18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 37)

18

Заходнія штаты апанаваў неспакой — блізяцца нейкія перамены. Тэхас і Аклахома, Канзас і Арканзас, Нью-Мексіка, Арызона, Каліфорнія… Вось адна сям'я пакідае свой участак. Некалі бацька ўзяў пазыку ў банку, і цяпер банк наважыў авалодаць яго зямлёй. Зямельная кампанія, гэта значыць банк, які валодае зямлёй, хоча, каб на гэтай зямлі працавалі трактары, а не людзі. А хіба трактар — дрэнна? Хіба ў сіле, якая праразае доўгія барозны ў зямлі, ёсць што-небудзь нядобрае? Калі б гэты трактар належаў нам, тады было б добра — не мне, а нам. Калі б нашы трактары праводзілі доўгія барозны па нашай зямлі, тады было б добра. Не па маёй зямлі, а па нашай. Мы любілі б гэты трактар, як любілі гэту зямлю, калі яна была наша. Але трактар робіць адразу дзве справы: узорвае зямлю і выворвае з яе нас. Паміж трактарам і танкам розніцы мала. І той, і другі гоняць перад сабой людзей, апанаваных страхам і роспаччу. Тут ёсць над чым задумацца.

З зямлі сагналі аднаго чалавека, адну сям'ю — вось яго ржавая машына паўзе па шашы на Захад. Я страціў зямлю, маёй зямлёй авалодаў трактар. Я адзін і не ведаю, што рабіць. Адна сям'я спыняецца на начлег каля прыдарожнай канавы, ставіць палатку; да яе пад'язджае яшчэ адна сям'я і таксама ставіць палатку. Двое мужчын прысаджваюцца на кукішкі, а жанчыны з дзецьмі стаяць каля іх і слухаюць. Гэта і ёсць завязка, разумееце, вы — тыя, хто ненавідзіць перамены і баіцца рэвалюцыі? Раз'яднайце гэтых двух мужчын, пасейце ў іх сэрцах нянавісць, боязь адзін аднаго, недавер адзін да аднаго. Бо гэта зачатак таго, што наганяе на вас страх. Зародак. Таму што ў выказванне: «Я страціў зямлю» ўносіцца папраўка: «Мы страцілі нашу зямлю». Вось дзе тоіцца небяспека для вас, бо два чалавекі ўжо не такія адзінокія і разгубленыя, як адзін. А з гэтага «мы» ўзнікае нешта яшчэ больш небяспечнае: «У мяне ёсць крыху ежы» плюс «У мяне зусім нічога няма». І калі ў суме атрымліваецца: «У нас ёсць крыху ежы», значыць, усё ўвайшло ў сваю каляіну і рух набыў накіраванасць. Цяпер засталося зрабіць нескладанае памнажэнне, і зямля гэтая, гэты трактар — нашы. Двое мужчын сядзяць на кукішках у дрэнажнай канаве, маленькае вогнішча, у кацялку варыцца мяса, маўклівыя жанчыны з застылым позіркам, ззаду — дзеці прагна ўслухоўваюцца ў незразумелую гутарку. Набліжаецца ноч. У малога прастуда. Вось, вазьміце коўдру. Яна шарсцяная — яшчэ ад маці засталася. Вазьміце, накрыйце дзіця. Вось што ім трэба бамбіць. Бо тут пачынаецца пераход ад «я» да «мы».

Калі б вам, тым, хто залодае ўсім, што патрэбна людзям, удалося зразумець гэта, вы змаглі б утрымацца на паверхні. Калі б вам удалося аддзяліць прычыны ад вынікаў, зразумець, што Пэйн, Маркс, Джэферсан, Ленін былі вынікам, а не прычынай, вы ўцалелі б. Але дзе вам зразумець: уласніцтва, як марозам, скоўвае ваша «я» і назаўсёды адгароджвае яго ад «мы».

Заходнія штаты ў трывозе — набліжаюцца перамены. Патрэба нараджае ідэю, ідэя — дзеянне. Паўмільёна людзей рухаюцца па дарогах; яшчэ адзін мільён, больш упартых, таксама гатовы ў любую хвіліну зняцца з месца; дзесяць мільёнаў яшчэ толькі пачынаюць нервавацца.

А трактары праводзяць баразну за баразной па абязлюдзелай зямлі.

