Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 36)
— А якая карысць?
— Мы… мы зрабілі б што-небудзь.
— Што?
— Ну што-небудзь, але…
— Не, — сказаў Кейсі, — зрабіць вы не змаглі б нічога. Ваш шлях быў вызначаны, а дзеду з вамі было не па дарозе. Ён і не мучыўся. Хіба, можа, толькі раніцай, у першыя хвіліны. Ён астаўся з зямлёй. Не мог яе кінуць.
Дзядзька Джон глыбока ўздыхнуў.
Уілсан сказаў:
— А нам прыйшлося майго брата кінуць. — Усе павярнуліся да яго. — У нас з ім былі ўчасткі-саракоўкі побач. Ён старэйшы за мяне. Машыны ніхто з нас ніколі не вадзіў. І вось мы прадалі ўсё, што ў нас было. Уіл купіў сабе машыну, і да яго прыставілі нейкага падлетка — вучыць кіраваць. За дзень перад ад'ездам Уіл з цёткай Міні паехалі папрактыкавацца. Раптам перад Уілам калдобіна, ён як гаркне: «Тпру!» — і як дасць задні ход. Урэзаўся ў агароджу. Зноў крыкнуў: «Тпру, каб на цябе!» — тупнуў нагой па педалі газу і перакуліўся ў канаву. І застаўся ён ні з чым: ні на продаж нічога, ні машыны. Але ж, дзякуй богу, сам вінаваты. І так узлаваўся, з сябе аж выходзіць, з намі ехаць не захацеў — сядзіць, лаецца апошнімі словамі.
— Што ж ён будзе рабіць?
— Каб я ведаў. Чалавек зусім крануўся ад злосці. А нам чакаць няможна. У нас толькі восемдзесят даляраў на ўсю дарогу. Не сядзець жа нам і чакаць, пакуль і тыя разыдуцца. Але дарога ўжо амаль усе іх з'ела. Не праехалі і сотні міль, зуб у заднім мосце паляцеў, а рамонт абышоўся трыццаць даляраў. А там спатрэбілася пакрышка, і запальная свечка трэснула, а яшчэ Сэйры занядужала. Давялося прыпыніцца, вось ужо дзесяць дзён стаім. А цяпер машына, няхай яна спрахне, зноў паламалася, а грошай ужо — кот наплакаў. Проста не ведаю, калі мы дабяромся да гэтай Каліфорніі. Трэба рамантаваць, а я ў гэтым нічога не кемлю.
Эл дзелавіта запытаўся:
— Што з машынай?
— Ды проста ісці не хоча. Завядзецца, чхне разок — і заглухне. Праз момант зноў завядзецца, і перш чым паспееш тармазы адпусціць, зноў як мёртвая.
— Матор працуе хвіліну і глухне?
— Ага, так. Прыбаўлю газу, усё роўна не ідзе. Чым далей, тым усё горш, а вось цяпер зусім ужо не запускаецца.
Выгляд у Эла зрабіўся горды, па-даросламу салідны.
— Відаць, у яе бензаправод забіўся, — прамовіў ён. — Я прадзьму яго.
І бацька таксама заганарыўся:
— Эл у гэтых справах разбіраецца.
— Вось за дапамогу я скажу вам дзякуй. Вялікі дзякуй. Не ўмееш паправіць, проста дзіцём сябе адчуваеш. Калі дабяромся да Каліфорніі, куплю добрую машыну. Яна, можа, псавацца не будзе.
Бацька сказаў:
— Калі дабяромся… Не так і лёгка дабрацца туды.
— Затое Каліфорнія! — сказаў Уілсан. — Я бачыў лісткі — там патрэбны людзі на збор фруктаў, і заробкі добрыя. Толькі падумаць! Фрукты збіраеш у цяні дрэў, прыхваткамі ў рот пакладзеш што-небудзь. Ды там, чорт вазьмі, столькі гэтага дабра — хоць аб'ядайся, ніхто табе слова не скажа. А плаціць будуць добра, купім невялікі ўчастак і яшчэ падрабляць будзем на старане. Я ў заклад, чорт вазьмі, іду, што і двух гадоў не міне, як мы прыдбаем свой участак.
