Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 102)
Такім чынам, несмяротны інстынкт, што жыве ў глыбіні чалавечага духу, – гэта, папросту кажучы, пачуццё прыгожага. Менавіта яно дапамагае чалавеку атрымаць асалоду ад шматстайнасці формаў, гукаў, пахаў і адчуванняў, сярод якіх ён існуе. Як лілея адбіваецца ў возеры, а вочы Амарыліс* – у люстэрку, так і вуснае ці пісьмовае ўзнаўленне гэтых формаў, гукаў, колераў, пахаў і адчуванняў падвойвае крыніцу асалоды. Аднак такое паўтарэнне не ёсць яшчэ паэзіяй. Той, хто проста спявае, хай сабе з палкай захопленасцю ці жывой праўдападобнасцю ўзнаўлення, пра вобразы, гукі, водары і пачуцці, дасягальныя для яго, як і любога іншага чалавека, не даказвае свайго права на боскае званне. У далечыні ўсё яшчэ засталося нешта, чаго ён не здолеў дасягнуць. Усё яшчэ ёсць у нас неспатольная смага, для спатолі якой ён не паказаў нам крыштальных ручаёў. Смага гэтая належыць несмяротнасці чалавечай. Яна адначасова і вынік, і прыкмета ягонага спрадвечнага існавання. Яна – імкненне матылька да зораў. Гэта не проста спасціжэнне прыгажосці наўкола нас, гэта і адчайная спроба сягнуць прыгажосці вышняй. Натхнёныя экстатычным прадбачаннем хараства па той бок магілы, мы змагаемся за тое, каб у шматстайных спалучэннях часовых рэчаў і думак здабыць хаця б крыху таго прыўкраснага, кожная часцінка якога, магчыма, належыць адзіна вечнасці. І таму тады, калі паэзія – або музыка, найбольш чароўная сярод усяго паэтычнага, змушае нас залівацца слязьмі, мы плачам не ад вялізнае асалоды, як меркаваў абат Гравіна*, а ад нейкай нецярплівай, нястрымнай скрухі, спароджанай нашай няздольнасцю цяпер, тут, на зямлі, адразу і назаўсёды, напоўніцу спазнаць гэтую боскую і натхнёную радасць, няўлоўную і хісткую згадку пра якую дорыць нам верш або мелодыя.
Жаданне спасцігнуць незямную прыгажосць, гэтае жаданне душаў адмысловага складу, і дало свету ўсё тое, што ён мог адразу і зразумець, і назваць паэтычным.
Безумоўна, паэтычнае пачуццё можа развівацца па-рознаму: у жывапісе, скульптуры, архітэктуры, танцы, асабліва ў музыцы, і вельмі своеасабліва і шырока – у садова-паркавым мастацтве. Аднак нашая сённяшняя тэма абмяжоўваецца толькі яго слоўным выяўленнем. Дазвольце каротка закрануць тут пытанне рытму. Я задаволюся толькі тым, што з усёй упэўненасцю скажу: музыка ва ўсёй разнастайнасці метру, рытму і рыфмы мае такое вялікае значэнне для паэзіі, што адмаўляцца ад яе заўсёды неразумна; яна настолькі жыццёва важнае дапаўненне, што грэбаваць яе дапамогай – значыць папросту паказваць сваю абмежаванасць, – і не буду далей спыняцца, сцвярджаючы яе абсалютную важнасць. Магчыма, менавіта ў музыцы душа найбольш набліжаецца да вялікай мэты, да якой яна імкнецца, натхнёная паэтычным пачуццём, – да стварэння незямной прыгажосці. Магчыма, насамрэч толькі ў музыцы гэтая найвышэйшая мэта часам дасягаецца. Мы часта з трапяткім захапленнем адчуваем, што зямная арфа стварае гукі, якія могуць чуць у нябёсах анёлы. І таму нельга сумнявацца, што з’яднанне паэзіі і музыкі ў агульнапрынятым сэнсе адкрывае шырокае поле для паэтычнага развіцця. Старадаўнія барды і мінезінгеры мелі перад намі перавагу, і калі Томас Мур* спяваў свае песні, ён самым разумным чынам дасканаліў іх як вершы.
