Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 26)
Хопіць табе ўжо, халера, спыніся!
Справа ішла неверагодна марудна. Сьвяжэйшыя тушкі былі яшчэ цьвёрдымі. Іншыя — развальваліся на кавалкі. Малыя лапкі з вострымі кіпцюрамі, жоўтыя бліскучыя разцы. Акрамя пацукоў? у пастку патрапілі й некалькі велізарных, памерам з котку неймаверна распухлых палёвак. Яны плавалі ў дзіўных позах, здранцьвеўшы ў жудаснай барацьбе са сьмерцю.
Спатрэбілася ўся раніца, каб запоўніць першае вядро. Робячы кароткія перапынкі, я зацягнуў яго ў лес. У вядры ўсё пенілася й булькатала. Я перакуліў яго ў яму. Вярнуўся да бочкі.
У меншых вадзяных пастках ахвяраў было ўжо ня так шмат, але яны былі такія самыя паўзгнілыя. А тыя пацукі, што патрапілі ў мэханічныя пасткі, былі скусаныя мурашамі ды пачалі ўжо падсыхаць. Я біўся над імі большую частку дня, адчуваючы, як ліпне да цела прапахлая смуродам вопратка. Спустошыў у яму яшчэ адно вядро. Вярнуўся, жых-жых. Нешта заказытала ў рукавіцы — выцягнуў адтуль некалькі лічынак. Мухі таўкліся перад вачыма, абляплялі з усіх бакоў. Калі б у мяне толькі была якая шапка. Вядро за вядром. Убок — і падыхаць. Усё далей паглыбляюся ў бочку.
Урэшце засталася толькі шэрая махнатая калатуша на самым дне. Я паварушыў яе граблямі ды — якое шчасьце! — адшукаў чатыры хвасты, дзьве кроны, а прыгледзеўшыся, знайшоў яшчэ адзін — паўкроны за ўважлівасьць.
Напрыканцы я прыкаціў тачку зямлі, перакуліў яе ў бочку ды ўтрамбаваў паверхню лапатаю. І вось ад крывавай бойні не засталося амаль ні сьледу. Толькі голая земляная пляма, якая неўзабаве мусіць зарасьці травою.
Мяне зноў пачало трэсьці, калі я, хістаючыся, пайшоў шукаць каністру. Засталася адна апошняя справа.
Яма ў лесе была перапоўненая. Зьмесьціва апошніх вёдраў расьцяклося па высахлым гольлі. Мухі воблакам узьняліся былі ў паветра, але неўзабаве зноў апусьціліся, накрыўшы яму валасатаю коўдраю, і прыняліся адкладаць яйкі ў нагрэтую сонцам жыжку. Смурод ад трупнай яміны, у якой разбухалі ды множыліся мільярды мікробаў, стаяў проста нясьцерпны.
Я мусіў зноў адбегчы, каб набраць сьвежага паветра. Адкруціў крышку каністры ды панюхаў. Бэнзін амаль прачысьціў мне ноздры — такі салодкі й моцны пах. Я сабраўся з духам: апошняе намаганьне, і ўсё будзе гатова. Тады можна будзе з усім гэтым разьвітацца ды забыць.
Ледзь не трацячы прытомнасьці, я паліваў трупы бэнзінам, пырскаў на іх, тапіў. Нібы спраўляў нейкі абрад, нібы хацеў загладзіць віну, выправіць памылку. Я чыркануў запалкаю ды кінуў яе ў яму. З глыбокім, жаласным стогнам кучу ахапіў агонь. Патрэскваючы й храпучы, полымя ўзьнялося пад неба празрыстым слупам. Агонь перакінуўся на кусты паблізу задымілася гальлё. Я спрабаваў зьбіць полымя нагамі. Пасьля заўважыў, што праліў на сябе бэнзін і што полымя падымаецца ўжо на нагавіцах да каленяў. Я закрычаў, кінуўся на зямлю ды пачаў сьцягваць зь сябе нагавіцы. Яны зачапіліся за боты, якія таксама ўжо гарэлі. Ліхаманкава дрыгаючы нагамі, я скінуў боты ды пачаў зьбіваць полымя голымі далонямі.
