Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 41)
Калі першая партыя паляўнічых выйшла на двор адліць, мы перабраліся да печкі. Я ўторкнуў у разэтку трайнік, спадзеючыся, што пробкі вытрымаюць. Калі падключылі прамерзлыя калёнкі, у дынаміку нешта пагрозьліва пстрыкнула. Нііла з Холгеры настройвалі гітары, а Эркі сеў на зэдлік, паставіўшы перад сабою малы бубен і талеркі. Я ўставіў штэпсэль мікрафона ў запасное гняздо на ўзмацняльніку ды кашлянуў, каб прачысьціць галасавыя зьвязкі.
Мужыкі скоса паглядвалі на нашы маніпуляцыі. Аднак калі Нііла зайграў акампанэмэнт на тры чвэрці, яны значна расслабіліся. Усе пазналі стары фінскі вальс, які мы развучылі ў гонар імяніньніка:
Адсунуўшы чаркі ўбок, мужыкі сядзелі й слухалі. Фэст акурат дасягнуў той ступені, калі ўсіх апанавала журба, і музыка прыйшлася акурат дарэчы. Я сьпяваў павярнуўшыся да дзеда, той зьбянтэжана адводзіў погляд.
Пасьля мы сьпелі фінскую баляду «Хутаранка». Усе так расчуліліся, што запацелі вокны. Напрыканцы мы сыгралі «Сэрэнаду Эркхэйкі» — працяжны мінорны вальс, дзе Холгеры выканаў такое чульлівае сола, што зарыдалі б і камяні.
Пасьля мужыкам захацелася з намі чокнуцца. Паводле турнэдаленскай завядзёнкі пра сам выступ не сказалі ні слова: пустая хвала вядзе ў выніку да будаваньня паветраных замкаў і руйнаваньня надзеяў. Але па вачах было бачна, што ім спадабалася.
Мы ўселіся ў дальнім куце ды пачалі адсёрбваць з бутэлькі з-пад ліманаду. Паляўнічым, наадварот, захацелася крыху разьмяцца. Мінуўшы першую фазу атупеньня, мужыкі пачалі шпацыраваць па доме й гутарыць. Адзін зь іх паклікаў нас да сябе й пачаў распытваць пра нашыя палітычныя погляды. Яшчэ адзін пацікавіўся, ці насамрэч цяперашнія дзяўчаты такія юрлівыя, як пра іх пішуць у «Вечаровай газэце». На першае пытаньне мы адказалі ўнікліва, а што да другога, пра дзяўчат, дык ім ва ўсе часы хацелася аднаго й таго ж, толькі яны віду не паказваюць, пакуль ня ўвойдзеш у іхнія пячоры. Тады мужык працягнуў свае назойлівыя роспыты ды пацікавіўся, ці ёсьць у нас дзяўчаты, ці любяць яны гэтую справу ды як часта мы трахаемся. І хоць нам было на яго начхаць, ён упарта хацеў дазнацца пра ўсе мажлівыя падрабязнасьці.
Мяне ўжо крыху разьвезла, і я выцягнуўся на двор. Каля сьнежнай гурбы ў задуменьні стаялі два мужыкі, сілячыся прыгадаць, ці яны ўжо адлілі, ці толькі зьбіраліся гэта зрабіць. Вырашыўшы, што толькі зьбіраліся, яны выцягнулі свае замшэлыя пісюны. Выявілася, што яны мелі рацыю, бо неўзабаве пачулася цурчаньне. Адзін з мужыкоў навёў свой струмень вышэй на гурбу, вырашыўшы пабіць рэкорд, да яго далучыўся й другі. Мой малады пухір быў разьдзьмуты, як перакачаны футбольны мяч, і я зь лёгкасьцю перамог абаіх. А пасьля яшчэ паставіў свае ініцыялы пад рэкорднай адмецінаю. Мужыкі адразу спахмурнелі ды паабяцалі абмазаць мне дзёгцем яйкі. Тады я заключыў свае ініцыялы ў рамку ды для пераканальнасьці ўмацаваў свой рэкорд, а толькі мужыкі вырашылі напхаць мне ў кальсоны сьнегу, як мяне ўжо й сьлед прастыў.
