Нііла й Холгеры, ад іх несла ванітамі. Яны папрасілі кавы, каб пазбавіцца ад пякоткі, і я працягнуў ім тэрмас. Тут я заўважыў, што рэдкавусы больш не рагоча. Крыху заваліўшыся ўбок на сваім крэсьле, ён хроп, дакладна як старыя дзяды, зь якіх ён толькі што сам кпіў. Яшчэ хвіліна, і ён дакладна зваліўся б, таму я падхапіў яго пад пахі ды паклаў яго ў радок зь дзядкамі — маладога й ружовашчокага побач з замшэлымі вэтэранамі.

Адзін мужык вырашыў выклікаць таксоўку падпоўз да тэлефона й замовіў. Другі падышоў да мяне ды загаўкаў нешта ў вуха — гук быў такі, нібы шчанюк абсмоктваў костку. Праз пэўны час да мяне дайшло, што ён просіць патэлефанаваць ягонай жонцы, каб яна завезла яго дамоў. Я запытаўся пра нумар тэлефона, але ня змог зразумець, што ён казаў. Тады я адшукаў ягонае імя ў тэлефонным даведніку ды прыціснуў слухаўку да ягонага вуха. Пасьля восьмага гудка цётка ўрэшце адказала — яна, відавочна, была ўжо ў ложку й спала. Мужык рабіў усе намаганьні, каб засяродзіцца:

— Яххх... ыжжж... тышшш... быыы...

Жонка грукнула слухаўкаю, хоць голас яна, напэўна, пазнала. Тут ужо ў мяне таксама зямля паплыла пад нагамі, і я пайшоў да Ніілы. Ён сядзеў з паўзаплюшчанымі вачыма, прыхіліўшыся вухам да транзыстара, які шыпеў. Нііла мог чуць галасы нябожчыкаў на сярэдняй хвалі, і ён толькі што атрымаў пасланьне па-турнэдаленску. Па голасе ён пазнаў памерлую ўвосень цётку, якая шаптала яму:

— Paska... Paska... Лайно... Лайно... —пасьля голас таямніча змоўк. Я пажартаваў, што на небе, пэўна, доўгая чарга ў прыбіральню, але Нііла зашыкаў на мяне. Ён працягваў слухаць, утаропіўшы мутныя вочы ў радыё.

— Пачакай, тут ужо нехта іншы!

— Нічога ня чую.

— Эспэранта! Яна кажа... пачакай... што... я памру...

У гэты момант пад’ехала таксоўка. Пара мужыкоў, якія яшчэ трымаліся на нагах, зь цяжкасьцю нацягнулі на сябе кажухі ды, хістаючыся на ўсе бакі, выйшлі з хаты. Трэці, карчакаваты мужык, знакамі паказаў мне, што хоча да іх далучыцца. Падтрымліваючы пад руку я асьцярожна зьвёў яго з ганку й вывеў на засьнежаны двор. Напаўдарозе мужык нечакана працягла, па-конску захроп. Цела раптам абмякла, нібы праколатая апона. Ногі ў мужыка падкасіліся, і ён рухнуў на зямлю, быццам у яго разьмяк хрыбет. Я паспрабаваў быў падняць яго на ногі, але куды там. Вага ня менш як цэнтнэр — мех з крывёю й мясам.

Я намацаў пульс. Мужык зьнепрытомнеў, цалкам перамясьціўся ў іншае вымярэньне. Распасьцёртая туша дымілася на сьцюдзёным сьнезе, як мясное рагу. Таксоўка чакала на халастым ходзе; я схапіў мужыка за ногі ды паспрабаваў поцягам адвалачы гэтую гару сала да машыны. Кашуля на ім закасвалася ды тармазіла. На голай сьпіне раставаў сьнег, але мужык не прачынаўся нават ад холаду. Ён быў цяжкі, як нябожчык. Урэшце я здаўся ды махнуў таксісту каб той не чакаў. Стогнучы, пацягнуў цела назад у хату. Я сьлізгаў, пыхкаў, адчуваючы, як па сьпіне ліецца пот. Сантымэтар за сантымэтрам. Мужык не памёр — я бачыў, што з рота й носа ў яго валіць пар. Тонкі павойны струменьчык падымаўся ў сьвятле ліхтароў — уверх да зораў на вугольным небе.