Добра заняўшыся ў яме, полымя прынялося выпальваць сухую лясную расьліннасьць. Агонь ахапіў ужо ўсе кусты навокал. Я адламаў бярозавую галіну ды пачаў прыбіваць ёй языкі полымя, але агонь няўмольна распаўзаўся па сушняку. Неўзабаве ён перакінуўся на дрэвы. Я рабіў адчайныя спробы спыніць катастрофу. Нечакана лес зашамацеў ад ветру — лёгкі брыз пацягнуўся ў бок вогнішча. Гэта агонь пачаў ўсмоктваць у сябе кісларод, дыхаць на поўныя грудзі; вецер зрабіўся мацнейшым, а языкі полымя пачалі караскацца па кронах дрэваў. А ў самай глыбіні, у эпіцэнтры пажару гарэў крэматорый.
Я застыў агаломшаны. Агонь распаўзаўся па лесе з ашаламляльнаю хуткасьцю, перакідваючы свае факелы з дрэва на дрэва. Ахоплены страхам, я зноў схапіўся за бярозавую галіну спрабуючы затушыць агонь, але з кожнаю хвілінаю катастрофа толькі разрасталася.
— Пажарныя! — прыйшла да мяне думка, і я хацеў быў пабегчы па падмогу. Але ўсё ж застаўся, нібы нешта мяне стрымлівала; я ўсё біў і біў галінаю, ужо задыхаючыся ад дыму. Агонь няўмольна пракладваў свой шлях праз узьлесак, як бурная лінія фронту. Вось задымілася пуня, і неўзабаве яе было ўжо ня выратаваць. Вецер дзьмуў у бок лецішча. Іскры сыпаліся дажджом усё бліжэй. У зямлю ўтыкаліся вогненныя іголкі. Неўзабаве яны падпалілі прасмалены дах.
Гэта была ўжо вайна. Дзікі зьвер вырваўся з клеткі ды пачаў лютаваць. І ва ўсім гэтым быў вінаваты я, толькі я адзін.
У гэты момант зьявіўся Гайнц. Вочы акругленыя. А ў іх — паніка.
— Рукапіс! — закрычаў ён і пацягнуў на сябе дзьверы. Ужо гарэла столь, з хаты валіў густы дым, але Гайнц кінуўся ўнутр. Ён мусіў увайсьці — і ён рынуўся ў полымя. Але вярнуўся з пустымі рукамі, вочы пачалі сьлязіцца, і ён быў вымушаны адступіць. Зноў ускочыў у хату, цяпер ужо скрозь дым прабівалася полымя, і можна было ўбачыць жоўтыя водблескі. Гэтым разам Гайнц выскачыў, сьціскаючы ў руках ахапак аркушаў. Ён моцна прыціскаў іх да грудзей, як малое дзіця, і кашляючы апусьціўся на траву.
Я падышоў да Гайнца. Смуродны, перапэцканы сажаю, у адных майтках. А ў кулаку я сьціскаў зьвязку гнілых хвастоў. Я зьвязаў іх па дзесяць, каб было прасьцей падлічыць. І пракантраляваць.
— Сто восемдзесят чатыры штукі, — вымавіў я, запінаючыся. — Дзевяноста дзьве кроны.
Гайнц перавёў на мяне пустыя вочы. Пасьля схапіў зьвязку са сьмярдзючымі хвастамі ды гнеўна закінуў яе ў акіян полымя.
— Гэта ўсё ты вінаваты!
Ніякага скуранога гаманца. Ніякіх грошай. Ніякай гітары.
У поўнай роспачы я выхапіў зь ягоных рук паперы ды закінуў у полымя. А пасьля пусьціўся наўцёкі, панёсься што было моцы.
Гайнц ускочыў на ногі з рыкам параненага зьвера. Паспрабаваў быў зноў кінуцца ў хату, але мусіў гэтым разам адступіць.
Калі ўрэшце прыбылі пажарныя, Гайнц сядзеў на накрыўцы калодзежа — стары стомлены салдат — і горка плакаў.
РАЗЬДЗЕЛ 13
У сёмай клясе нам далі новага настаўніка музыкі. Звалі яго Грэгер, і прыбыў ён з поўдня, са Сконэ, — рослы вясковы губашлёп са зьнявечанаю праваю рукою, зь якой шківам зрэзала пальцы. Застаўся толькі вялікі палец, які вытыркаўся з далоні вялікаю крывою бульбінаю. Зрабіўшыся калекам, Грэгер быў вымушаны перавучвацца, і вось цяпер навасьпечаны магістар музыкі патрапіў у Паялу. Нам было цяжка разумець ягоную мову. А так ён быў дабрадушным балакам з крыху дзіўнаватым гумарам. Я ніколі не забуду ягонага першага ўроку, калі ён зайшоў у клясу, хаваючы руку ў кішэні ды пачаў картавіць на сваім дыялекце:
— Вас вітае ствагэньне з пальцам пасягод гукі!
