Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 47)
Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што за апошні час нашы мудрацы і так, дзякуй богу, прымоўклі. Ніхто ўжо без аглядкі не распінаецца пра ўсяленскае дабро, пра «спрыяльныя і прыхільныя адносіны да нас нязведанага», няхай гэта будзе космас або што іншае. Цяпер, прынамсі, скемілі, што калі ён калі-небудзь і адбудзецца, гэты самы кантакт, то вынік можа быць розны, усякі, а не вось такі канкрэтна, пераважна, вядома, прыемны, калі нам так хочацца. Нам, дабракам. Сапраўды: не таі зла на другога, але не таі і пільнасці.
Урэшце — далей.
9
Такім чынам, Маленькая Дафнія ўспомніла пра Плацінавы Абруч. А на другі дзень, калі сяброўка, якая засталася добразычліўкай, прыйшла праведаць і супакоіць яе, жыллё было пустое. Чуткі пра гэта разышліся па ўсім вадаёме, зніклую пачалі шукаць, абшукалі ўсе зацішныя куточкі, але так і не знайшлі. І вырашылі, што бедалага або ўтапілася, або схавалася куды-небудзь, каб памерці галоднай смерцю. Пачалося замяшанне, шмат каго грызла сумленне, пасыпаліся ўзаемныя папрокі ў бессардэчнасці. Асабліва дасталося законніцы, якая першая прапанавала пакаранне маўчаннем — цяпер яе абвінавачвалі ў тым, за што ўчора ўзносілі: сумленнасць яе аб'яўлялася фанабэрыстасцю, рашучасць — нахабнасцю. І ўрэшце «Закон аб пакаранні маўчаннем» быў адменены назаўсёды. Дафніі гэтай ноччу спалі дрэнна: кожнай блюзнілася, што менавіта яна вінаватая ў пагібелі Маленькай Дафніі.
А праз дзень невядома адкуль уварваўся вялізарны і страшны Чорны Жук і сажраў зганьбаваную напярэдадні законніцу, а потым — тую самую суседку, што ўшчыпнула Маленькую Дафнію. А яшчэ праз дзень дафній ахапіла яшчэ большая жудасць: з'явіўся другі Чорны Жук, і пачаліся, як кажуць, беды вялікія...
Аднак, хоць Пасвячоны і спыняецца вельмі падрабязна на гэтых бедах, нас пакуль што цікавяць іншыя сферы.
Няма сэнсу расказваць, як уладальніца таямніцы дасягнула дна вадаёма (паўтарыць вопыт Старой Дафніі не складала, відаць, вялікай цяжкасці) і адсыпалася каля Плацінавага Абруча. Толькі была яна ўжо не карычневай Маленькай Дафніяй, а вялікай Белай Рыбай.
Ачнуўшыся, яна ўбачыла ў Абручы сваё адлюстраванне і засталася задаволеная. Без шкадавання прыпомнілася ёй лужына каля пня, прыгадаліся блошкі-дафніі, іх дробныя справы, дробненькія жаданні — усё іх дробнае-дробнае жыццё...
Белая Рыба пакружыла каля Абруча, апрабавала свае плаўнікі і хвост і, задаволеная і гордая, паплыла па цячэнні, і яе панесла ў невядомыя краіны.
Яна пабывала ў вялізарных вадаёмах, дзе багацейшая расліннасць і такі разнастайны і дзівосны свет новых суродзічаў, што немагчыма было не здзіўляцца часам, калі сустракалася якая-небудзь пачвара — таксама рыба і з якой па непісаных падводных законах трэба было прывітацца.
