реклама
Бургер менюБургер меню

Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 78)

18

— Хочаце паглядзець на машыну часу? — спытаўся ён.

— Вы на ёй прыехалі?

— Не, устаноўка патрэбна толькі на ўводзе. Яна б тут не змясцілася.

Жуль правёў Ганну ў халодны пакой. Побач з ложкам стаяла металічная скрынка. Над ёю вісеў чорны шар. Яшчэ там былі два пульты. Адзін з іх стаяў на крэсле, другі — на ложку. У кутку — тонкая высокая рама.

— І гэта ўсё? — спыталася Ганна.

— Амаль што. — Жуль быў задаволены эфектам. — Вам хочацца, каб устаноўка была на што-небудзь падобная? Людзі не вынаходлівыя. Ва ўсіх дэманах і ведзьмах угадваецца той самы чалавек. А вось кенгуру эўрапейская фантазія прыдумаць не змагла.

— А спаць вы тут будзеце? — спыталася Ганна.

— А як жа, — адказаў нявінна Жуль. — Каб вы толькі не забраліся сюды ноччу ды не адправіліся ў мінулае або будучыню. А то шукай вас потым у татарскім гарэме.

— Прыйдзецца шукаць, — сказала Ганна. — Горш будзе, калі я заб'ю свайго прадзеда.

— Банальны парадокс, — сказаў Жуль, — віткі часу такія вялікія, што эфект нівеліруецца.

— А дзе Кін?

— На пагорку.

— І не баіцца дзеда?

— Больш яны не сустрэнуцца.

— Я таксама пайду пагляджу. Заадно спытаюся пра сёе-тое.

Ганна ішла па сцежцы, імкнучыся зразумець, дзе стаяла крапасная сцяна. Вяршыня пагорка амаль пляскатая, да лесу і ручая ідуць пакатыя схілы, толькі над ракою бераг абрываецца крута. Значыць, сцяна пройдзе па абрыве па-над ракою, а потым прыкладна на той жа вышыні вакол пагорка.

Яшчэ ўчора горад быў абстракцыяй, патанулай у бездані часу. А цяпер? Калі я, разважала Ганна, даўно памерла для Кіна і Жуля, ды ўсё ж такі яшчэ жывая, нават крыху ўспацела ад ліпкай пераднавальнічнай спякоты, то, значыць, і геніяльны Раман таксама цяпер жыве. Ён памрэ праз два дні, але пра гэта пакуль што не здагадваецца.

Ганна ўбачыла неглыбокую лагчыну, што агінала пагорак. Настолькі неглыбокую, што калі б Ганна не шукала слядоў горада, то і не здагадалася б, што гэта рэшткі рова. Ганна знайшла ў рове падраны валёнак і бляшанку з-пад кансерваў, ледзь вывернулася ад асы і вырашыла ісці ў цень, на могліцы, таму што праз паўгадзіны з гэтага пекла павінна была распачацца навальніца.

У рэдкай зацені крайніх дрэваў было трошкі халадней, чым у полі. Варта было Ганне спыніцца, як з кустоў вылецелі полчышчы камарыных камікадзэ. У кустах зашапацела.

— Гэта вы, Кін?

Кін выйшаў з гушчару. На грудзях у яго вісела фотакамера, недарагая, сучасная.

— Ах, якія вы асцярожныя! — сказала Ганна, гледзячы на камеру.

— Стараемся. Прачыталі дакументы?

— Не ўсе. А хто такі Гермій Тройчы Найвялікшы?

— Апякун алхіміі. Гэтая справаздача пра дослед — ліпа. Яе напісаў наш Раман.

— А што там цікавае?

— Пра такі метад выдзялення ртуці тады яшчэ не ведалі. Ён апісвае даволі складаную хімічную рэакцыю.

Наляцеў вецер. Навальніца папярэджвала пра сваё набліжэнне.

— З чаго пачнём? — спыталася Ганна.

— Паглядзім на горад. Проста паглядзім.

— Вы ведаеце Рамана ў твар?

— Не, вядома. Але ён ствараў машыны і рабіў порах. Кін зазірнуў у змрок царквы. А Ганна ўвайшла за ім. У купале была дзірка, і праз яе Ганна ўбачыла пасму ліловай хмары. У царкве пахла скляпеннем, на сценах захаваліся фрэскі. Святыя старцы абыякава глядзелі на людзей. Ніжэй каленяў фрэскі былі выцертыя. Здавалася, што старцы стаяць у воблаках.

Першыя кроплі забарабанілі па даху. Яны падалі праз адтуліну ў купале і выбівалі на падлозе фантанчыкі пылу. Ганна выглянула на двор. Лісце і каменне здаваліся ненатуральна светлымі.

— Справа, дзе расце дуб-спарыш, былі княскія харомы. Ад іх нічога не захавалася, — сказаў Кін.

Дождж паліў спорна, нават сярдзіта. Ён быццам злаваўся, што людзі не трапляліся яму ў чыстым полі.

— Гэта былі незвычайныя княствы, — сказаў Кін. — Фарпосты Русі, якія ўпраўлялі дэмаграфічнымі лішкамі княскіх сем'яў. Народ быў тут у большасці не русінскі. Вось і даводзілася лавіраваць, шукаць саюзнікаў, пазбягаць ворагаў. І галоўнага ворага — нямецкага ордэна мечаносцаў. Іх цэнтр быў у Рызе, а замкі — па ўсёй Прыбалтыцы.