Падвядзем высновы. Я б каротка вызначыў паэзію словаў як стварэнне прыгожага з дапамогай рытму. Яе адзіны суддзя – густ. Яе дачыненне да розуму ці сумлення мае другаснае значэнне. З абавязкам ці ісцінай яна ніякім чынам не звязаная.
Скажу, аднак, некалькі словаў, каб патлумачыць. Я сцвярджаю, што асалоду, адначасова найбольш чыстую, найбольш узнёслую і найбольш глыбокую, можна атрымаць, сузіраючы прыўкраснае. Толькі ў сузіранні прыўкраснага мы здольныя адчуць узвышанае задавальненне, ці ўзрушэнне душы, якое мы называем паэтычным пачуццём і якое вельмі лёгка адрозніць ад ісціны, што прыносіць задавальненне розуму, ці ад жарсці, што хвалюе сэрца. А таму я лічу прыгожае (я ўжываю слова таксама ў значэнні «ўзвышанае») сферай паэзіі проста ў адпаведнасці з відавочным законам мастацтва, паводле якога вынікі мусяць наўпрост выцякаць з прычынаў, і ніхто яшчэ не дайшоў да такой неразважлівасці, каб адмаўляць тое, што ўзрушэнне, пра якое ідзе гаворка, лягчэй за ўсё дасягаецца сродкамі паэзіі. З гэтага ніякім чынам не вынікае, аднак, тое, што пабуджэнні жарсці, ці загады абавязку, ці нават урокі ісціны не могуць быць выяўленыя, і выяўленыя з карысцю, у вершы, бо яны здольныя час ад часу рознымі спосабамі паслужыць асноўным мэтам твора; аднак сапраўдны мастак заўсёды зможа падпарадкаваць іх той прыгажосці, якая ёсць атмасферай і самой сутнасцю паэзіі.
Самы час цяпер прадставіць тыя некалькі вершаў, якія я збіраюся прапанаваць вам для разважанняў, і пачаць з уступу да «Блукальца» Лангфэла*:
Хаця размах фантазіі ў гэтых радках не надта вялікі, чытачы справядліва захапляюцца тонкасцю іх выяўлення. Некаторыя з вобразаў гэтага твора надзвычай моцна ўражваюць. Няма нічога лепшага за гэтыя радкі:
Вельмі моцна ўздзейнічае таксама ідэя апошняга чатырохрадкоўя. Аднак верш у цэлым заслугоўвае ўхвалы за вытанчаную неахайнасць памеру, які цудоўна адпавядае выяўленым пачуццям, і за непасрэднасць стылю ўвогуле. Гэтую непасрэднасць, ці натуральнасць, мастацкага стылю даўно стала модным лічыць непасрэднасцю выключна вонкавай – а таму надзвычай цяжка дасягальнай. Але гэта не так: натуральная манера складаная толькі для тых, каму і квапіцца на яе не варта, – людзям, пазбаўленым натуральнасці. Выключна ў выніку таго, што верш будзе пісацца з разуменнем ці з прыродным чуццём, яго інтанацыя апынецца прымальнай для большасці людзей і, безумоўна, будзе ўвесь час змяняцца ў залежнасці ад абставінаў. Той аўтар, які на манер «Паўночнаамерыканскага агляду» ва ўсіх абставінах будзе заставацца ўсяго толькі «ціхім», абавязкова апынецца ва ўсіх абставінах таксама бязглуздым ці дурным і будзе мець не больш правоў лічыцца «непасрэдным» ці «натуральным», чым кокні-франт або спячая прыгажуня ў музеі васковых фігураў.
Сярод дробных вершаў Браянта* найбольш уразіў мяне той, які быў названы аўтарам «Чэрвень». Вось урывак з гэтага твора: