Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 42)
Ён усміхнуўся ў цемры, ледзь прыўзняўся на локці, вуснамі знайшоў плячо каханай, выгін яе шыі. Неверагодна! Толькі аднойчы ў жыцці бачыў ён такія шыі, калі выпадкова зайшоў у карцінную галерэю і доўга ўстрывожана разглядаў партрэты даўнейшых майстроў, намагаючыся зразумець, што ў іх не так. Людзі як людзі, памерлі ўсе даўно, а нешта хвалюе, асабліва вобразы жанчын. І калі ён месяцы тры таму спаткаў у запыленых і пракураных калідорах канторы сваю фею, дык прайшоў бы, зразумела, міма, каб не засвяціла яму з туману клопатаў і штодзённасці гэтая тонкая белая шыя. Ён загаварыў з дзяўчынаю, даведаўся, хто яна і з якога аддзела. Пасля, пры сустрэчах у калідорах офіса, стаў спыняць яе, крыху гулліва жартаваць, без ніякай задняй думкі.
Аднекуль пачулася музыка, і ён паглядзеў у бок закрытага шторкай ілюмінатара. Там халодны красавіцкі акіян, плывучыя льды і ніколі раней не бачаныя ім айсбергі. Там, наперадзе, — Амерыка. Раскошная, яркая краіна, нечым падобная на іх велізарны непатапляльны лайнер. Там, наперадзе, яшчэ тыдзень, а то і два, свята, а тут... Тут — галоўнае. Яго дзяўчынка, яго знаходка, дыямент, адшуканы на сметніку жыцця.
Ён прыгадаў сваё нечаканае і крыху незвычайнае прызнанне ёй у каханні.
Ён ужо даўно купіў за некалькі тысяч манет каюту другога класа на сама вялікі ў свеце параход, які рыхтаваўся ў сваё першае плаванне з Саўтгемптана да берагоў Амерыкі. Ён закінуў справы, прадчуваючы Сама Вялікае Свята свайго жыцця. Ён упіваўся гэтым прадчуваннем, выразна ў той жа час уяўляючы, што пасля падарожжа яго чакае звычайнае руціннае жыццё, са сваімі праблемамі і падкопамі, але гэта будзе потым, потым, а цяпер — Аддуха, Свята!
У гэтым эйфарычным стане, ужо склаўшы рэчы і аддаўшы апошнія распараджэнні, ён абыходзіў кантору, развітваўся, выслухоўваў жарты і пажаданні, некаму абяцаў сувеніры і тут, як заўсёды ў калідоры, сустрэў белашыюю дзяўчынку.
Ён узяў яе за рукі, гучна і весела загаварыў і раптам змоўк — у яго нават у роце перасохла, а язык здранцвеў, быццам ад наркозу.
Ён упершыню ўбачыў тое, чаго не заўважаў колькі месяцаў. Як прыгожа струменіцца па яе голай шыі танюткі срэбны ланцужок, як знікае маленькі крыжык у мяккім змроку лагчынкі...
— Што ж нам рабіць? — немаведама ў каго спытаўся Ён. — Разумееш, малеча. Вось я гляджу на твой крыжык і зусім не думаю пра Бога, не магу пра яго думаць. У думках я выцалоўваю твае дзівосныя грудзі, прытуляюся да іх вачамі, паколваю і казычу іх вейкамі. Бог пра гэта, дарэчы, ведае і даўно дараваў мне.
Дзяўчына маўчала. Яна апусціла вочы, і Ён раптам зразумеў, што яго словы Ёй падабаюцца, што Яна ўспрымае іх як дзеянне і што калі Ён цяпер жа не скажа Ёй усяго, дык потым будзе іначай — горш ці наогул блага.
— Паслухайце, — сказаў Ён, пераходзячы на «вы» і горнучы Яе да сябе. Ён зусім забыўся, дзе знаходзіцца, забыўся, што іх могуць убачыць. — Я паслязаўтра адплываю ў Амерыку. Я вас вельмі прашу, проста малю: складзіце мне кампанію. Я буду чакаць вас у порце. Я ўжо чакаю.
— Добра, — слаба ўздыхнула Яна, і Ён, ашалелы ад нечаканага шчасця, пабег пераафармляць квіток.
