реклама
Бургер менюБургер меню

Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 77)

18

— Асцерагаюся настырных дзяўчат.

— Што ж будзе далей?

— Будзем выручаць, — сказаў Жуль і нырнуў у дзверы.

Ганна прысела на парог, адпіла са збанка — сырадой быў яшчэ цёплы, духмяны. Паказаўся Жуль.

— Не забудзьце прыклеіць вусы, — сказала Ганна.

— Застанецеся тут і нікога не пускайце.

— Слухаюся, мой генерал. Малака хочаце?

— Няма калі, — адказаў Жуль.

Ганне было відаць, як ён спыніўся перад веснічкамі, разгарнуў далонь — на ёй ляжаў малюсенькі камп'ютэр — і пальцам левай рукі пачаў націскаць на ім кнопкі.

Схіл пагорка і лес, на фоне якіх стаяў Жуль, закалыхаліся і пачалі расплывацца, іх нібыта ахутвала дымам. Дым гусцеў, набываючы форму куба. Раптам Ганна ўбачыла, што перад веснічкамі на вуліцы ўзнікла аб'ёмная выява «газіка». Ганна паставіла збанок. «Газік» здаваўся сапраўдны, бакі яго паблісквалі, а да радыятара прыляпіўся бярозавы лісток.

— Пераканаўча, — сказала Ганна, накіроўваючыся да веснічак. — А навошта вам гэта галаграфія! Дзеда на гэтым не правядзеш.

Жуль адчыніў дзверцы і залез у кабіну.

— Дык гэта не галаграфія? — тупа спыталася Ганна.

— І не гіпноз, — сказаў Жуль.

Пра нешта ўспомніўшы, ён высунуўся з машыны, правёў рукой уздоўж кузава. Узніклі белыя літары: «Экспедыцыйная».

— Вось так, — сказаў Жуль і выняў з кішэні ключы. Завёў рухавік. Машына завуркатала і заглушылася.

— А, каб цябе, — прамармытаў шафёр. — Прыйдзецца папіхаць.

— Я вам не памочніца, — сказала Ганна. — У вас колы да зямлі не датыкаюцца.

— А я што казаў, — пагадзіўся Жуль. Машына крыху асела, загайдалася і на гэты раз завялася. Набіраючы хуткасць, «газік» пакаціўся па зялёным схіле ўніз, да броду.

Ганна выйшла за плот. На зямлі былі відаць рубчатыя сляды шын.

— Напэўна, яны з будучыні, — сказала Ганна сама сабе. — Пайду згатую абед.

Псеўдарэстаўратары вярнуліся толькі праз гадзіну. Пехатою прыйшлі з рэчкі. Ганна ўжо наварыла лапшы з кансервамі.

Яна пачула іх галасы ў сенцах. Праз хвіліну Кін заглянуў на кухню, пацягнуў носам і сказаў:

— Добра, што здагадалася. Я смяртэльна прагаладаўся.

— Дарэчы, — сказала Ганна, — маіх прадуктаў надоўга не хопіць. Або прывозьце з будучыні, або здабывайце дзе хочаце.

— Жуль, — сказаў Кін, — зрабі ласку, прынясі сюды прадукты.

З'явіўся Жуль, узваліў на стол вялізную сумку.

— Мы іх купілі на станцыі, — сказаў Кін. — Дзед думае, што мы паехалі.

— А калі ён прыйдзе да мяне ў госці?

— Будзем гатовы і да гэтага. На жаль, яго надта ўразіла эрудыцыя рэстаўратара Васільева.

— Там сам вінаваты, — сказаў Жуль.

— Нічога. Калі Аня пойдзе, яна замкне хату знадворку. І ніхто не здагадаецца, што мы тут засталіся.

— Не пайду, — сказала Ганна. — Жуль, вымый талеркі, яны на палічцы. Я магу вас шантажыраваць.

