Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 44)
Мала хто чытаў «Запіскі» — большасці гэта проста недаступна: увесь тыражок пайшоў на гэты іх сімпозіум (мне экземплярчык дасталі); таму вось больш звону, чым уяўлення — часцей за ўсё мяркуюць па чутках.
Проста здзіўляешся, колькі пустых клопатаў у чалавека! А спытайся, «нашто табе гэта трэба», — і адказаць яму няма чаго. «Усе, маўляў... Ну, і я...» Або пачне што-небудзь пра пярэдні край навукі. Патрэбны ён яму, гэты пярэдні край...
Паўтараю: я паважаю Пасвячонага. Ён — чалавек самавіты, аўтарытэтны, яму вунь рэдкімі прыладамі дазваляюць карыстацца. І не мне, вядома, тлумачыць і каментаваць яго словы. Але апавядаць, няхай і з лірычнымі адступленнямі, я ўсё-такі адважыўся. Потым, (каб, з аднаго боку, спыніліся плёткі, а з другога — астыў запал прыхільнікаў розных легкадумных амікантактаў.
Амікантакт, разумееце, гэта — сусветнае каханне... А ноблы, між іншым, да нас практыкантаў засылаюць...
2
Дык вось у гэтай гісторыі з дафніямі замешаны менавіта ноблы, і тым карысныя «Запіскі» Пасвячонага, што якраз і паказваюць, хто яны такія і чым любяць займацца.
Што мы ведалі?
Мы ведалі, што планету (або што яно там) занесла да нас у суседзі гадоў шэсцьдзесят таму назад, што яна, відаць, можа кіравацца, што на сігналы не адказвае і сама маўчыць, ну і яшчэ дзве-тры дробязі. А ці мы ведаем, з якой мэтай яна з'явілася ў нашай сістэме? А ці ведаем, на што нам спадзявацца, калі яны ўздумаюць высадзіць эскадрыллю? А ці зразумела ім будзе, што мы гуманоіды?.. Нічога мы не ведаем!
Вунь наша Служба Назірання ў сваім бюлетэні піша: «Н-6813 набліжаецца да нас і адыходзіць, зусім знікаючы з поля дасягальнасці з перыядычнасцю ад двух да шасці месяцаў». А між тым той жа бюлетэнь у 2036 годзе пісаў, што Н-6813 «адсутнічала» цэлых дзесяць месяцаў. Вось дык перыядычнасць!
Пасвячоны даказвае, што ноблы добра пра нас інфармаваныя і іх намер, як ён лічыць, «дакладна вызначыць немагчыма». Пры ўсёй павазе, прызнацца, не ўсё мне тут зразумела, не да ўсяго, што расказаў гэты вучоны муж, ляжыць маё сэрца, а некаторыя вывады, шчыра скажу, засмучаюць душу. З гэтай прычыны фразу пра намеры ноблаў, якія «дакладна вызначыць немагчыма», я ўспрымаю як сур'ёзную перасцярогу.
Пасвячоны бачыў іх не раз яшчэ да той сумятні з дафніямі, сумятні дзікай і непраўдападобнай, на падставе якой розныя разумнікі, аматары слоўцаў, адразу ж паспяшаліся абгрунтаваць ідэю пра «арбэвалюцыю» (развіццю па кругу) у супрацьвагу старой «гелэвалюцыі» (развіццю па спіралі). Пасвячоны піша, што хоць яны падобныя да нас рашуча ўсім, ён умее пазнаць нобла сярод сотні чалавекападобных. Перад іх ведамі ён, мабыць, стаіць навыцяжку (няхай не прымуць за непачцівасць у адносінах да шаноўнага Пасвячонага). А мне зразумела адно: планета іх перагружана, ім трэба кудысьці рассяляцца, а ўмовы ў нас і на Н-6813 амаль аднолькавыя. Вось і падумайце, з якімі намерамі яны круцяцца вакол нас і нават адважваюцца на экскурсіі сюды і, пры гэтым, адчуваюць сябе тут вельмі нават упэўнена.
У тым вось і справа, што не толькі Пасвячоны іх бачыў. Прагледзьце добра прэсу апошніх гадоў, будзьце ласкавы, пагартайце — такі цікавы малюначак адкрыецца!