Бацька сказаў:
— Мы бачылі гэтыя лісткі. У мяне адзін нават з сабой ёсць. — Ён выняў кашалёк і дастаў з яго складзены папалам аранжавы рэкламны лісток. Чорныя літары гаварылі: «У Каліфорніі Патрабуюцца Зборшчыкі Гароху. Добрая Плата Круглы Год. Патрэбна 800 Чалавек».
Уілсан з цікавасцю паглядзеў на лісток.
— Ага, ага! Я бачыў такі самы. Акурат як той. А як вы думаеце… васемсот чалавек ужо, можа, набралася?
Бацька сказаў:
— Гэта ж толькі ў адной невялікай частцы Каліфорніі. А Каліфорнія ў нас другі па велічыні штат. Дапусцім, у адным месцы васемсот чалавек і набралася. А там шмат такіх месцаў. Мне ўсё роўна дзе фрукты збіраць. Вы ж самі сказалі, працаваць будзем у цяні дрэў. На такую работу і малыя з ахвотай пойдуць.
Раптам Эл падняўся і падышоў да легкавой машыны.
— Сёння ўжо не адрамантуеш, — сказаў Уілсан.
— Вядома. Заўтра з раніцы вазьмуся.
Том ва ўпор паглядзеў на свайго малодшага брата.
— Я таксама пра гэта падумаў, — сказаў ён.
— Пра што вы там, хлопцы? — запытаўся Ной.
Том з Элам маўчалі, чакаючы, што скажа другі.
— Кажы ты, — нарэшце прамовіў Эл.
— Ну, можа, з гэтага нічога не выйдзе, можа, Эл зусім пра іншае думае. А справа вось якая. У нас перагрузка, а містэр і місіс Уілсан едуць без цяжкага грузу. Калі хто-небудзь з нашых перасядзе да іх, а іхнія лягчэйшыя рэчы мы перакладзём на грузавік, тады ў нас і рысоры будуць цэлыя, і пад'ёмы нам не страшныя. Машынай мы з Элам абодва ўмеем кіраваць, значыць, хто-небудзь з нас павядзе легкавую. На дарозе будзем разам трымацца, і ад гэтага нам усім лепш будзе.
Уілсан ускочыў на ногі.
— Вядома, вядома! Мы будзем толькі радыя. Так і зробім. Ты чула, Сэйры?
— Проста цудоўна, — адказала Сэйры. — А мы не наробім вам лішніх турбот?
— Ну што вы, далібог! — сказаў бацька. — Якія турботы? Наадварот, вы нас выручыце.
Уілсан зноў сеў на зямлю, крыху сумеўшыся.
— Не ведаю, як быць.
— Што, раздумалі?
— Разумееце… У мяне ўсяго даляраў трыццаць засталося, і я не хацеў бы быць вам цяжарам.
Маці сказала:
— Вы і не будзеце нам цяжарам. Будзем дапамагаць адзін аднаму, і разам даедзем да Каліфорніі. Сэйры Ўілсан дапамагла мне прыбраць дзеда… — яна раптам змоўкла. Сувязь паміж тым і другім была ўсім зразумелая.
Загаварыў Эл:
— У легкавую свабодна сядзе шэсць чалавек. Скажам, так: я за рулём, місіс і містэр Уілсаны, Разашарна з Коні і бабка. Вялікія рэчы, лягчэйшыя, перакладзём на грузавік. У дарозе будзем мяняцца месцамі. — Ён гаварыў голасна, радуючыся, што з плячэй зваліўся такі клопат.
Астатнія бянтэжліва ўсміхаліся, апусціўшы вочы долу. Бацька правёў кончыкамі пальцаў па пыле. Сказаў:
— Маці наша марыць пра беленькі домік сярод апельсінавых дрэў. Яна бачыла вялікі такі малюнак у календары.
Сэйры сказала:
— Калі я зноў расхварэюся, вы нас не чакайце, едзьце адны. Мы не хочам быць вам цяжарам.
Маці пільна паглядзела на яе і быццам упершыню ўбачыла яе пакутніцкія вочы і змарнелы, змучаны болем твар. І сказала:
— Нічога, даедзеце, мы пра вас паклапоцімся. Вы ж самі сказалі: ад дапамогі нельга адмаўляцца.
Сэйры глянула на свае маршчыністыя рукі, асветленыя агнём вогнішча.
— Трэба класціся спаць. — Яна ўстала.
— А дзед… як быццам ужо год, як ён памёр, — прамовіла маці.
