реклама
Бургер менюБургер меню

Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 41)

18

— Што з табою? — спытала жонка. — Ты быццам мёртвы.

— А я і праўда мёртвы, — згадзіўся Мастак. — Ты што — толькі цяпер заўважыла?

Жонка не пачала, як звычайна, кпіць. Ці то адчула, што яму блага, ці то засумавала.

— Ты з дарогі, кладзіся сёння раней.

У ложку яна мякка прытулілася да яго пляча. Ён заплюшчыў вочы і ледзь не застагнаў: уявіў, што побач тая, другая, жаданая да апошняй клетачкі. Вось яна, адзіная, духмяная і шаўкавістая, яго каханая. Ён стаў прагна цалаваць яе цела...

— Што з табою? — здзівілася жонка.

У гэты ж позні час у другім доме адбылося нешта падобнае.

Адчуўшы на плячы мужаву руку, Рэстаўратар нечакана прыгадала Мастака — вялікае дзіця, пакрыўджанае ёю, — і ледзь не захлынулася ад хвалявання: як дрыжаць у яго вусны і перарываецца голас, гэта ж ён побач, гэта яго рука...

І нават дзеці нарадзіліся пасля гэтага вечара ў абедзвюх сем'ях — нармальныя, добрыя дзеці. Праўда, ціхія, як і ўсе дзеці, зачатыя без вялікага кахання. Праўда і тое, што не гэта галоўнае ў нашай аповесці і што аповесць пра цёплы веснавы вечар на гэтым не скончылася.

Жонка пра нешта спыталася, але Мастак зрабіў выгляд, што спіць.

«А душа ж толькі што адыходзіла, — падумаў ён. — Не было яе, адлятала. Не ад шчасця, вядома. Якое там шчасце. Знікла і не вярнулася. Дзе ж ты была, душа мая? Пачакай... Здаецца, разумею. Яна зноў лётала да Яе! Чаму ж тады?.. Якое дзіўнае адчуванне. Здаецца, што я сапраўды быў са сваёй каханай, што яна адказала нарэшце на маю любоў... Адчуванне такое, быццам адбылося нешта незвычайна рэдкае, дзівоснае. І ў той жа час... Чаму ж ты так шчыміш, душа? Чаму ты плачаш?»

Мастак не ведаў пра існаванне спірытасферы, не мог уявіць яе, тым больш убачыць, але слабое водгулле незвычайнай з'явы, што адбылася толькі што ў ёй, дайшло да яго разумення, прымусіла радавацца і пакутаваць адначасова.

Ніхто з людзей, у тым ліку і касманаўты арбітальнай станцыі, якая ў той час праходзіла над Чорным морам, не бачыў (дый не мог убачыць), як з розных канцоў соннага горада, быццам сігнальныя ракеты, узляцелі ў глыбіні космасу дзве зорачкі, дзве чалавечыя душы, як яны завяршылі свае высокія парабалы насустрач адна адной і на момант зліліся, а пасля, крыху пацямнелыя, упалі назад, на зямлю.

У кропцы іх зліцця загарэлася воблачка кварка-глюённай плазмы — жамчужна-пяшчотнае, маленькае, радасна-патрэбнае Спірытасферы і Абсалюту ўвогуле, больш таго — патрэбнае ўсёй светабудове. Гэта быў акт нараджэння Больш Дасканалай Структуры, якую спірытасфера мусіла яшчэ выняньчыць і выгадаваць, у якой на зямных мовах сто імёнаў, у тым ліку і ласкавае — Анёл.

Не звярнула ўвагі на гэту неардынарную з'яву і душа Георга Вільгельма Фрыдрыха Гегеля, якая па-ранейшаму сузірала самую сябе на панелі сонечнай батарэі арбітальнай станцыі і па-ранейшаму крыху перашкаджала спецыялістам Цэнтра кіраўніцтва палётам.

Раніцаю Мастак як на крылах паляцеў у Майстэрню. Яго любая была на месцы: такая хатняя, усмешлівая, быццам і сапраўды жонка, удзячная за нечаканую праяву маладога кахання.

— Божа мой, як я па табе засумаваў! — выдыхнуў ён.

