реклама
Бургер менюБургер меню

Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 75)

18

— А што рабіць? Вы — непрадугледжаны фактар. Наша віна. Дык вось, мы жывём не тут.

— Можна здагадацца. На Марсе? У Амерыцы?

— Мы жывём у будучыні.

— Якая любата! А ў чамаданах — машына часу?

— Не іранізуйце. Гэта рэтрансляцыйны пункт. Нас цяпер цікавіць не дваццатае стагоддзе, а трынаццатае. Але каб трапіць туды, мы вымушаны зрабіць прыпынак менавіта тут.

— Я заўсёды думала, што вандроўнікі ў часе — народ патаемны.

— Паспрабуйце падзяліцца гэтай тайнай з сябрамі. Мяркую, што яны вам не павераць.

Кін адмахнуўся ад сляпня. Пышнае воблака напаўзло на сонца, і адразу павеяла халадком.

— А чаму я павінна вам паверыць? — спыталася Ганна.

— Бо я раскажу, што нам трэба ў трынаццатым стагоддзі. Гэта даволі неверагодна, каб прымусіць вас хоць бы задумацца.

Ганне раптам захацелася паверыць. Часам у немагчымае верыць лягчэй, чым у звычайныя тлумачэнні.

— І ў якім жа вы жывяце стагоддзі?

— Лагічнае пытанне. У дваццаць сёмым. Я прадоўжу? У трынаццатым стагоддзі на гэтым вось пагорку стаяў невялікі горад Замошша. Лапік у стракатай коўдры Русі. На ўсход ляжалі землі Полацкага княства, з захаду і поўдня жылі жамойты, леты, самагіты, яцвягі, літоўцы і іншыя плямёны і народы. А яшчэ далей на захад пачыналіся ўладанні нямецкага ордэна мечаносцаў.

— Вы археолагі?

— Не. Мы маем намер выратаваць чалавека. А вы нам перашкаджаеце.

— Няпраўда. Выратоўвайце. Але ўлічыце, што я вам пакуль што не веру. Навошта пранікаць у сярэднявечча. Гэты таксама вандроўнік?

— Не, ён геній.

— А вы адкуль ведаеце?

— Гэта наша спецыяльнасць — шукаць геніяў.

— А як яго звалі?

— Яго імя — Раман. Баярын Раман.

— Ніколі не чула.

— Ён рана загінуў. Так падае летапіс.

— Можа, летапісцы ўсё прыдумалі?

— Летапісцы шмат чаго не разумелі. І не маглі прыдумаць.

— Што, напрыклад?

— Напрыклад, тое, што ён выкарыстоўваў порах пры абароне горада. Што ў яго была друкарня… Гэта быў універсальны геній, які апярэдзіў свой час.

— І вы хочаце, каб ён не загінуў, а прадаўжаў працаваць і вынайшаў яшчэ і мікраскоп? А хіба можна ўмешвацца ў мінулае?

— Мы не будзем умешвацца. І не будзем перайначваць яго лёс.

— Што ж тады?

— Мы возьмем яго да сябе. Возьмем у момант смерці. Гэта не паўплывае на ход далейшых гістарычных падзей. Зразумела?

— Н-не вельмі. Дый навошта гэта вам?

— Самае каштоўнае на свеце — мозг чалавечы. Геніі бываюць так рэдка, мая дарагая Ганначка…

— Дык ён жа жыў тысячу гадоў назад. Сёння кожны школьнік можа вынайсці порах.

— Памыляецеся. Чалавечы мозг быў і застаецца аднолькавы ўжо трыццаць тысяч гадоў. Змяняецца толькі ўзровень адукацыі. Сёння вынаходніцтва пораху не выпадзе на долю генія. Сённяшні геній павінен вынайсці…

— Машыну часу?

— Скажам, машыну часу… Але гэта не значыць, што яго мозг дасканалейшы, чым вынаходніка кола або пораху.

