реклама
Бургер менюБургер меню

Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 45)

18

Аднак на Зямлі, удалечыні ад сваіх, яны дазвалялі сабе паразважаць, як бачым, на тэмы, на якія не маглі гутарыць дома, і нават спрачаліся. Першы нешта ўжо вельмі ўпарта паўтараў аб прымітыўнасці і лжэнавуковасці старой тэорыі, а другі, трымаючыся, вядома ж, агульнапрынятага пункта погляду, пасмейваўся тым не менш, жартаваў з свайго прыяцеля, нібы пацяшаючыся яго ўпартасцю і ўпэўненасцю. Настаўнік зноў жа ветліва і тонка наводзіў на думку, што ўсякі пункт гледжання правільна было б, увогуле, паважаць, — вядома, без шкоды для дамінуючага, — таму што калі ўжо ён, гэты пункт гледжання, запаланіў у свой час галовы, то, зразумела, невыпадкова: ён, трэба думаць, быў доказны і развязваў шмат якія вузлы. Ён нагадаў маладым іншапланецянам, што місія іх пакуль што выключна вучэбная і ў гэтых умовах усякае папаўненне ведаў заслугоўвае пахвалы, а значыць, каб прыступіць да асноўнага эксперыменту, яны могуць правесці некалькі падрыхтоўчых, і чаму, напрыклад, не заняцца тымі ж дафніямі: такі вось вопыт мог быць павучальны.

— Настаўнік! — прамовіў Першы. — Мы ніколі не эксперыментавалі над лонамі. Гэта лічыцца...

— Глупствам, — перапыніў весела Другі. — Але як хочацца адпачыць на гэтай утульнай Хі і пазаймацца глупствам.

— Гэта не мае сэнсу, — сказаў Першы.

— Хто сказаў, што лоны і дафніі — аднаго роду істоты? — спытаўся Настаўнік. — Хіба вас не вучылі, што падабенства формы не заўсёды мае на ўвазе падабенства зместу?

Так, ён пераканаў іх! Яны пачалі рыхтавацца да эксперыменту і правялі яго — эксперымент небывалы, які нельга ўявіць, і я ўдзячны лёсу, што стаў сведкам гэтага.

Яны настроілі сваю апаратуру. Каля пня былі ўстаноўлены эвальвентар, дэкуртар, амнівізар і іншыя апараты, якім пакуль што і назвы няма на чалавечай мове. І калі ўсё было гатова, Настаўнік сказаў:

— Не забудзьцеся пра стымулятар, разлічыце час падключэння.

О, гэта ўжо не былі ранейшыя спрытныя, дураслівыя юнакі, энергія якіх рабіла іх такімі падобнымі на нашых зямных; гэта былі суровыя, сталыя істоты з засяроджанымі тварамі.

— Абскуратам кірую я, — сказаў Настаўнік.

І эксперымент пачаўся...

Як тут яе пазайздросціць Пасвячонаму, які ўбачыў такое? І шкада, што «Запіскам» не стае падрабязнасцяў. Ці ведаў гэты Настаўнік аб прысутнасці нашага Пасвячонага? Ды як не ведаць, цяжка нават і ўявіць, што не ведаў, калі ён здольны бачыць праз тоўшчу вякоў. А тут — усяго толькі метраў сто. Але ж — хмызняк. Ды што такое хмызняк для праклятага нобла, што кіруе эвальвентарамі... Ведаў, як мы ўбачым, добра ведаў. Але глядзі вось, дапусціў прысутнасць чужынца, дазволіў яму, праўда, з купюрамі — не ўсё. Значыць, лічыў магчымым адкрыць, ды не ўсе свае сакрэты. Але ж часткова ўсё-такі адкрыў! Для чаго?.. Пасвячоны, вядома, тлумачыць...

А чортавы ноблы, відаць, і сапраўды далёка абагналі нас, калі на такую аперацыю юнакоў паслалі і называюць гэта вучэбнай практыкай. Што ж у іх тады «не практыка», што сур'ёзная справа? Нават страшна падумаць, немагчыма ўявіць!

