Што даляцяць з сяла,
Ці спеў дзяўчыны ў час начны,
Што марыць тут прыйшла.
І стрэнуцца ў маёй цішы
Дзве закаханыя душы —
Найдалей ад жытла.
Каханне, спевы, вербалоз…
Ні ўздыхаў, ні пакутных слёз.
Я ведаю: мой скрушны дом
Лагода абміне, І не абдорыць дзень цяплом,
Не апячэ мяне.
Калі ж са скрухаю зямной
Сябры збяруцца нада мной,
Іх гэты край кране,
Ім будзе добра ля магіл:
У кветках мой зялёны схіл.
Яны згадаюць, што было, —
Шчаслівыя часы,
Таго, хто сёння – толькі тло
Й не бачыць больш красы,
Таго, чый лёс – смяротным сном
Заснуць пад гэтым хараством.
Іх слухаць галасы
Я буду дзесьці пад травой,
Шчаслівы гаманой жывой.
Нават сама рытмічная плынь тут падаецца пачуццёвай – нішто не можа быць больш меладычным. Гэты верш заўсёды ўздзейнічаў на мяне вельмі цікавым чынам. Напружаная меланхолія, якая, здаецца, вымушаная выплёсквацца на паверхню ўсяго светлага, што паэт гаворыць пра сваю магілу, кранае нас да глыбіні душы – гэта і ёсць найбольш шчырае паэтычнае ўзрушэнне. Верш пакідае ўражанне прыемнага суму. І калі астатнія творы, якія я прапаную вашай увазе, абудзяць штосьці больш ці менш падобнае да гэтага суму, дазвольце нагадаць, што з невядомых прычынаў менавіта такое адценне суму непадзельна звязанае з усімі найвышэйшымі праявамі сапраўднае прыгажосці. Аднак гэта выклікае ўсяго толькі
І скруху, і маркоту,
Ды сэрцу не баліць —
Так дождж вісіць імжою,
Не здольны з неба ліць.
Адценне, пра якое я кажу, найбольш заўважнае нават у такім бліскучым і жывым вершы, як «Тост за здароўе» Эдварда Коўта Пінкні*:
За тую п’ю, што апяю
Ажно да самых зор,
За тую, што для ўсіх жанчын —
Красы і цноты ўзор.
Свой бляск нябесныя агні
Дарылі ёй адной,
Той, што была дачкой святла,
Нябеснай, не зямной.
Гучанне слоў – спеў салаўёў
У цёплы весні час,
Хай голас соладка гучыць
І захапляе нас!
Бо словы – з глыбіні душы,
Найпрыгажэйшай з душ.
Яны – як мёд, які для сот
Пчала збірае з руж.
Пачуцці ў сэрцы дарагім
Палаюць, бы агмень,
Іх поўніць водар чысціні,
Як кветкі ў летні дзень,
О жарсці сэрца, як гараць
Узвышана яны;
Яна ж – бы ўвасабленне іх,
Багіня даўніны.
Зірнеш у твар – і вось пажар
У сэрцы назаўжды,
А голас забярэ ў палон
На доўгія гады.
І толькі пра яе ўвесь час
І думкі, й сны мае,
А ў скрушны дзень вазьму я ў цень
Узгадкі пра яе.
За тую п’ю, што апяю
Ажно да самых зор,