18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ги Мопассан – Навелы (страница 42)

18

Мартэн адпусціў жонку, а калі ён глядзеў на дачок, яна сказала:

— Пацалуйце вы хоць вашага татку.

Яны падышлі разам, без слёз, здзіўленыя, трохі спалоханыя. І ён кожную цмокнуў у шчаку смачным сялянскім пацалункам. Немаўля, зусім блізка ўбачыўшы чужога, так заплакала, што ледзь не зайшлося.

Мужчыны пайшлі з хаты.

Калі яны міналі «Карчму гандляроў», Левек прапанаваў:

— Ці не выпіць па шклянцы?

— Можна, — сказаў Мартэн.

Яны ўвайшлі, селі ў бязлюдным яшчэ шынку, і Левек крыкнуў:

— Гэй, Шыко, дзве гарэлкі, дыхтоўнай, Мартэн вярнуўся. Мартэн, маёй жонкі, ведаеш, Мартэн з «Дзвюх сясцёр», які быў прапаў.

І пузаты, сыты, з чырвоным тварам карчмар узяў адной рукой тры шклянкі, другой кварту, падышоў і спакойна спытаўся:

— Бач! Вярнуўся, Мартэн?

Мартэн адказаў:

— Вярнуўся.

Пераклад: Сяргей Мурашка 

Пасаг

Шлюб мэтра Сімона Лебрумана і панны Жаны Кардзье нікога не здзівіў. Мэтр Лебруман нядаўна купіў натарыяльную кантору пана Папіёна, і, ведама, патрэбны былі грошы, каб заплаціць; а панна Жана Кардзье мела трыста тысяч франкаў гатоўкаю — банкнотамі і чэкамі на просьбіта.

Мэтр Лебруман быў прыгожы хлопец. У ім была нейкая шыкоўнасць, шыкоўнасць, уласцівая натарыусу, шыкоўнасць, можа, трохі правінцыйная, але ўсё ж такі шыкоўнасць, што не часта сустрэнеш у Буціні-лё-Рэбур.

Панна Кардзье мела вабнасць і свежасць, вабнасць трохі сарамлівую і свежасць трохі пабляклую, але, увогуле, яна была пяшчотная і прынадная прыгажуня.

На вяселле збеглася паглядзець усё мястэчка. Усім спадабаліся маладыя, якія вярнуліся пасля царквы схаваць сваё шчасце пад шлюбны дах, вырашыўшы зрабіць кароценькую вандроўку ў Парыж пасля некалькіх дзён кахання.

Дні гэтыя былі чароўныя, бо мэтр Лебруман змог адразу надзіва спрытна, далікатна і ладна абыходзіцца з жонкай. Яго дэвіз стаў: Памаленьку — далей зойдзеш». Ён быў цярплівы і дзейны адначасова. Жонка ўсёй душой і адразу пакахала яго.

Праз чатыры дні пані Лебруман абагаўляла мужа. Яна больш не магла без яго, прагнула песціць, цалаваць яго, тузаць за рукі, бараду і г. д. Яна сядала яму на калені, бралася за вушы і казала: «Разяў роцік, заплюшч вочы». Ён даверліва падстаўляў рот, мружыў вочы і адчуваў даўгую салодкую бусю, ад якой яго праймалі дрыжыкі. А яму, яму таксама не хапала пяшчоты, вуснаў, рук, усяго сябе, каб цешыць жонку з ранку да вечара і з вечара да ранку.

Як толькі мінуў першы тыдзень, ён сказаў маладой жонцы:

— Калі хочаш, паедзем у Парыж у тую сераду. Пагуляем, як закаханыя перад вяселлем. Сходзім у рэстараны, у тэатр, у кабарэ, паўсюль-паўсюль.

Яна аж падскочыла ад радасці:

— О, добра, ой, як добра, едзем хутчэй.

Ён сказаў:

— Бо як нічога не трэба забываць, дык ты папярэдзь бацьку, каб ён сабраў увесь пасаг. Я вазьму яго з сабой і адразу заплачу грошы мэтру Папіену.

