реклама
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 43)

18

Прыгледзеўшыся да гэтага радка, мы зноў заўважаем спалучэнне «;48» і прымаем яго як заканчэнне папярэдняга слова. Такім чынам, атрымліваем:

the tree;4(‡?34 the.

І, падставіўшы літары замест сімвалаў, якія мы ўжо расшыфравалі, чытаем:

the tree thr‡?3h the.

Пакінуўшы прабелы ці кропкі на месцы невядомых нам знакаў, маем:

the tree thr… h the.

Слова through адразу кідаецца ў вочы. Больш за тое, гэтае адкрыццё дорыць нам тры новыя літары: о, u і g, якія ў шыфры замяшчаюць «=», «?» і «3» адпаведна.

Цяпер, больш пільна праглядаючы шыфр у пошуках новых вядомых нам сімвалаў, амаль у самым пачатку тэксту мы сустракаем наступнае спалучэнне: «83(88», ці egree, якое натуральным чынам ёсць заканчэннем слова degree («градус»), і яно дае нам новую літару d, што ў шыфры ёсць знакам «+».

За чатыры сімвалы да слова degree мы знаходзім камбінацыю «;46(;88».

Замяшчаючы ўжо вядомыя нам знакі і падстаўляючы, як і раней, замест невядомых кропкі, чытаем: th. rtee.. Такое спалучэнне адразу наводзіць на думку пра слова thirteen («трынаццаць») і зноў адорвае нас дзвюма новымі літарамі: i і n, што зашыфраваныя знакамі «6» і «*».

Звяртаючыся, у сваю чаргу, да пачатку шыфру, мы бачым наступную камбінацыю: «53==+».

Дэшыфруючы яе, як і раней, атрымліваем good («добры»). Гэта пераконвае нас, што першая літара – A (неазначальны артыкль), а першыя два словы – A good («добрае»).

Прыйшоў час упарадкаваць знойдзеныя намі адпаведнікі сімвалам у выглядзе табліцы, каб пазбегнуць непатрэбнай блытаніны. Табліца будзе выглядаць наступным чынам:

«5» адпавядае знаку a

«+» – d

«8» – e

«3» – g

«4» – h

«6» – i

«*» – n

«=» – o

«(» – r

«;» – t

Такім чынам, мы маем не менш за дзясятак найбольш важных літар, а таму, я лічу, не варта працягваць тлумачыць дэшыфроўку далей. Я ўжо дастаткова расказаў, каб пераканаць вас, што такія шыфры цалкам паддаюцца развязанню, пазнаёміўшы вас з асноўнымі механізмамі іх разгадкі. Але ўсё ж, запэўніваю вас, крыптаграма перад вамі належыць да самага простага віду тайнапісу. Зараз мне застаецца адно даць вам поўную расшыфроўку сімвалаў на пергаменце. Гучыць яна наступным чынам:

A good glass in the bishop’s hostel in the devil’s seat forty-one degrees and thirteen minutes northeast and by north main branch seventh limb east side shoot from the left eye of the death’s-head a bee line from the tree through the shot fifty feet out.

(Добрае шкло ў біскупавым двары на чортавым крэсле сорак адзін градус трынаццаць хвілінаў поўнач-усход-поўнач галоўны сук сёмая галіна ўсходні бок страляй з левага вока мёртвай галавы проста ад дрэва праз стрэл на пяцьдзясят футаў).

– Але па-мойму, – сказаў я, – загадка лягчэйшай не робіцца. Як можна даць рады ўсёй гэтай тарабаршчыне накшталт «чортавых крэслаў», «мёртвых галоваў» ды «біскупавых двароў»?

– Прызнацца, – адказаў Легран, – тэкст падаецца складаным толькі на першы погляд. Спачатку я паспрабаваў падзяліць сказ натуральным чынам.

– Вы маеце на ўвазе расставіць знакі прыпынку?

– Нешта накшталт таго.

– Але якім чынам вы збіраліся гэта зрабіць?

