Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 80)
— Горача яму, напэўна, — сказала Ганна і ўжо зразумела, што рыцар не ў світэры — гэта кальчуга, мелкая кальчуга. Рыцар узняў руку ў кальчужнай пальчатцы, і каля вогнішча ўстаў барадаты мужык у скураной куртцы, кароткай спадніцы і ў лапцях, прымацаваных паскамі да лытак. Ён не спяшаючыся падышоў да конавязі і пачаў адвязваць каня.
— Пайшлі ў горад? — спытаўся Жуль.
— Пайшлі, — сказаў Кін. — Ганна расчаравана. Рыцары павінны быць з пёрамі, у бліскучых латах…
— Не ведаю, — сказала Ганна. — Усё тут не гэтак.
— Калі б мы прыйшлі на гадоў дзвесце пазней, то вы б усё пабачылі. Росквіт рыцарства яшчэ наперадзе.
Шар узнімаўся па-над схілам, праляцеў непадалёку ад асаднай вежы, каля якой капашыліся людзі ў паўкруглых шлемах і скураных куртках.
— У атрадзе, па маіх падліках, — сказаў Кін, — каля дзесятка божых братоў, з паўсотні прыслугі і сотні чатыры нямецкіх ратнікаў.
— Чатырыста дваццаць. А там, за хвойнікам, — сказаў Жуль, — саюзны атрад. Па-мойму, леты. Каля ста пяцідзесяці.
— Дзесяць братоў? — спыталася Ганна.
— Божы брат — гэта паўнапраўны рыцар, рэдкая птушка. У кожнага свой атрад.
Шар узняўся ўверх, праляцеў над шырокім неглыбокім ровам, у якім не было вады. Дарога перапынялася каля рова, а мост цераз яго быў разабраны. Але, відаць, яго не паспелі вынесці — некалькі бярвенняў ляжала каля вала. На вале, парослым травою, высілася сцяна з тарчма пастаўленых бярвенняў. Дзве высокія вежы з пляцоўкамі наверсе ўзвышаліся з абодвух бакоў абабітых жалезнымі палосамі варотаў, якія былі зачыненыя. На пляцоўках стаялі людзі.
Шар падняўся на вышыню пляцоўкі і завіс. Потым павольна пачаў рухацца ўздоўж пляцовак. І Ганна магла зблізку разгледзець людзей, якія жылі ў яе краях семсот гадоў назад.
10
На вежавай пляцоўцы таксама ўсё было няправільна. Там павінны былі стаяць суровыя воіны ў высокіх русінскіх шлемах, іх чырвоныя шчыты павінны былі грозна зіхацець на сонцы. А на самой справе публіка на вежах Замошша вяла сябе так, як на стадыёне. Людзі не жадалі зразумець усёй сур'ёзнасці становішча, у якім апынуліся. Яны перамаўляліся, смяяліся, размахвалі рукамі, разглядалі асадную вежу. Круглатварая маладзіца з дзіцем на руках балбатала штосьці з проставалосай старою, потым развязала на грудзях тасёмку сваёй прасторнай, у складках, шэрай сукенкі з вышыўкай на каўняры і стала карміць грудзьмі немаўля. Яшчэ адно дзіця, годзікаў сямі, сядзела на плечуку ў манаха, які быў у чорным клабуку, і дубасіла старога па галаве драўляным мячом. Побач з манахам стаяў каранасты мужчына ў футравай куртцы, накінутай на голае цела, з доўгімі, да плячэй, валасамі, сцятымі аборкаю. Ён смачна ўплятаў лусту чорнага хлеба.
Раптам у натоўпе заварушыліся. Быццам на людзей напіралі ззаду ўладальнікі білетаў на занятыя ў першым радзе месцы. Натоўп неахвотна раздаўся.
Паказаліся два воіны, першыя сапраўдныя воіны, якіх убачыла Ганна. Яны, праўда, не дужа адпавядалі звыкламу абліччу дружыннікаў з падручніка. На іх былі чорныя плашчы, якія прыкрывалі цьмяна бліскучыя кальчугі, і высокія чырвоныя каўпакі, аблямаваныя бурым футрам. Воіны былі смуглыя, чарнавокія, з доўгімі абвіслымі вусамі. У руках трымалі кароткія дзіды.