Дэманстрацыйна, з разьлікам на шокавы эфэкт, Грэгер выняў з кішэні абрубак рукі. Мы з жаху ажно здрыгануліся. Ён пакруціў рукою, і пад пэўным вуглом мы ўбачылі, што ягоны вялікі палец з валасатымі косткамі нагадвае мужчынскі палавы орган. Толькі больш кашчавы, выродлівы й неверагодна рухавы.
З Грэгерам у Паяле зьявілася небывалая навіна: дванаццаціхуткасны гоначны ровар. Надзіва экстрэмальная й бескарысная рэч — са скураным, жорсткім, як камень, седалам і апонамі таўшчынёю з цыгару, да таго ж на ровары адсутнічалі пырскавікі ды багажнік. Выгляд у ровара быў амаль непрыстойны, зусім голы. Апрануты ў чырвоны спартовы камбінэзон, Грэгер ракетаю праносіўся па навакольлі, пужаючы баб і мясцовых малых і правакуючы «Хапарадзкую газэту» на артыкулы пра сустрэчу з НЛА. А яшчэ Грэгер даводзіў да шаленства сабакаў. Рэч была, магчыма, у тым, як ён пах — нейкія паўднёвыя мікробы ў кішэчнай флёры. Калі Грэгер імчаў паўз іх, сабакі проста шалелі. Зрываліся з ланцуга ды велізарнаю зграяй несьліся з пранізьлівым брэхам за роварам, пераадольваючы мілю за міляю. Пасьля аднаго пробнага заезду ў Корпіломбала Грэгер прывёз за сабою двух норботэнскіх шпіцаў, аднаго ганчака, дзьвюх лаек ды яшчэ пару дварнякоў. Яны ажно закіпалі ад смагі крыві. Грэгер прытармазіў каля паліцыі, і на яго адразу ж накінуўся смаляна-чорны лябрадор, які быў у гэтай гістэрычнай зграі за важака. Грэгер падпусьціў сабаку бліжэй, а пасьля цюкнуў яго ў нос сваім элегантным роварным чаравікам так, што лябрадор завішчаў і кулём адляцеў да сваіх сябрукоў. Грэгер з годнасьцю ўвайшоў у аддзяленьне паліцыі. Дзяжурнаму давялося прывязаць усю зграю да парэнчаў мосту, акрамя лябрадора, якому спатрэбілася дапамога вэтэрынара. Увесь астатак дня да аддзяленьня пад’яжджалі мужыкі з суседніх вёсак, і моўчкі забіралі сваіх кудлаў. Пасьля гэтага выпадку Грэгер зрабіўся мясцоваю знакамітасьцю.
Спрачаліся ў народзе таксама пра тое, якую можна разьвіць на такім агрэгаце хуткасьць. Стафан зь дзявятай клясы неяк расказаў нам, як ён, толькі што перабраўшы свой мапэд, вырашыў праверыць яго на хуткасьць на дарозе ў Кенгіс. Ад напружаньня хлопец схіляецца над стырном, матор шалёна раве, а мапэд імчыць з хуткасьцю ня менш як шэсьцьдзесят два кілямэтры, можаце яму паверыць. Тут за сьпінаю зьяўляецца Грэгер. Некалькі разоў бадзёра крутануў пэдалямі, лёгкім пёркам пранёсься каля мапэда й зьнік за наступным узгоркам.
Іншы вынаходлівы хлапчук зь Вітулаянкі арганізаваў незвычайнае пары. Грэгер мусіў спаборнічаць са школьным аўтобусам, які ехаў у Каўнісваару. Аўтобус, вядома, ня славіўся асабліваю хуткасьцю, але ўсё ж. Хлопец махляваў са стаўкамі, зьдзіраў бессаромныя грошы за камісію, але зрабіў сваю справу: народ паставіў грошы, а Грэгер пагадзіўся пацягацца з аўтобусам.