Я мусіў зрабіць перапынак. І ў тое самае імгненьне, як я падняў галаву, перад маімі вачыма ўспыхнула паўночнае зьзяньне. На небасхіле вырасталі й пераліваліся смарагдавым сьвятлом вялізныя фантаны, пабліскваючы агнямі, пеніліся марскія хвалі. Па небе заскакалі чырвоныя сякеры, наразаючы пластамі фіялетавае, бліскучае ў разрэзе мяса. А зьзяньне між тым разрасталася, ажывала ўсё больш. Хвалі фосфару закручваліся ў шалёныя віры. Пэўны час я стаяў нерухома, назіраючы за гэтым цудам. Мне нават падалося, што зь нябёсаў даносіўся ледзь чутны сьпеў кшталту фінскага салдацкага хору. Голас паўночнага зьзяньня. А можа, гэта быў гудок таксоўкі, які рэхам пранёсься па марознай роўнядзі. Прыгажосьць такая, што мне захацелася ўпасьці на калені. Такая раскоша, такая незямная веліч! Нясьцерпна моцныя ўражаньні для сарамлівага, п’янаватага турнэдаленскага юнака.

Нехта грукнуў дзьвярыма. Спатыкаючыся, да мяне падышоў Эркі ды пачаў расшпільваць нагавіцы. Я зазначыў, што пад ягонымі нагамі ляжаў п’яны мужык. Эркі са зьдзіўленьнем пагадзіўся, што я маю рацыю, зрабіў некалькі крокаў назад і паваліўся набок. Утульна разваліўшыся на сьнезе, Эркі выцягнуў пісюн і адліў там жа, дзе ляжаў. Шчасьліва заплюшчыў вочы. Ня сьпі, халера, узмаліўся я ды сыпануў яму сьнегу ў пысу. Эркі пачаў гразіць расправаю, але на ногі ўсё ж падняўся. Удваіх мы зь вялікімі намаганьнямі перацягнулі старога хрэна ў хату й паклалі яго крайнім у гэтым неверагодным шэрагу целаў на падлозе.

Дзед з бацькам сядзелі за кухонным сталом зусім спалатнелыя. Заікаючыся, паведамілі, што старыя на канапе спруцянелі. Я падышоў да іх і памацаў на кожным зь іх пульс. Іхнія лысіны схіліліся ў розныя бакі, а скура зжаўцела й была нібы з воску.

— Насамрэч спруцянелі, — сказаў я.

Дзед чартыхнуўся — зацягаюць цяперака па розных інстанцыях — і заплакаў па-дзедаўску, шморгаючы носам так, што соплі закапалі ў шклянку. Бацька пачаў урачыстую, але блытаную прамову пра тое, што значыць для фіна памерці гераічнаю сьмерцю, згадаўшы ў першую чаргу самагубства, вайну, сардэчны прыступ у лазьні ды алькагольнае атручваньне. Такім чынам, гэтыя тры ўстрыманыя ды глыбокапаважаныя родзічы вырашылі гэтым вечарам зрабіць супольнае падарожжа праз Браму Славы...

Адзін зь дзядкоў, хударлявы, які сядзеў пасярод канапы, раптам расплюшчыў вочы ды запатрабаваў гарэлкі. Бацька спыніўся на паўслове й заміргаў вачыма. Дзед перадаў сваю залітую соплямі шклянку — яе зьмесьціва, расплюхваючыся, зьнікла. Я ледзь не зваліўся з крэсла, рагочучы зь іхніх перакошаных твараў, і сказаў, што фэст, несумненна, атрымаўся на славу, калі нават нябожчыкі пачынаюць глушыць гарэлку.

