18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ги Мопассан – Навелы (страница 43)

18

Омнібус паехаў і зноў спыніўся. Увайшла чырвоная, задыханая кухарка. Яна села і паставіла на калені кошык. На ўвесь салон моцна тхнула памыямі.

«Едзем далей, чым мне здавалася», — падумала Жана.

Далакоп выйшаў, і на яго месца сеў фурман, ад якога патыхала стайняй. Месца проставалосай заняў пасыльны, ад ног якога біў пах усёй яго дзённай хадні.

Жане было кепска, моташна, і немаведама чаму ёй хацелася заплакаць.

Адны людзі выходзілі, другія сядалі на іх месцы. Омнібус ехаў па бясконцых вуліцах, спыняўся на прыпынках, зноў ехаў.

«Так далёка, — думала Жана. — Толькі б ён не прамінуў гэтага рэстарана, толькі б не заснуў. Ён так стаміўся за апошнія дні».

Трохі-патроху вагон пусцеў. Яна засталася адна, зусім адна. Кандуктар абвясціў:

— Важырар!

Жанчына не ўставала з месца, і ён паўтарыў:

— Важырар!

Яна паглядзела на яго, разумеючы, што гэта сказалі ёй, бо нікога больш не было. Мужчына паўтарыў трэці раз:

— Важырар!

Тады яна спыталася:

— Дзе мы?

Ён грубавата адказаў:

— Важырар, Божа мой, па дваццаць разоў вам казаць!

— А гэта далёка ад бульвара? — сказала яна.

— Ад якога?

— Ды ад Бульвара Італьянцаў.

— Мы даўно яго праехалі!

— Хіба! Паклічце, калі ласка, майго мужа.

— Вашага мужа? А дзе ён?

— На імперыяле.

— Наверсе? Там даўным-даўно нікога няма!

Яна схамянулася.

— Як гэта? Не можа быць. Мы селі разам. Паглядзіце лепей, ён мусіць там быць!

Кандуктар пачаў злавацца:

— Слухай, малая, досыць балбатаць, аднаго згубіла — дзесяць знойдзеш. Злазь, прыехалі. Падбярэш сабе другога на вуліцы.

Слёзы паказаліся ў яе на вачах, яна зноў папрасіла:

— Але ж, пане, вы памыляецеся, я ведаю, вы памыляецеся. У яго пад пахай быў тоўсты партфель.

Кандуктар засмяяўся:

— Тоўсты партфель. Але ж і праўда, ён выйшаў на Мадлен — ён ад вас уцёк. Гі-гі-гі!..

Омнібус стаў. Яна выйшла і міжволі, інстынктыўна, зірнула на дах. Там нікога не было.

Яна раптам заплакала і, не зважаючы, што яна на вачах у людзей, сказала:

— Што ж мне цяпер рабіць?

Падышоў інспектар транспартнага бюро.

— Што тут такое?

Кандуктар з'едліва адказаў:

— Гэту даму па дарозе кінуў муж.

Той сказаў:

— Хай сабе, не дзіва, займіцеся вашымі справамі.

І павярнуўся спінай.

А яна пайшла куды вочы глядзяць, збянтэжаная, не разумеючы, што здарылася. Куды ісці? Што рабіць? А ён, што з ім? Адкуль такая няўважлівасць?

У яе заставаліся два франкі. Да каго пайсці? І раптам яна згадала пра свайго стрыечніка Бараля, намесніка загадчыка аддзела ў Марскім міністэрстве.

Грошай якраз хапала на фіякр, і яна назвала яго адрас. Яна пераняла Бараля, калі той ішоў у міністэрства. Як і Лебруман, ён трымаў пад пахай напакаваны партфель.

Яна выскачыла з фіякра і гукнула:

— Анры!

Ён здзіўлена спыніўся.

— Жана?.. тут?.. зусім адна?.. Што вы тут робіце, адкуль вы ўзяліся?

З вачамі, поўнымі слёз, яна пралепятала:

— Я толькі што згубіла мужа.

— Згубілі? Дзе?

— На омнібусе.

— На омнібусе?.. Божа!

З плачам яна расказала яму пра здарэнне.

Ён задумліва выслухаў яе і спытаўся:

— Раніцай ён быў зусім нармальны?

— Зусім.

— Добра. Ці шмат грошай у яго было?

— Шмат. У яго быў мой пасаг.

— Ваш пасаг?.. Увесь пасаг?

— Увесь... каб адразу заплаціць за кантору.

— Ну дык, дарагая стрыечніца, шукайце вашага мужа на дарозе ў Бельгію.

Яна яшчэ не разумела.

— Вы кажаце... майго мужа? — прашаптала яна.