18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 35)

18

— Сама раз, — сказала маці. — Спішы.

Том старанна перапісаў радок на паперу. Маці спаласнула і выцерла фруктовы слоік. Том шчыльна закруціў крышку.

— Можа, лепш было прапаведніку пісаць, — сказаў ён.

— Не, прапаведнік нам не сваяк, — сказала маці, узяла ў яго слоік і пайшла ў цёмную палатку. Там яна выцягнула некалькі шпілек з шарсцяной коўдры, усунула слоік пад халодныя тонкія рукі і зноў зашпіліла. Тады вярнулася да вогнішча.

Мужчыны адышлі ад ямы, твары ў іх блішчалі ад поту.

— Гатова, — сказаў бацька і разам з дзядзькам Джонам, Ноем і Элам зайшоў у палатку. Яны вынеслі адтуль доўгі, зашпілены з усіх бакоў скрутак і панеслі да магілы. Бацька скочыў уніз, пераняў цела і асцярожна апусціў на зямлю. Дзядзька Джон памог яму вылезці.

— А як быць з бабкай? — запытаўся бацька.

— Я зараз прывяду яе, — адказала маці, пайшла да матраца і нейкі час глядзела на старую. Потым вярнулася да магілы.

— Спіць, — сказала яна. — Можа, бабка і закрыўдуе на мяне, але я не буду яе будзіць. Ёй спакой патрэбен.

Бацька запытаўся:

— А прапаведнік дзе?

Том адказаў:

— Я бачыў, ён пайшоў па дарозе. Не хоча больш маліцца.

— Не хоча маліцца?

— Не. Ён больш не прапаведуе. Кажа, навошта ашукваць людзей і выдаваць сябе за прапаведніка, калі на самай справе я не прапаведнік. Б'юся аб заклад, што ён уцёк, каб мы не прасілі яго маліцца.

Кейсі, прыходу якога яны не заўважылі, чуў словы Тома.

— Нікуды я не ўцёк, — сказаў ён. — Я памагу вам, людзі, але ашукваць вас не буду.

Бацька сказаў:

— Можа, усё-ткі скажаш некалькі слоў? У нас у сям'і нікога яшчэ не хавалі без малітвы.

— Добра, скажу, — згадзіўся прапаведнік.

Коні вёў да дзедавай магілы Ружу Сарона, тая ішла неахвотна.

— Трэба, — угаворваў яе Коні. — Іначай непрыстойна. Гэта ж нядоўга.

Святло ад вогнішча падала на людзей, што акружылі магілу, азарала іх твары і вочы і меркла на цёмным адзенні. Мужчыны стаялі, зняўшы капелюшы. Языкі полымя ў вогнішчы скакалі, кідаючы трапятлівыя блікі на людзей.

Кейсі сказаў:

— Гаварыць буду коратка. — Ён схіліў галаву, і астатнія таксама схілілі галовы. Кейсі ўрачыста сказаў: — Стары, які тут ляжыць, пражыў жыццё і памёр. Я не ведаю, які ён быў чалавек, — добры ці дрэнны, але гэта няважна. Важна тое, што ён быў жывы. А цяпер памёр, і цяпер гэта таксама няважна. Я раз чуў, як адзін чытаў вершы, і там было сказана: «Усё жывое — святое». Я задумаўся і неўзабаве зразумеў, што ў словах у гэтых сэнсу больш, чым на першы погляд здаецца. І я не буду маліцца за гэтага старога, якога ўжо няма сярод жывых. З ім усё як мае быць. У яго ёсць адна мэта, і яна стаіць перад ім, да яе вядзе толькі адзін шлях. У нас таксама ёсць свая мэта, але ў нас сотні шляхоў да яе, і мы не ведаем, па якім пайсці. І калі б мне выпала памаліцца, я памаліўся б за тых, хто не ведае, на які шлях ступіць. У дзеда дарога прамая. А цяпер укрыйце яго зямлёй, і няхай ён робіць сваю справу. — Кейсі падняў галаву.

Бацька сказаў:

— Аман.

І астатнія прамармыталі хорам:

— Аман.

Бацька ўзяў рыдлёўку, набраў паўштыха зямлі і асцярожна скінуў у чорную яму. Тады перадаў рыдлёўку дзядзьку Джону, і той кінуў зямлі поўны штых. Рыдлёўка пераходзіла з рук у рукі, пакуль не абышла ўсіх мужчын. Калі ўсе яны выканалі свой абавязак і зрабілі тое, што ім належала зрабіць па праву, бацька накінуўся на кучу зямлі, што ляжала з краю, і пачаў таропка засыпаць магілу. Жанчыны адышлі да вогнішча гатаваць вячэру. Руці і Ўінфілд, як зачараваныя, стаялі каля магілы. Руці ўрачыста прамовіла:

— Цяпер дзед там, унізе, ляжыць.