Яна зведала прэсныя і салёныя воды; больш ёй спадабалася ў прэсных — тут да таго ж было і спакайней. Самым жа лепшым месцам аказаўся зацішны куточак дзе-небудзь у стаячай вадзе, дзе чарот і ціна, дзе цень і злёгку пахне балотам. Трэба сказаць, што прыстойнасць патрабавала пагарды да падобных закуткаў, але што зробіш з натурай? Калі яе бачылі тут свае, яна рабіла выгляд, што заплыла сюды выпадкова, а калі была адна, то ўпівалася асалодай, цішынёй і змрокам або палявала на ўсялякі дробны зброд — сталых жыхароў гэтых мясцін: жучкоў, лічынак, павучкоў. Асабліва ж яна адрознівала дафній — яны тут былі не карычневыя, але гэта не мяняла справы: Белая Рыба цярпець не магла гэтай бесталкоўшчыны, што шныпарыла, гэтых убогіх стварэнняў, якія нават плаваць як след не ўмелі. Яна іх жэрла сотнямі і не таму, што была такая ненасытная, — яе страшэнна раздражняў іх выгляд.
Калі-нікалі Белая Рыба наведвала Плацінавы Абруч, яна пакутліва ўзважвала, што б яшчэ выпрасіць у яго, але далей багатай і смачнай ежы ні да чога не дадумвалася.
Ад Абруча да населеных вадаёмаў вёў вузкі і цёмны калідор, а Белая Рыба так разбылася, што ўжо ледзь праціскалася праз яго, і таму здагадалася папрасіць Абруч перамясціць самога сябе ў адну з яе любімых затокаў, дзе было асабліва ціха і заценена. Іншыя рыбы не любілі сюды заплываць, такім чынам, Плацінавы Абруч быў і пад рукой, як кажуць, і надзейна схаваны ад пабочных вачэй.
Колькі б працягвалася яе такое жыццё, сказаць, вядома, цяжка. Але аднойчы яна наткнулася на Шчупака, якога бачыла ўпершыню, і, разгледзеўшы драпежны і галодны бляск варожых вачэй, кінулася ўцякаць, не разбіраючы дарогі, і Шчупак доўга гнаўся за ёй, ляскаючы сківіцамі і выдаючы жудасны свіст, ад якога мутнеў розум. Нарэшце Шчупак адстаў, але тут раптам выскачылі дзве выдры, якіх Белая Рыба таксама бачыла першы раз. Яна адчула, што і гэта — ворагі, і, сабраўшы апошнія сілы, нырнула ў глыбіню і імчалася ўніз, пакуль не ўрэзалася ў дно. Вакол было змрочна — так глыбока яна яшчэ не апускалася. Белая Рыба паляжала на глеі, сяк-так аддыхалася і пачала, трымаючыся ценю і зараснікаў, рухацца ў бок дому. Але няшчасці не пакідалі яе: яна заблудзілася.
Не будзем затрымлівацца на ўсіх калдобінах яе падарожжа. Выбіраць правільны напрамак ёй дапамаглі падслуханыя размовы іншых жыхароў падводнага царства; часам яна нават адважвалася распытаць пра дарогу. Але самае галоўнае: яна ж разумела мову дафній, не магла яе забыцца, як ні старалася, і цяпер яна ёй ах як спатрэбілася. Дафніі, вядома, языкатыя: заўсёды ў іх нейкія дыспуты і абмеркаванні, заўсёды — плёткі і крыватолкі пра таямнічыя воды, незвычайныя здарэнні і іншае глупства; і ў большасці выпадкаў яны не маюць ніякага ўяўлення аб тэме размовы. Белая Рыба непрыкметна прыстройвалася дзе-небудзь поблізу і лавіла кожнае слова і такім чынам даведвалася пра шмат карысных дробязей. Яна слухала чарговую дыскусію, а потым яе ўдзельнікаў з'ядала і плыла сабе далей. Аднойчы, напрыклад, дафніі гаманілі пра тое, што нібыта недзе ў невядомых краях таксама жывуць дафніі, ды толькі, бачыце, карычневыя. Жывуць яны, значыцца, у лужыне каля пня — уяўляеце сабе?! — і быццам даводзіцца ім туга: знішчаюць іх два лютыя Чорныя Жукі, ужо зусім, бедалагаў, мала засталося. І гэтак далей, і да таго падобнае...
Белая Рыба слухала, і нешта ёй прыгадалася — не асабліва прыемнае. І каб не псаваць нерваў, яна накінулася на шумны гурт і цалкам праглынула яго.
