Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 82)
— Фармальна — не. На самай справе — валадар нямецкай Прыбалтыкі. Значыць, да штурму Замошша ордэн ставіцца сур'ёзна.
Епіскап затрымаўся на схіле, прыставіў далонь казырком да вачэй і глядзеў на горад. Рыцары штосьці тлумачылі яму. Насільшчыкі, кінуўшы паклажу, уселіся на траву.
Ратнікі пагналі платформу з катапультай у бок моста цераз ручай. Ад групы рыцараў, якія акружалі епіскапа, адлучыўся рыцар, той, што ледзь не забіў рыжага прыгажуна. За ім у чорнай сутане адзін з набліжаных епіскапа. Ратнікі падвялі каня.
— Сцяг не забудзьцеся, брат Фрыдрых, — сказаў манах.
— Брат Тэадор возьме, — сказаў рыцар. Ратнік дапамог рыцару сесці ў сядло з высокай пярэдняй лукой. Левая рука ў рыцара рухалася незграбна, нібыта пратэз, на правай пальчатка была кальчужная, на левай — жалезная.
— Пачакайце! — крыкнула Ганна. — Ён жа гаворыць! Вы наладзілі гук?
Кін усміхнуўся.
— Ён па-расейску гаворыць.
— Не, па-нямецку. Мы ж не чуем. Тут іншы прынцып. Ведаеце, што бываюць глуханямыя, якія па губах могуць здагадацца, пра што гаворыць чалавек?
— Ведаю.
— Наша прыстаўка прачытвае з губ. І перакладае.
Каля моста цераз ручай да рыцара далучыўся малады барадаты дваранін у чырвоным плашчы з доўгім, раздвоеным на канцы вымпелам, прымацаваным да дрэўка дзіды. Вымпел быў белы, а на ім — дзве чырвоныя вежы з варотамі, зверху — тыяра.
Рыцары падняліся па схіле да горада, прытрымалі коней каля рова. Малады мечаносец узняў апраўлены ў серабро рог. Крэпасць маўчала.
Ганна сказала:
— Не люблю шматсерыйных пастановак, заўсёды час зацягваюць. — Згатуйце пакуль нам кавы, — сказаў Жуль. — Калі ласка.
Ганна не паспела адказаць, як вароты прачыніліся, выпусціўшы з крэпасці двух коннікаў. Паперадзе ехаў князь у сінім плашчы з залатым шлякам. За ім — яцвяг у чорнай вопратцы і чырвоным каўпаку. У варотах былі відаць стражнікі. Вітаючы князя, Фрыдрых падняў руку ў кальчужнай пальчатцы. Князь тузануў каня за аброць, і той матнуў галавою, дробна перабіраючы нагамі.
Шар быў накіраваны ўніз — Кін хацеў пачуць, пра што пойдзе гаворка.
— Ландмайстар Фрыдрых фон Какентаўзен вітае цябе, — сказаў рыцар.
— На якой мове яны размаўляюць? — ціха спыталася Ганна.
Жуль зірнуў на табло, на якім беглі іскры.
— Латынь, — сказаў ён.
— Добры дзень, рыцар, — адказаў князь. Чорны яцвяг лёгенька крануў каня нагайкай між вушэй, і той закруціўся на месцы, узрываючы капытамі зялёную траву. Рука маладога трубача апусцілася на роўнае дзяржальна мяча.
— Яго праасвяшчэнства епіскап рыжскі і лівонскі Альберт шле бацькоўскае блаславенне князю Замошша і выказвае смутак з тае прычыны, што нядобрыя саветнікі парушылі мір між ім і яго сюзерэнам. Епіскап сам зрабіў ласку прыбыць сюды, каб перадаць сваё бацькоўскае пасланне. Будзьце ласкавыя прыняць, — сказаў рыцар.
Малады рыцар Тэадор падаў скручаную ў трубку грамату, да якой на стужцы была прымацаваная вялікая пячатка. Фрыдрых фон Какентаўзен прыняў грамату і падаў русіну.
— Я перадам, — сказаў русінскі пасол. — Што яшчэ?
— Усё ў пісьме.
