Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 96)
Гучыць адказ, —
І знойдзеш Эльдарада».
Эль – да радасці
Пена і бурштыну ззянне —
Шклянку асушу я ўміг.
Весела мільгаюць здані,
Я не ў стане выгнаць іх.
Дзіўных духаў карагоды
Парушаюць мой спакой.
Сумаваць няма нагоды:
Сёння эль цячэ ракой!
Анабэль Лі
Можа й помніце вы: вельмі-вельмі даўно
Ў каралеўстве прыморскай зямлі
Мной каханая страсна дзяўчына жыла
З дзіўным іменем Анабэль Лі; —
Мы кахалі й хацелі быць разам заўжды,
Толькі гэтым мы з ёй і жылі.
Быў я гэткім жа самым дзіцём, як яна,
Ў каралеўстве прыморскай зямлі,
І мацней за любога кахалі мы там —
Я і юная Анабэль Лі —
Серафімы – і тыя зайздросцілі нам
І каханню, якім мы жылі.
І таму з вышыні вельмі-вельмі даўно
Ў каралеўстве прыморскай зямлі
Неяк ноччу дыхнуў сцюжны вецер з-за хмар
На каханую Анабэль Лі;
Сваякі яе шэсцем хаўтурным прыйшлі
І яе ў мяне з рук узялі.
І схавалі у склеп, каб кахаць не маглі
Мы ніколі ў прыморскай зямлі.
І анёлы на небе не зведалі той
Асалоды, ў якой мы жылі, —
І таму з вышыні (тое знаюць усе
Ў каралеўстве прыморскай зямлі)
Неяк ноччу дыхнуў сцюжны вецер з-за хмар
І забіў маю Анабэль Лі.
Але ж людзі так моцна кахаць не маглі,
Хоць старэйшыя значна былі
І мудрэйшыя значна былі, —
Ні анёлы з бяскрайнасці райскіх далін,
Ані дэманы з нетраў зямлі
Не маглі разлучыць мяне з Анабэль Лі,
З незабыўнаю Анабэль Лі.
І так ззяе ўгары месяц мне з той пары,
Каб я сніў маю Анабэль Лі;
І так зорка мігціць, каб не мог я забыць
Вочы любай мне Анабэль Лі;
І таму я ўначы тут ляжу на плячы
Самай юнай, каханай і пекнай з жанчын
Ў каралеўстве прыморскай зямлі —
Тут, у склепе прыморскай зямлі.
Для Эні
О неба! Знікаюць
Хваробы сляды,
І боль, і пакуты
Сышлі назаўжды —
Жыцця ліхаманку
Здалеў назаўжды.
Скрухі няма.
Рук не чую і ног;
Што навечна я скуты,
Што падняцца не змог, —
Не нагода для суму,