3
Ці гэта ўжо ў Пасвячонага нейкі там свой метад, ці гэта звышдакладныя разлікі, ці гэта асаблівы нюх, — як бы яно ні было, а менавіта ён стаў сведкам таго, як аднаго дня на казачным поўдні, на паляне сярод джунгляў, ціхім раннім часам пагусцела крыху паветра, паднялося лёгкае воблачка пылу, і вось — ні адсюль, ні адтуль — на траву апускаецца невялічкі апарат калачападобнай формы, і з люка вылазяць двое.
Трэба адзначыць, што дзіўны іх карабель з'явіўся менавіта бясшумна і незаўважна: гэта значыць, яны прызямліліся і толькі потым сталі бачныя. Вось яна якая тэхніка, абскурацыя гэта самая, якая дазваляе рабіцца нібы адсутным, калі на самай справе ты ёсць. Але хто мае вочы, той бачыць.
Значыць, яны прызямліліся, паказаліся і пачалі аглядвацца. А ўжо да іх з узлеску спяшаецца трэці, і апрануты ён, не ў прыклад гэтым — у зіхатлівых камбінезонах, а зусім як чалавек у той краіне: саламяны капялюш лейкай, падкасаныя па калені штаны, хустачка на шыі. І яшччэ здалёк пачалі яны гаварыць, але так па-чужому, што Пасвячонаму давялося, само сабой, уключыць свой транскамунікатар (апарат, які выдаецца, між іншым, па асаблівым дазволе), і толькі тады ён пачаў разумець іх тарабаршчыну.
Аднак дадзім слова самому Пасвячонаму.
Яны прывіталіся, — піша ён, — стрымана, нават суха, але твары іх задаволена свяціліся ад сустрэчы. Тыя, што прыляцелі, былі дужа маладыя, а хто сустрэў — сярэдніх гадоў.
— Вітаем Настаўніка, — вымавілі юнакі, і старэйшы адказаў:
— Вітаю пасланцоў Студыі Прагнозаў.
Студыёзусы пачалі моцна мітусіцца, нібы яны адразу мусілі прыступіць да неадкладнай справы; старэйшы ж далікатна стрымліваў іх, запрашаючы спачатку сесці і выслухаць яго, а ўжо потым брацца за тое, дзеля чаго яны прыляцелі.
Якія былі іх намеры, я ў першыя хвіліны не мог здагадацца. Аднак хутка зразумеў: юныя пасланцы Студыі Прагнозаў Н-6813 — свайго роду практыканты, кажучы нашай мовай, і накіраваныя на Зямлю для збору пэўных звестак, чым надзвычай ганарыліся; а Настаўнік, таксама зразумеў я, жыве тут ужо даволі доўга, ведае пра нас усё і знаходзіўся сярод нас, мабыць, з мэтай асвойтацца, каб потым прымаць практыкантаў. Няма сумненняў, што іх Студыя Прагнозаў рыхтуе спецыялістаў па Зямлі, якіх ім, нягледзячы на рознабаковую пра іх інфармацыю, тым не менш не хапае. Магчыма, паняцці «вычарпальная інфармацыя» і ў іх і ў нас не супадаюць.
Настаўнік пасадзіў нарэшце сваіх падапечных, і яны надзелі на галовы зіхатлівыя абручы (прылады для хуткага і глыбокага засваення, як я здагадаўся), і такім чынам пачаўся першы ўрок для іх па Зямлі ўжо непасрэдна на Зямлі.
Цяжка перадаць, што я перажыў, назіраючы гэты ўрок. Здзіўленне? Збянтэжанасць? Захапленне?.. Настаўнік мала гаварыў, скупымі і сціслымі фразамі-формуламі вызначаючы толькі пэўныя вехі, абагульненні; затое яго міміка, позірк, які бурна мяняўся, былі настолькі разнастайныя і багатыя і неслі, як відаць, такое мноства інфармацыі і з такой інтэнсіўнасцю, што мой транскамунікатар адразу ж перагрэўся, я ўжо нічога не разумеў і вымушаны быў выключыць машыну. Усё было ясна: Настаўнік — унікальны выкладчык і прадмет ведае, вядома, выдатна, на зайздрасць кожнаму з нас.
Яны знялі свае абручы, урок скончыўся, пачалі спрачацца. А тут і мой транскамунікатар паспеў астыць, і я ўключыў яго і зноў пачаў разумець іх размову.
Гасцей, як высветлілася, цікавіла разумная істота гэтай планеты, якую яны, між іншым, называлі «Хі», што ў перакладзе з іх мовы азначае «яйка». Такое было яго заданне — яны жадалі неадкладна ўбачыць гэту разумную істоту, прасачыць з дапамогай спецыяльных прыладаў яго эвалюцыю, а таксама разлічыць, як яна скончыцца. Трэба сказаць, што самым дзівосным з іх дзівоснай апаратуры быў эвальвентар, гэта значыць расшыфравальнік, узнаўляльнік чаго-небудзь ад пачатку да канца, няхай гэта «што-небудзь» пачалося нават мільён гадоў таму назад. Да эвальвентара падключаўся дэкуртар, або скарачальнік, які паскараў працэс, а таксама — амнівізар, з дапамогай якога ёсць мажлівасць усё выразна назіраць — прызначэнне гэтых апаратаў я зразумеў пазней. Адным словам, узброены яны былі казачна, і не цярпелася ім сваё ўзбраенне выпрабаваць на справе. Але Настаўнік прасіў не спяшацца, вывучыць напачатку хоць бы флору і фаўну гэтай вось паляны. І яны да часу пакінулі свае грозныя апараты і разбрыліся, а выкладчык іх сядзеў з усё тым жа пяшчотна-сумным выразам твару.
А мне было цікаўна назіраць, як маладыя рухаюцца па паляне, раз-пораз робячы вялікія скачкі (гэту асаблівасць ноблаў я ведаў яшчэ з першай сустрэчы з імі васемнаццаць гадоў таму назад), якім пазайздросцілі б самыя славутыя нашы спартсмены.
І вось адзін з іх, вышэйшы, якога ў далейшым мы будзем называць «Першы», наткнуўся на адзінокі пень, убачыў лужыну каля яго, зачэрпнуў далонню, прыгледзеўся і здзіўлена вымавіў:
— Лон!
— Так, — сказаў Настаўнік — Па-мясцоваму будзе «дафнія».
— Як тут апынуўся наш лон? І такі дробненькі! І чаму ён плавае?
— Тут жывуць таксама сухапутныя лоны, якія скачуць, — адгукнуўся Настаўнік. — Яны таксама дробныя. І паразітуюць на жывых.
— І разумных? — спытаўся Другі, які падышоў.
— І разумных.
— Нашы ў сто адзін раз больш.
— У сто адзін і шаснаццаць сотых, — паправіў Настаўнік. — І нашы на нас не паразітуюць.
— Гэта і немагчыма, — засмяяўся Другі.
— Ты верыш у той стары прымітыў? — насупіўся Першы.
— Тэорыя Спіу не прымітыў, — з лагоднай усмешкай вымавіў Настаўнік. — Яна была стройная.
І яны зноў пачалі спрачацца, і з іх спрэчак я зрабіў вывад, што нейкі іх мудрэц Спіу ў свой час распрацаваў тэорыю, у якой даводзілася, што ноблы паходзяць ад лонаў, гэта значыць ад іх дафніяў: сведчаннем таму некаторыя іх старыя эмблемы, статуэткі, культ насякомых у продкаў, а таксама ўменне ноблаў цудоўна скакаць. Далей я ўразумеў, што тэорыя іх мудраца была з часам адрынутая, аб'яўленая лжэнавуковай і аддадзеная забыццю, а новая гаварыла, што ноблы паходзяць ад ноблаў, і гэта цяпер лічылася настолькі аксіёматычным, што, нават маючы на ўзбраенні такія разумныя машыны, як эвальвентар, амнівізар і іншыя, з дапамогай якіх можна было б за самы кароткі час аднавіць і прасачыць на экране іх эвалюцыю, яны адмаўляліся ад такога доследу, бо падобнае расцэньвалася як учынак невуцкі, а то і амаральны, а таму правесці такі дослед проста нікому і ў галаву не прыходзіла. Ноблы паходзяць ад ноблаў — гэта зразумела і дзіцяці, гэта быў абсалют.