Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 20)
— Ты, дзед, і цяпер яшчэ такі ж адчайны, — сказаў Том.
— Не без таго. Толькі не, да ранейшага далёка. Вось пачакайце, прыеду ў Каліфорнію, буду там апельсіны есці — захочацца, і сарву апельсінчык. Ці там вінаград. Нічога такога ніколі ў рот не браў. Сарву цэлую гронку з куста, ці там з чаго, раздушу на твары, і сок пацячэ па падбародку.
Том запытаўся:
— А дзядзька Джон дзе? Дзе Разашарна? А Рут, а Ўінфілд? Пра іх ніхто слова не сказаў.
— А ніхто і не пытаўся, — адказаў бацька. — Джон паехаў у Саліса распрадаць сёе-тое з нашага набытку: помпу, інструмент, курэй — усё, што мы прывезлі сюды з нашай фермы. Узяў з сабой Руці і Ўінфілда. Яшчэ на досвітку паехалі.
— Дзіўна, як гэта мы не стрэліся з імі на дарозе, — сказаў Том.
— Дык ты ж, пэўна, па шашы дабіраўся, а яны паехалі ў аб'езд праз Каўлінгтан. А Разашарна і Коні ў ягоных бацькоў. Э-э, ды ты ж не ведаеш, што яна выйшла за Коні Рыверса! Павінен памятаць яго. Хлопец добры. А ёй ужо радзіць месяцы праз тры-чатыры ці, можа, пяць. З дня ў дзень пышнейшай робіцца. Прыемна глянуць.
— Вось яно як! — сказаў Том. — Разашарна пры мне была яшчэ дзяўчо малое. І вось на табе — радзіць збіраецца. Калі не жывеш дома, чаго толькі не здарыцца за чатыры гады. На Захад калі рушыць думаеш, та?
— Ды вось дабро трэба прадаць. Думаў, як Эл вернецца, пагрузім усё на машыну, і ён завязе ў горад на продаж, а заўтра ці паслязаўтра і паедзем. З грашыма ў нас тугавата, а тут адзін казаў, што да Каліфорніі цэлыя дзве тысячы міль набярэцца. Чым раней паедзем, тым лепш. А то грошы так і цякуць. У цябе ёсць што з сабой?
— Два даляры. А ты як раздабыў?
— Ну, мы прадалі ўсё, што маглі, — адказаў бацька, — а потым усім гуртам бавоўну акучвалі, нават дзед.
— А чаго ж, — сказаў дзед.
— Усё разам склалі — дзвесце даляраў. Семдзесят пяць вось за гэту машыну аддалі, мы з Элам знялі верх і насціл зрабілі.
Сонца вісела проста над галавой і нясцерпна паліла. Ад грузавіка падалі на зямлю цёмныя палосы ценю, ад яго патыхала нагрэтым маслам, цыратай і фарбай. Куры пайшлі з двара і схаваліся ад спёкі ў павеці. Свінні, лежачы ў хлеўчуку ля самай перагародкі, дыхалі цяжка і раз-пораз пранізліва, нібы скардзячыся, вішчалі. Абодва сабакі расцягнуліся ў чырванаватым пыле пад кузавам грузавіка, высунуўшы запыленыя языкі. Бацька насунуў капялюш на вочы і прысеў на кукішкі. У гэтай, відаць, прывычнай яму позе для роздуму і назірання ён акінуў Тома крытычным вокам, паглядзеў на яго новую, але ўжо са слядамі старэння кепку, на касцюм, на новыя чаравікі.
— Усе грошы на гэта патраціў? — запытаўся ён. — Намучышся ў такім уборы.
— Мне выдалі, — адказаў Том. — Перад выхадам. — Ён зняў з галавы кепку, замілавана паглядзеў на яе і выцер ёю лоб, потым зухавата насунуў яе на вуха і пацягнуў за брылёк.
Бацька зазначыў:
— Чаравікі далі табе нішто.
— Ага, — пагадзіўся Том. — Даволі добрыя, толькі ў такую спёку ў іх многа не находзіш. — Ён таксама прысеў побач з бацькам.
