Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 45)
Упершыню мы сустрэліся ў непрыкметнай бібліятэцы на вуліцы Манмартр, дзе выпадкова – мы абодва шукалі адну і тую ж кнігу, вельмі рэдкае і адметнае выданне, – выявілася агульнасць нашых інтарэсаў. Потым мы сустракаліся зноў і зноў. Мяне глыбока зацікавіў кароткі, але грунтоўны экскурс у гісторыю яго роду, які ён зрабіў з усёй шчырасцю, на якую здольны француз, калі гаворка заходзіць пра яго асобу.
Мяне ўразіла яго начытанасць, але больш за ўсё – нястрымная палкасць і свежасць уяўлення. Шукаючы ў Парыжы тое, што моцна вабіла мяне тады, я разумеў, што кампанія гэтага чалавека ўяўляе для мяне неацэнную каштоўнасць, і адкрыта сказаў яму пра гэта. Урэшце было вырашана, што на той час, пакуль я буду ў Парыжы, мы будзем жыць разам, і з прычыны, што мае жыццёвыя абставіны былі ў нейкай ступені не такія цяжкія, то я з яго згоды ўзяў на сябе выдаткі, звязаныя з наймам і абсталяваннем дому. Гэта быў асабняк у стылі, адпаведным нашаму з ім характару рамантычнай меланхоліі, пашкоджаны часам і своеасаблівы па сваёй архітэктуры, у зацішным і адасобленым кутку Сэн-Жэрменскага прадмесця*. У ім ужо даўно не жылі гаспадары праз нейкія там забабоны, якімі мы не цікавіліся, і таму ён паступова прыходзіў у заняпад.
Калі б лад нашага жыцця стаў вядомы свету, нас бы абавязкова палічылі вар’ятамі – хоць, відаць, і бясшкоднымі. Наша адасобленасць была поўная. Нікога ў сваім доме мы не прымалі. Месца нашага жыхарства старанна трымалася ў таямніцы ад маіх былых кампаньёнаў, а Дзюпэн ужо даўно не цікавіўся Парыжам, ды і Парыж не ўспамінаў пра яго. Мы існавалі толькі для сябе.
Адным з фантазійных дзівацтваў майго прыяцеля – бо як яшчэ гэта назваць? – была ўлюбёнасць у ноч, і я пакорна пагадзіўся з гэтым
Царыца-ноч не магла заставацца з намі ўвесь час, але мы навучыліся імітаваць яе прысутнасць. Раніцай, з першым святлом, мы зачынялі тоўстыя аканіцы старога дому, запальвалі пару вельмі духмяных свечак, здатных толькі на цьмянае святло. У іх святле мы поўнілі сэрцы мроямі – чыталі, пісалі, дзяліліся думкамі, пакуль звон гадзінніка не абвяшчаў надыходу сапраўднай цемры. Тады мы выпраўляліся з дому, ідучы поплеч, працягвалі пачатыя ўдзень размовы або бязмэтна шпацыравалі ўздоўж і ўпоперак па вялікім горадзе да позняй ночы, шукаючы сярод мільгаючых агнёў і ценяў тую бясконцую душэўную ўзбуджанасць, якая вынікае з ціхага сузірання.
У такія моманты я міжволі заўважаў (хоць, ведаючы яго схільнасць да фантазій, я прадбачыў гэта) своеасаблівыя здольнасці Дзюпэна і захапляўся імі. Ён, відаць, таксама са шчырым захапленнем карыстаўся імі – нават калі іх не дэманстраваў – і не вагаючыся прызнаваўся, што робіць гэта з задавальненнем. Ён хваліўся мне, ціха пасмейваючыся, што калі для іншых чалавечая душа была за глухой сцяной, то ён мог зазірнуць у большасць душаў праз шырока расчыненыя для яго вокны, і звычайна суправаджаў такія заявы ашаламляльнымі доказамі глыбокага ведання маёй душы. У такія моманты ён быў халодны і безуважны, вочы яго рабіліся непранікальныя, а голас, сакавіты тэнар, пераходзіў у дыскант, і ў ім можна было адчуць нават раздражнёнасць, калі б не выразная дыкцыя і падкрэсленая няспешнасць у словах. Назіраючы за ім у такія моманты, я часта задумваўся над старадаўняй філасофскай тэорыяй пра дваістасць душы, і ў галаву прыходзіла забаўная думка пра двух Дзюпэнаў: адзін нешта ствараў, а другі ламаў створанае на кавалкі.
Прачытаўшы ўсё гэта, не падумайце, што я збіраюся расказаць вам у падрабязнасцях нейкую таямнічую гісторыю або апісаць нейкі рамантычны эпізод. Тыя асаблівасці прыяцеля-француза, пра якія я вам паведаміў, былі ўсяго толькі вынікам узбуджанасці ці, можа, хваравітасці розуму. Але характар яго заўваг у моманты, пра якія тут ідзе гаворка, лепш за ўсё праілюструе адзін прыклад.
Аднойчы ўвечары мы гулялі па доўгай бруднай вуліцы непадалёк ад Пале-Раяля*. Кожны з нас, відаць, быў заняты сваімі думкамі, і цягам чвэрці гадзіны ніхто не сказаў ані слова. І тут раптам цішыню перарвалі наступныя словы Дзюпэна:
– Ён недаростак, гэта праўда, і было б лепей, каб ён паспрабаваў свае сілы ў тэатры «Вар’етэ»*.
– Ну, вядома, так, – адказаў я машынальна, спачатку не звярнуўшы ўвагі (настолькі быў заняты думкамі) на тое, што гэтыя словы вельмі дзіўна супалі з маімі разважаннямі. Праз нейкі момант я апамятаўся, і маё здзіўленне было бязмежным.