Яцвяг круціўся на сваім кані, нібы дражніў рыцараў, але тыя стаялі нерухома, ігнаруючы лёгкага сярдзітага конніка.
Ганна зразумела, што чалавек у сінім плашчы — не князь горада. Інакш каму ён перадасць грамату?
— Я чуў, што ты жывеш тут, — сказаў ландмайстар.
— Трэці год.
— Мне шкада, што абставіны зрабілі нас ворагамі.
— Разумнага ў вайне няма, — сказаў русін.
— Мне не стае гутарак з вамі, мой сябра, — сказаў рыцар.
— Дзякуй, — адказаў русін. — Гэта было даўно. Мне няма калі цяпер думаць пра гэта. Я павінен абараняць горад. Князь — мой брат. Як рука?
— Дзякую, ты чарадзей, мой сябар.
Маленькі гурт людзей раздзяліўся — русіны павярнулі да варотаў, якія расчыніліся насустрач, немцы паскакалі ўніз, да ручая.
14
Шар пераляцеў за крапасную сцяну, і Ганна ўпершыню ўбачыла горад Замошша з сярэдзіны.
За варотамі быў невялікі запылены пляц. Платы і слепаватыя сцены шчыльна пабудаваных дамоў сціскалі яго, і, ператвараючыся ў вузкую вуліцу, ён цягнуўся да белага мураванага сабора. На пляцы сабралася шмат народу, і ў першае імгненне Ганна вырашыла, што людзі чакаюць паслоў, аднак на самай справе вяртанне коннікаў прайшло незаўважана. Вартавыя яшчэ замыкалі вароты на вялізарныя засаўкі, а яцвяг, махнуўшы нагайкаю, пагнаў каня наперад, да сабора, за ім у задуменні рухаўся следам чалавек у сінім плашчы. Каля сцен дамоў і ў вузкім прамежку між гарадскім валам і будынкамі было ўціснута часовае жытло бежанцаў, якія хаваліся ў горадзе на час асады з суседніх вёсак і пасадаў. Рагожкі — прымітыўныя павеці — звісалі з палак. Там поўзалі дзеці, варылася ежа, спалі, елі, гаманілі людзі. І ад гэтага занадта лішняга зборышча людзей вуліца, па якой ехалі конна паслы, здавалася даўжэйшай, чым на самай справе. Яна завяршалася другім пляцам, аддаленым ад тыльнай сцяны крэпасці вялікім двухпавярховым церамам, які злучаўся з саборам галерэяй. Сабор не паспелі дабудаваць — побач у пыле і трыпутніку валяліся белыя пліты, дальняя сцяна сабора была яшчэ ў рыштаваннях, а на купале, трымаючыся за вяроўку, барабаніў малатком страхар, прымацоўваючы свінцовы ліст. І як бы яму аніякай справы не было да баёў, штурмаў, асад. Каля конавязі быў калодзеж, з якога два мужчыны цягалі ваду цэбрам і пералівалі яе ў бочкі побач.
Паслы пакінулі коней ля конавязі.
На высокім ганку церама стаялі два яцвягі, драмаў пад павеццю хлапчук у шэрай, да каленяў, кашулі. Змяркалася, і доўгія бэзавыя цені засцілалі амаль увесь пляц. Паслы хутка падняліся па лесвіцы на высокі ганак і зніклі ў дзвярах церама. Шар праляцеў за імі вузкім калідорам. Ганна паспела заўважыць, што ў цемнаце, якая зрэдку разрывалася мігценнем лучыны або вячэрнім святлом з адчыненых дзвярэй, перад залай, куды ўвайшлі паслы, сядзелі ў рад манахі ў высокіх кукелях, з белымі крыжамі, у чорных расах. Толькі твары жаўцелі ад лампады — над імі была бажніца са смуглымі абліччамі візантыйскіх абразоў.
Рыжы прыгажун у белай кашулі, вышытай па каўняры чырвоным узорам, сядзеў за сталом, абапёршыся локцямі на старую вышчарбленую стальніцу. У кутку, на лаве, звесіўшы кароткія крывыя ногі, якія не даставалі да падлогі, уладкаваўся блазан.
Яцвяг застаўся каля дзвярэй. Пасол прайшоў да стала і ледзь прыкметна пакланіўся князю.