Але дадзім далейшы ход дзеянню і як можам перакажам «Запіскі» Пасвячонага, каб карацей было.

Значыцца, яны пачалі сваю справу.

4

Пасярод лесу ў маленькім балотцы жыла Маленькая Дафнія. Гэта было ўжо і не балотца, а ўсяго толькі маленькае акенца каля старога пня, лужына, невялічкі вадаёмчык, адным словам, а балота даўно высахла і зарасло. Пад пнём вось і жыла тая Дафнія.

Сонца туды амаль не пранікала, толькі тоненькія праменьчыкі прарываліся часам праз карэнні і зараснікі, і тады каля пня рабілася светла і прыемна, усё ажывала і пачынала рухацца. Маленькая Дафнія ніколі не прамінала такога моманту. Яна выплывала з ценю проста на праменьчык, замірала і грэлася. Яна нават ненадоўга засынала — так ёй было добра. Вакол у тым промні віселі і драмалі іншыя дафніі і таксама рухаліся ўслед за сонцам. Не спалі толькі вартаўнікі; яны размяшчаліся наўкола і сачылі, ці не з'явіцца раптам небяспека.

Моладзь здзіўлялася: якая небяспека? адкуль? гэтыя казкі пра Чорнага Жука? Заўсёды старыя перабольшваюць, вераць усялякай лухце...

Потым прамень знікаў, рабілася змрочна. І тады дафніі амаль не сустракаліся адна з адной, бо кожная жыла ў сваім куточку, а калі нехта некаму і трапляўся па дарозе ў часе палявання, дык адразу ж кідаўся прэч, бо ў цемры цяжка пазнаць, сябра сустрэўся ці вораг, а таму пазбегнуць спаткання заўсёды больш надзейна. Быў у Маленькай Дафніі свой куток: у самай цемры пад тоўстым коранем. Там яна спала, там жа трымала харчовыя запасы, а на промысел па амёбы і хларэлы адплывала недалёка. Ёй жылося добра: ніхто не трывожыў, харчоў хапала, а цемра — што ж! — праменьчык хутка зноў прыйдзе, і святла будзе ўволю.

Адным пахмурным днём пад коранем з'явіўся нейчы цень. Ён заплываў у чужы дом бясшумна і павольна, як страшэнна стомленая істота ці драпежны рабаўнік. Маленькая Дафнія спачатку спалохалася і стаілася ў шчыліне кораня, але потым разгледзела, што гэта не чужаземец і не рабаўнік, а ўсяго толькі вялікая Старая Дафнія, якая ледзь рухалася, такая яна была бездапаможная і трухлявая.

— Не бойся, — вымавіла яна слабым голасам. — Я кепскага не зраблю. А прыйшла прасіць прытулку. У мяне ўжо даўно няма сваёй хаты, усе блізкія і сваякі адвярнуліся ад мяне і адусюль выгналі. Прымі мяне, у цябе добрае сэрца.

Маленькая Дафнія супакоілася і, усцешаная, запрасіла:

— Уваходзь, калі ласка, месца хопіць на дзвюх.

Яна дапамагла бабульцы дабрацца да шчыліны, паслала ёй ціны і пачала ганяцца за калаўроткамі і інфузорыямі, каб накарміць госцю. Але тая спыніла яе:

— Не трэба. У маіх гадах ужо не ядуць. Старыя жывуць думамі і памяццю. Клапаціся аб сабе — табе сілы больш патрэбныя.

А калі надышла ноч, Старая Дафнія сказала, што адчувае блізкую смерць і таму ёй трэба спяшацца — ёсць таямніца, якой нельга памерці разам з ёю.

— Падыдзі да мяне, — сказала яна, — будзь побач. Нас ніхто не павінен пачуць. Ты была добрая і ласкавая, таму сваю таямніцу я адкрыю табе. Слухай...

І Старая Дафнія расказала такую гісторыю.

Даўным-даўно, калі бабулі было столькі гадоў, колькі цяперашняй яе слухачцы, ёй расказалі казку. Іх лужына каля пня нібы зусім не лужына, а глыбокая студня, і вось на дне яе ляжыць Плацінавы Абруч.