Не адважваючыся наблізіцца, дакрануцца, ён загаварыў, і яго палкае трызненне было, як заўсёды, крыху бязладнае. Мастак заклінаў і крыўдзіўся, спрабаваў пераконваць і тут жа, спалоханы, што яго няправільна зразумеюць, пачынаў немаведама за што прасіць прабачэння. Калі ён стаў выстройваць складаную лагічную канструкцыю наконт таго, што баіцца нашкодзіць ёй, што магчыма, заняў нейкае месца ў яе жыцці і гэта, магчыма ёй перашкаджае, Рэстаўратар раптам перапыніла яго:

— Ніякага месца ў маім жыцці вы не займаеце.

Ён змоўк на паўслове, быццам бег з усяе моцы і раптам грымнуўся аб сцяну, што невядома адкуль з'явілася на дарозе.

— Амаль усе людзі хлусяць, — нечакана дадала яна, маючы на ўвазе ці то яго любоўнае трызненне, ці то свае жорсткія словы.

Мастак, прывучаны жыццём заўсёды разлічваць на горшае, вінавата прамармытаў нешта і выйшаў з пакоя. Ён ледзьве перастаўляў ногі. Самнамбула, паўтруп, зомбі — у гэты момант ён нічога навокал не бачыў і не чуў. Калі сэрца раней часам калола ці пабольвала, то цяпер яно пякло так, быццам яго апарылі кіпенем. Ён раптам зразумеў: усё канчаецца, так і не пачаўшыся. Нешта ці нехта — яна, ён сам, абставіны? — бязлітасна рве сонечнае павуцінне іх бабінага лета, іх нясмелае прыцягненне аднаго да аднаго, а ён, дарослы разумны мужчына, не ведае, як быць, што зрабіць. Што за гіры, што за атрута гэтыя словы: немагчыма! Позна! нельга!

З майстэрні Мастак звольніўся. Ён працаваў дома, шмат піў, шмат выстаўляўся, больш таго — яго заўважылі за мяжою, некалькі карцін купілі пасля выставы.

Пасля нараджэння Анёла прайшло каля чатырох гадоў. Маленькі горад і агульныя справы неаднойчы зводзілі Мастака і Рэстаўратара, але пра пачуцці свае ён болей не загаворваў — пытаўся пра дзяцей, пра навіны, але суха, змрочна, падсвядома асцерагаючыся, каб не адкрылася даўняя душэўная рана, не вярнулася вар'яцтва. Можа, яшчэ і таму хаваў ён пры сустрэчах вочы, што тая, якую раней называў адзінай і самай жаданай у свеце, неўзабаве стала бабуляю, крыху распаўнела і, па дзіўным законе прыроды, напаследак расцвіла: стала духмяная і белая, быццам тыя гронкі акацыі, пра якія ён любіў спяваць у добрай кампаніі.

А Мастак восенню ўзяў ды памёр. Не хварэў, не ляжаў у бальніцах, хоць здароўем асаблівым і не вызначаўся, упаў сярод вуліцы — і не стала яго на зямлі. Інсульт, інфаркт — якая табе розніца, чытач.

На пахаванне прыйшло многа людзей. Прыйшла і Рэстаўратар, з сяброўкай. Была яна бляднейшая, чым звычайна, але трымалася малайцом, як заўсёды, хаваючы ўсё ў сабе: ёсць такая парода людзей, незразумелых антыподам.

Развітанне вырашылі зрабіць на вуліцы, і труну вынеслі з кватэры, паставілі на дзвюх лаўках перад пад'ездам.

Анёл, які прыйшоў дапамагчы бацькавай душы, стаў, нябачны, у галавах. Ён мог лёгка вылучыць з агульнай аўры журбы думкі і пачуцці кожнага — чуў і зацікаўлены шэпт двух калег нябожчыка, якія вырашалі, ці дастаткова куплена гарэлкі для памінак, і нечую паскудную думку пра ўдаву зафіксаваў, але ўся яго ўвага была звернута на маці. Яна стаяла крыху воддаль, каля стаптанай клумбы, сяброўка непрыкметна падтрымлівала яе пад локаць. Пасля, калі нехта з арганізатараў пахавання прапанаваў развітацца, анёлава маці рашуча падышла — ён упершыню ўбачыў яе так блізка, побач, — пацалавала Мастака ў вусны і заплакала. Сяброўка адвяла яе ўбок, нешта зашаптала на вуха, але маці сказала: «Няхай... Я паеду на могілкі».

