Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 16)
— Заходні сектар лесу, — сказаў ён у мікрафон, — даю пеленг. А што здарылася? Хто наведвальнік?
Але дзяжурны ўжо адключыўся, і Грэхаву заставалася толькі варажыць, каму ён спатрэбіўся. Можа, яму нарэшце дазволяць пакінуць санаторый? Бо чуецца ён цудоўна... калі не лічыць заўсёднай хандры ад думак пра сваю працу, пра сяброў, пра Паліну. Пасля падзей на Самніі, спадарожніку Чары, калі ён тры гадзіны праляжаў мёртвы ў радыеактыўным склепе — былым выратаваўчым караблі, лекары на Чары амаль год змагаліся за яго жыццё, а Паліна... Яна нават не ведала, што ён на Чары... Зрэшты, яна ўвогуле не ведала, што Грэхаў застаўся жывы. Ды і лічаныя адзінкі ў аддзеле гэта ведалі, бо чарыяне не палічылі патрэбным паведаміць пра яго на Зямлю, сумняваючыся ў тым, што ён выжыве, але ён выжыў і выдатна пачуваецца... калі не лічыць... Так, пра Паліну ён думаў увесь час. І баяўся паслаць ёй вестку, сам не ведаў чаму, але баяўся. Грэхаў усё чакаў, што яна даведаецца сама. Можа, хтосьці ўсё ж паведаміў ёй? Дыега Вірт, напрыклад... альбо Сташэўскі. Яны ж ведаюць, што ён тут. Але калі гэта Паліна...
Грэхаў прыўзняўся з сядзення, углядаючыся ў заслону дажджу. Потым зазлаваў на сябе і сеў. Пасля сваёй часовай смерці... як гучыць, га?! — пасля смерці!.. Што ж, ён мог сказаць так з поўнай рацыяй. Пасля смерці ён стаўся больш уражлівы, хутка ўзбуджаўся, і, шчыра кажучы, гэта яму не падабалася.
А дзевятай гадзіне раніцы побач з яго апаратам апусціўся нарэшце нечы аранжавы хуткалёт. Грувасткая постаць выбралася з яго, і ён уздыхнуў: радасна і засмучана адначасна — сэрца чакала іншага наведвальніка. Гэта быў Сташэўскі, шэф другога аддзела Кіраўніцтва аварыйна-выратавальнай службы (КАВС), яго сябра і непасрэдны начальнік.
— Здароў, пустэльнік, — прабурчаў ён, залазячы ў кабіну. — Чаго пануры? Не рады мне? Занядужаў?
— І рады і здаровы. — Грэхаў з задавальненнем разглядаў яго карычневы ад загару твар. — Настрой паганы. Чарыяне не выпускаюць з санаторыя, навесілі на мяне кучу датчыкаў...
Грэхаў змоўк і звыкла агледзеў купал неба і сцяну лесу на схіле ўзгорка. Нешта змянілася там, нічога пагражальнага, вядома, але абвостранае пачуццё небяспекі неаднойчы ратавала калі не яго жыццё, дык шкуру, і пагарджаць інтуіцыяй ён не меў права.
— Жоўты туман, — растлумачыў Сташэўскі.
— Ну вядома ж, — з палёгкай сказаў Грэхаў. — А ты выдатна разбіраешся ў асаблівасцях чарыянскіх запаведнікаў.
Сташэўскі засмяяўся.
— Проста я даведаўся пра гэта ад дыспетчара медыцынскага цэнтра. Да таго ж па ўсёй тэрыторыі запаведніка лячэбныя туманы выпускаюцца рэгулярна двойчы на суткі. Пара б ужо ведаць.
— Ты і пра гэта даведаўся ад дыспетчара?
— Не. — Сташэўскі пазмрачнеў. — Некалі я таксама адпачываў тут... пасля хваробы. Была такая справа... Дык ты здаровы, кажаш?
— Як мур.
— Выдатна! Сёння з цябе здымуць ненавісныя датчыкі, і ты вольны. Шчыра кажучы, я не верыў у твае... словам, ты зразумеў. Яны чарадзеі, асабліва старшы лекар! Не пярэч, гэтая жанчына ўратавала не толькі тваё жыццё, але і здароўе, да таго ж, кажуць, яна аддавала табе часу больш, як трэба было...
