Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 26)
Новая хваля грукату: яшчэ адна бруя шуганула ўгору і дасягнула карабля. У тым месцы нешта асляпляльна ўспыхнула, і іглакол стаў валіцца на Горад, пакідаючы за сабой трасу гаснучых жоўтых агеньчыкаў. Праз некалькі хвілін пачуўся доўгі раскацісты рык. — Чорнае вывяржэнне! — прашаптаў Дыега. Яны ўжо імчаліся на поўнай хуткасці, і за кармой узнялася паласа пылу. А з дзіўнага разлому раптам з лямантам плюнула яшчэ адна чорная бруя, шугаючы на незвычайную вышыню. На Станцыі здагадаліся выключыць канал пад'ёмніка, і чорны слуп, які толькі што рос, абарваўся і стаў падаць з неба велізарнымі чорнымі пырскамі, адна з якіх, памерам з гару, цудам мінула танк. «Павуцін» з'явілася незвычайна багата, яны мітусіліся ў паветры, не заўважаючы танка, але Грэхаву назіраць за тым, што адбывалася, не было калі, і ён не ўбачыў, чым скончылася жудасная сваёй магутнасцю і незразумеласцю з'ява.
Танк з ходу паглыбіўся ў першую з «вуліц» Горада, што ішла чорнай лававай ракой у глыбіню прывіднага, насычанага блакітнаватым туманам свячэння масіву. Тут таксама раіліся «павуціны», большасць іх заляцела да месца падзення іглакола, астатнія выстройваліся ў адну вялізную сетку, якая накрывала Горад згары. Чамусьці позірк Горада было лягчэй трываць, а можа, людзі адцягваліся ад аналізу сваіх адчуванняў. Ва ўсялякім выпадку, мозг спраўляўся з уплывам пабочнага псіхатроннага выпраменьвання. Прыёмнікі перасталі грымець, і ў ватнай з шэлестам цішыні яны раптам пачулі... плач дзіцяці! Гэта было дзіўна і пачварна! Адкуль у Горадзе магло ўзяцца дзіця?!
Сташэўскі пераключыў дыяпазоны і свіснуў. Плач, дакладней, тоненькае тужлівае завыванне панавала на ўсіх нясучых хвалях. Больш таго, плач чуўся з усіх бакоў, браць пеленг было бескарысна.
Яны так і не разабраліся, што гэта было — ці рэха перадачы са Станцыі, ці фокус нязвыклай перашкоды, ці нешта яшчэ... Буйная вібрацыя скаланула раптам Горад. Аднекуль знізу, з таямнічых яго глыбіняў, пачулася нізкае магутнае гудзенне. Адразу ў некалькіх месцах загучалі мулкія моцныя ўдары — выбухалі «павуціны». Грэхаў зірнуў на пульт і жахнуўся. У прасторы адбываўся канец свету! Прыборы паказвалі вар'яцкі танец сілавых палёў, неверагодную шчыльнасць выпраменьвання! Ціск за бортам то падаў да нуля, то ўзнімаўся да велічыні ўнутрызоркавага! Тэмпература мянялася штосекундна!..
Але на ўсё гэта яму было напляваць, галоўнае было тое, што ў цэнтры пульта глядзела на яго злавеснае рубінавае вока: ахова рэактара давала збоі, поле не трымала, пульсавала, нешта яно расчапляла, і разгублены аўтамат хутка-хутка пераключаў генератары з асноўнага на дубліруючы.
Сташэўскі ацаніў небяспеку хутчэй за Грэхава.
— З танка, мігам! — гаркнуў ён і адным рухам адкінуў Малчанава да люка.
— Навошта?! — незвычайна здзівіўся той.
Грэхаў прытармазіў. Дыега Вірт моўчкі падштурхнуў ахопленага разгубленасцю камунікатара да выхаду і махнуў на развітанне рукой.
«Дружа, прыйшла твая чарга дзейнічаць самастойна...» — мільганула ў Грэхава імгненная думка.
Танк ізноў імчаўся над струменістай чарнечай «вуліцы», пад ім грукацела і гуло, і наперадзе паказаліся ўжо рэдкія клубы шэрага дыму: дзесьці дагараў пасля падзення іглакол. Дзве бліскучыя фігуры змяншаліся ў памерах і неўзабаве зніклі за паваротам.