Набліжалася другая фаза атупеньня. Канчатковая й мяккая, як белы саван сьмерці. Да мяне прычапіўся нейкі бамбіза — сапраўдны мядзьведзь — і пачаў мне нешта расказваць. Трымаючы мяне за плячо, ён з самым сур’ёзным выглядам нёс ўсялякую лухту, а налітыя крывёю вочы круціліся, як два чмялі. Але разабраць, што ён казаў, было немагчыма. Ягоны язык зь цяжкасьцю варочаўся ў роце, а словы нібы чаўкалі па гліне. Нехта з маладых паляўнічых, якому карцела паспрачацца, пачаў супярэчыць здаравяку, але й ягоныя аргумэнты не вылучаліся асабліваю выразнасьцю. Неўзабаве яны ўжо горача спрачаліся, хоць і не разумелі ні слова з таго, што казаў апанэнт.
Тыя, хто яшчэ ня страціў дару мовы, скардзіліся на смагу. У роце нібы наждаком прайшліся, кроў застаялася ў сасудах, вусны зьліпліся, а цягліцы ссохліся, як вэнджанае мяса. Адгукнуўшыся на крык самотніка ў пустэльні, я нырнуў у склеп, забраў апошнія бутэлькі ды выставіў іх на стол. Мужыкоў было не стрымаць — калі ты ўжо пакаціўся з гары, ты ўсё адно ўпадзеш! Хай гарыць яно гарам, сьвішча так, каб вушы закладала! Сапраўдны мужык —
Нііла з Холгеры ўжо таксама налізаліся. А па Эркі, хоць ён і піў больш за астатніх, нічога бачна не было. Ён вёў размову пра рыбалоўныя мушкі з адным маладым паляўнічым, які ўжо ледзь мог расплюшчыць вочы ды сядзеў, пускаючы соплі на рэдзенькія вусы. Яны дамовіліся апрабаваць адно месца на рацэ Тэрэндэ, бо што можа быць лепш, чым сядзець на беразе бурлівай нарляндзкай ракі ды смажыць толькі што злоўленага харыюса тут жа, на начным вогнішчы. Хлопцы чокнуліся ды прасьлязіліся. Якое гэтае лета ўсё ж прыгожае, дасканалае й вечнае! Палярнае сонца па-над краем лесу, празрыстыя барвовыя аблокі. Ані ветрыку. Запруда гладкая, нібы люстэрка, ніводнай хвалі. І толькі часам у гэтым незямным спакоі павольна праплывае харыюс. А вось у цішыні ў ваду падае начны матыль. Захрасае ў цягучай вадзе сваімі напудранымі крыльцамі. Яго падхоплівае плынь і нясе сярод камянёў і пены. А над верхавінамі ялін у клубах цёплых выпарэньняў гойсае птушыная кампанія. Усё гэта ты бачыш, седзячы ў тонкай часавай расколіне — у летнюю ноч, калі ты нібы ўздымаесься па-над тонкаю заслонаю, што падзяляе два сьветы.
Старэйшыя з мужыкоў, тыя, каму было ўжо пад семдзесят-восемдзесят гадоў пачалі пакрысе абмякаць на крэслах. Бацька, хоць і сам ужо ледзь трымаўся на нагах, крыху за іх перапужаўся ды зьвярнуўся да мяне на мове, якая больш за ўсё нагадвала турнэдаленскі дыялект нямецкай. З жэстыкуляцыі я, аднак, усё зразумеў, і мы разам з бацькам паднялі самага старога й сухарлявага дзеда пад пахі. Ён быў надзіва лёгкі і амаль не супраціўляўся, калі мы ўсаджвалі яго на кухонную канапу — пасярэдзіне, утульна прыхіліўшы яго да сьпінкі. Два іншыя дзяды былі круглейшыя ды важылі паболей — іх мы рассадзілі па баках. Дзяды на імгненьне ачунялі, па-савінаму завухкалі, але неўзабаве зноў праваліліся ў сон, так і седзячы ў радок. Патыліцы адкінуліся на сьпінку канапы, сківіцы адвісьлі. Яны сядзелі, разявіўшы раты, як малыя птушаняты, зь бялявымі лысінамі й маршчыністымі шыямі. Я ўсеўся насупраць іх і пачаў быў шпурляць ім у раты кавалкі цукру, але, убачыўшы грозны погляд бацькі, перастаў.
