реклама
Бургер менюБургер меню

Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 43)

18

— Нам трэба зваліць, — сказаў Нііла, — зьехаць куды-небудзь.

— У Стакгольм! — сказаў Эркі.

— У Амэрыку! — выгукнуў Холгеры.

— У Кітай, — сказаў я. — Аднойчы я абавязкова туды патраплю.

Было надзвычай ціха. Нібы ўсе ў паселішчы замерзьлі. Мы ішлі пасярэдзіне дарогі, учацьвярых у адзін шэраг. Машынаў не было. Уся Паяла, не, увесь сьвет ляжаў нерухома. З жывых засталіся толькі мы, чатыры гарачыя сэрцы ў самым глухім закутку марознай тайгі.

Мы спыніліся на галоўным паяльскім скрыжаваньні, паміж шапікам і гаспадарчай крамаю. Намі авалодалі сумневы, быццам мы адчулі, што прыйшлі да мэты. Нібы менавіта адсюль пойдзе новы адлік. Мы павярнуліся ды агледзеліся па баках. Дарога на захад вяла да Кіруны. На поўдні ляжаў Стакгольм. На ўсходзе былі Эвэртурнэо й Фінляндыя. А чацьвертая дарога выходзіла на пакрытую лёдам раку — Турнээльвэн.

Крыху пастаяўшы, мы выйшлі на сярэдзіну дарогі й селі. Нібы змовіўшыся, мы паклаліся на скрыжаваньні, пасярод шашы. Выцягнуліся на сьпінах і паглядзелі на зорнае неба. Машынаў было не чуваць, усё застыла. Мы ляжалі поплеч і выдыхалі ў касьмічную прастору. Адчувалі, як ледзяны холад працінае азадад, лапаткі. Урэшце мы, у поўнай згодзе з жыцьцём, заплюшчылі вочы.

На гэтым заканчваецца наш расповед. Дзяцінства, юнацтва, пачатак нашага жыцьця. Пакінем іх тут. Чатырох хлопцаў, якія ляжаць на сьпіне на скрыжаваньні дарог, скіраваўшы свае позіркі да зораў. Я стаю нерухома побач і назіраю за імі. Дыханьне робіцца глыбейшым, цягліцы расслабляюцца.

Яны ўжо сьпяць.

ЭПІЛЁГ

Адзін-два разы ў год, калі мяне пачынае нясьцерпна цягнуць дамоў, я выпраўляюся ў Паялу. Прыяжджаю надвячоркам, выходжу на новы, падобны да цыркавога шатра мост цераз Турнээльвэн. Спыняюся на самым версе ды гляджу на паселішча, на востры сьпічак драўлянай бажніцы. Адводжу погляд і бачу, як уздоўж усяго гарызонту цягнуцца лясы, як на гары Юпука паблісквае маячок тэлевежы. У мяне пад нагамі бяжыць магутная рака, нястомна рухаючыся да мора. Прыглушаны плёскат вады паступова вымывае з вушэй трывожны гарадзкі шум. Разам са зьмярканьнем мяне пакідаюць няўрымсьлівасьць і непакой.

Мае вочы блукаюць па завулках Паялы. Ажываюць успаміны, і я згадваю людзей, якія, як і я, зьехалі адсюль; усплываюць назвы й імёны. Вось Паскаянкя зь яе Кангасамі, Карванэнамі, Зэйдліцамі ды Самуэльсанамі. А там Тэхас і ўсе ягоныя Вальбэргі, Гроты, Моаны ды Лехта. А вось раён Страндвэген — Вільгэльмсаны й Мартыкалы, Эя ды Турнбэргі. І ўрэшце Вітулаянкя зь яе Ідфердамі, Крэку, Палаваара, Муатка, Пэкары, Пэрту ды шмат-шмат кім яшчэ.

Я абапіраюся на халодныя парэнчы мосту й задумваюся над тым, што сталася зь імі ўсімі. Зь людзьмі, якіх я некалі ведаў, людзьмі, зь якімі я жыў адным жыцьцём. Думкі на хвіліну спыняюцца на маіх сябруках юнацкай пары. Холгеры вывучыўся ў гімназіі на інжынэра й займаецца цяпер мабільнаю сувязьзю ў Люлео. Эркі зрабіўся прарабам і вырабляе цяпер паліўныя гранулы на камбінаце LKAB у Свапаваара. Сам я выкладаю швэдзкую мову ў Сундбюбэргу, але ніяк не магу пазбыцца нуды, нейкай затоенай журбы.

На шляху дадому я праходжу могілкі. У мяне няма з сабою кветак, і я проста затрымліваюся на хвіліну перад магілаю Ніілы. Адзінага з нас, хто аддаў музыцы ўсю сваю душу. Насамрэч аддаў.

Апошні раз мы сустрэліся на Паяльскім кірмашы — ён прыляцеў зь Лёндану ды ўсё расчухваў у задуменнасьці ранкі на запясьцях. А ноччу мы выправіліся на рыбалку на Лапэакоскі. Ягоныя зрэнкі звузіліся да памеру кропкі, і ён паўтараў усё як заведзены:

— Крыгаход, Мацьці, памятаеш, як мы стаялі на мосьце ды глядзелі на крыгаход. Ачумець, які быў крыгаход...

Вядома, я памятаю крыгаход, Нііла. А яшчэ двух хлопцаў і самаробную гітару.

Rock’n’roll music.

Смак хлапчуковага пацалунку.