18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 18)

18

Яна глядзела на заліты сонечным святлом двор, на цёмны сілуэт мужчыны. Бацька стаяў побач і ўвесь калаціўся ад нецярплівасці.

— Заходзьце ж! — крыкнуў ён. — Чаго стаіце, заходзьце, містэр.

Том збянтэжана пераступіў парог.

Маці ветліва паглядзела на яго, падняўшы галаву ад патэльні, над якой яна зноў схілілася. І тут рука яе паволі апусцілася, відэлец грукнуўся на дашчаную падлогу. Вочы яе шырока расплюшчыліся, зрэнкі расшырыліся. Яна цяжка задыхала, раскрыўшы рот. Потым заплюшчыла вочы.

— Дзякуй богу, — прамовіла яна. — Ой, дзякуй богу! — Вочы яе раптам затуманіліся трывогай. — Томі, цябе не шукаюць? Ты не ўцёк?

— Не, ма. Я даў падпіску. Тут у мяне дакументы, — ён дакрануўся да грудзей.

Яна падышла да яго, лёгка і бясшумна ступаючы босымі нагамі, і на твары ў яе адбілася здзіўленне. Маленькая далонь кранулася яго рукі вышэй локця, адчула яго мускулы. Потым маці, як сляпая, прыклала пальцы да яго шчакі. Радасць яе межавала са смуткам. Том моцна прыкусіў ніжнюю губу. Яе здзіўленыя вочы глянулі на заціснутую між зубоў губу, убачылі нітачку крыві, што праступіла скрозь зубы і тоненькім струменьчыкам пабегла па падбародку. Яна зразумела ўсё, самавалоданне зноў вярнулася да яе, і яна адняла руку ад яго твару. Дыханне гучна вырвалася з яе грудзей.

— Ну вось! — усклікнула яна. — А мы ледзь без цябе не паехалі. Усё галаву ламалі, як ты нас знойдзеш. — Яна падняла з падлогі відэлец, памяшала гарачае сала, падхапіла з патэльні падгарэлую скварку. Потым адставіла на край пліты кафейнік з успененай кавай.

Стары Том рагатнуў:

— Абдурылі мы цябе, ма, га? Так і задумалі. Спецыяльна. А яна стаіць, як авечка, якую абухом агрэлі. Шкада, дзеда тут не было. Цябе быццам хто па лбе кувалдай гакнуў. Дзед надарваў бы жывот са смеху, зноў бядро сабе вывіхнуў бы, як тады, калі Эл пальнуў у той вялізны армейскі самалёт. Тут, ведаеш, Том, аднаго разу пралятаў такі вялікі — з паўмілі, можа, даўжынёй, дык Эл як схопіць сваю трыццаціміліметроўку ды як смальне! Дзед крычыць: «Не страляй на галапупках, Эл, пачакай, пакуль дарослыя птушкі прыляцяць!» — і так з рогату выкручваўся, што бядро сабе вывіхнуў.

Маці ціхенька хіхікнула і зняла з паліцы горку алавяных талерак.

Том запытаўся:

— А дзе ён, дзед? Я гэтага старога чорта яшчэ не бачыў.

Маці паставіла талеркі на кухонны стол і каля кожнай — кубак. Сказала, панізіўшы голас:

— Яны з бабкай у свірне спяць — ім часта даводзіцца падымацца па начах, на дзяцей натыкаюцца.

Умяшаўся бацька:

— Ага. Дзед кожную ноч як шалеў. Спатыкнецца аб Уінфілда, той — у крык, а дзед з перапуду ў споднікі напусціць і ад злосці закіпіць, а там, глядзіш, такі гвалт у доме ўзнімецца, што хоць вушы затыкай. — Ён гаварыў пасмейваючыся. — О, тут у нас вясёленька бывала. Адной ноччу раскрычаліся ўсе, завяліся, і брацік твой Эл, цяпер ён у нас красамоўны стаў, кажа: «Чаму ты, каб цябе чорт, у піраты не падаўся?» Ну, стары зусім азвярэў і па стрэльбу пабег. І давялося Элу спаць той ноччу ў полі. А цяпер дзед з бабкай у свірне начуюць.

Маці сказала:

— Цяпер яны па патрэбе ўстаюць і на двор ідуць. Тата, скажы ім, што Томі вярнуўся. Дзеда наш Том заўсёды любіў.

— Зараз, — сказаў бацька. — Зусім з галавы выпусціў. — Ён выйшаў з кухні і, энергічна размахваючы рукамі, пайшоў цераз двор.

Том глядзеў яму ўслед і раптам пачуў голас маці.

— Томі, — прамовіла яна нерашуча і бянтэжліва.

— Што? — Яе збянтэжанасць толькі ўзмацніла збянтэжанасць яго самога, прывяла ў нейкае незразумелае замяшанне. Кожны з іх здагадваўся пра душэўны стан другога, і іх гэта яшчэ больш бянтэжыла.