Яна адказала:

— Я пагавару з ім раніцай.

І ён падхапіў яе на рукі, каб зноў нацешыцца ў мілай гульні, што так прыйшлася ёй да смаку за| апошні тыдзень.

У другую сераду цесць з цешчай праводзілі на вакзал дачку з зяцем, якія выбраліся ў сталіцу.

Цесць казаў:

— Клянуся, вялікая рызыка браць з сабою такія грошы.

Але малады юрыст усміхнуўся.

— Ні пра што не хвалюйцеся, тата, — казаў ён, — я да ўсяго звыклы. Разумееце, з маёй прафесіяй мне часам надараецца трымаць у кішэні мільён франкаў. Такім чынам мы абмінаем безліч фармальнасцей і не марнуем часу. Не бярыце гэтага да галавы.

Кандуктар крыкнуў:

— Пасажыры на Парыж — па вагонах!

Яны прайшлі ў купэ, дзе ўжо сядзелі дзве старыя кабеты.

Лебруман шапнуў жонцы на вуха:

— Шкада, не змагу закурыць.

Яна ціхенька адказала:

— І мне вельмі шкада, але зусім не таму.

Цягнік даў свісток і паехаў. Яны ехалі гадзіну і амаль усю дарогу маўчалі, старыя так і не заснулі.

Калі яны апынуліся пад дахам вакзала Сэн-Лазар, мэтр Лебруман сказаў жонцы:

— Хочаш, дарагая, сходзім спачатку паснедаем на бульвары, а пасля спакойна вернемся па багаж і паедзем у гатэль.

Яна адразу згадзілася:

— О! Добра, паснедаем у рэстаране. А ён далёка?

Муж адказаў:

— Ага, далекавата, але мы паедзем у омнібусе.

Яна здзівілася:

— А чаму не на фіякры?

Ён дабрадушна забурчаў:

— Бач якая ты зборлівая, браць фіякр на пяць хвілін дарогі, кожная хвіліна — шэсць су, багата жывеш.

— І праўда што, — трохі сумеўшыся, сказала яна.

Міма якраз праязджаў вялізны омнібус, які цягнулі трое коней. Лебруман крыкнуў:

— Кандуктар, гэй, кандуктар!

Непаваротлівая махіна прыпынілася, і малады натарыус падштурхнуў жонку, сказаўшы ёй:

— Прайдзі ў сярэдзіну, а я залезу наверх, выкуру перад снеданнем хоць адну цыгарэту.

Яна не паспела адказаць, бо, каб дапамагчы ўскочыць на прыступку, кандуктар падхапіў яе пад руку і ўцягнуў у салон. Ашаломленая, яна ўпала на лаўку і, збянтэжаная, убачыла праз задняе акно ногі мужа, які караскаўся на імперыял.

Маладая жанчына апынулася паміж тоўстым панам, які пахнуў люлькай, і старой, ад якой патыхала сабакам.

Астатнія пасажыры, якія моўчкі сядзелі радком, — служка з бакалейнай крамы, работніца, сяржант-пехацінец, васпан з залатымі акулярамі і ў ядвабным капелюшы з вялізнымі, закручанымі ў трубку палямі, дзве самавітыя надзьмутыя пані, што нібы казалі сваім выглядам: «Мы тут, але не раўнуйце нас з тымі», дзве манашкі, проставалосая дзяўчына і далакоп — былі падобныя на збор карыкатур, на музей гратэскаў, здаваліся галерэяй шаржаў на чалавека, камічнымі лялькамі, у якіх страляюць у кірмашовых цірах.

Ад хістанняў омнібуса галовы пасажыраў матляліся і гойдаліся, трэслася друзлая скура на шчоках; колы падскоквалі, і людзі здаваліся ачмурэлымі і соннымі.

Маладая жанчына адчувала млявасць.

«Чаму ён не пайшоў са мною, — думала яна. Яе прыгнятаў несвядомы сум. — Ён, пэўна, мог бы абысціся без гэтай цыгарэты».

Манашкі далі знак спыніцца і злезлі, пакінуўшы па сабе прэсны пах старых спадніц.