Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 9)
Гадоў з дзесяць да таго я не быў у Лазоўцы. Вёска шмат у чым змянілася. Дзе папрыгажэла, а месцамі і састарэла. Хата няхай трохі і пакрывілася ў бок лесу, аднак выглядала яшчэ самавітай і моцнай. Колькі ёй — не ведаю. Бабулька Акуліна, праўда, казала, што яна ў ёй нарадзілася. Пагаманілі ўдосталь. Разведала ўсё пра бацьку і маці. Пакрыўдавала на сястру маю, Валю, што і вачэй не паказвае. Ужо пад вечар, у сінія прыцемкі, пайшла бабулька лазеньку сваю «фірмовую» цепліць. Ды, мусіць, перастаралася. Хіба ж дзеля ўнучка дроў шкадаваць?..
Як увайшоў я ў тую лазеньку, думаў, што сэрца адразу спыніцца. І ад таго, што горача, і ад таго, што ў бабулькі маёй быў рэцэпт квасу асабістага, каб наплюхаць на каменне...
Пакутліва, то адкрываючы, то заплюшчваючы вочы, я ўсё намагаўся цяпер што-небудзь зразумець. Як і тады, у лазеньцы бабулькі Акуліны. Што ж гэта такое? Нарэшце да мяне дайшло. Туман туманам, але ж туман не можа быць такі белы, не можа так апякаць. Ён хутчэй шызы і халодны. Тут жа, у лагчынцы, побач з Клавай, ён быў чыста-белы. Клаўдзя, нібы спатыкнуўшыся аб корань, які вылез на сцежку, моўчкі распласталася сваім худзенькім цельцам на леташняй мокрай хвоі. Быццам нежывая, застыла ў нязручнай паставе. Яе квяцістая паркалёвая сукенка легла на малако туману, як латка, ды ў ім і патанула.
«Бог ты мой!» — жахнуўся я. Спрабуючы дапамагчы Клаўдзі, я кінуўся да яе. Ад вялізных пасмаў туману ішла незразумелая густая гарачыня, якая не дазваляла мне наблізіцца да яго ахвяры.
«Ёй, напэўна, там страшна няўтульна», — зноў падумаў я, адскочыўшы ад драпежнага гарачага туманнага языка, што пагражальна плюхнуўся ў мой бок.
12. Філіпоўскі
Што ж мне рабіць? Ну, вярнуў я гэтага Салдаценкава. А ці той ён? А можа, я сапраўднага ў лесе пакінуў? І вартаўнікі праваронілі! Не, з гэтымі сістэмамі на Зямлі штосьці не тое адбываецца. То яны Клаўдзю-дурніцу пусцілі на мой агарод, цяпер — Салдаценкава...
Ужо колькі гадоў зямных назіральнікам раблю, амаль што ачалавечыўся, і ўвесь час балюча спатыкаюся аб нейкія дурныя перашкоды. Ніяк не магу зразумець, што ж людзі за істоты такія? Усё быццам так, як трэба, а яно — на шкоду. Выдумляюць, спрачаюцца, сварацца і ўрэшце забіваюць сябе. Сваёй бесталковасцю. Ну, напэўна, мала тут майго мозгу. Магчыма, мне патрэбны такі мозг, як у чалавека. Але тады я ўвогуле ператваруся чорт ведае ў што. Ужо не будзе Лона і пра лагуну, няхай і не найлепшую, ды пра жонку забудуся... Гэты страшны стан нявер'я ў сябе. І гэтыя тэлеграмы з Цэнтра ўшчэнт расхвалявалі мяне... Эмоцыі... Эмоцыі...
Я працаваў і на Сірыусе, і на Змеялове. Як і там, тут па інструкцыі раблю. Зацверджанай у вышэйшых інстанцыях. І які толк? Ды хіба я вінаваты? Вінаватых заўсёды знойдуць. І пакараюць. Але... Ён заўсёды быў дзівацкі, гэты род людскі... Мая віна, што агародзік свой пасадзіў. А далей усё пайшло ды паехала... Сядзеў бы дома. Як жа ж распазнаць Салдаценкавых? Можа, звесці разам? Няхай самі разбіраюцца. У такім выпадку я ўмяшаюся ў зямное жыццё. Запытаць дазволу ў старэйшага назіральніка? Ён мне ўсё ўспомніць: і Клаўдзю, і агародзік, і... Я ідыёт. Даверыўся туману. Не, не буду пытацца дазволу. Звяду двух Салдаценкавых. А раптам і абыдзецца... Як здагадаюся, хто ёсць хто, другога анігілюю, і ўсё.