І пакуль аўтобус з жалобнай паласой пыліў сярод лавандавых палеткаў, якія так любіў Мастак і якія неяк жартаўліва ахрысціў «пашай Анёлаў», нябесны сын яго заставаўся каля нябожчыка, і думкі яго былі пра дзіўнае, незразумелае чалавечае быццё.

Вось бацькі яго. Пры жыцці бацькі нават ніводнага разу не пацалаваліся. А яны прыродай былі ж створаны адно дзеля аднаго. Не здолелі пераступіць цераз чалавечыя законы... І вось — раз'яднаныя назаўсёды. Шкада. Так недарэчна. Абсурдна... Няма парадку на зямлі. Не было і ніколі не будзе, бо чалавек трыста разоў несвабодны. Ён трыста разоў звязаны законамі, нормамі, умоўнасцямі, ён трыста разоў нявольнік і нікчэмнасць, але ён жа — дзіўна, дзіўна — і Бог па сутнасці сваёй.

Анёл не зазіраў у матчыну душу — гэта яе, усё яе. А што ёсць там святло і што было яно ў бацькавай душы, дык само яго нараджэнне — выдатнае таму сведчанне. Не кожны дзень у спірытасферы з'яўляюцца Больш Дасканалыя Структуры, а кажучы прасцей, не кожны дзень нараджаюцца Анёлы.

І смутку Анёл асаблівага не адчуваў, бо там, у свеце Абсалюту, няма пачуццяў і эмоцый у звычайным зямным разуменні.

— Не пакутуй так, не трэба, — прыгалубіў ён бацькаву душу. — Усё пройдзе. Праз сорак дзён супакоішся.

У перакладзе з нябеснай на зямную мову ён шкадаваў аб няведанні людзей, асабліва гэтых, родных, што стварылі яго, істоту найвышэйшага парадку. Шкада, што яны, спадзеючыся на бяссмерце душы, не разумеюць простага: усё зямное там страчвае сэнс. Не квітнець больш лавандзе, не згараць у агні жадання, не пакутаваць і не радавацца, не патанаць табе, бацька, у бездані вар'яцтва, якое прымушала цябе ствараць, піць гарэлку, кахаць гэтую белатварую жанчыну, чужую жонку. І нават калі я, праз шмат гадоў, правяду яе душу ў нашы прасторы, вам ужо ніколі не быць разам. Вы не заўважыце адно аднаго, як Георг Вільгельм Фрыдрых Гегель не заўважыў цуду майго нараджэння, бо жыццё і каханне дадзены толькі жывому.

Аўтобус спыніўся на ўзгорку, сярод зялёных дрэў і надмагілляў. Анёл яшчэ раз пагладзіў бацькаву душу і стаў выпростваць свае кварка-глюённыя канечнасці, якія толькі ўмоўна, ад вялікай фантазіі, можна было назваць крыламі.

Леанід Панасенка. Уратуйце нашы душы!

Пераклала Галіна Шаранговіч

Яшчэ ніколі ў жыцці ён не быў такі счаслівы.

Усё сышлося, зладзілася як мага лепей. У канторы — парадак. Нарэшце з'явіліся грошы, а адкуль і як — што каму да гэтага. Дом — поўная чаша, жонка задаволеная жыццём, што з жанчынамі бывае астранамічна рэдка, дзеці — здаровыя. Што яшчэ, скажыце, трэба нармальнаму, сярэдняму чалавеку? Так, ён ведае, што не вызначаецца асаблівым розумам і не дасягнуў вяршынь, ён ведае дзесяткі спакусаў, якія недаступныя яму і будуць недаступнымі яго дзецям — і тым не менш шчаслівы. Бо ведае ўсяму цану і мяжу. Ён даволі малады, Бог даў яму здароўе, дастатак і яшчэ — вось гэтае чароўнае юнае стварэнне, што сонна дыхае цяпер яму ў плячо. Зрэшты, якая лухта. Ніхто нічога яму не даваў. Ён усё зрабіў сам, сам дасягнуў, здабыў, заваяваў. І калі ўжо дзякаваць за гэта, дык не Богу, не ўдачы, не выпадку, а сабе! Толькі сабе.