– Я падумаў, што пісаць словы разам без аніякіх прабелаў, ускладняючы разгадку шыфру, было адмысловай задумаю аўтара. А звышасцярожны чалавек, імкнучыся да гэтага, хутчэй за ўсё перастараецца. Таму калі аўтар набліжаўся да верагоднай паўзы ці кропкі ў сваім шыфры, то ў гэтым месцы ён з яшчэ большай стараннасцю ляпіў знакі бліжэй, чым звычайна. Калі вы зірнеце на тайнапіс у яго цяперашнім выглядзе, то лёгка заўважыце пяць выпадкаў празмернай шчыльнасці тэксту. Кіруючыся гэтай падказкай, я зрабіў падзел наступным чынам: «Добрае шкло ў біскупавым двары на чортавым крэсле… сорак адзін градус трынаццаць хвілінаў… поўнач-усходпоўнач… галоўны сук сёмая галіна ўсходні бок… страляй з левага вока мёртвай галавы… простая ад дрэва праз стрэл на пяцьдзясят футаў».

– Але нават гэты падзел мне нічога не праясніў, – заўважыў я.

– Мне спачатку таксама, – працягваў Легран. – Але тым часам я заняўся стараннымі роспытамі ўсіх у наваколлі вострава Саліван пра будынак, які б мог насіць назву «дом біскупа» і, натуральна, не зважаў на састарэлае слоўца «двор». Не знайшоўшы і блізка нічога такога, я ўжо збіраўся пашырыць геаграфічныя межы сваіх пошукаў і ўзяцца за справу больш сістэматычна, як аднойчы раніцай мне нечакана прыйшло да галавы, што «біскупаў двор» нейкім чынам звязаны са старажытным родам Біскапаў, што ў далёкія часы валодаў старадаўнім маёнткам за чатыры мілі на поўнач ад вострава. Такім чынам, я накіраваўся ў раён плантацыяў і пачаў апытваць састарэлых мурынаў той мясцовасці. І тут жа адна старая сказала, што чула некалі пра месца, што завецца «Біскупаў двор», і можа правесці мяне туды, але гэта зусім не карчма і не маёнтак, а высокая гара.

Я прапанаваў ёй шчодрую ўзнагароду за турботы, і пасля некаторых ваганняў яна пагадзілася правесці мяне да месца. Мы знайшлі яго без асаблівых цяжкасцяў, і, адпусціўшы старую, я пачаў аглядацца. «Двор» складаўся з чарады няроўных стромаў і скалаў, адна з якіх, адасобленая ад іншых, вылучалася сваёй надзвычайнай веліччу і ненатуральным выглядам. Забраўшыся на яе вяршыню, я разгубіўся, бо што рабіць далей, не ведаў.

Калі ж я цалкам заглыбіўся ў роздумы, мой погляд раптам упаў на вузкі выступ з усходняга боку скалы, на адлегласці прыкладна ярд ад месца, дзе я стаяў. Выступ быў каля васямнаццаці дзюймаў у даўжыню і не больш за фут у шырыню, а ніша ў скале над ім надавала выступу некаторае падабенства да крэслаў, якімі некалі карысталіся нашы продкі. У мяне не было сумневаў, што гэта менавіта тое «чортава крэсла», пра якое згадвалася ў пергаменце. І тут, падаецца, я разгадаў усе таямніцы тайнапісу.

Я ведаў, што «добрае шкло» – не што іншае, як падзорная труба, бо маракі рэдка ўжываюць слова «шкло» ў іншым значэнні. Цяпер я зразумеў, навошта патрэбная труба, і знайшоў дакладны пункт, адкуль трэба ў яе глядзець. Таксама ў мяне не было сумневаў, што выразы «сорак адзін градус трынаццаць хвілінаў» і «поўнач-усход-поўнач» былі не чым іншым, як напрамкам, у якім трэба павярнуць трубу. Моцна ўзрушаны сваімі адкрыццямі, я паспяшаўся дахаты, захапіў падзорную трубу і зноў вярнуўся да скалы.