Ва ўсёй хаце паступова запанаваў спакой. На падлозе ў радок ляжалі мужыкі ў тым самым выглядзе, як я іх пакінуў, прыціснутыя глухою алькагольнаю комаю. Некаторыя поўзалі па хаце, як чарапахі, млявымі, запаволенымі рухамі. Нііла сядзеў прытуліўшыся да сьцяны, ягоны твар зусім зьзелянеў. Ён стараўся трымацца роўна й часам адсёрбваў з каўша са сьцюдзёнаю вадою. Побач у позе зародка ляжаў Холгеры ды тросься. Амаль усе прыціхлі ды пагрузіліся ў свае думкі, а печань адчайна змагалася з атрутаю, ды як мухі дохлі клеткі мозгу. Эркі ледзь не навярнуўся са свайго крэсла, але зачапіўся курткаю за сьпінку ды ўтрымаўся. Усё ніяк ня мог сьцішыцца толькі адзін жылаваты шасьцідзесяцігадовы паляўнічы: абапёршыся на стол, ён рабіў гімнастычныя махі нагамі. Выцягваў іх наперад, уверх, адводзіў убок, робячы мудрагелістыя ўсходнія ўзоры. Яму ніхто не замінаў: усе ведалі, што ён заўсёды так робіць нападпітку.

Я ўсім нутром адчуваў, што ап’яненьне набліжалася да свайго апагею. Аднекуль з глыбіні цела падымаўся шум, а я сядзеў як зачараваны й глядзеў, як дзед выпісвае нагамі фігуры. Сьвята скончылася, хоць было яшчэ не пазьней за адзінаццатую гадзіну вечара. Паляўнічым спатрэбілася менш як чатыры гадзіны, каб выпіць па літры на рыла, і ніхто нават не ванітаваў, што кажа пра доўгія й упартыя практыкаваньні.

За акном пачуўся шум машыны, па шпалерах загуляла сьвятло фараў. Неўзабаве ў сенцах грукнулі дзьверы. У пакой уваліўся Грэгер і, убачыўшы мяне, крыкнуў:

— Скачыце ў машыну! Едзем!

Пасьля ён застыў. Павольна павярнуўся кругом, бязгучна сузіраючы грандыёзную батальную сцэну.

Я растрос сваіх сябрукоў, мы перацягнулі інструмэнты ў машыну й паехалі. Грэгер нешта весела насьвістваў, бубнячы па стырне, пакуль мы не папрасілі яго змоўкнуць.

— Хлопцы, — сказаў ён з усьмешкаю, — я пгаседзеў увесь вечаг за тэлефонам. Загаз вам тгэба будзе папгацаваць!

— Чаго?

— Каб вывучыць новыя песьні!

— Песьні? — як дурныя паўтарылі мы.

Грэгер толькі засьмяяўся.

— Я дамовіўся пга вашыя пегшыя гастголі. Пага школаў, адна канцэгтная пляцоўка ды аматагскі фэстываль у Люлео.

Мы прытармазілі каля школы. Грэгер адчыніў пустую музычную клясу і мы ўцягнулі ўзмацняльнікі. Мы ўсё яшчэ ніяк не маглі апамятацца ад такой навіны, таму, калі Грэгер паехаў мы вырашылі застацца ды пайграць. Гучаньне было жудасным, але музыка ішла з сэрца — сырая й шурпатая, як і мы самі. Нііла выдаваў свае дамарослыя рыфы, а ў мяне пайшла імправізацыя, і ў пэўны момант я пачуўся сапраўднаю рок-зоркаю. Гітара ў Холгеры разладзілася ад марозу, пальцы крыху здранцьвелі, можа акурат таму ў яго атрымліваліся казачныя сола — скрыўленыя й перакошаныя рыкі, звонкія пералівы й раскаты. Напрыканцы мы сыгралі наш хіт — «Rock’n’roll music» — ня менш як дзесяць разоў. I толькі калі Эркі разьбіў у трэскі абедзьве бубнавыя палачкі, мы ўрэшце спыніліся.

Была ўжо трэцяя гадзіна ночы. Вуліцы Паялы, ахутаныя зімоваю цемраю, даўно апусьцелі. Мы ішлі дадому ў кволым сьвятле ліхтароў, сьнежны пыл хрусьцеў пад нашымі нагамі. Мароз прабіраўся ў лёгкія, на вушы ціснула перадсьвітальная ціша. Кончыкі пальцаў шчымелі ад вострых струнаў.