— Томі, я хачу ў цябе запытацца… ты не азлобіўся?

— Азлобіўся?

— Злосць не заслала табе вочы? Ты ні да кога не пранікся нянавісцю? Турма не давяла цябе да таго, што ты зусім страціў розум?

Том паглядзеў на яе скоса, дапытліва, і вочы яго быццам пыталіся, адкуль яна ўсё гэта ведае.

— Н-не, — адказаў ён. — Можа, толькі спачатку. Я не такі горды, як іншыя. З мяне як з гусі вада. А чаму ты пытаешся, ма?

Цяпер ужо яна глядзела на яго, крыху раскрыла рот, быццам так было лепш чуваць, і ўпілася ў яго вачамі, каб лепш разабрацца ў ім. Яна шукала таго адказу, які словы часта ўтойваюць. І нясмела загаварыла:

— Тут у нас быў Красунчык Бой Флойд. Я маці яго ведала. Добрыя былі людзі. Бой быў страшэнны свавольнік, не без таго, ну, як кожны здаровы хлопчык. — Яна памаўчала, потым словы яе паліліся патокам: — Пра ўсіх іх мне невядома, але пра яго я ведаю ўсё. Ён нешта там натварыў, і яго моцна пабілі — злавілі і збілі, і ён азлобіўся і зноў нешта такое ўчыніў, ужо са зла, дык яго зноў пабілі. Да таго давялі, што ён зусім ашалеў. У яго стралялі, як у драпежнага звера, а ён адстрэльваўся. Цкавалі сабакамі, як каёта, а ён скаліў зубы і агрызаўся, як воўк. Зусім розум страціў. І не хлопец, і не мужчына — не чалавек, а жывёліна нейкая. Але хто яго ведаў, той не крыўдзіў. На такіх у яго злосці не было. Нарэшце яго зацкавалі сабакамі і забілі. У газетах бог ведае што пра яго пісалі, а на справе вось як было. — Яна змоўкла, аблізнула перасохлыя губы. На ўсім яе твары было напісана, што яе мучыць. — Я хачу ведаць, Томі. Цябе жорстка білі? Ты таксама сам не свой ад злосці?

Поўныя губы Тома былі шчыльна сцятыя. Ён зірнуў на свае шырокія гладкія далоні.

— Не, — адказаў ён. — Я не з такіх. — Ён памаўчаў, разглядаючы свае абламаныя пазногці, шурпатыя, як ракавінкі. — У турме я стараўся ні ў што не ўблытвацца. У мяне такой злосці няма.

Яна ўздыхнула і амаль шэптам прамовіла:

— Дзякуй богу.

Ён ускінуў на яе вочы.

— Калі я ўбачыў, ма, што зрабілі з нашым домам…

Маці падышла да яго зусім блізка і з хваляваннем сказала:

— У адзіночку нельга біцца, Томі. Цябе зацкуюць, як каёта. Вось, Томі, я ўсё думала, меркавала, гадала. Такіх, кажуць, сагнаных з месца сотні тысяч. Калі б мы ўсе, як адзін, узгневаліся, Томі… нас не зацкавалі б… — Яна змоўкла.

Том паволі апусціў павекі, і цяпер яго вочы толькі ледзь паблісквалі між веек.

— І шмат хто так думае? — запытаўся ён.

— Не ведаю. Людзі ўсе цяпер як ашаломленыя. Ходзяць нібы ў сне.

З дальняга канца двара данёсся скрыпучы старэчы голас:

— Хвала богу, наша ўзяло! Наша ўзяло!

Том зірнуў у той бок і ашчэрыўся ўсмешкай:

— Вось і бабка ўжо ведае, што я дома. А цябе, ма, раней я такой ніколі не бачыў.

Матчын твар пасуравеў, вочы зрабіліся халодныя.

— Раней мне ніколі не даводзілася бачыць, як дом мой рушаць. Раней мне ніколі не даводзілася бачыць, як сям'ю маю выганяюць на дарогу. Ніколі не даводзілася распрадаваць… усё… Вось, ідуць ужо. — Яна вярнулася да пліты і вываліла з патэльні на дзве алавяныя талеркі пышныя праснакі. Падбіла мукой густое сала для падліўкі, і рука яе пабялела ад мукі. Хвіліну Том глядзеў на яе, тады падышоў да дзвярэй.