— Вы на гэта не здольныя, — сказаў Кін няўпэўнена.

— Кожны чалавек здольны. Калі спакуса вялікая. Вы мяне прывабілі прыгодамі. Можа, пра гэта я марыла ўсё жыццё. Калі вам трэба параіцца са старэйшымі таварышамі, калі ласка. Вы і так мне залішне расказалі.

— Гэта неверагодна, — абурыўся Кін.

— Вы дрэнны псіхолаг.

— Я папярэджваў, — сказаў Жуль.

Абедалі панура. Усе трое сумна жавалі лапшу, запівалі малаком і не падымалі вачэй, нібыта перасварыліся між сабою спадчыннікі ў доме багатай бабкі.

Ганна пакутавала ў пакаянні. Яна разумела, што сапраўды вядзе сябе недарэчна. Сама ж не церпіць, калі недасведчаныя людзі сунуць нос у тваю работу, і калі ў табе ёсць хоць кропля высакароднасці, ты цяпер жа ўстанеш і выйдзеш…. Зрэшты, не, не цяпер. Крыху пазней, у гадзін шэсць, бліжэй да цягніка. Трэба ціхенька выслізнуць з хаты, не прызнаючы адкрыта сваё паражэнне… І ўсё жыццё пакутаваць, што адказалася ад унікальнага шанцу?

Кін адклаў лыжку, моўчкі падняўся з-за стала, выйшаў у сенцы, штосьці там скінуў. Жуль зморшчыўся. Наступіла цішыня.

Кін вярнуўся са стосам жаўтаватых лісткоў паперы. Паклаў іх на стол каля Ганны. Потым узяў талерку і пайшоў на кухню па другую порцыю лапшы.

— Што гэта? — спытала Ганна.

— Нейкія дакументы. Вы нічога ў іх не зразумееце.

— Навошта тады яны мне?

— Чым чорт не жартуе. Калі вы ўжо застаяцеся… Ганна ледзь не прызналася, што вырашыла ўжо ехаць.

Але знячэўку яе позірк сустрэўся са злымі вачыма гусара.

Жуль не таіў сваёй непрыязнасці.

— Дзякуй, — сказала Ганна абыякава. — Я пачытаю.

7

Госці корпаліся ў сваіх жалязяках. Было душна. Насоўвалася навальніца. Ганна села на канапу, падкурчыўшы ногі. Жоўтыя лісточкі былі невялікія, тэкст надрукаваны ўборыста, выразна, крыху выпуклымі літарамі.

Спачатку была назва на латыні.

Веrtholdi Chronicon Lyvoniae, рag. 29,

Мonumenta Lyvoniae antiquae, VIII, Rigае, 1292.

…Рыцар Фрыдрых і пробашч Іаган выказалі меркаванне: трэба, сказалі яны, зрабіць наступленне і, узяўшы горад Замош, люта пакараць жыхароў для прыкладу іншым. Раней пры ўзяцці крэпасцяў даравалі грамадзянам жыццё і свабоду, і таму ў астатніх няма належнага страху. Парашым жа: хто з нашых першы ўзыдзе на сцяну, таму дамо найлепшых коней і знатнага палонніка. Вераломнага князя, ворага хрысціянскай царквы, мы ўзнясём вышэй за ўсіх на самым высокім дрэве. І пакараем люта яго слугу, з пекла родам, спарадзіцеля агню.