– Дзюпэн, – сказаў я сур’ёзна, – гэта вышэй за маё разуменне. Шчыра кажучы, я вельмі ўражаны і ледзь веру сваім вушам. Як гэта вы здагадаліся, што я думаю пра… – тут я спыніўся, каб пераканацца, што ён сапраўды ведае, пра каго я думаў.
– …пра Шантыі, – сказаў ён. – Чаму вы змоўклі? Вы падумалі, што яго мізэрная постаць не падыходзіць для трагедыйных роляў.
Менавіта пра гэта я і разважаў. Шантыі,
– Растлумачце напрамілы Бог, – усклікнуў я, – свой метад, калі ён існуе, праз які вы толькі што зазірнулі мне ў душу.
Папраўдзе кажучы, я імкнуўся быць вонкава спакойным, хаваючы такім чынам збянтэжанасць, што ахапіла мяне.
– Гандляр садавіной навёў вас на думку, што гэты маэстра па падэшвах не дарос да Ксеркса
– Гандляр садавіной? Ну, вы мяне здзіўляеце! Не ведаю я ніякага гандляра садавіной.
– Ну, той, з кім вы сутыкнуліся, калі мы зварочвалі на гэтую вуліцу, хвілін пятнаццаць таму.
Тут я згадаў, што сапраўды нейкі гандляр з кошыкам яблыкаў на галаве ледзь не збіў мяне знянацку з ног, калі мы зварочвалі з вуліцы С. на тую, дзе цяпер стаялі. Але я не мог ніяк зразумець, якое гэта мела дачыненне да Шантыі.
Але Дзюпэн ні на кроплю не быў схільны да
– Я зараз растлумачу, – сказаў ён. – І каб вы ўсё зразумелі, мы спачатку адновім ход вашых думак, пачынаючы з таго моманту, як я звярнуўся да вас, да
Няма, відаць, такіх людзей, якія б у адпаведныя моманты свайго жыцця не паўтаралі ў думках дзеля забавы крок за крокам шлях, які прывёў іх да той ці іншай высновы. Занятак гэты часта вельмі цікавы, і той, хто сутыкаецца з ім упершыню, дзівіцца неабмежаванай адлегласці і неадпаведнасці паміж зыходным пунктам і канчатковай высновай. Вялікім, відаць, было і маё здзіўленне, калі я пачуў тое, што сказаў Дзюпэн, і не мог не пагадзіцца, што ўсё гэта – праўда.
Ён жа працягваў:
– Перад тым як звярнуць з вуліцы С., я добра памятаю, мы гаварылі пра коней. На гэтай тэме і перарвалася нашая размова. Калі мы пераходзілі на гэтую вуліцу, гандляр, які прабягаў побач з кошыкам яблыкаў на галаве, адпіхнуў вас на кучу камянёў, паскіданых у тым месцы, дзе рамантуюць брук. Вы спатыкнуліся аб камень, паслізнуліся, крыху расцягнулі звязку на костачцы, відаць, раззлаваліся, ва ўсякім разе, спахмурнелі, нешта прамармыталі, азірнуліся на груду камянёў і моўчкі пакрочылі далей. Я не вельмі стараўся сачыць за вашымі дзеяннямі, але назіральнасць зрабілася апошнім часам неад’емнай часткай маёй натуры.
Вы працягвалі ісці з апушчанай галавой, незадаволена косячыся на калдобіны і расколіны ў бруку (такім чынам я зразумеў, што вы ўсё яшчэ думаеце пра камяні), пакуль мы не дайшлі да завулка, што носіць імя Ламарціна* і які забрукавалі ў якасці эксперымента «ўнакладку», шчыльна падладзіўшы пліткі заклёпкамі. Ваш твар павесялеў, і па вуснах я здагадаўся, што вы прамармыталі слова «стэрэатамія» – тэрмін, вельмі штучна суаднесены з гэтым тыпам бруку. Я ведаў, што вы не маглі вымавіць гэта слова, не згадаўшы пра атамы, а таксама пра тэорыі Эпікура. Мы не так даўно абмяркоўвалі гэтую тэму – я заўважыў, як надзіва дакладна, хоць на гэта мала хто звярнуў увагу, не вельмі выразныя здагадкі высакароднага грэка пацвердзіліся пазней касмагоніяй у дачыненні да нябесных туманнасцяў, – а таму я падумаў, што вы абавязкова падымеце вочы, каб зірнуць на вялікую туманнасць у сузор’і Арыёна, і спадзяваўся, што менавіта так і атрымаецца. Вы сапраўды зірнулі ўгору, тым самым упэўніўшы мяне, што я правільна іду па вашым следзе. Але ў вельмі адмоўным водгуку на выступ Шантыі ва ўчорашняй
Я неяк казаў вам, што радок быў напісаны адносна Арыёна, бо некалі ён пісаўся як Урыён. Мы яшчэ тады пажартавалі наконт гэтага, і я ведаў, што ўсё засталося ў вашай памяці. Таму было зразумела, што вы абавязкова злучыце ў галаве думкі пра Арыёна і Шантыі. Тое, што менавіта так і здарылася, пацвердзіла ваша ўсмешка. Вы падумалі, што бедны Шантыі сам сябе прынёс у ахвяру. Спачатку вы ішлі згорбіўшыся, а тут – выпрасталіся на ўвесь рост. Такім чынам, я быў упэўнены, што вы падумалі пра мізэрную фігуру Шантыі. У той самы момант я перабіў вашы думкі, зазначыўшы, што гэты Шантыі і праўда недаростак і было б лепей, каб ён паспрабаваў свае сілы ў тэатры «Вар’етэ».