Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 41)
Калі нарэшце мы завершылі поўны агляд сваёй маёмасці і эмацыйнае хваляванне крыху спала, Легран, заўважыўшы маю скрайнюю нецярплівасць дазнацца разгадку гэтага незвычайнага здарэння, пачаў ва ўсіх дэталях распісваць падзеі, што да яго спрычыніліся.
– Вы ж памятаеце, – сказаў ён, – тую ноч, калі я працягнуў вам свой накід скарабея. І памятаеце таксама, як мяне раззлавала вашае сцверджанне, што мой малюнак меў моцнае падабенства з чэрапам. Спачатку я палічыў вашыя словы проста жартам, але потым прыгадаў незвычайныя плямкі на спінцы жука і падумаў сам сабе, што, магчыма, вашая заўвага мае пад сабой падставы. Але ўсё ж вашыя кпіны з маіх мастацкіх здольнасцяў мяне раздражнілі, бо, у прынцыпе, мяне лічаць добрым мастаком, і таму, калі вы працягнулі мне кавалак пергаменту, я ўжо збіраўся парваць яго на шматкі і кінуць у агонь.
– Вы маеце на ўвазе кавалак паперы, – заўважыў я.
– Не, ён вельмі падобны да паперы, з самага пачатку я і лічыў яго паперай, але калі пачаў маляваць, выявілася, што перада мною вельмі тонкі пергамент. Да таго ж даволі брудны, як вы памятаеце. І калі я ўжо наважыўся парваць той шматок, мой погляд раптам упаў на выяву, якую бачылі і вы. Уявіце ж маё здзіўленне, калі на тым самым, як мне падавалася, месцы, дзе я маляваў жука, я заўважыў чэрап. У той момант я быў занадта здзіўлены, каб мысліць разважна. Я ведаў, што мой рысунак моцна розніўся з гэтым, хаця ў агульных абрысах яны былі нечым падобныя. Я тут жа схапіў свечку і, заняўшы месца ў далёкім куце пакоя, працягнуў пільны агляд пергаменту. Перавярнуўшы яго, на адваротным баку я пабачыў свой рысунак. Мяне вельмі моцна ўразіла гэтае незвычайнае падабенства: вось так, думаў я, толькі дзякуючы простаму збегу абставінаў і з невядомых мне прычынаў, на адваротным баку пергаменту была выява чэрапа, ды яшчэ якраз пад маім рысункам скарабея, і пры гэтым чэрап не толькі абрысамі, але і памерам моцна нагадваў мой накід. Напраўду гэтая простая выпадковасць мяне моцна збянтэжыла. Так бывае заўжды, калі сутыкаешся з супадзеннямі: розум спрабуе выявіць сувязь, нейкую прычынна-выніковую паслядоўнасць, але калі знайсці яе не атрымліваецца, чалавек проста ўпадае ў ступар. Калі ж я ачомаўся, мяне пакрысе напаткала яшчэ адно адкрыццё, якое напалохала больш, чым падабенства. Паступова я вельмі яскрава пачаў успамінаць, што калі толькі ўзяўся за свой накід, на пергаменце не было ніякіх малюнкаў. У гэтым я быў практычна перакананы, бо згадаў, як варочаў пергамент у руках, шукаючы на ім чысцейшае месца. Калі б чэрап быў там, я, натуральна, не змог бы яго не заўважыць. Перада мною паўстала сапраўдная загадка, якую я не ведаў, як патлумачыць. Але ўжо тады я адчуваў, што ў самых далёкіх і таемных куточках маёй свядомасці паблісквае слабым агеньчыкам светляка разуменне таго, што найлепшым чынам прадэманстравалі падзеі мінулай ночы.
Я адразу ж падняўся і схаваў пергамент у надзейнае месца, адклаўшы ўсе далейшыя развагі да таго часу, пакуль не застануся на самоце.