Дзед вярнуўся пасьля шпацыру за рог хаты. Мача выцякала так павольна, што дзед адмарозіў сабе пальцы, і цяпер ён пасылаў праклёны старасьці зь яе жорсткімі жартамі. У дзедаву адсутнасьць мужыкі зрабілі жудаснае адкрыцьцё. Гарэлкі больш не было. Мае дзядзькі й частка паляўнічых, ледзь варочаючы языкамі, склікалі надзвычайнае паседжаньне. Яны перабралі ў памяці самых вядомых мясцовых самагоншчыкаў, прыгадалі стан сваіх уласных сховаў і разгледзелі варыянты вынасу гарэлкі такім чынам, каб не пабудзіць сваіх баб. Нехта заўважыў, што час быў яшчэ дзіцячы й бэнзазапраўкі яшчэ адкрытыя. Можна набыць там тэхнічнага сьпірту разьвесьці яго з пшанічнаю мукою, а пасьля працэдзіць цераз кававы фільтар — напой атрымаецца ня толькі з градусам, але й прыдатны да піцьця і, без усялякага сумневу бясьпечны для мужыка з моцным сэрцам. Адзін з паляўнічых прапанаваў скінуцца ўсім на таксоўку да Фінляндыі, там у Колары ёсьць начная крама, дзе можна затарыцца півам, колькі машына ўцягне. Мытнікаў ён, маўляў, ведае, таму калі што, дык можна запрасіць і іх на гулянку. Усім гэтая прапанова спадабалася, бо фінскае піва лічылася найлепшым сродкам ад пахмельля. Яшчэ мужыкі замовілі прывезьці кіслага хлеба з
Тады дзед падняўся з важным выразам і дастаў трохлітровы плястмасавы бітон. Сур’ёзным голасам загадаў, каб у яго набралі вады. Адзін з суседзкіх дзядкоў да берагоў напоўніў бітон халоднаю вадою, а мужыкі зьбянтэжана глядзелі на дзеда. А той з урачыстым выглядам паставіў бітон у камору ды запытаў у кампаніі, ці добра яны ведаюць Біблію. Усе прамаўчалі, палічыўшы, што дзед зьехаў з глузду.
— Ці ёсьць тут вернікі? — упарта паўтарыў дзед.
— Не-а, — прамармыталі некаторыя з мужыкоў.
Тады дзед адкрыў камору й выцягнуў бітон. Зрабіў глыток і перадаў яго па коле, мужыкі таксама адсёрбнулі — адзін за адным. Калі ўсе выпілі, мужыкі як адзін закрычалі, што дзед сапраўдны Ісус, ён нават большы за Ісуса, бо той ператвараў ваду ў віно, а наш дзед — у самагон. Вядома, напой быў няхітры ды меў масьляністы прысмак, але, зь іншага боку, што можа быць карысьней за сівуху зь яе наборам мікраэлемэнтаў і храмасомаў. І толькі адзін я прыкмеціў, што зьмянілася ня толькі зьмесьціва бітона, але й колер яго накрыўкі, але я вырашыў прамаўчаць, каб не разбураць узьнёслага настрою.
Тут пачаў завальвацца з зэдліка стары мажны сусед. Падскочыўшы да яго, я ледзь пасьпеў яго падтрымаць, каб ён не дзеўбануўся скроньню аб падлогу. Разбудзіць яго не ўдалося, і я, узяўшы суседа за шчыкалаткі, перацягнуў яго бліжэй да сьцяны, каб ён не валяўся пад нагамі. Небарака між тым зусім абмяк. Я падклаў яму пад галаву газэтаў, на выпадак, калі той пачне ванітаваць. У гэтае самае імгненьне заснуў яшчэ адзін дзядок: зьвесіў галаву на грудзі, седзячы ў гушкалцы. З рота на кашулю шакалядным струменьчыкам выцякаў тытунь. У дзеда быў такі сьмешны выгляд, што малады паляўнічы з рэдзенькімі вусікамі ажно затросься ад рогату. Я й сам ня мог стрымаць сьмеху, гледзячы, як гэтыя п’яныя кныры блукаюць па хаце, рохкаюць адзін з адным, абліваюцца, сілячыся выпіць, выпаўзаюць на сьнег у адных шкарпэтках, зацягваюць песьні зь перакошанымі вачыма, плюхаюцца на зады ды корпаюцца сярод ходнікаў, як кракадзілы. Разам з рэдкавусым мы перанесьлі перапэцканага тытунём дзядка на падлогу ды паклалі побач зь першым. Тая самая працэдура напаткала й аднаго з маіх дзядзькаў, які абмяк у сьцюдзёных сенцах у малельнай позе, — ён заняў трэцяе месца на падлозе. Яны ляжалі там адзін пры адным, як сьвіныя тушы, а мы так рагаталі, што складаліся напалам ад сьмеху. Пасьля маханулі сівухі, чмыхнулі, а прамачыўшы горла, зноў зарагаталі.