Ной паволі прагаварыў:
— Можа, калі б ты да канца абладзіў барты, маглі б ужо і грузіцца. Пагрузім, а тут, можа, і Эл падыдзе, дык мы…
— Я ўмею грузавіком кіраваць, — сказаў Том, — калі толькі ў гэтым справа. У Макалестары я вадзіў грузавік.
— Вось і добра, — сказаў бацька і раптам уставіў вочы на дарогу. — Калі не памыляюся, гэта ён, шалапут, дадому хвост свой цягне. Ледзь ногі перастаўляе.
Том і прапаведнік глянулі ў той бок, і шкадлівы Эл, убачыўшы, што за ім сочаць, расправіў плечы і фанабэрлівай паходкай, перакідваючыся з нагі на нагу, як певень, што сабраўся закукарэкаць, увайшоў на двор. Ганарліва падышоў да людзей зусім блізка і толькі тады пазнаў Тома. Пыхлівасць імгненна сышла з яго твару, у вачах заззялі захапленне і глыбокая павага, і ад яго фанабэрыстай паставы нічога не засталося. Ні каляныя джынсы, падкасаныя на восем цаляў, каб відаць былі боты на высокіх абцасах, ні рэмень тры цалі шырынёй з меднымі фігурнымі бляхамі, ні нават чырвоныя рызінкі на рукавах сіняй кашулі і хвацка ссунуты набакір стэтсанаўскі капялюш не маглі паставіць яго на адну дошку з братам, бо брат яго забіў чалавека, а гэта ніколі не забудзецца. Эл ведаў, што нават ім самім захапляюцца яго равеснікі, бо брат яго забіў чалавека. У Салісе ён неяк раз пачуў: «Гэта Эл Джоўд. Яго брат улажыў аднаго рыдлёўкай».
І цяпер, ціхмяна падыходзячы да брата, Эл убачыў цёмныя хмурныя вочы і турэмны спакой худога голенага твару, які прывык нічым не выдаваць пачуццяў, не выказваць ні супраціўлення, ні рабскай пакорлівасці. І Эл адразу перамяніўся. Падсвядома падрабіўся пад брата, і прыгожы яго твар нахмурыўся, плечы апалі. Ён не памятаў, які Том быў раней.
Том сказаў:
— Здарова, Эл! Вырас, як ляшчына! Я цябе не пазнаў бы.
Трымаючы руку напагатове на выпадак, калі Том захоча яе паціснуць, Эл збянтэжана ўсміхнуўся. Том працягнуў руку, і рука Эла тарганулася насустрач. Яны яўна спадабаліся адзін аднаму.
— Кажуць, ты грузавік здорава водзіш, — сказаў Том.
Эл зразумеў, што пахвальбой брату не дагодзіш, і адказаў:
— Ды не, не вельмі.
Бацька сказаў:
— Швэндаешся ўсё недзе. Зусім, бачу, выматаўся. Ладна, трэба адвезці сёе-тое ў Саліс на продаж.
Эл паглядзеў на брата.
— Паедзеш? — папытаўся ён як мага больш абыякава.
— Не, не магу, — адказаў Том. — Трэба тут памагчы. Яшчэ будзем разам… у дарозе.
Эл не стрымаўся, запытаў:
— Ты… ты ўцёк? З турмы?
— Не, — адказаў Том. — Адпусцілі па падпісцы.
— А-а… — Эл быў крышачку расчараваны.
Раздзел дзевяты
У маленькіх дамках людзі варушылі і перабіралі сваё дабро, дабро бацькоў сваіх і дзядоў. Выбіралі, што везці з сабой на Захад. Мужчыны распраўляліся са сваім скарбам бязлітасна — усё роўна мінулае жыццё пайшло прахам, але кабеты ведалі, што мінулае яшчэ не раз горка абзавецца.
Мужчыны ішлі ў свірны і павеці. Вось плуг, вось барана — не забыў, як сеялі гарчыцу ў вайну? А памятаеш, прыязджаў адзін, усё ўгаворваў нас каўчукавы хмыз разводзіць — нейкую гваюлу? Разбагацееце, казаў. Ану давай сюды вунь тыя прылады — некалькі даляраў за іх атрымаем. За гэты плуг аддалі васемнаццаць даляраў ды яшчэ за перавозку — па каталогу крамы «Сірз Роўбак».