— Чаго ён клікаў? — спытаўся князь. — Што хацеў?
— Смуткуе, — усміхнуўся пасол. — Просіць вернасці. Ён кінуў на стол епіскапаву грамату. Рыжы тузануў яе, адарваўшы тасьму, і грамата павольна разгарнулася. Блазан ускочыў з лавы, зачыкільгаў да стала. Варушачы тоўстымі губамі, пачаў разбіраць тэкст. Рыжы зірнуў на яго, падняўся з-за стала.
— Не аддам я ім горад, Раман, — сказаў ён. — Будзем трымацца, пакуль Міндоўг з літвой падаспее.
— Ты не будзеш чытаць, Вячаслаў?
— Пайшлі на сцяну, — сказаў рыжы. — А ты, Акіплеша, скажаш баярыні, што, як вярнуся, вячэраць будзем.
— Яны Магду патрабуюць, — паведаміў блазан, прыціснуўшы пальцам радок у грамаце.
— Ахвота ім, — адказаў рыжы і пайшоў да дзвярэй.
— Усё, сеанс закончаны, — сказаў Жуль.
— Як наконт кавы?
— Ну вось, — сказаў Кін. — Мы і даведаліся, хто князь, а хто Раман.
— Князя звалі Вячаслаў? — спыталася Ганна.
— Ага, князь Вячка, сын полацкага князя Барыса Раманавіча. Ён раней княжыў у Кукейнасе. Кукейнас захапілі рыцары. Пасля гібелі горада ён пайшоў у лясы са сваімі саюзнікамі — яцвягамі і лівамі. А зноў з'явіўся ў 1223 годзе, калі русінскія князі, адваяваўшы ў мечаносцаў, далі яму горад Юр'еў. Да Юр'ева падступіла ўсё ордэнскае войска. Вячка супраціўляўся некалькі месяцаў. Потым горад здаўся і князя забілі.
— І вы думаеце, што гэта той самы Вячка?
— Ага. Усё сведчыць на карысць такой здагадкі. На гэтым пагорку было неўмацаванае паселішча. Толькі ў пачатку XIII стагоддзя яго абнеслі сцяною і пабудавалі мураваны сабор. А ў 1215 годзе горад гіне. Існаваў ён так нядоўга, што нават у летапісах пра яго амаль няма звестак. Навошта яго ўмацавалі? Відавочна, са стратаю крэпасцей на Дзвіне полацкаму князю патрэбны былі новыя пагранічныя фарпосты. І ён пасылае сюды Вячку. Рыцары яго ведаюць. Ён іх даўні вораг. І яго новая крэпасць становіцца цэнтрам супраціўлення ордэну…
Шар узняўся над вячэрнім горадам. Былі відаць вогнішчы на вуліцы — іх палілі бежанцы. Водбліскі вогнішчаў падалі чырвонымі блікамі на месіва людзей, якія збіліся ў кучу каля ахоўнай сцяны.
Напаследак шар падняўся яшчэ вышэй.
Чорным сілуэтам віднелася на схіле асадная вежа. Пагойдваліся факелы — там устанаўлівалі катапульту. Белыя, асветленыя знутры шатры мечаносцаў на тым беразе ручая здаваліся прывідамі — 12 ліпеня 1215 года канчалася. Цяпер Ганна ведала, што горадам Замошша правіць адважны і непрымірымы князь Вячка. І ёсць у яго баярын Раманаў, чалавек з сур'ёзным вузкагубым капрызным тварам — чарадзей і алхімік, які праз суткі загіне і апрытомнее ў далёкай будучыні.
15
Усё здарылася без сведкаў з будучыні, ноччу, калі Кін, Ганна, Жуль, а галоўнае, пан епіскап Альберт і ландмайстар Фрыдрых спакойна спалі. І гэта было вельмі крыўдна, таму што час, калі ўжо ты трапіў у цячэнне вітка, незваротны. І ніхто ніколі не ўбачыць зноў, якім жа чынам гэта адбылося.
…Першая прачнулася Ганна, хуценька памылася і пастукалася да мужчын.
— Лежабокі, — сказала яна, — праспіце штурм.