І русы выкацілі з варотаў распаленыя колы, якія раскідвалі па баках пякельны агонь, каб падпаліць асадную вежу. Між тым ландмайстар Готфрыд фон Гольм, несучы сцяг у руцэ, першы ўзышоў на вал, а за ім следаваў Вільгельм Оге, і, убачыўшы гэта, астатнія ратнікі і браты спяшаліся ўзысці на сцяну першымі, адны дапамагалі падымацца адзін аднаму, а другія біліся каля варотаў…

Побач з гэтым тэкстам Ганна прачытала неахайную, наўскасяк ад рукі прыпіску: «Пераклад з першай публікацыі. Рукапіс Бертольда Рыжскага знойдзены ва ўрыўках, у канвалюце XIV ст. у Мадрыдскай біб-цы. Запіс адн. да лета 1215. Горскі памылкова ідэнтыфіцыраваў Замошша з Ізборскам. Гл. В. I. 12.1990, стар.36. Несумненна, адзіны ўпамін пра Замошша ў ордэнскіх крыніцах. Генрых Латв. маўчыць. Пскоўскі летапісец, пад 1215 г. падае скупа: „Того же лета убиша многих немцы в Литве и Замошье, а город взяша“. Тацішчаў, за ім Салаўёў палічылі Замошша літоўскай воласцю. Янін выказаў сумненне ў 80-х гг.».

На другім лістку было штосьці незразумелае:

Аb majorem Dei gloriam. У імя Гермія Тройчы Найвялікшага. Калі хочаш дабываць Меркурый з Месяца, зрабі перадусім насычаную ваду з купарвасу і салетры, узяўшы іх пароўну, сальвіруй Месяц звычайным спосабам, дай асесці ў звычайнай вадзе, вымый вапну ў чыстых водах, высушы, апусці ў сасуд пласкадонны, пастаў у печ кальцыніравацца пры ўмеранай тэмпературы, якая патрэбна для Сатурна, каб расплавіцца, і праз тры тыдні Месяц узыдзе, і Меркурый будзе разлучаны з Зямлёю.

Тым жа беглым почыркам збоку было напісана: «За паўстагоддзя да Альберта і Бэкана». Што ж зрабілі праз паўвека Альберт і Бэкан, Ганне заставалася невядома.

Дарэмна яна марнуе час. Ганна наўгад выцягнула з пачка трэці лісток.

Гарадзішча пад назваю Замошша размешчана за 0,4 км на паўночны захад ад вёскі Палудзёнкі (Мёрскі р-н) на высокім і крутым (да 20 м) пагорку на левым беразе р. Вятла (левы прыток Заходняй Дзвіны). Пляцоўка ў плане няправільнай авальнай формы, арыентавана па лініі поўнач — поўдзень з невялікім адхіленнем на ўсход. Даўжыня пляцоўкі 136 м, шырыня ў паўночнай палавіне 90 м, у паўднёвай — 85 м. Раскопам у 340 кв.м. ускрыты культурны пласт чорнага, цёмна-шэрага колеру магутнасцю 3,2 м бліжэй да цэнтра і 0,3 м каля краёў. Насычанасць культурнага слою знаходкамі даволі значная. Знойдзена шмат фрагментаў лепных сасудаў: каля 90 % слабапрафіліраваных і банкавых формаў, характэрных днепрадзвінскай культуры, і штрыхавая кераміка (каля 10 %), а таксама некалькі абломкаў керамікі XII ст. Папярэдне выяўлены тры ніжнія гарызонты: ранні этап днепрадзвінскай культуры, позні этап той жа культуры і гарызонт трэцяй чвэрці 1 тысячагоддзя нашай эры (культура тыпу верхняга пласту банцэраўскага гарадзішча).

У канцы XII — пачатку XIII ст. тут быў збудаваны храм і шэраг жыллёвых будынкаў, якія былі знішчаны ў выніку пажару. Даследаванні фундамента храма, на якім была пабудавана ў XVIII ст. капліца, будуць прадоўжаны ў наступным сезоне. Раскопкі ўскладняюцца ў выніку парушэнняў верхніх пластоў могілкамі XVI–XVIII стст.

(Археалагічныя адкрыцці 1986 г. стар. 221)

Справаздача была зразумелая. Капалі — гэта значыць будуць капаць — на пагорку. Ганна склала лісткі на стол. Ёй захацелася зноў падняцца на пагорак. У сенцах быў адзін Жуль.