І вось яго радасць побач! І хоць яны трое содняў запар п'юць шампанскае, дарагія віны і каньякі, хоць целы іх не паспяваюць астываць ад любоўнага агню, дыханне Яе па-ранейшаму чыстае і цнатлівае, быццам дыханне дзіцяці, а скура пахне кветнікам — так думаў Ён, засынаючы і ўздыхаючы ад спакою і пяшчоты, разлітых у кожнай клетачцы цела.
А карабель іх плыў, грукаючы ў трумах машынамі, свецячыся агнямі ўсіх адзінаццаці жылых палубаў. Па-ранейшаму грымела і млява ўздыхала музыка ў яго кавярнях і рэстарацыях, кружыліся ў яе гуках закаханыя пары, мужчыны курылі і гулялі ў брыдж, пілі, абмяркоўвалі сусветныя праблемы і жаночую прыгажосць — частка зямнога свету рухалася ад аднаго мацерыка да другога.
Потым была раніца. Яны заказалі сняданне ў каюту, Яна піла шампанскае і многа смяялася. А яшчэ Яна дурэла ў тую раніцу і, калі елі дэсерт, пачала вуснамі забіраць у яго ягады з марожанага (Ён нават не запомніў — якія), і чым гэта скончылася, нават сама нездагадлівы ці па-пурытанску настроены чытач ужо, вядома, зразумеў.
Яны цешыліся раскошай гэтага плывучага палаца, пабывалі ва ўсіх яго барах і рэстарацыях, дзе бавілі час каля дзвюх тысяч чалавек, і Ён паказваў Ёй мільянераў і беднякоў-эмігрантаў, але ні з кім асабліва не заводзіў знаёмстваў, бо перш за ўсё яны былі занятыя сабою.
Выявілася, што яго маленькая фея выдатна танцуе. Ён з радасцю даведаўся, што яна любіць салодкае і баіцца цемры. Здаецца, на другі ж дзень Ён пералічыў радзімкі на яе целе, кожную пацалаваў і сказаў, што каб быў астролагам, дык будучыню прадказваў бы не па зорках, а па яе радзімках. А ў адзін з вечароў яго каханая ў размове працытавала нечыя вершы. Яны спадабаліся Яму. Ён спытаўся, чые гэта радкі, і Яна пачала чытаць Яму санеты Шэкспіра, і гэта было так хораша, што Ён слухаў, затаіўшы дыханне, хоць ніколі раней вершамі не цікавіўся. А яшчэ... Зрэшты, гэта пусты занятак — апісваць чужое шчасце. Якое б яно ні было, вялікае ці малое, яго ўсё роўна трэба перажыць самому.
У той дзень яны вячэралі ў «Кавярні Парызьен» і вярнуліся ў каюту рана.
Ён падхапіў Яе на рукі на парозе каюты, закружыў, потым апусціў на ложак, пачаў нецярпліва расшпільваць туфелькі...
— Я засынаю, пусці мяне, любы, — сказала Яна праз нейкі час і адразу ж заснула, зняможаная ад хмелю кахання, ад імі прыдуманага і здзейсненага свята, якое доўжылася ўжо чатыры ці пяць дзён.
На ёй не было нічога, акрамя крыжыка, і Ён выцалаваў Яе ўсю, духмяную і цёплую, асцярожна датыкаючыся да ўсіх выгінаў яе цела і ў душы дзівячыся з гэтых сваіх пацалункаў: ніводнай жанчыны за ўсё сваё жыццё Ён так не цалаваў. Пад канец Ён пацалаваў крыжык на яе грудзях і патушыў начнік.
Ён лёг на спіну і ўявіў зоркі, якія бачыў на палубе, — калючыя, маленькія, змерзлыя, — нездарма ж пад вечар так пахаладала.
Вусны яго ўсё яшчэ памяталі крыжык. Ці то па кантрасце — метал і цела, ці то з-за таго, што тут, на караблі, упершыню ажыццявілася яго крыху дзіўнае прызнанне ў каханні, якое Ён за гэтыя дні паўтарыў — не ў думках, а наяве! — дзесяткі разоў, і кожны раз яго пранізвала вострае пачуццё шчасця, што ні ў якое параўнанне не ішло з тым, падказаным фантазіяй.
Яно было такое вялікае, усеабдымнае, што ўвабрала ў сябе цяпер і свята іх целаў, і бязмежнасць волі і пяшчоты, і гэты крыжык, і далёкія халодныя зоркі, пераблытала ўсё, размыла ў перадсоннай асалодзе, і з гэтага марыва выплыла раптам думка пра Бога. Ціхая, спакойная, зусім не адпаведная тым бурлівым пачуццям, якімі Ён жыў апошнія дні, нават не думка, а малітва, самаробная і наіўная, як уздых, як апошняе прызнанне.
«Калі ты ёсць... Там, сярод зорак... Калі ты ўсемагутны... Зрабі так... Зрабі так, каб гэта доўжылася вечна! Ну, не вечна, я разумею... Усё жыццё. Усё наша жыццё. Я не хачу вяртацца дадому, у кантору. Я не хачу страціць яе. Не хачу хітраваць, маніць, выкройваць некалькі гадзін для сустрэч у гатэлі. Я не хачу былога жыцця, Госпадзі! Ні канторы сваёй, ні горада. Дай нам усё новае, Госпадзі. Падоўжы гэтае свята. Калі ты ўсемагутны, разбі, калі ласка, гэты карабель аб каралавыя рыфы і дай нам кавалачак раю! Не, не, не твайго, я яго і дарма не хачу. Хай гэта будзе незаселеная выспа, я ўсё зраблю сваімі рукамі, Божа, я здолею, я люблю працаваць. Я складу сваё жыццё на выспе па цаглінцы, як гэта робяць майстры-муляры. Мы народзім шмат дзяцей. Я паклапачуся, каб мая каханая дзень і ночь насіла маё чарговае дзіця, Госпадзі. Тут тваёй дапамогі не спатрэбіцца. Ты толькі разбі, калі ласка, гэты карабель!..»
І толькі Ён паспеў дадумаць апошнія словы малітвы, як адбыўся цуд.
На імгненне Ён некуды ці то нырнуў, ці то праваліўся і апрытомнеў ужо па пояс у вадзе з каханай на руках. Вось яна — выспа! Гарачае сонейка, пальмы, яркая зеляніна. Дзякуй табе, Госпадзі! Я ніколі не верыў у цябе, дакладней, не задумваўся над тваім існаваннем, а ты, значыцца, ёсць, такі шчодры, велікадушны. Як б'ецца сэрца! Застаецца толькі пабудзіць маю новую жонку, паказаць ёй рай, які ты нам падараваў, і падзякаваць табе, усемагутны...
Стукалі ў дзверы каюты.
Ён шчоўкнуў замком, яшчэ пагойдваючыся ў пяшчотных хвалях сну і шкадуючы, што гэта быў толькі сон.
У калідоры стаяў марскі афіцэр.
— Мы тонем, — сказаў ён. — Тэрмінова адзеньце выратавальныя камізэлькі на сябе і на даму і падымайцеся на палубу, да шлюпак. Прашу як мага хутчэй.
— Вы паслалі сігнал бяды? — ачмурэла спытаўся Ён, усё яшчэ не развітваючыся са сном-мрояй і не прымаючы рэальнасці таго, што адбывалася.
— Вядома, — адказаў афіцэр. — Радыст перадае яго няспынна. Абавязкова адзеньцеся ў цёплае. Прабачце, я мушу ісці будзіць астатніх пасажыраў.
Ён пайшоў, не зачыніўшы дзвярэй.
Наш герой дакульгаў да ложка, стаў тармасіць каханую.
— Супакойся. Дай мне паспаць, — слаба адбівалася Яна, думаючы, напэўна, што Ён зноў дамагаецца кахання.
— Ды прачніся ты! — закрычаў Ён. — Мы тонем!
Ён змарнаваў добрае паўгадзіны, каб пабудзіць яе і прымусіць адзецца, адзецца самому і нацягнуць жоўтыя выратавальныя камізэлькі.
— Ты ўсё прыдумаў, скажы?! — жаласна паўтарала Яна, не знаходзячы патрэбных рэчаў. — Любы, скажы, што ты пажартаваў. Ты жартуеш, га? Наш карабель не можа патануць — пра гэта пісалі ўсе газеты. Навошта гэтыя недарэчныя жарты? Я стамілася. Я хачу спаць. Паслухай: усё спакойна. Ніхто нікуды не бяжыць, не чуваць гудка.