реклама
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 42)

18

– Дэльфін ці кіт – ці не ўсё роўна?!

– Не, – зазначыў Легран. – Вы, мабыць, чулі пра такога сабе капітана Кіда*. Выяву жывёлы я адразу ж пачаў разглядаць як каламбур ці іераграфічны подпіс. Я кажу «подпіс», бо яго месцазнаходжанне на пергаменце падводзіла мяне менавіта да такой высновы. А эмблема смерці ў супрацьлеглым куце па дыяганалі ў той жа час была вельмі падобная да пячаткі ці штампа. І ўсё ж я быў моцна збянтэжаны адсутнасцю самага галоўнага – тэксту.

– Я мяркую, вы спадзяваліся знайсці ліст паміж пячаткай і подпісам.

– Кшталту таго. Папраўдзе кажучы, я адчуваў моцную ўзрушанасць, прадчуваючы вялікае багацце. І я не ведаў, як гэта патлумачыць. Хутчэй за ўсё гэта ў большай ступені было прагай, чым сапраўдным перакананнем. Ведаеце, дурнаватая балбатня Юпітэра пра жука з чыстага золата неверагодным чынам паўплывала на маё ўяўленне. А потым яшчэ гэтыя супадзенні ды выпадковасці – усё гэта было вельмі незвычайна. Вы заўважылі, як дзякуючы простаму збегу абставінаў падзеі адбыліся менавіта ў той, мабыць, адзіны дзень за ўвесь год, калі праз халоднае надвор’е давялося распаліць камін, а без агню ці без умяшальніцтва сабакі менавіта ў той момант, калі яно адбылося, я б ніколі не заўважыў эмблему смерці і ніколі б не стаў уладальнікам вялізнага багацця?

– Ну не цягніце ж, мне не церпіцца пачуць працяг.

– Вы, канечне, чулі мноства гісторый, тысячы няпэўных пагалосак, што апавядаюць пра грошы, закапаныя капітанам Кідам і яго памагатымі на берагах Атлантыкі. Гэтыя гісторыі мусілі ж на чымсьці грунтавацца. І прычына таго, што чуткі існуюць так доўга і даўна, падалося мне, заключалася менавіта ў тым, што закапаны скарб дагэтуль не знойдзены. Калі б Кід толькі часова схаваў свой рабунак, а потым забраў яго назад, наўрад ці пагалоскі дайшлі б да нас у сваім першапачатковым выглядзе. Заўважце, што ўсе гэтыя гісторыі – пра шуканне скарбу, а не яго знаходку. Мне ўявілася, што неяк выпадкова – прыкладам, праз згубу дакумента з апісаннем месцазнаходжання багацця, – капітан быў пазбаўлены магчымасці знайсці яго зноў. Тым часам пра гэтую акалічнасць дазналіся яго паслядоўнікі, якія дагэтуль нават не здагадваліся, што багацце было схавана, і, безвынікова спрабуючы без мапы знайсці яго, спарадзілі, а потым распаўсюдзілі сведчанні, якія мы сустракаем цяпер. Ці даводзілася вам калі-небудзь чуць пра буйныя скарбы, раскапаныя на ўзбярэжжы?

– Не, ніколі.

– Але пра неймаверную каштоўнасць здабычы Кіда вядома ўсім. Я зыходзіў з таго, што яго багацце дагэтуль перабывае ў зямлі, і наўрад ці вы здзівіцеся, калі я скажу, што я адчуў надзею, амаль перакананне, што гэты дзіўным чынам знойдзены пергамент меў непасрэднае дачыненне да страчанага дакумента з пазнакай месцазнаходжання скарбу.

– І што вы рабілі далей?

– Калі агонь мацней разгарэўся, я зноў паднёс да яго пергамент, але нічога не з’явілася. Цяпер у мяне закралася падазрэнне, што, магчыма, мае спробы заканчваюцца няўдачай праз тоўсты слой бруду на паверхні. Таму я асцярожна прамыў пергамент цёплай вадой, а пасля паклаў яго на патэльню чэрапам уніз і паставіў на гарачае вуголле. Праз некалькі хвілінаў, калі патэльня ўжо моцна нагрэлася, я зняў пергамент і вельмі ўзрадаваўся, пабачыўшы ў некалькіх месцах на ім невялікія пляміны, якія, як выявілася, былі шэрагамі знакаў. Я зноў паклаў пергамент на патэльню і патрымаў яго так яшчэ з хвіліну. Калі я зноў яго зняў, ён выглядаў менавіта так, як цяпер.