— Зусім невялікі абруч — самая маленькая дафнія магла б абабегчы яго ў адзін момант. Але ніколі не зможа гэтага зрабіць, бо бясконца будзе апісваць кола, не помнячы, адкуль пачаўся бег. У дафній, мая родная, кепская памяць: яны забываюць пра мінулае і, каб утаіць гэта, выдумляюць усялякія небыліцы.

Дык вось, значыцца, паводле яе слоў выходзіла, што Абруч той — незвычайнай уласцівасці: варта да яго дакрануцца і сказаць жаданне, як яно адразу ж збудзецца. Кожнае жаданне! Бяссільны быў Абруч толькі ў двух выпадках: ён не выконваў аднаго і таго ж жадання двойчы і не мог адмяніць выкананага. І яшчэ — Абруч не ў стане быў даць суцяшэння.

Старая Дафнія ў маладосці была натурай уразлівай і летуценнай і таму запомніла казку, і ёй нават сніўся гэты Абруч.

Жыццё ў іх тады было нялёгкае: у вадаёме вадзіўся Чорны Жук, ненажэрнае драпежнае стварэнне, ад якога дафніям не было ратунку — нават калі ён не нападаў, а толькі здалёк прымерваўся, кроў стыла ў жылах і не было сіл уцякаць і ратавацца. Тады вось і з'явіліся вартаўнікі, каб своечасова папярэджваць легкадумную моладзь аб набліжэнні Чорнага Жука.

Аднойчы гэта дафнія, грэючыся ў сонечным праменьчыку, убачыла, як вокамгненна мільгнуў чорны цень і побач з ёю ў жахлівай пашчы захрабусцелі панцыры яе суседак. Яна самлела ад страху.

— Я забілася ў нейкі кут, — апавядала яна, — і наваколле знікла для мяне. Я захварэла. Трызненне змянялася явай, гарачка — дрыжыкамі; часам здавалася, што храбусценне панцыраў — жахлівы сон. Перамяшаліся дні і ночы. А калі я нарэшце ачуняла і выглянула са свайго сховішча, то адразу ж адчула, што на мяне скіраваны бязлітасны і ненажэрны позірк. На гэтым мая маладосць і скончылася... Магчыма, Маленькая Дафнія, шмат што з гэтага табе расказвалі як старыя плёткі. Але Чорны Жук — не плётка... Ён быў бязлітасны і з'яўляўся ўсюды. Кідаўся імкліва і дакладна. А мы не былі арганізаваныя. У нас не хапала вопытных вартаўнікоў, кожны дрыжаў за сябе і нічога не ведаў пра іншага. Страх быў нашай доляй. І племя наша няспынна змяншалася. Бачачы такое, астатнія паддаліся роспачы і паніцы, і я тады зразумела, што калі так будзе далей, то хутка карычневых дафній залічаць у разрад зніклых відаў. І вось я асмелілася на самы важны крок у сваім жыцці. Доўга раздумвала, раней, чым пачаць выкананне свайго плана, пастаралася ўлічыць усе дробязі і нарэшце прыйшла да адзінага вываду...

Яна, бачыце, вырашыла праверыць казку пра Плацінавы Абруч. І вось што прыдумала: знайшла каменьчык, дабралася па травінцы да сярэдзіны вадаёмчыка, адчапілася і кінулася ўніз.

І набралася яна ў часе гэтага пагружэння страху: цяпло змянілася пякучым холадам, ад хуткасці падзення кружылася галава, ды ў дадатак да ўсяго — апраметная цемра. Падарожніца была амаль беспрытомная, як апусканне раптам запаволілася і знізу бліснула святло: яно было белае і нібы струменілася. Каменьчык ужо не імчаўся, а павольна асядаў, як асядала паднятая маладымі дафніямі муць у сонечным промні. І вось нарэшце ён спыніўся, і дафнія ўпала каля белага зіхатлівага круга. Гэта быў Плацінавы Абруч.