— Хто гэта такія? — прашаптала Ганна, нібыта баючыся, што яны яе пачуюць.
— Полаўцы, — сказаў Жуль. — Або берандзеі.
— Не, — запярэчыў Кін. — Я думаю, што яцвягі.
— Самі не ведаеце, — сказала Ганна. — Дарэчы, Берандзей — асоба не гістарычная, гэта казачны цар.
— Берандзеі — народ, — сказаў Жуль строга. — Гэта праходзяць ушколе.
Спрэчка тут жа заціхла, бо яцвягі вызвалілі месца для знатных гледачоў. А знатныя гледачы выклікалі асаблівую цікавасць.
Спачатку да поручняў выйшла пажылая пані, велічная на выгляд, у сіняй сукенцы, белай хустцы, з белым, моцна напудраным тварам. Над вачыма былі груба нафарбаваныя высокія бровы, на шчоках, нібы бураком, намаляваныя круглыя плямы. Каля яе з'явіўся мужчына сярэдніх гадоў з доўгім, сумным, але разумным тварам. Ён быў багата адзеты. На зялёны кафтан накінуты кароткі сіні плашч-карзно з залатым шлякам і спражкай з золата на левым плечуку ў выглядзе львінай мызы. На галаве ў яго сядзела насунутая на лоб невысокая шапка з футра, хоць было зусім не холадна. Ганна вырашыла, што гэта і ёсць князь. Паміж імі праслізнуў нейкі дзіўны хлапчук з сярдзітым, знявечаным тварам. Ён паклаў падбародак на поручні. У хлапчука на правым воку было бяльмо і на адной руцэ, якой ён учапіўся за брус, не хапала двух пальцаў.
Потым з'явіліся яшчэ двое. Гэтыя Ганне спадабаліся.
Яны ўвайшлі адначасова і спыніліся за спінамі велічнай пані і князя, але паколькі абое былі высокія, то Ганна магла іх разгледзець. Мужчына быў параўнальна малады, гадоў трыццаці. Ён быў вельмі прывабны на выгляд, зразумела, калі вы не маеце нічога супраць вогненна-рыжых прыгажуноў з белым, трошкі пакрэпленым вяснушкамі тварам і зялёнымі вачыма. З-пад чырвонага плашча віднелася кальчуга. Ганне надта захацелася, каб прыгажуна звалі Раманам, пра гэта яна тут жа сказала Кіну, але той толькі хмыкнуў і сказаў штосьці аб выніках эмацыянальнага падыходу да гісторыі. Поруч з зеленавокім прыгажуном стаяла дзяўчына, кагосьці нагадваючы Ганне. Дзяўчына была высокая… зграбная — усё ў яе мела тонкі, гатычны выгляд. Пукаты чысты лоб перасякала павязка, упрыгожаная залатым абручом, такая самая бірузовая хустка шчыльна аблягала галаву і звісала на шыю. Тонкімі пальцамі яна прытрымлівала свабодны шырокі плашч, быццам ёй было зябка. Рыжы прыгажун гаварыў ёй штосьці, але дзяўчына не адказвала, яна глядзела на поле перад крэпасцю.
— Недзе я яе бачыла, — вымавіла Ганна. — Але дзе? Не памятаю.
— Не ведаю, — сказаў Кін.
— У люстэрку. Яна дужа падобная на вас, — сказаў Жуль.
— Дзякую за камплімент.
Яшчэ адзін чалавек уціснуўся ў гэты гурт. Ён быў адзеты амаль гэтаксама, як і смуглыя воіны, можа, толькі багацей. На грудзях у яго была прышпілена вялікая сярэбраная брошка.
— Ну як, Жуль, сёння іх пачуем? — спытаўся Кін.
— Што я магу зрабіць? Гэта ж заўсёды так бывае! Ганна падумала, сам факт тэхнічных непаладак неяк яднае яе з далёкай будучыняй. Але гаварыць пра гэта нашчадкам не варта.