13. Салдаценкавы
Я прачнуўся на досвітку. Усё яшчэ ніяк не мог апамятацца ад таго, што туман забраў ад мяне Клаўдзю. Я ніколі яшчэ так рана не ўставаў. Правёў рукой па траве. Яна была мокрая ад расы. Пальцы нечакана наткнуліся на штосьці шурпатае. У сініх, ранішніх прыцемках, што паступова хаваліся ў гушчары, разгледзеў, што гэта пясок. Націснуў мацней. Пясок падаўся пад маімі пальцамі.
— Каб ён спрах, той лес! — услых сказаў я і пляснуў са злосці пяцярнёй па пяску.
— Ну ты даеш, браце! — за спіной пачуўся знаёмы голас.
Я азірнуўся Перада мною стаяў у такой жа куртцы, як у мяне... Я. Вядома, я дзіўна выказваюся, але як я магу думаць інакш? Так, гэта быў я. Але ці я?
— Прывітанне, — сказаў ён і ўсміхнуўся.
— Прывітанне, — адказаў я, здзіўлена разглядаючы чалавека, як дзве кроплі вады падобнага на мяне. «Ды ён жа — мой двайнік! — нарэшце скеміў я. — Але адкуль ён мог узяцца? Ды яшчэ тут». Я разумеў, што тут, у гэтым ідыёцкім лесе, магло здарыцца ўсё, што хочаш. Але каб... Не, гэтага не магло быць. Але ж было! Было!
— Ты ўсё сядзіш? — пачаў бестурботна мой двайнік, але я рэзка абарваў яго:
— Згінь!
— Гэта ты, Мікалай, ведаеш, дарэмна. Дарма стараешся, — двайнік засмяяўся і хітравата паглядзеў на мяне. Яго калючы позірк працяў мяне да касцей. — Табе не здаецца, што ў нас з табою мала часу?
— Што ты маеш на ўвазе? — запытаўся я ў двайніка, змахваючы з ілба бісерынкі поту. Пра тое, што я вельмі прамёрз у гэтую ноч, я ўжо не памятаў. Мне рабілася то горача, то холадна.
— Ды нічога. Проста мне здаецца...
— Хрысціцца трэба, калі здаецца, — адрэзаў я, хоць у мяне закралася сумненне. Я яшчэ не зразумеў, чаму і як ён апынуўся тут?
— Уставай. Ты ж любіш Клаўдзю? Чаму тады сядзіш тут? Дзяўчына чакае цябе...
— Адкуль ты ведаеш пра Клаўдзю? — я ўсхапіўся. — Пра тое, што я да яе нераўнадушны?
— Дык жа ж ты — гэта я, а я — ты. З амаль непрыкметнымі змяненнямі. Мне здаецца...
— Зноў здаецца? — Я злосна пакасіўся на яго. — Ты б лепей у цемру маёй душы не зазіраў...
— А яна ёсць у цябе, душа? — не пачуў маёй просьбы двайнік.
Я нічога не адказаў Ілжэмікалаю. Што я мог яму сказаць? Якія контраргументы выставіць на сваё апраўданне? І чаму я павінен перад ім апраўдвацца? Ён што, следчы ці суддзя маёй душы? Ілжэмікалай ніхто для нашай рэчаіснасці, бо існую я. Пры размове аб Клаўдзі ў мяне ёкнула пад лыжачкай. Так, я люблю яе! Вядома, нічога благога ў гэтым няма. Але ж яна... Яе забіў туман! О жах! Я зразумеў, што кахаю Клаву, тады, калі яе не стала... Яна не можа чакаць. Яе ўжо няма, памерла...
— Клава памерла, Мікалай, — паніклым голасам сказаў я. На твары ў Ілжэмікалая мільгануў цень пагарды.
— Памёр яе двайнік.
— Дык і ў яе...
— І ў яе. Паела агурочкаў і раздваілася. Тое ж самае было і з намі.
— Ты хочаш сказаць, што гэта ўсё... Што ва ўсім вінаватыя лясныя агурочкі? — Я схапіўся за галаву.
— Ды не перажывай ты так! — нечакана падабрэў Ілжэмікалай. — Нібы цябе на пакаранне смерцю вядуць.
— А дзе ж?.. А хто ж тады стварыў гэты агарод і навошта?