Сташэўскі спрабаваў нешта зрабіць з наладкай аховы, але рубінавае вока палала нястрымна, да выбуху заставаліся, магчыма, нейкія імгненні, і Грэхаў усё павялічваў хуткасць, быццам спрабуючы ўцячы ад самога сябе, ад сваіх думак і страху.
На адной з «вуліц», што перасякалі дарогу, дагаралі рэшткі разбітага дэсантнага шлюпа, яны праскочылі паўз яго, але Сташэўскі крыкнуў: «Стой!» — і Грэхаў спыніў танк.
— Бяжы!
— Не!
— Ды бяжы!..
Сташэўскі раптам схапіў Грэхава за плячо, і ўсе яго сто з лішкам кілаграмаў вылецелі з крэсла.
— Я прашу цябе, Габрыэль, — амаль бязгучна сказаў ён.
Ніколі Грэхаву не забыцца на яго твар, калі ён гаварыў сваё: «Я прашу цябе, Габрыэль...»
Унутры яго быццам нешта зламалася. Ён не памятаў, як выбіраўся з кабіны, а калі азірнуўся, танк быў ужо далёка. Нарэшце схаваўся за паваротам, а Грэхаў усё пазіраў яму ўслед праз слёзы, што набягалі на вочы, быццам ад злога ветру. Дзіўна, што «павуціны» не звярнулі ўвагі на такую зручную для іх цэль: ас забыўся ўключыць генератар ахоўнага поля, горб якога адчувальным цяжарам ціснуў на спіну. Ён толькі глядзеў і лічыў услых секунды. А потым асляпляльнае святло ўспыхнула над Горадам, выпаліла ўсе цені да смяртэльна зыркай белізны і апаліла твар гарачым дыханнем.
— Святаслаў! — прашаптаў Грэхаў застылымі губамі. — Святаслаў...
А Горад скаланаўся, вібрыраваў, стагнаў, хісталіся паўпразрыстыя сцены «будынкаў», растрэскваючыся пад акампанемент сатанінскага грукату і скрыгату, нізкі гул выбуху распаўзаўся цяснінамі «вуліц», са свістам праляталі, як віхуры, над Горадам чароды «павуцін». Пурпуровы смерч узносіўся ў неба. Зыркі, вясёлы і страшны смерч...
Грэхаў зрабіў крок наперад, і ў гэты час з чарады «павуцін» над галавой выпаў «шэры прывід» і апусціўся зверху. На адзін міг незвычайная глыбіня раскрылася перад Грэхавым. Быццам расчынілася брама ў іншы свет, у зусім чужы яму свет інакшай гармоніі... Сусвет калыхнуўся і закружыўся вакол яго... І ён пачуў, і не толькі ён — пачулі і Дыега Вірт з Малчанавым, якія паспелі пакінуць Горад, і пачулі людзі на Станцыі...
— Разумныя, спыніцеся! Не ўсе дарогі пазнання вядуць да мудрасці, задумайцеся над гэтым! Мы не рыхтаваліся да кантакту з вамі, так атрымалася, што надышла пара ўмяшацца. Вы даволі аператыўныя і паслядоўныя людзі, мы недаацэньвалі вас.
Мы, тыя, каго вы называеце «шэрымі прывідамі», даследуем жыццё дадзенай планеты не адно стагоддзе, але і да гэтай пары яна ў шмат чым загадка для нас. А вы... вы спрабуеце вырашыць гэтую праблему адным імгненным высілкам, вы спяшаецеся, падаеце, разбіваецеся, і нам усё часцей даводзіцца звяртаць на вас увагу, адрывацца ад сваіх задач і спраў.
Тое, што вы называеце Гарадамі, — гэта кантынуум больш складанага парадку, як прастора, гэта іншы сусвет, разумныя істоты якога, са свайго боку, спрабуюць наладзіць кантакт з намі.
Вашае ж з'яўленне на планеце змяніла ўмовы існавання Гарадоў, вы не валодаеце тымі відамі палёў, якія не дэстабілізуюць іх, і пры вашым з'яўленні Гарады распадаюцца. Вы, не ведаючы таго, знішчаеце свет, населены самымі старажытнымі з істот, якія абагналі ў сваім развіцці нават нас на мільёны гадоў!