Абедзве сям'і няспешна разышліся класціся спаць, смачна пазяхаючы. Маці спаласнула талеркі і сцерла з іх тлушч мяшком з-пад мукі. Агонь у вогнішчы патух, зоркі нібы апусціліся ніжэй. Легкавыя аўтамашыны толькі зрэдку прабягалі цяпер па шашы, але грузавікі час ад часу з грукатам праносіліся міма, ажно дрыжэла зямля. Абедзве машыны, якія стаялі ў лагчынцы каля дарогі, ледзь віднеліся пры святле зорак. Каля заправачнай станцыі выў прывязаны нанач сабака. Людзі ўгаманіліся і ціха спалі, і асмялелыя палявыя мышы снавалі каля матрацаў. Адна Сэйры Ўілсан не спала. Яна глядзела ў неба і стойка змагалася з болем.
Раздзел чатырнаццаты
Заходнюю тэрыторыю апанаваў неспакой — набліжаюцца перамены. Заходнія штаты затрывожыліся, як коні перад навальніцай. Буйныя ўласнікі занепакоіліся, чуюць: будуць перамены, толькі не ведаюць — якія. Буйныя ўласнікі б'юць па непасрэднай пагрозе: па пашыраным складзе ўрада, па ўсё мацнейшым адзінстве рабочага руху; б'юць па новых падатках, па новых эканамічных планах — не разумеюць, што ўсё гэта вынікі, а не прычыны. Вынікі, а не прычыны. Не прычыны, а вынікі. А прычыны караняцца глыбока, хоць яны і зусім простыя. Прычыны — гэта фізічны голад, памножаны ў мільён разоў; гэта духоўны голад — імкненне да шчасця, да пачуцця ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, памножанае ў мільён разоў; гэта імкненне мускулаў і мозгу да росту, да працы, да творчасці, памножанае ў мільён разоў. Канчатковая, ясная функцыя чалавека — працаваць сваімі мускуламі, ствараць сваім мозгам, і не толькі на карысць аднаму сабе — гэта і ёсць чалавек. Пабудаваць сцяну, пабудаваць дом, пабудаваць плаціну, укласці часцінку свайго чалавечага «я» ў гэту сцяну, у гэты дом, у гэту плаціну і ўзяць і сабе што-небудзь ад іх — ад гэтай сцяны, ад гэтага дома, ад гэтай плаціны; умацаваць мускулы цяжкай працай, прылучыцца да яснасці ліній і форм сваіх здзейсненых задум. Бо чалавек — адзінае стварэнне ва ўсім арганічным і неарганічным жыцці прыроды, адзіны аб'ект у сусвеце, які перасягае створанае ім, узнімаецца па прыступках сваіх задум, вырываецца наперад, пакідаючы ззаду ўжо дасягнутае. І вось што трэба сказаць пра чалавека: калі тэорыі мяняюцца ці рушацца, калі філасофскія школы і вучэнні, вузкія завулкі думкі — нацыянальныя, рэлігійныя, эканамічныя — узнікаюць, а потым рассыпаюцца прахам, чалавек, хоць і спатыкаючыся, атрымліваючы жорсткія ўдары, памыляючыся, ідзе наперад і нечага дасягае. Зрабіўшы крок наперад, ён можа адступіць, але толькі на паўкроку і ніколі не зробіць поўнага кроку назад. Вось што можна сказаць, і гэта трэба добра разумець. Гэта трэба разумець, калі з чорных самалётаў падаюць бомбы на людныя рынкі, калі палонных забіваюць, як свіней, калі скалечаныя целы сплываюць крывёю ў гразі і пыле. І вось яшчэ што: калі спыніцца, калі б памерла вострае да болю жаданне ісці наперад, што б там ні было, бомбы не падалі б, глоткі не рэзалі б. Пакуль будуць жывыя ўладальнікі бомбаў, гэты смертаносны груз будзе падаць на моцных духам, і бойся таго часу, калі дух гэты памрэ; пакуль жывуць буйныя ўласнікі, удары будуць сыпацца на тых, хто робіць крок наперад — бойся таго часу, калі памрэ імкненне ісці наперад. Бойся таго часу, калі чалавечае «я» не будзе гатова ісці на пакуты і смерць за ідэю, бо гатоўнасць гэтая — асновы чалавечага «я», адзінае, што робіць чалавека чалавекам.