Ілжэмікалай не адказаў і толькі паціснуў плячыма. «Вось дык не шанцуе, — падумаў я тады. — Што ж адбываецца са мной?» Мне здавалася, што хтосьці невядомы, апрача Лжэмікалая, назірае за намі, што разам з Ілжэмікалаем мы трапілі ў велічэзны мурашнік, поўны хадоў-лабірынтаў, і мы тыцкаемся насамі, як невідушчыя, і ўвесь час натыкаемся на суцэльную сцяну. Але ж дзесьці павінна быць выйсце! Але дзе ж яно? Дзе?
— Дзе той мясцовы архітэктар прыроднай спажывы, што стварыў гэты агародзік? — зноў спытаўся я ў Ілжэмікалая, хоць ён так нічога мне і на адказаў.
«Не, гэта бязглуздзіца! Трызненне!! Не можа такога быць!!! Я перамёрз, і ў мяне страшэнная тэмпература. Гэта пройдзе. Абавязкова пройдзе, — падумаў я. — Гэта толькі мая хворая фантазія малюе перада мной такія неверагодныя карціны».
Але ж Мікалай усё-такі існаваў, разважаў, размаўляў са мною, як з роўным. Ён стаяў ля сасны, абапёршыся плячом аб яе шурпаты, напэўна, стогадовы ствол. Куртка на ім была такая ж, як у мяне. І з кішэні ягонай курткі, як і ў мяне, тырчаў краёчак яшчэ не распачатага зялёнага агурочка з прыемнымі пухіркамі.
14. Філіпоўскі
Ну, нарэшце! Цяпер зразумела, хто ёсць хто. Як жа напусціць на Лжэмікалая туману? Ды так, каб яго не ўбачыў сапраўдны Салдаценкаў? Яму даволі таго, што ўбачыў, як туман расправіўся з Ілжэклаўдзяй. Дзе я тады пралічыўся — розуму не дабяру. Яшчэ і яшчэ раз пераконваюся, што Зямля — незразумелая планета. А людзі на ёй — тым больш. Сёння перадам дакладную старэйшаму назіральніку. Няхай звальняюць з работы. Болей не магу. Павінен жа быць нейкі канец. Няхай мне не залічаць камандзіроўку, але не магу я тут болей. Не магу прымаць гэтыя пачастункі ў выглядзе бутэлек з каньяком ды кардонак з цукеркамі. Няўжо людзі прывыклі кожнаму даваць і ад кожнага браць? Дык гэта ж не па правілах. І пра гэта не напісана ні ў воднай паперыне, ні ў адным распараджэнні. Я толькі назіральнік, і для мяне існуюць усе законы і распараджэнні. Для людзей жа, напэўна, законы не пісаны. Праўдзівей кажучы, яны жывуць не паводле пісаных законаў, а па тых, якія прыдумалі самі. Вось адсюль і міласціны, ці, як яшчэ прынята гаварыць, хабары. Але што можна лічыць хабарам?
...А я не хачу нічога браць і не бяру нічога. Ні ў кога. Вось мяне... і празываюць белай варонаю. А чаму? Напэўна, нікому не хочацца прызнавацца ва ўласнай дурноце? За ўвесь час, пражыты на Зямлі, я так і не зразумеў, чаму таго чалавека, які выконвае ўсе прадпісанні, распараджэнні і законы, лічаць выключэннем з правілаў? Якіх правілаў? Так ні ад кога і не дазнаўся. Напэўна, я ўжо атрафіраваўся і мае даследчыя высілкі пайшлі на глум. Не, я ўжо не даследчык. Мне ўвесь час так і карціць умяшацца ў тую ці іншую справу. Разумею, я — назіральнік, ні аб якім умяшанні і гаворкі не можа быць. Жыць жа па-за зямнымі законамі — гэта амаральна. Але людзі жывуць. Як яны жывуць — не ўцямлю. Не, напісаныя імі законы — не для іх. Не, гэта глухія нетры, у якіх я заблудзіўся, як той казаў, канчаткова. Спрабую яшчэ хоць што зрабіць, каб зразумець чалавецтва, але, напэўна, мае мізэрныя спробы ўжо нічога не дадуць. Я стаў стары, стаў кансерватарам. Гэтаму мяне навучылі людзі. Мне цяжка збавіцца ад неадчэпнай ідэі, што я ўжо не назіральнік, а сапраўдны зямлянін з усімі ўласцівымі яму адхіленнямі ад нормы...