Уінфілд спалохана вытрашчыў на яе вочы і пабег да вогнішча, там сеў на зямлю і заплакаў.

Бацька засыпаў магілу да паловы і спыніўся, цяжка пераводзячы дух, а рэшту зямлі скінуў дзядзька Джон. Калі Джон пачаў рабіць насып, Том затрымаў яго руку.

— Паслухай, — сказаў ён. — Калі магілка будзе з насыпам, яе як бачыш знойдуць. Трэба, каб не было прыкметна. Зраўняй з зямлёй, а зверху мы накідаем травы. Што зробіш, інакш нельга.

Бацька сказаў:

— Я пра гэта і не падумаў. Але без насыпу няможна.

— Нічога не зробіш, — сказаў Том. — Яго адразу адкапаюць, і нас абвінавацяць у парушэнні закону. Ты ведаеш, што мне будзе, калі я пераступлю закон.

— Правільна, — пагадзіўся бацька. — Я зусім забыўся. — Ён узяў у Джона рыдлёўку і зраўняў магілу. — Ледзь зіма, і праваліцца, — сказаў ён.

— Нічога не зробіш, — сказаў Том. — Да зімы мы будзем далёка. Утапчы добра, а зверху мы чаго-небудзь накідаем.

Калі свініна і бульба зварыліся, абедзве сям'і селі вячэраць вакол вогнішча. Усе елі моўчкі, пазіраючы на агонь. Уілсан запусціў зубы ў кавалак мяса і задаволена ўздыхнуў.

— Цудоўная свініна, — сказаў ён.

— У нас былі дзве свінкі, — паясніў бацька, — і мы вырашылі іх з'есці. За іх нічога не давалі. Вось крыху асвоімся з дарогай, маці спячэ хлеба, тады адно задавальненне — едзеш сабе, пазіраеш па баках, а ў грузавіку ў цябе яшчэ і дзве бачуркі свініны. Колькі часу вы ўжо ў дарозе?

Уілсан прачысціў языком зубы і глынуў.

— Нам не пашчасціла, — адказаў ён. — Трэці ўжо тыдзень, як мы паехалі з дому.

— Божа літасцівы! А мы мяркуем за дзесяць дзён дабрацца да Каліфорніі, а то і хутчэй.

У гутарку ўмяшаўся Эл:

— Не, та, наўрад ці. З такім грузам мы, можа, і ніколі не дабяромся. Асабліва калі давядзецца ехаць праз горы.

Вакол вогнішча запанавала цішыня. Галовы ва ўсіх апусціліся, і агонь асвятляў ім толькі валасы і лоб. Над невысокім купалам святла скупа паблісквалі летнія зоркі, дзённая спёка памалу спадала. На сваім матрацы, убаку ад вогнішча, ціха захныкала бабка, нібы шчанюк заскавытаў. Твары ўсіх павярнуліся ў той бок.

Маці сказала:

— Разашарна, будзь разумненькай, ідзі паляжы з бабкай. Яе цяпер нельга пакідаць адну. Яна ўжо ўсё зразумела.

Ружа Сарона паднялася на ногі, пайшла да матраца і лягла побач са старой, і да вогнішча данесліся няясныя гукі іх галасоў. Ружа Сарона і бабка перашэптваліся, лежачы на матрацы.

Ной сказаў:

— Дзіўна неяк — дзеда няма, а быццам нічога не здарылася. Смутку мне не прыбавілася.

— Гэта ўсё адно, — сказаў Кейсі. — Зямля ваша і дзед — адно непадзельнае.

Эл сказаў:

— Вельмі крыўдна за яго. Памятаеце, ён гаварыў, што там будзе рабіць, як ён вінаградныя гронкі аб галаву будзе расціскаць, каб усю бараду сокам заліло, і ўсякае такое.

Кейсі сказаў:

— Гэта ён так, дурыўся. Думаю, ён усё разумеў. Дзед ваш памёр не сёння. Ён памёр, як толькі вы яго з месца знялі.

— Ты гэта напэўна ведаеш? — усклікнуў бацька.

— Ну, не зусім так. Дыхаць ён дыхаў, але жыцця ў ім ужо не было. Дзед і зямля ваша — адно цэлае, і ён гэта разумеў.

Дзядзька Джон запытаўся:

— А ты ведаў, што ён памірае?

— Так, — адказаў Кейсі. — Ведаў.

Джон утаропіўся на прапаведніка, і ў вачах у яго рос жах.

— І нікому не сказаў?