Калі вы з’ехалі, а Юпітэр хутка заснуў, я заглыбіўся ў больш метадычныя даследаванні. Спачатку я абдумаў шлях, якім пергамент трапіў да мяне. Месца, дзе мы знайшлі скарабея, знаходзілася на ўзбярэжжы мацерыка, прыкладна за мілю на ўсход ад выспы, але непадалёк ад лініі прыліву. Калі я схапіў скарабея, ён моцна мяне ўкусіў, што вымусіла мяне яго кінуць. Юпітэр, перад тым як злавіць насякомае, што да яго падляцела, з заўсёднай асцярогай агледзеўся наўкола ў пошуках лістка ці нечага падобнага, каб ухапіць жука. Менавіта тады Юпі, а з ім і я, прыкмецілі шматок пергаменту, які ў той момант падаўся мне паперай. Шматок быў амаль цалкам закапаны, толькі кончык тырчэў з зямлі. Каля таго месца, дзе мы яго знайшлі, я заўважыў рэшткі карабля, што выявіліся часткай баркаса. Выглядала на тое, што рэшткі ляжалі тут ужо досыць даўна, бо падабенства з карабельнымі бэлькамі было вельмі аддаленае.
Юпітэр падняў з зямлі пергамент, загарнуў у яго жука і аддаў мне. У хуткім часе мы накіраваліся дахаты і па дарозе сустрэлі лейтэнанта Г… Я паказаў яму насякомае, а лейтэнант упрасіў мяне дазволіць яму аднесці жука ў форт. З маёй згоды ён сунуў жука ў кішэню камізэлькі, не загарнуўшы ў пергамент, што я так і трымаў у руках, пакуль ён аглядаў дзіўнае насякомае. Магчыма, ён баяўся, што я перадумаю, і лічыў найлепшым тут жа вызначыцца з цаною. Вы ж ведаеце, якім апантаным ён робіцца, калі справа датычыць прыродазнаўства. І ў той самы момант, незаўважна для самога сябе, я, мабыць, і паклаў пергамент у кішэню.
Памятаеце, калі я падышоў да стала, збіраючыся зрабіць накід жука, то не знайшоў паперы на яе звычайным месцы. Я глянуў у шуфлядзе, але паперы не было і там. Тады я пачаў абшукваць кішэні, спадзеючыся на які-небудзь стары ліст, і тут намацаў пергамент. Я так дэтальна апісваю шлях, якім скарабей трапіў да мяне, бо гэтыя акалічнасці ўразілі мяне надзвычайна.
Бясспрэчна, вы будзеце лічыце мяне летуценнікам, але я ўжо тады знайшоў сувязь між падзеямі. Я злучыў разам два звяны аднаго вялікага ланцуга. На беразе мора ляжаў карабель, непадалёк – пергамент (а не папера) з выяваю чэрапа. Натуральна, вы запытаецеся: дзе тут сувязь? А я адкажу, што чэрап, ці эмблема смерці, – шырока вядомы атрыбут піратаў. Свой сцяг з чэрапам яны падымаюць у любой сутычцы.
Я ўжо ўзгадваў, што гэты шматок быў пергаментам, а зусім не паперай. Пергамент жыве доўга, амаль вечна. Драбніцы яму давяраюць рэдка, бо для звычайнага ліста ці малюнка ён пасуе не так добра, як папера. І гэтая мая здагадка знайшла сабе апраўданне, пэўную адпаведнасць, у выяве чэрапа. Я таксама звярнуў увагу на форму пергаменту. Хоць адзін яго край выглядаў выпадкова пашкоджаным, было заўважна, што першапачаткова пергамент меў прадаўгаватую форму. Такі ўзор старонкі найхутчэй выбралі б для важнага дакумента, каб запісаць нешта такое, што будуць помніць доўга і захоўваць беражліва.
– Але ж вы кажаце, – перабіў я, – што, калі вы малявалі жука, на пергаменце чэрапа не было. Чаму вы тады звязваеце карабель і чэрап, улічваючы, што апошні быў дарысаваны (Бог ведае кім і як) у час, пазнейшы за стварэнне накіду скарабея.