Раптам хлапчук каля бар'ера штосьці крыкнуў, велічная пані ахнула, рыжы прыгажун нахмурыўся. Знадворку нешта адбылося.
11
Кін развярнуў шар.
З лесу, з далёкага боку ад ракі, мірна выйшаў статак кароў, якіх гналі да горада тры пастухі ў шэрых портках і доўгіх, да каленяў, кашулях. Чамусьці пастухі не ведалі, што рыцары ўжо побач. Іх адначасова заўважылі з крапасной сцяны і з боку ручая. Яны замітусіліся, падганяючы кароў, а каровы ніяк не маглі ўцяміць, куды і чаму ім трэба спяшацца, статак збіўся ў кучу, і пастухі бязлітасна хвасталі няшчасную скаціну пугамі.
У рыцарскім стане таксама панавала сумятня, божым дваранам вельмі хацелася перахапіць статак. Але коні мечаносцаў былі рассядланы, і таму да ручая пабеглі пехацінцы, размахваючы мячамі і сякеркамі. Гуку не было, але Ганна ўявіла сабе, які гоман стаіць над схілам пагорка. Кін павярнуў шар да сцяны горада. Народ на вежах раздаўся ў бакі, саступіўшы месца лучнікам. Рыжага прыгажуна не было відаць, даўгатвары князь быў такі змрочны, што Ганна падумала: ён баіцца, як бы ў час асады яго народ не астаўся без малака.
Лучнікі стралялі па ратніках, якія беглі ад ручая і ад асаднай вежы, але большасць стрэл не далятала, хоць адна з іх трапіла ў карову. Тая раптам вырвалася з чарады і панеслася, падбрыкваючы, па лузе. Апераная страла пагойдвалася ў яе ў карку, нібыта бандэрылля ў быка ў час карыды.
Тым часам рыцары дабеглі да пастухоў. Усё адбылося так хутка, што Ганна ледзь была не папрасіла Кіна пракруціць сцэну яшчэ раз. Адзін з пастухоў упаў на зямлю і не варушыўся. Другі — павіс на мажным ратніку, алеяшчэ адзін немец круціўся вакол яго, падымаючы сякеру, і не мог ударыць — баяўся пакалечыць таварыша. Трэці пастух бег да варотаў, і за ім гналіся адразу ажно чалавек дзесяць. Ён дабег да рова, скочыў уніз. Немцы — за ім. Ганна бачыла, як у адчаі — толькі тут да яе дакаціўся той адчай, які гнаў пастуха, — маленькая фігурка караскалася, распластаўшыся на спадзістым схіле рова, каб выбрацца да сцяны, а ратнікі ўжо дацягваліся да яго.
Раптам адзін з праследвальнікаў рухнуў на дно рова. Аднак гэта не спыніла астатніх. Стрэлы ўпіваліся ў траву, адляталі ад кальчуг, яшчэ адзін рыцар апусціўся на калені, прыціскаючы далоняю рану ў руцэ. І тут пярэдні кнехт дагнаў пастуха і секануў яму па назе. Боль — Ганна адчула яго так, быццам секанулі яе, — вымусіў пастуха скочыць наперад і на карачках кінуцца да сцяны. Яркая чырвоная кроў лілася з рассечанай раны, пакідаючы след, па якім, нібы ваўкі, паўзлі праследвальнікі.
— Адчыніце вароты! — закрычала Ганна.
Жуль здрыгануўся.
Яшчэ адзін рыцар упаў, спрабуючы вырваць з грудзей стралу, і, як бы паслухаўшыся Ганну, вароты пачалі павольна расчыняцца. Але пастуху было ўсё роўна, бо ён зноў паваліўся каля варотаў, і, дагнаўшы яго, кнехт усадзіў яму ў спіну баявую сякеру і тут жа сам рухнуў побач, таму што хіба з пяць стрэлаў працялі яго, прыкалоўшы да зямлі, як жука.
У расчыненых варотах узнікла імгненная таўкатня — лёгкія коннікі ў чорных портках, фастрыгаваных куртках і чырвоных каўпаках з шаблямі ў руках заміналі адзін аднаму, спяшаючыся выехаць.