Іншым разам яна заўважыла жука, які ёй нешта дужа нагадваў. Яна і яго з'ела, але ён быў на рэдкасць каляны і нясмачны.
Так яна, урэшце, і дабралася да сваёй затокі.
10
Плацінавы Абруч быў на месцы. Ён сляпуча зіхацеў, а вакол стоўпілася такая колькасць разявак, што вада аж кіпела. Яны заўважылі Белую Рыбу і ў паніцы пачалі разбягацца; яна ўрэзалася ў самую гушчу, аглушальна чвякнула, вытрашчыла вочы і так гакнула хвастом, што чорная муць паднялася густым воблакам і ў ім, як у пекле, зніклі ўсе цікаўныя. Не трацячы часу, Белая Рыба падплыла да Абруча, дакранулася да яго і вымавіла:
— Хачу быць Шустрай Выдрай!
І адразу ж зрабілася ёю.
Не, яна не захацела ператварыцца ў Шчупака — ёсць істота, якой і Шчупак баіцца, і гэтая істота — Выдра.
З гэтага часу пачалася паласа дзівосных ператварэнняў былой Маленькай Дафніі. Па меры таго як яна рабілася больш моцнай і дасканалай, больш моцнымі і дасканалымі рабіліся яе жаданні. Яе жыццёвы вопыт няспынна ўзбагачаўся, запасіліся веды, розум. Пераходзячы з аднаго віду ў другі, яна, вядома, запамінала мовы, звычкі, схільнасці і такім чынам рабілася ўсё больш грозным праціўнікам ніжэйшых відаў, з якіх сама паходзіць. Ды і для сваіх яна была не менш небяспечнай, бо ведала больш, думала глыбей і, значыцца, была разумнейшая за іх.
Першы вывад, які яна зрабіла пасля некалькіх ператварэнняў, быў такі: у кожнага ёсць вораг больш дужы і лепш прыстасаваны да жыцця; але і ў гэтага ворага ёсць свой вораг, і ў таго — свой, і дзе канец — невядома.
І другі вывад зрабіла былая Дафнія: жаданням — мяжы няма: дасягнуўшы аднаго, адразу хочацца другога, новага, і гэта таксама бясконца. Калі высвятлялася, што нехта дужэйшы за яе, яна неадкладна займала яго месца. І не толькі не хацела залежаць ад каго-небудзь або кагосьці баяцца — яна ўжо не мірылася і з роўнымі сабе.
А вось і трэці вывад: немагчыма ўявіць нічога больш вартага жалю і ўбогага, як тая Старая Дафнія, якая першая знайшла Плацінавы Абруч...
Яна па чарзе перабывала ў ролі Шыпучай Змяі, Змрочнай Пантэры, Раз'юшанага Вепра, Клыкастага Воўка і іншых ролях. Потым: нарэшце ператварылася ў Грознага Мядзведзя, бо ў трох краях не было нікога больш магутнага і грознага, чым ён. Але толькі першы час яна адчувала задавальненне ад становішча Грознага. Бо калі і Мядзведзь — мяжа, дык гэта вельмі сумна. Што бегае за мяжой?..
Так ён, цар лесу, і блукаў па гарах і далінах, і не давала яму супакою думка: што далей?
11
Тры ноблы, паведамляе нам далей зачараваны Пасвячоны, спакойна глядзелі на экран.
— Якая алагічная эвалюцыя, — нарэшце сказаў Першы. — Не, гэта не нашы лоны, нічога нават прыблізна падобнага няма.
— Што мы ўжо адзначылі, — адклікнуўся Другі.
— Ты, выходзіць, лічыш, — звярнуўся Настаўнік да Першага, — што калі б гэта былі нашы лоны ці падобныя да нашых, то яны эвалюцыянавалі б у нас?
— Так, не думаў, што стары Спіу так звязаў цябе, — весела заўважыў Другі.
Першы сумеўся.
— Даўно... У першыя гады Студыі... Адным словам, тады я патаемна раскруціў лонаў. Настаўнік! Яны вымерлі! Нашы лоны вымруць!