Раздзел пятнаццаты

Уздоўж шашы № 66 стаяць прыдарожныя бары: «Дом Эла і Сузі», «Снеданне ў Карла», «Джо і Міні», «Закусачная Ўіла». Халупкі з лямцавай пракладкай між дошак. Дзве бензінавыя калонкі каля ўвахода, дзверы з драцяной сеткай, доўгая стойка, высокія табурэты, рэйка для ног. Каля дзвярэй тры гульнёвыя аўтаматы, праз шкло відаць, якое багацце ў пяціцэнтавых манетах можна выйграць за тры жэтоны. А побач з імі патэфон, які іграе за пяціцэнтавік, і наваленыя горкай, як бліны, пласцінкі, гатовыя ў любы момант слізгануць на дыск, і тады загучыць танцавальная музыка — факстроты «Ці-пі-ці-пі-цін», «Дзякуй за памяць», шлягеры Бінга Кросбі, джаз Бені Гудмэна. На адным канцы стойкі пад шкляным каўпаком — дражэ ад кашлю, серна-кафеінавыя таблеткі пад назвай «Бяссонныя», «Не драмаць»; цукеркі, цыгарэты, лёзы для брытваў, аспірын, белыя шарыкі «Брома-Сельтэр» і «Алька-Сельтэр» для шыпучкі. На сценах плакаты: купальшчыцы — пышнагрудыя, вузкабёдрыя бландзінкі з васковымі тварамі, у белых купальніках, з бутэлькай кока-колы ў руках, усміхаюцца: вось што абяцае вам кока-кола. Стойка доўгая, на ёй сальніцы, перачніцы, гарчычніцы і папяровыя сурвэткі. За стойкай піўныя краны, а каля самай сцяны бліскучыя, ахутаныя парай кававаркі з зашклёнымі акенцамі, якія паказваюць узровень вады. Тарты пад драцянымі накрыўкамі, апельсіны пірамідамі па чатыры штукі. Невысокія слупкі кардонак з крэкерамі і кукурузнымі шматкамі — раскладзены ўзорам.

Надпісы на картках меню з вялікімі бліскучымі літарамі са слюды: «Такія пірагі пякла твая мама». «Крэдыт вядзе да сваркі, лепш застанемся сябрамі». «Дамам можна курыць, толькі акуркі глядзіце, куды кладзяце». «Абедайце ў нас, шкадуйце сваю жоначку».

На другім канцы стойкі — сталовы посуд, бляхі з запечаным мясам, бульбай, тушаным мясам, смажанай ялавічынай, шэрай бужанінай — засталося толькі скрылікамі нарэзаць.

Міні, ці Сузі, ці Мэй старыцца за стойкай — валасы завітыя, на спацелым твары пудра і румяны. Бярэ заказы, размаўляе з кліентам ціха, мякка, повару заказы паўтарае скрыпучым, як у паўліна, голасам. Выцірае стойку анучай кругамі, начышчае вялікія бліскучыя кававаркі. Повару — Джо, ці Карлу, ці Элу — горача ў белым кіцелі і фартуху: на белым ілбе пад белым каўпаком пацеркі поту; ён пахмурны, гаворыць мала, мяльком паглядае на новых наведнікаў. Націрае патэльню, шлёпае на яе катлету ў цесце. Ціха паўтарае за Мэй заказы, скрабе патэльню, працірае джутавай анучкай. Пануры, маўклівы.

Мэй ажыццяўляе сувязь з наведнікамі, усміхаецца ім, а сама ледзь стрымлівае раздражненне; усміхаецца, а вочы глядзяць міма, калі госць не вадзіцель грузавіка. Шафёры — касцяк усяго. Там, дзе спыняюцца шафёры, там кліенты. Іх не абдурыш, яны разбіраюцца, што да чаго. Шафёры — гэта заказы. Яшчэ ого як разбіраюцца! Паспрабуйце падаць ім спітую каву, і больш нагі іхняй у вас не будзе. А абслужыце як след, яны зноў наведаюцца. Вадзіцеляў грузавікоў Мэй сустракае шырокай усмешкай. Крыху выгнуўшы стан, папраўляе на патыліцы валасы, і ўслед за рукамі крыху падымаюцца пад сукенкай угору і грудзі; ветла вітае гасцей, быццам абяцаючы вясёлае баўленне часу, вясёлую гутарку, вясёлыя досціпы. Эл ніколі ні з кім з наведнікаў не загаворвае. Не кантактуе з імі. Бывае, адкажа ўсмешкай на анекдот, а смяяцца, не, не смяецца. Часам гляне на Мэй, пачуўшы гуллівыя ноткі ў яе голасе, і зноў скрабе патэльню лапаткай, перакладзе застылы тлушч у латочак каля пліты. Ён прыціскае лапаткай катлету, яна шыпіць. Кладзе на патэльню разрэзаную напалам булачку, падаграе, падсмажвае. Зграбае з патэльні колцы цыбулі, кладзе на фарш, прыціскае лапаткай, накрывае паловай булачкі, другую палову змазвае растопленым маслам і вострай прыправай. Прытрымліваючы пакладзеную на катлету паўбулачкі, падчэплівае лапаткай тонкую катлетку, пераварочвае яе, накрывае другой паловай і скідае на маленькую талерку. Туды ж кладзе чвэртку марынаванага агурка і дзве чорныя масліны. Пускае талерку па стойцы, як кідальнае кальцо. Тады зноў скрабе патэльню і панура пазірае на жароўню з тушаным мясам.