З гэтымі словамі Легран, які загадзя разагрэў пергамент, працягнуў яго мне. Вышэйзгаданыя знакі былі груба накрэсленыя чырвоным атрамантам на месцы між выявамі чэрапа і кіта:

53 = = + 3 0 5)) 6 *; 4 8 2 6) 4 = §) 4 =); 8 0 6 *; 4 8 + 8 # 6 0))

8 5; 1 = (;: = * 8 + 8 3 (8 8) 5 * +; 4 6 (; 8 8 * 9 6 *?; 8) * = (; 4 8 5);

5 * + 2: * = (; 4 9 5 6 * 2 (5 *4) 8 # 8 *; 4 0 6 9 2 8 5);) 6 + 8) 4 = =;

1 (= 9; 4 8 0 8 1; 8: 8 = 1; 4 8 + 8 5; 4) 4 8 5 + 5 2 8 8 0 6 * 8 1 (= 9;

4 8; (8 8; 4 (=? 3 4; 4 8) 4 =; 1 6 1;: 1 8 8; =?;

– Але, – прамовіў я, вяртаючы яму пергамент, – усё роўна не ведаю, што і думаць. Калі б нават усе багацці Галконды* чакалі мяне, развяжы я гэтую задачку, я зусім не пэўны, што змог бы іх здабыць.

– І ўсё ж разгадка, – працягваў Легран, – зусім не такая заблытаная, як вы сабе ўяўляеце, хуценька прабегшыся поглядам па гэтых пісьмёнах. Можна лёгка здагадацца, што знакі складаюць пэўны шыфр і, такім чынам, маюць нейкі сэнс. Грунтуючыся на агульнавядомых звестках пра Кіда, я меркаваў, што ён не здатны на стварэнне звышскладанага коду, і таму адразу ж вырашыў, што шыфр гэты сам па сабе не цяжкі, а такі, на які здатны прымітыўны розум марака, то бок проста патрабуе ключа.

– І вы напраўду знайшлі яго?

– Лёгка. Я разгадваў шыфры, у дзесяць тысяч разоў больш складаныя, чым гэты. Абставіны і пэўныя разумовыя схільнасці прывялі мяне да зацікаўленасці такімі задачкамі, і я не веру, што чалавечая кемлівасць здольная стварыць такую загадку, якую б іншая чалавечая кемлівасць, пры адпаведных высілках, не змагла б развязаць. Больш за тое, з самага пачатку вызначыўшы дакладную ўзаемасувязь паміж сімваламі, мне стала прасцей раскрыць іх сэнс.

У дадзеным выпадку, і гэта датычыць любога закадаванага тэксту, найперш варта вызначыцца з мовай, на якой напісаны шыфр. Што да спосабаў дэшыфроўкі, галоўным чыннікам будзе выступаць характар самой мовы, і гэта асабліва праўдзіва для простых кодаў. Наогул, не існуе іншага спосабу, як перабіраць розныя мовы, беручы пад увагу ўсе варыянты, пакуль патрэбная мова не будзе знойдзеная. Але ўсе цяжкасці дадзенага шыфру здымаліся подпісам на пергаменце. Гульня словаў «кіт» і «Кід» яскрава сведчыла, што гаворка ішла пра капітана Кіда, які як ангелец натуральна карыстаўся ангельскай мовай. Але перш чым рабіць такія высновы, я ўзяўся за гішпанскую і французскую мовы, на якіх таямніца піратаў Гішпанскага мацерыка* хутчэй за ўсё і магла быць перададзеная. Пасля гэтых спробаў я пераканаўся, што мова шыфру – ангельская.

