Ги Мопассан – Навелы (страница 41)
Маці з дзецьмі трывожна і палахліва здалёк паглядала на іх.
Раптам незнаемы падняўся і разам з Левекам пайшоў да хаты.
Мартэн спалохана адступілася. Муж сказаў ёй:
— Дай яму хлеба і шклянку сідру. Ён не еў два дні.
Мужчыны, а следам за імі жанчына з дзецьмі ўвайшлі ў хату. Жабрак сеў і, схіліўшы галаву пад позіркамі сям'і, пачаў есці.
Маці стоячы ўглядалася ў яго, дзве дачкі Мартэн — адна з немаўлём на руках — прагна сачылі за кожным яго рухам, нават двое малых, што сядзелі ў попеле, кінулі гуляць з чорным чыгуном, каб паглядзець на чужынца.
Левек сеў у крэсла і спытаўся:
— Дык вы здалёк?
— З Сэта.
— Вось гэтак, пеша?
— Але, пеша. Як грошай Бог не даў, дык што ж.
— І куды ж гэта вы?
— Сюды.
— Ці ёсць тут у вас хто?
— Можа.
Мужчыны змоўклі. Бадзяга еў нетаропка, хоць і быў галодны, і кожны кус хлеба запіваў глытком сідру. Яго запалы твар быў скрозь у маршчынах, драпінах, і здавалася, што чалавек шмат пакутаваў. Нечакана Левек спытаўся:
— Як вас завуць?
Той, не падымаючы галавы, адказаў:
— Мяне завуць Мартэн.
Маці неяк дзіўна скаланулася. Яна ступіла крок, каб бліжэй разгледзець жабрака, і, апусціўшы рукі, з разяўленым ротам спынілася насупраць яго. Усе маўчалі.
Нарэшце Левек сказаў:
— Вы адсюль?
Ён адказаў:
— Я адсюль.
Ён усё ж падняў галаву, позіркі жанчыны і жабрака сустрэліся, спыніліся, змяшаліся, быццам зачапіліся адзін за адзін.
І раптам яна другім, ціхім трапяткім голасам прашаптала:
— Ці ты гэта, мужычок?
Ён вымавіў па складах:
— Гэта я.
Ён не кратаўся, усё жаваў свой хлеб. Левек хутчэй здзіўлена, чым усхвалявана прамармытаў:
— Гэта ты, Мартэн?
Той проста адказаў:
— Але, гэта я.
Другі муж спытаўся:
— Адкуль жа ты ўзяўся?
Першы загаварыў:
— З Афрыканскага берага. Мы наляцелі на плытнечу і пачалі тануць. Выратаваліся ўтрох: Пікар, Вацінэль і я. Нас схапілі дзікуны і трымалі дванаццаць гадоў. Пікар і Вацінэль загінулі. Нейкі ангельскі вандроўнік вызваліў мяне і давёз да Сэта. І вось я тут.
Мартэнава жонка заплакала, уткнуўшыся тварам у фартух.
Левек сказаў:
— Што ж нам цяпер рабіць?
Мартэн спытаўся:
— Ты яе муж?
Левек адказаў:
— Я!
Яны зірнулі адзін на аднаго і змоўклі. Мартэн абвёў вачыма дзяцей і кіўнуў на дзвюх дзяўчынак:
— Мае?
Левек адказаў:
— Твае.
Той не ўстаў, не пацалаваў іх, адно сказаў:
— Божа мой, якія вялікія!
Левек паўтарыў:
— Што ж нам рабіць?
Збянтэжаны Мартэн ведаў не лепш за яго. Урэшце ён вырашыў:
— Я зраблю, як ты захочаш. Я не хачу пакрыўдзіць цябе. Але гэта складана, бо ёсць хата. У мяне двое дзяцей, у цябе трое, у кожнага свае. Жонка? Ці то твая, ці то мая? Будзе, як скажаш, але хата — хата мая, бо гэта бацькаўшчына, у ёй я нарадзіўся, і ўсе паперы ў натарыуса.
А Мартэніха ўвесь час плакала, хаваючы ціхія слёзы ў блакітны прыпол. Абедзве вялікія дачкі падышлі бліжэй і трывожна пазіралі на свайго бацьку.
Ён паеў і сам спытаўся:
— Што нам рабіць?
Левек надумаўся:
— Трэба ісці да кюрэ, ён дарадзіць.
Мартэн падняўся, ступіў да жонкі, а тая кінулася яму на грудзі і загаласіла:
— Мужычок ты мой! Вярнуўся! Мартэн, мой бедны Мартэн вярнуўся!
І яна абхапіла яго рукамі, раптам наскрозь працятая подыхам мінулага, болем успамінаў пра свае дваццаць гадоў і іх першыя абдымкі.
Гэтак жа ўсхваляваны Мартэн цалаваў яе ў каптур. Абое малыя, пачуўшы матчын плач, разам завылі, а немаўля на руках у малодшай Мартэн запішчала пранізлівым, як разладжаная дудка, галаском.
Левек чакаў каля дзвярэй.
— Хадзем, — сказаў ён, — трэба парадкавацца.