Праз двор ішлі чацвёра. Наперадзе ішоў дзед. Хударлявы, жвавы, неахайна апрануты стары паспешліва чыкільгаў, прыпадаючы на правую вывіхнутую нагу. На хаду ён зашпільваў штаны, і яго старэчыя пальцы ніяк не маглі разабрацца ў гузіках, бо ён усунуў верхні гузік у другую пятлю і гэтым парушыў увесь парадак. Штаны былі пашарпаныя, падраная сіняя кашуля расхрыстаная, доўгая шэрая ніжняя сарочка таксама была расшпіленая. З-пад яе вызіралі кашчавыя белыя грудзі, зарослыя сівой шэрсцю. Дзед страціў надзею зашпіліць прарэх, пакінуў яго незашпіленым і нялоўка заняўся гузікамі сарочкі, потым кінуў і гэта, не давёўшы справы да канца, і пачаў падцягваць карычневыя падцяжкі. Твар у яго быў худы, нервовы, з маленькімі жвавымі вочкамі, хітраватымі, як у свавольнага хлапчука. Сварлівы, капрызны, гарэзлівы, смяшлівы твар. Дзед быў задзірака і спрачальнік, аматар салёных анекдотаў. Як быў у маладосці, так і застаўся стары грахаводнікам. Зласлівы, жорсткі і нецярплівы, як шкадлівае дзіця, і да таго ж весялун. Калі дарываўся да спіртнога, ён не ведаў меры, праз меру еў, калі было што, і безупыну малоў языком.

За дзедам кандыбала бабка; яна ўмудрылася дажыць да глыбокай старасці толькі таму, што была такая ж злосніца, як і яе стары. Яна ахоўвала сваю незалежнасць з лютасцю фанатычкі, не ўступаючы дзеду ў грахоўнасці і буйстве. Аднойчы, яшчэ не прыйшоўшы ў сябе пасля малення і галосячы ўрыўкі псалмаў, яна разрадзіла ў мужа абодва ствалы драбавіка і амаль ушчэнт разнесла яму адну ягадзіцу. Пасля гэтага стары прасякся такой павагай да жонкі, што больш ніколі ўжо не мучыў яе, як дзеці мучаюць казюлек. Яна ішла, падабраўшы да калень прасторную сукенку, і тонкім галаском, падобным на бляянне, выкрыквала свой баявы кліч: «Хвала богу, наша ўзяло!»

Дзед з бабкай кульгалі па шырокім двары навыперадкі. Яны вечна змагаліся адно з адным — ніхто не хацеў ні ў чым уступаць другому. Яны любілі гэтае змаганне, без яго не маглі існаваць.

За імі няспешнай хадой ішлі бацька і Ной, яго першынец — высокі, нейкі дзіўнаваты з выгляду, з неўразумелым выразам на твары, звычайна спакойным і задумлівым. Ной ніколі ні на кога не злаваў. Ён глядзеў на тых, хто злаваў, са здзіўленнем і пачуццём няёмкасці, як глядзіць здаровы чалавек на душэўнахворага. Рухі ў Ноя былі няспешныя, гаварыў ён рэдка, а калі гаварыў, дык так марудна, што людзі, якія яго ведалі, часам лічылі Ноя за дурня. Але Ной не быў дурны, толькі дзівакаваты. Ён мала думаў пра гордасць, не адчуваў цягі да жанчын. Праца і сон па чарзе змянялі адно другое надзіва пунктуальна, і гэта задавальняла яго. Ён любіў сваіх блізкіх, але ніколі не выказваў гэтай любові. Хоць старонняму цяжка было сказаць чаму, але Ной рабіў уражанне чалавека, у якім ёсць нешта ненармальнае — ці то ў форме галавы, ці то ў тулаве, ці ў нагах, а можа, нават і ў розуме; толькі прыдрацца да чаго-небудзь пэўнага было нельга. Бацька, той ведаў, чаму Ной быў не такі, як усе астатнія яго дзеці, але саромеўся расказваць. Бо той ноччу, калі яго першынец з'яўляўся на свет, бацька застаўся ў доме адзін з парадзіхай, з яго няшчаснай жонкай, якая заходзілася ад немага крыху, і ён ашалеў ад страху. Яго рукі, моцныя яго пальцы, як абцугі, выцягнулі, выкруцілі дзіця з чэрава маці і памялі яго. Павітуха, што крыху запазнілася, убачыла бясформенную галоўку нованароджанага, яго выцягнутую шыю, перакрыўленае цельца і ўправіла яму шыю і нібы нанава вылепіла сваімі рукамі яго цела. Бацька ўвесь час памятаў гэтае здарэнне, і яму было сорамна. З Ноем ён быў ласкавейшы, чым з іншымі дзецьмі. Па шырокім твары Ноя, па яго далекавата расстаўленых адно ад аднаго вачах, па доўгім вузкім падбародку бацька пазнаваў памятую, знявечаную галоўку дзіцяці. Ной рабіў усё, што ад яго патрабавалася, мог чытаць і пісаць, умеў працаваць і ацэньваць зробленае, але ўсё гэта ён, здавалася, рабіў без цікавасці; ён зусім абыякава ставіўся да ўсяго таго, чаго людзі дамагаліся, да чаго імкнуліся. Быццам жыў у нейкім дзіўным, маўклівым доме і спакойнымі вачамі паглядаў адтуль на свет. Ён быў чужы ў гэтым доме, але самоты не адчуваў.