— Мажліва, — неахвотна згадзіўся Грэхаў. — Як гэта незвычайна і арыгінальна — каханне зямляніна і іншапланецянкі... Хоць якія чарыяне іншапланецяне? Перасяленцы.
Сарказм у ягоным голасе прымусіў Сташэўскага нахмурыцца; але Грэхаў паклаў яму руку на плечы і, павярнуўшыся ўбок, прамармытаў:
— Ты ж ведаеш, Святаслаў, ты ўсё цудоўна ведаеш...
— Што я ведаю? — адказаў спахмурнелы Сташэўскі пытаннем на адказ. — Нічога я не ведаю. Паліна змучылася, схуднела. Ты ж ёй не паведамляў, што жадаеш яе бачыць, а яна чакае... Паехалі.
— Не паведамляў, — з цяжкасцю сказаў ён. — Такіх паведамленняў не чакаюць, ляцяць адразу, калі ведаюць куды... А калі яна ведае... Куды паехалі?
— Да карабля.
— Вось так адразу?
— А табе што — фрака не хапае? Э-э, дружа, відаць, ты не зусім яшчэ здаровы, разгубіўся, стаў бледны... Можа, застанешся яшчэ на пару тыдняў?
— Досыць смяяцца. — Грэхаў уключыў рухавік, і яны ўзняліся ў паветра. — Дык куды ляцім? Трэба ж папярэдзіць у медцэнтры, датчыкі зняць...
— Гэта мы за адну хвіліну! А на караблі цябе агледзяць медыкі КАВС. Як жывы экспанат. Не пярэчыш?
Грэхаў не пярэчыў.
— Але я яшчэ не ўсё сказаў, — прыжмурыўся Сташэўскі. — Я таксама думаю, як і чараянка твая, што ты здаровы, таму скажу адразу: вылятаем мы ў раён туманнасці Чорная ружа, зорка Ціна, планета Тартар. Па каналах Кіраўніцтва абвешчана трывога: планета смяртэльна небяспечная для чалавека, неабходна наша ўмяшанне. Код трывогі — жыццё людзей! І ўлічы — там будзе вельмі нясоладка.
«А дзе бывае соладка? — падумаў Грэхаў. — Там, куды пасылаюць нас, заўсёды горка і цяжка. І небяспечна. Навошта ён гэта кажа? Думае, я адмоўлюся? Неразумна...»
— Я выбраў цябе, — працягваў Сташэўскі, — бо... словам, бо я ведаю. Праўда, паглядзеўшы на цябе, там могуць мяне няправільна зразумець, яны ж не ведаюць, што табе ўжо дваццаць восем, а не тыя пятнаццаць гадоў, на якія ты выглядаеш.
— Гэта жарт з барадой, Святаслаў. Ты можаш толкам сказаць, што нас чакае?
Сташэўскі паціснуў плячыма, павярнуўшы напаўпаварота сваё грувасткае тулава.
— Звычайны выратавальны рэйд. Ну не зусім звычайны, вядома. Пацярпі, у караблі пра ўсё даведаешся. Аднак давай хутчэй... Дождж сціхнуў, сталася куды святлей, над лесам, кіламетраў за пятнаццаць, бліснуў у белаватай смузе спічак лячэбнага цэнтра.
У раёне тэты Ліры, на прамежкавай станцыі, карабель падабраў групу асаў, узначальваў якую, на радасць Грэхава, Дыега Вірт. Яны прагаварылі ўсе тры гадзіны падрыхтоўкі і палёту трансгала да Тартара, таму калі Сташэўскі зайшоў у каюту і пацікавіўся, ці знаёмы Грэхаў з інфармантам па Ціне і яе адзінай планеце, той толькі вінавата апусціў галаву.
— Та-ак, — працягнуў Сташэўскі, зірнуў на гадзіннік і ледзяным тонам нагагаў яму дакладнае значэнне слова «дысцыпліна».
Выходзячы, ён забраў з сабой Дыега, які падміргнуў Грэхаву, а той прыладзіў крышталь інфарманта ў свой інфармблок і стаў таропка «перагортваць» запісы, спадзеючыся за паўгадзіны да фінішу разабрацца ў матэрыяле хоць бы ў агульных рысах.