Легкавыя машыны імкліва праносяцца па шашы № 66. Нумарныя знакі з Масачусетса, з Тэнесі, Род-Айленда, з Нью-Ёрка, Верманта, Агаё. Кіруюць на захад. Шыкоўныя машыны, хуткасць — шэсцьдзесят пяць міль у гадзіну.

Вунь «корд» ідзе. Труна на колах.

Але ж, глянь, які ход! Бачыш «ласаль»? Мне б такую. Я не з ганарлівых. Узяў бы і «ласаль».

Калі ты ўжо так разышоўся, дык чаму б не «кадзілак»? Ён трохі большы і хутчэйшы.

А сабе я выбраў бы «зефір». Не такі ўжо і шык, затое клас, хуткасць! Мне дай «зефір».

І ўсё ж, сэр, можаце смяяцца, толькі я стаю за «б'юік-п'юік». Даволі добрая машына.

Дык яна ж, халера, цаной, як «зефір», а цягне слабавата.

Ну і няхай. Мне ад гэтага Генры Форда нічога не трэба. Не люблю я Форда. Ніколі не любіў. У мяне брат працаваў у яго на заводзе. Ты б толькі паслухаў, што ён расказваў.

І ўсё-такі «зефір» — сіла!

На шашы вялікія легкавыя аўтамашыны. Стомлена-пяшчотныя, разамлелыя ад гарачыні дамы, вакол іх, як вакол цэнтра прыцяжэння, круціцца безліч аб'ектаў: крэмы, ласьёны, бутэлечкі з фарбамі — чорнай, ружовай, чырвонай, белай, зялёнай, сярэбранай, з іх дапамогай мяняецца колер валасоў, вачэй, губ, пазногцяў, броваў, веек, павек. Рознае семя, алеі, пілюлі — каб добра працаваў страўнік. Сумка з бутэлечкамі, спрынцоўкамі, таблеткамі, прысыпкамі, растворамі, мазямі — каб унікнуць усякай рызыкі пры інтымных зносінах, зняць пахі, засцерагчыся ад нежаданых вынікаў. А яшчэ адзенне… Адна марока!

Маршчынкі стомы вакол вачэй, складкі раздражнення па кутках рота, грузныя грудзі ў цесных ячэйках бюстгальтараў, тугія жываты і клубы пад гумавымі гарсэтамі. Цяжка ловяць спякотнае паветра раты, у пахмурных вачах нялюбасць да сонца, ветру, да зямлі, агіда да ежы, злосць на знямогу, нянавісць да самога часу, які рэдка калі маладзіць, а старыць — заўсёды.

Побач з жанчынамі кароткія пузатыя мужчыны ў светлых касцюмах і панамах — чысценькія ружовыя мужчыны з неспакойнымі, разгубленымі вачамі, поўнымі трывогі. Ім неспакойна таму, што не працуюць прывычныя формулы: яны прагнуць бяспекі, але адчуваюць, што яна знікае з твару зямлі. На лацканах пінжакоў у іх значкі розных суполак і клубаў — тых месцаў, куды можна пайсці і ў натоўпе такіх жа занепакоеных чалавечкаў пераканаць сябе, што камерцыя — занятак высакародны, а не асвячонае рытуалам зладзейства; што яны шчодрыя і дабрачынныя, часта нават сабе ў шкоду, насуперак прынцыпам камерцыі; што жыццё ў іх паўнацэннае, а не ўбогая і стомная руціна; і што блізкі ўжо той час, калі нічога ім не будзе страшна.