З хмызняку выйшла Клеапатра і ўпэўнена накіравалася да царквы, відаць, спадзявалася схавацца. Убачыўшы людзей, яна панурылася.

— Давайце адыдзем, — сказала Ганна. — У нас цэлая царква на дваіх.

— Правільна, — пагадзіўся Кін. — Яна здагадаецца? Кабыла здагадалася. Кін і Ганна селі на камень у дальнім кутку, а Клепа ветліва спынілася каля ўвахода, здрыгваючыся ўсёй сваёй скурай, каб абтрэсці ваду. Пасярод царквы, куды цяпер ліўся з дзіравага купала нешырокі вадаспад, цёмная пляма вады ператварылася ў лужыну, якая, як чарнільная пляма, выпускала шчупальцы. Адзін ручаёк дабраўся да Ганніных ног.

— А вам не страшна? — спыталася яна. — Размаўляць з выкапнёвай жанчынай?

— Зноў? Зрэшты, не, не страшна. Я прывык. — А хто з геніяў жыве ў вас?

— Вы іх не ведаеце. Гэта невядомыя геніі.

— Мёртвыя душы?

— Мілая мая, падумайце добра. Геній — паняцце статыстычнае. У гісторыі чалавецтва яны з'яўляюцца рэгулярна, хоць і рэдка. Але яшчэ дзвесце гадоў назад сярэдняя працягласць жыцця была не больш за трыццаць гадоў нават у самых развітых краінах. Большасць дзяцей памірала ў маленстве. Паміралі і будучыя геніі. Эпідэміі спусташалі цэлыя кантынент. ы — паміралі і геніі. Грамадскі лад аддаваў на пагібель людзей, што мелі няшчасце нарадзіцца з рабскім ашыйнікам, асуджаў на такое існаванне, што геній не мог паказаць сябе… У войнах, у эпідаміях, у масавых забойствах, у турмах геніі гінулі часцей, чым звычайныя людзі. Яны адрозніваліся ад звычайных людзей, а гэта было небяспечна. Геніі станавіліся ерэтыкамі, бунтарамі… Геній — вельмі кволае стварэнне прыроды. Яго трэба берагчы і шанаваць. Аднак ніхто гэтым не займаўся. Нават прызнаны геній не быў застрахаваны ад заўчаснай смерці. Звыкла гаварыць пра геніяльнасць Пушкіна. На паводзіны Дантэса гэтае меркаванне ніякім чынам не ўплывала.

— Я ведаю, — сказала Ганна. — Нават сябры Пушкіна Карамзіны асуджалі яго. Шмат хто лічыў, што Дантэс меў рацыю.

Клепа падышла бліжэй, таму што падзьмуў вецер і стрэлы дажджу паляцелі ў расчыненыя дзверы. Клепа нервова варушыла ноздрамі. Раптам загрымела, потым яшчэ і яшчэ. Ганна ўбачыла, як праём купала ярка высвеціўся маланкай. Кін таксама паглядзеў уверх.

— Але чаму вы тады не выкрадаеце геніяў у маленстве?

— А як можна здагадацца, што дзіця геніяльнае? Яно ж павінна паказаць сябе. І паказаць так, каб мы маглі адважыцца на экспедыцыю ў мінулае, а такая экспедыцыя патрабуе столькі энергіі, колькі сёння выпрацоўваюць усе электрастанцыі Зямлі за год. А гэта не так ужо мала. Нават для нас.

Кабыла, стрыгучы вушамі, пераступала з нагі на нагу. Маланка ўрэзалася ў траву перад самым уваходам. Царква будавалася трывала.

— Не, — прамармытаў Кін, — мы яшчэ шмат чаго не можам.

— Значыць, атрымліваецца зачараванае кола. Геній павінен быць невядомы.

І ў той жа час паспець ужо нешта зрабіць.

— Бывалі сумніцельныя здарэнні. Калі мы былі амаль упэўненыя, што ў мінулым жыў вялікі розум, і можна было б яго дастаць, але… ёсць няўпэўненасць. А часам мы ведаем дакладна, але віток не адпавядае. І нічога не зробіш.

— Тады вы звяртаецеся ў будучыню?

— Не, у нас няма сувязі з наступным вітком.

— Там што-небудзь здарыцца?

— Не ведаю. Там бар'ер. Штучны бар'ер.

— Напэўна, нехта штосьці натварыў.

— Можа быць. Не ведаю.

8

Ганна раптам расхвалявалася. Здавалася б, што табе да таго, што здарыцца праз тысячу гадоў? Бо ёй ніколі не даведацца, што там адбылося…

Вецер сціх, дождж ліў ціха-мірна, як бы выконваючы свой абавязак.

— А ў наш час, — спыталася Ганна, — ёсць кандыдатуры?

— Вядома, — сказаў Кін. Відаць, не падумаўшы, што робіць, ён правёў у паветры рукою, і ручаёк, што падабраўся да Ганніных ног, спыніўся, нібыта натрапіў на шкляную запруду. — Дваццатае стагоддзе, мілая Ганна, — таксама забойца, як і іншыя стагоддзі. Калі хочаце, я вам зачытаю некалькі кароткіх даведак. Па некаторых з іх мы не рашыліся прымаць меры…

«А па якіх?» — хацела спытацца Ганна. Але змаўчала. Верагодна, ён не адкажа. І правільна зробіць.