Вашы спробы асэнсаваць жыццё Тартара зразумелыя і натуральныя, але вы яшчэ не гатовыя да кантактаў і павінны пайсці з планеты. Задумайцеся над сказаным, разумныя! Удачы вам на доўгім шляху!..
Уся перадача працягвалася імгненне — хто б яны ні былі, «шэрыя прывіды», у развіцці яны сапраўды нашмат апярэдзілі чалавецтва. Грэхаў яшчэ не паспеў ачуняць, як адчуў, што ён у палёце. Мільгануў і застаўся ўбаку Горад, наблізіліся скалы, і яго беражна апусцілі на рыжую глебу. «Шэры прывід» узняўся ўгару і знікнуў, ад скалы ж аддзяліўся металічны гігант і наблізіўся да Грэхава. Гэта быў Вірт.
— Жывы? — спытаўся ён з нейкай дзіўнай інтанацыяй. І Грэхаў зразумеў.
— Не... — амаль злосна адказаў ён. — Яны не паспелі яго...
З-за скалы выйшаў Малчанаў, падышоў да іх, раптоўна абняў іх за плечы, і яны не згаворваючыся паглядзелі ўгору, у зыбкую чарнечу начной атмасферы Тартара, за якой дзесьці іх чакалі ў трывозе таварышы. Зямляне...
Сахіба Абдулаева. Панаванне жанчын
Пераклаў Павел Марціновіч
Выехаўшы за межы горада, машына прыбавіла хуткасць. Сакавітая зелень паліўных палёў, чаргуючыся з жаўцізной палос выпаленай сонцам травы, імкліва праносілася міма і, быццам знікаючы з жыцця, заставалася дзесьці далёка ззаду.
Горы з вяршынямі, ахутанымі смугой, з рэзкімі белымі кляксамі ледавікоў, прысунуліся. І ў набліжэнні гэтым было абяцанне доўгачаканай прахалоды.
— Паветра якое! Што за паветра!
— Праўда, — пацвердзіў Сарвар, заклапочана зірнуўшы на нашага сына, які стомлена заснуў на маіх руках.
— Дзядзька, напэўна, зачакаўся, — сказаў Фатых. — Хутка прыедзем, вось тады зразумееце, што такое сапраўднае горнае паветра!
Сарвар зноў паглядзеў на нас з сынам, збавіў хуткасць, сказаў нягучна:
— Давайце перадыхнём, бо ўжо дзве гадзіны ў дарозе.
Я ўдзячна ўсміхнулася яму. Малы сапраўды стаміўся. Але калі Сарвар спыніў машыну на абочыне дарогі, ён расплюшчыў вочы, працягнуў да мяне рукі. Я выйшла з машыны, агледзелася і пагладзіла сына па худых шчоках:
— Глядзі, Джамшыд, як прыгожа?
Ля карэння старой алычы весела цурчала крыніца, падаючы на каменне з вузкай расколіны ў сцяне. Сонца, прабіваючыся праз вадзяны пыл, павесіла над ёй няяркую вясёлку. У вачах малога з'явіўся бляск, губы заўсміхаліся.
Калі мужчыны напіліся, я ўзяла ў іх піялу, напоўніла яе і, адпіўшы глыток ледзяной вады, прапанавала сыну. Ён прагна прыпаў да гаючай вільгаці.
— Хопіць, Шахноза, вада вельмі халодная, каб не прастыў малы, — клапатліва вымавіў Сарвар. — Пахадзі трошкі, разамніся, зараз паедзем далей.
У дарогу мы рушылі хвілін праз дзесяць.
Седзячы на заднім сядзенні і прыціскаючы да сябе схуднелае цельца Джамшыда, я гледзела ў акно, аднак нічога вакол не заўважала — мне не верылася, што яшчэ ўчора мы з сынам знаходзіліся ў душнай, распаленай ад гарачыні бальнічнай палаце. І замест перадгор'яў, што беглі міма, перад вачыма паўставалі карціны тых цяжкіх дзён...