Як бачыце, падзел на словы тут адсутнічае. Калі б ён быў, задача б значна спрасцілася. У такіх выпадках варта пачынаць з супастаўлення і аналізу кароткіх словаў, і калі знаходзіцца хоць адно, што складаецца з адзінай літары, напрыклад, «a» ці «і», разгадку, хутчэй за ўсё, можна лічыць справай вырашанай. Але ў дадзеным выпадку, калі падзелу на словы няма, маім першым крокам было вылучыць літары, якія сустракаюцца ў тэксце найчасцей і, адпаведна, тыя, якія сустракаюцца найрадзей. Пасля ўсіх падлікаў у мяне атрымалася наступная табліца:

Знак «8» паўтараецца 33 разы.

«;» – 26 разоў.

«4» – 19 разоў.

«=» і «)» – 16 разоў.

«*» – 13 разоў.

«5» – 12 разоў.

«6» – 11 разоў.

«+» і «1» – 8 разоў

«0» – 6 разоў.

«9» і «2» – 5 разоў.

«:» і «3» – 4 разы.

«?» – 3 разы.

«#» – 2 разы.

«-» і «§» —1 раз.

Ідзем далей. У ангельскай мове найчасцей ужываецца літара e. За ёй адпаведна – a, o, i, d, h, n, r, s, t, u, y, c, f, g, l, m, w, b, k, p, q, x, z. E сустракаецца так часта, што прыдумаць сказ любой даўжыні, дзе літара e не пераважала б, практычна немагчыма.

Такім чынам, мы ў самым пачатку ствараем падмурак для нечага большага, чым звычайная здагадка. Агульнае прызначэнне дадзенай табліцы цалкам зразумелае, але ў выпадку з нашым шыфрам яе магчымасці мы скарыстаем толькі часткова. Зыходзячы з таго, што найбольш ужываным сімвалам у нас ёсць «8», мы прымем, што гэта і ёсць літара e ангельскага алфавіту. Каб пацвердзіць сваю здагадку, праверым, ці часта сустракаецца падвойны знак «8» бо ў ангельскай мове ўжыванне падвойнага е даволі пашыранае, як, напрыклад, у словах meet, fleet, speed, seen, been, agree і гэтак далей. У дадзеным шыфры мы бачым, што падвойны знак паўтараецца не менш як пяць разоў, хаця сам па сабе тэкст даволі кароткі.

Тады мы прымаем «8» за е. З усяго ангельскага лексікону азначальны артыкль the – самае ўжыванае слова. Такім чынам, давайце праверым, ці не сустракаецца ў нашым шыфры паўтор аднолькавай камбінацыі з трох знакаў, апошнім з якіх быў бы «8». І калі мы напраўду знойдзем паўтор такога спалучэння, то хутчэй за ўсё гэта і будзе слова the. Даследаваўшы шыфр, мы знаходзім не менш чым сем такіх паўтораў, а дадзенае спалучэнне выглядае як «;48». Значыць, мы можам зрабіць выснову, што «;» адпавядае t, «4» адпавядае h, а тое, што «8» ёсць е, ужо не выклікае ніякіх сумневаў. Такім чынам мы зрабілі вялізны крок наперад.

Але, вызначыўшы гэтае адзінае слова, мы атрымалі магчымасць высветліць яшчэ адну важную дэталь – так бы мовіць, пачатак і заканчэнне некаторых іншых словаў. Давайце разгледзім перадапошні выпадак ужывання камбінацыі «;48» амаль у канцы шыфру. Мы ведаем, што «;» ёсць пачаткам слова, і з шасці знакаў, якія ідуць за the, мы разумеем не менш чым пяць. Давайце выпішам іх на паперу, замяняючы сімвалы літарамі-адпаведнікамі і пакідаючы прагалы на месцы пакуль невядомых знакаў. Атрымалася: t eeth.

Цяпер, перабраўшы ўвесь алфавіт у пошуках літары, якая б магла запоўніць гэты прабел, мы прыходзім да высновы, што ў ангельскай мове няма ніводнага слова з такім наборам літар, якое б пры гэтым сканчалася на th, таму мы адразу ж адкідаем дадзенае спалучэнне. Такім чынам, наша слова скарачаецца да t ee.

І зноў-такі, праштудыяваўшы алфавіт, як і ў папярэднім выпадку, мы знаходзім слова tree («дрэва») як адзіна магчымы варыянт. У нас з’яўляецца яшчэ адна вядомая літара – r, якой у шыфры адпавядае «(», а таксама спалучэнне the tree.