Я спусціўся на выступ, і выявілася, што ўладкавацца на ім магчыма толькі ў адной позе. Гэты факт пацвердзіў мае ранейшыя здагадкі. Я ўзяў у рукі падзорную трубу. Натуральна, «сорак адзін градус і трынаццаць хвілінаў» было вышынёй над лініяй далягляду, а гарызантальны кірунак яскрава адлюстроўвалі словы «поўнач-усход-поўнач». Спачатку я лёгка зарыентаваўся з дапамогай кішэннага компаса, а потым, трымаючы трубу пад вуглом, максімальна блізкім да сорак аднаго градусу, бо мераў на вока, я рухаў трубу то ўверх, то ўніз, пакуль маю ўвагу не прыцягнула круглая дзірка ці прагал у лістоце вялізнага дрэва, якое высока сягала па-над іншымі. У самым цэнтры прагалу я заўважыў белую пляму, але спачатку ніяк не мог разгледзець, што гэта. Падладжваючы фокус трубы, я зноў прыгледзеўся і нарэшце зразумеў: гэта быў чалавечы чэрап.

Пасля такога адкрыцця я вельмі ўзрадаваўся, бо лічыў таямніцу ўжо раскрытай: выраз «галоўны сук сёмая галіна ўсходні бок» мог характарызаваць толькі месцазнаходжанне чэрапа на дрэве, а «страляй з левага вока мёртвай галавы» таксама мела адно-адзінае тлумачэнне і датычыла таго месца, дзе схаваны скарб. Я меркаваў, рабіць трэба было наступнае: выпусціць кулю праз левае вока чэрапа, потым правесці простую лінію ад найбліжэйшай часткі дрэва праз «стрэл», то бок тое месца, куды ўпала куля, і, працягнуўшы яе яшчэ на пяцьдзясят футаў, атрымаць пэўны пункт, дзе, як я думаў, прынамсі гіпатэтычна будзе каштоўны скарб.

– Усё гэта, – сказаў я, – даволі ясна і хоць крыху мудрагеліста, але проста й дасціпна. А што было, як вы сышлі з «Біскупавага двара»?

– Ну, уважліва вывучыўшы, дзе месціцца дрэва, я накіраваўся дахаты. Дарэчы, як толькі я злез з «чортавага крэсла», прагал у лістоце знік, і як я пазней ні намагаўся яго заўважыць ізноў, нічога не атрымлівалася. Вось гэта мне і падалося найвялікшай цікавосткай – як я ні спрабаваў пабачыць той прагал у лістоце, прыкметны ён быў толькі з вузкага выступу, «чортавага крэсла», і больш ніадкуль.

Да «Біскупавага двара» мяне праводзіў Юпітэр, які, без сумневу, заўважыў маю збянтэжанасць цягам апошніх тыдняў і, усхваляваны маімі паводзінамі, ні пры якіх абставінах не хацеў пакідаць мяне аднаго. Але наступнага дня, імкнучыся ўнікнуць яго апекі, я прачнуўся вельмі рана і адзін выправіўся ў горы шукаць тое дрэва. Хоць і моцна знясілеўшы, я знайшоў яго. А калі вярнуўся дахаты, мой служка вырашыў даць мне чосу. Пра астатнія прыгоды, мяркую, вы ведаеце не горш за мяне.

– Падаецца, – адказаў я, – першым разам вы памыліліся з месцам праз дурасць Юпітэра, бо той, пераблытаўшы, працягнуў нітку з жуком праз правае вока замест левага?

– Дакладна. У тым месцы, дзе мы пазначылі месца «стрэлу» і ўбілі калок, хібнасць была два з паловай дзюймы. Калі б скарб быў менавіта пад «стрэлам», дык вялікай праблемы не было б, але ж «стрэл» і найбліжэйшае месца ствала ўяўлялі сабой усяго толькі два пункты для пабудовы простай, і хаця спачатку хібнасць была амаль незаўважнай, праз пяцьдзясят футаў яна ўжо значна адводзіла нас убок. І калі б не мая цвёрдая перакананасць, што недзе тут закапаны скарб, нашыя высілкі маглі стацца дарэмнымі.