– А вось тут і пачынаецца сапраўдная загадка, хоць разгадаць яе мне не склала асаблівай цяжкасці. Я ішоў цвёрдым поступам і мог дасягнуць адзіна правільнага рашэння. Разважаў я, да прыкладу, такім чынам: калі я маляваў скарабея, чэрапа на адваротным баку не было. Скончыўшы накід, я аддаў яго вам і ўважліва назіраў за вамі, пакуль вы не вярнулі рысунак мне. Такім чынам, чэрап намалявалі не вы, а ніхто іншы зрабіць гэтага не мог. Значыць, выява з’явілася тут не па волі чалавека. Але ў такім выпадку як?
Разважаючы ў гэтым кірунку, я намагаўся ўспомніць і напраўду ўспомніў з усёй яснасцю кожную дэталь, якая спадарожнічала падзеям таго вечара. Надвор’е выдалася халодным (што за рэдкі і шчаслівы выпадак!), і ў каміне гарэў агонь. Разагрэты дарогай дахаты, я сеў ля стала. А вы, у сваю чаргу, падсунулі фатэль бліжэй да агню. Як толькі я даў вам у рукі пергамент і вы ўжо збіраліся яго разгледзець, наш ньюфаўндленд Вулф уварваўся ў пакой і кінуўся вам на плечы. Левай рукой вы лашчылі сабаку і спрабавалі адагнаць яго, а правую, якой трымалі пергамент, абыякава апусцілі між каленяў, моцна наблізіўшы да агню. Раптам мне падалося, што полымя вось-вось шугане на пергамент, але перш чым я паспеў перасцерагчы вас, вы ўжо пачалі яго аглядаць. Улічыўшы ўсе дэталі, я ўжо ні кроплі не сумняваўся, што менавіта цяпло каміну стала прычынай з’яўлення чэрапа, які я заўважыў на пергаменце. Вам, безумоўна, вядома пра пэўныя хімічныя сродкі, якія існавалі спакон веку. Яны дазваляюць пісаць на паперы ці тонкім пергаменце, і напісанае пры гэтым праявіцца толькі пад уздзеяннем цяпла. Цафру* распускаюць у «царскай гарэлцы», разводзяць вадою ў прапорцыі адзін да чатырох і ў выніку атрымліваюць зялёны атрамант. А кобальтавы штэйн, распушчаны ў салетравым спірце, дае чырвоны колер. Гэты атрамант раней ці пазней знікае з паверхні, на якой ім пісалі пры нізкай тэмпературы, і зноў праяўляецца пад уплывам цяпла.
Затым я ўважліва даследаваў чэрап. Яго абрысы, тыя, што найбольш набліжаліся да краёў пергаменту, былі выразнейшыя. Стала ясна, што ўздзеянне жару было толькі частковым і нераўнамерным. Я тут жа расклаў агонь і паднёс да зыркага полымя пергамент, дбаючы пра кожны яго ўчастак. Спачатку толькі светлыя лініі ў малюнку чэрапа пацямнелі, але, працягваючы свой эксперымент, я заўважыў, што ў куточку пергаменту, дыяганальна супрацьлеглым таму ўчастку, дзе быў чэрап, праступіла выява, якая спачатку падалася мне вельмі падобнай да дэльфіна. Але, агледзеўшы яе больш уважліва, я пераканаўся, што гэта мусіў быць кіт.
– Ха-ха! – не вытрымаў я. – Натуральна, я не маю ніякага права смяяцца з вас, бо паўтара мільёна даляраў – вельмі сур’ёзная падстава для радасці, але ж ці не хочаце вы сказаць, што знайшлі трэцяе звяно ланцуга? Вы ж не збіраецеся сцвярджаць, што між піратамі і дэльфінамі ёсць нейкая асаблівая сувязь. Усе мы ведаем, што піраты не палявалі на дэльфінаў, а зусім па-іншаму зараблялі на жыццё.
– Але ж я толькі што ўдакладніў, што выява была зусім не дэльфінам.