Тартар быў адкрыты выпадкова ў сто семдзесят чацвёртым годзе, гэта значыцца год назад, сумна вядомай экспедыцыяй да ядра Галактыкі, яе галаўным караблём «Спір» з камандзірам Яраславам Грантам... Грэхаў перастаў успрымаць тэкст, праслухаў некалькі фраз, не зразумеўшы іх сэнсу, і тут толькі ўспомніў, адкуль яму знаёмае імя камандзіра — Грант. Чарыянскі санаторый... мокры ад дажджу лес... дзве постаці, якія нетаропка брыдуць па кароткай густой траве, сівы мужчына і кволая жанчына... Дык вось хто адкрыў Тартар — Яраслаў Грант! Іронія лёсу звяла іх разам і развяла, а чакае Грэхава выратавальны рэйд на адкрытай Грантам планеце, небяспечнай планеце...
Нейкі час ён сядзеў, бяздумна ўключаючы і выклключаючы інфармблок, потым уздыхнуў і стаў слухаць далей. Са скорагаворкі чытаючага аўтамата ён зразумеў, што экіпаж карабля амаль увесь загінуў (вось яна, траўма Гранта), ратуючы людзей, што былі на зоркалёце «Магіканін», які невядома як апынуўся на планеце. Яны ўратавалі двух, але загінулі самі...
«Што ж, я разумею цябе, Грант, гэта цяжка. Але ты абвінаваціў сябе ў іх гібелі, і ў гэтым я з табой не згод ны. Ты быў камандзір, а калі ў табе загаварыў проста чалавек, які спалохаўся адказнасці, ты забыўся, што камандзір таму і камандзір, што боль свой ён абавязаны хаваць у сабе. Зрэшты, не ведаю, ці вытрымаў бы я...»
Грэхаў раптам зразумеў, што не слухае запіс, і раззлаваўся. Хуценька пракруціўшы запіс назад, пусціў яго зноў.
— ...атмасфера: вадарод, семдзесят тры працэнты, гелій, пятнаццаць, кісларод, азот, неон, аргон... (відаць, ужо дадзеныя па планеце). Пароды мацерыка... (гэта потым). Акіяны (...таксама потым). Так, вось яно, галоўнае... Утварэнні, як мяркуецца, штучнага тыпу, названыя Гарадамі. Актыўнае жыццё ў насычанай радыяцыяй атмасферы... Гіпотэза ўніверсаліста Сергіенкі: негуманоідная цывілізацыя. Гіпотэза ўніверсаліста Гілкоўскага: супольнасць гнотабіёнтаў — арганізмаў ці калоній арганізмаў, якія жывуць у поўнасцю вядомых і кантралюемых варунках...
Далей прачытаць запіс Грэхаву не ўдалося. Карабель выйшаў на сілавую падушку стартадрома доследнай Станцыі, і па адсеках пайшоў пявучы сігнал адбою гатоўнасці. Пакуль рупныя гномікі — робаты тэхнічнай службы — правяралі корпус карабля і рухавікі на астаткавую дэфармацыйную няўстойлівасць, ён разглядаў планету ў перыскоп без оптыкі. З вышыні Станцыі яна здавалася пушыстым палевым эліпсоідам з крыламі жамчужнага зіхцення — там, дзе нябачнае зараз свяціла асвятляла атмасферу; Станцыя якраз праходзіла над начным бокам Тартара. «Змрачнаватая назва для планеты», — падумаў ён мімалётна.
— Экіпажу на выхад! — вымавіў дынамік гучным голасам, і ён паспяшаўся з каюты.
У шырокіх светлых калідорах Станцыі было нашмат менш народу, чым ён чакаў. Зрэдку сустракаліся навуковыя супрацоўнікі вышэйшых рангаў, цвет навукі Зямлі, у аднолькавых светла-блакітных з зялёнымі змейкамі шчыгульных гарнітурах. Толькі эмблемы на грудзях і на рукавах у іх былі розныя. Грэхаў з цікаўнасцю праводзіў вачыма спецыялістаў фізікі прастораў, бо сам колькі гадоў назад яшчэ насіў іх эмблему: пунсовы дыск, перакрэслены залатой стралой і аточаны роем срэбраных іскраў. Але ўсе твары былі незнаёмыя, і лёгкі смутак закраўся ў сэрца: падзеі мінулага заўсёды згадваюцца з сумам, не катастрофы, вядома, хоць катастрофы суправаджалі яго з дня нараджэння, такі ён ужо «ўдачлівы» па-свойму чалавек.