— А навошта вам вынаходнік пораху?

— Каб ён вынайшаў штосьці новае.

5

Воблакі, высокія, цёмныя пад сподам, вызвалілі сонца, і яно зноў асвяціла бераг. Аднак колер яго змяніўся — стаў трывожны і белы. І тут жа хлынуў дождж, пачаў лупіць па чароце, па траве. Ганна схапіла кніжку і, прыкрываючы галаву ручніком, кінулася пад яблыню. Кін тут жа дагнаў яе, і яны прыціснуліся спінамі да шурпатага дрэва. Кроплі лопалі па лісці.

— А калі ён не захоча? — спыталася Ганна. Кін нечакана засмяяўся.

— Вы мне амаль паверылі, дарагая Ганна, — сказаў ён.

— Выходзіць, не трэба было верыць? — Яе твар, які звужаўся да ямкі на вастраватым падбародку, паружавеў, загарэў крыху за раніцу, і ад гэтага валасы здаваліся яшчэ святлейшымі.

— Гэта добра, што вы паверылі. Мала хто можа пахваліцца такім непасрэдным успрыманнем.

— Такая я, відаць, дурніца.

— Наадварот.

— Добра, дзякую. Вы ўсё-такі лепш скажыце, навошта вам шукаць генія ў трынаццатым стагоддзі? Што, бліжэй не знайшлося?

— Па-першае, геніяў мала. Вельмі мала. Па-другое, не кожнага мы можам узяць да сябе. Ён павінен быць нестары, бо з гадамі ўскладняецца праблема адаптацыі, і, галоўнае, ён павінен прапасці выпадкова або трагічна… без следу. На пахаванні Леанарда да Вінчы прысутнічала шмат людзей.

— І ўсё-такі — трынаццатае стагоддзе! Дождж сціхаў, кроплі ўсё радзей і радзей білі па лісці.

— Вы, відавочна, не ўяўляеце сабе, што такое перамяшчэнне ў часе.

— Зусім не ўяўляю.

— Паспрабую растлумачыць. У двух словах, разумеецца. Час — аб'ектыўная фізічная рэальнасць, ён знаходзіцца ў пастаянным паступальным руху. Рух гэты, як і рух некаторых іншых фізічных працэсаў, ажыццяўляецца спіралепадобна.

Кін сеў на кукішкі, узяў сухі сучок і вывеў на вільготнай зямлі спіраль часу.

У БУДУЧЫНЮ

З МІНУЛАГА

— Мы з вамі — часцінкі, што плывуць у спіралевым патоку, і нішто на свеце не можа запаволіць ці паскорыць гэты рух. Але існуе іншая магчымасць — рухацца напрасткі, па-за плынню, як бы перасякаючы віток за вітком.

Кін, не ўстаючы, намаляваў стрэлку побач са спіраллю.

У БУДУЧЫНЮ

З МІНУЛАГА

Потым ён падняў галаву, глянуў на Ганну, каб упэўніцца, ці зразумела яна. Ганна кіўнула.

Кін выпрастаўся і крануў галінку яблыні — пасыпаліся пырскі. Ён трасянуў галавой і прадаўжаў далей:

— Цяжкасць заключаецца ў тым, што з любога канкрэтнага моманту ў плыні часу вы можаце трапіць толькі ў адпаведны момант папярэднлга вітка часу. А працягласць вітка каля васьмісот гадоў. Апынуўшыся ў папярэднім або наступным вітку, мы тут жа зноў трапляем у плынь часу і пачынаем рухацца разам за ёю. Дапусцім, што дваццатаму ліпеня 2745 года блізка адпавядае дваццатага ліпеня 1980 года. Або, бяром наступны віток, дваццатага ліпеня 1215 года, або, яшчэ адзін віток, дваццатага ліпеня 540 года. Паглядзіце. — Кін дапоўніў малюнак дэталямі.