Збруя, двухколкі, сеялкі, матыкі ў звязках па некалькі штук. Нясі іх сюды. Валі ў адну кучу. Грузі на фургон. У горад завязеш. Колькі дадуць — аддавай. Коней і фургон таксама прадасі. Больш ужо не спатрэбяцца.
Пяцьдзесят цэнтаў за такі добры плуг малавата. Сеялка каштавала мне трыццаць восем даляраў. Два даляры малавата. Ды не цягнуць жа табе ўсё гэта назад… Добра, забірай, і маю горыч таксама. Грузі помпу калодзежную і вупраж. Аброці, хамуты, гужы, пастронкі. І гэтыя шкляныя падвескі на налобнік, бачыш — пад шклом чырвоныя ружачкі. Гнядому купіў. Памятаеш, як ён падкідваў ногі на рысі? Старызна, зваленая ў кучу пасярод двара. Ручны плуг цяпер ніхто не купіць. Пойдзе на лом — жалеза цэнтаў на пяцьдзесят пацягне. Цяпер у хаду толькі дыскавыя плугі да трактароў.
Добра, бярыце ўсё… усё гэтае жалеззе і давайце пяць даляраў. Вы купляеце не толькі гэтае ламачча, але і зламанае жыццё. Мала таго… самі пераканаліся… вы купляеце маю горыч у прыдачу. Купляеце плуг, які засыпае сваім адвалам вашых дзяцей, вы купляеце зброю і волю, якія маглі б уратаваць вас. Не чатыры, а пяць. Не цягнуць жа мне ўсё гэта назад… добра, няхай чатыры. Але папярэджваю — вы купляеце тое, што заарэ вашых дзяцей. Не заўважыце, як гэта здарыцца. Не паспееце заўважыць. Бярыце за чатыры… Ну, а колькі дасце за коней з фургонам? Зірніце, якія коні! Абодва гнядыя, масць у масць, і хада ў іх аднолькавая, нага ў нагу. Як нацягнеш лейцы — сцёгны і крыж напружацца ў абодвух у адно і тое ж імгненне, у долю секунды. А пры ранішнім святле адліваюць золатам. Паглядаюць цераз перагародку, пасопваюць — прынюхваюцца, навостраць вушы і стрыгуць імі — прыслухоўваюцца, ці не ідзе гаспадар. А чубкі зусім чорныя! Ёсць у мяне дачка. Дык яна любіць заплятаць ім грывы і чубкі — запляце коску і завяжа чырвонай стужачкай. Дужа ёй падабаецца гэта. А цяпер — усё, канец. Я мог бы расказаць вам забаўную гісторыю пра дачку і таго вунь прыпражнога. Вось вы пасмяяліся б! Прыпражному восем гадоў, а гэтаму гнядому — дзесяць, а зладзіліся працаваць, быццам жарабкі аднаго прыплоду. Во, бачыце? Зубы. Ніводнага гнілога. Лёгкія глыбокія. Капыты роўныя і чыстыя. Колькі? Дзесяць? За абодвух? І яшчэ фургон?.. О, Езус! Ды лепш я прыстрэлю іх сабакам на корм. Ат, бярыце! Хутчэй бярыце, містэр. Вы купляеце заадно і маленькае дзяўчо, якое заплятала ім чубкі — знімала ў сябе з галавы стужачкі і завязвала ім коскі банцікам; адыдзе назад, галава набок — палюбуецца і патрэцца шчочкай аб мяккія цёплыя ноздры. Вы купляеце доўгія гады працы, цяжкай працы на санцапёку, вы купляеце скруху, якую не выказаць словамі. Але беражыцеся, містэр. Вы атрымаеце надбаўку за ўсю гэту кучу хламу і за гнядых коней… за маіх прыгажуноў… — пакецік гневу, які прымецца ў вашым доме, пойдзе ў рост і калі-небудзь забуяе пышным цветам. Мы маглі б стаць вашымі збавіцелямі, але вы падсеклі нас; настане дзень, калі і ваша жыццё падсякуць, і не будзе каму ратаваць вас.
І арандатары вярталіся пеша дамоў, засунуўшы рукі ў кішэні, апусціўшы капелюшы на самыя вочы. Некаторыя куплялі бутэльку віскі і тут жа апаражнялі, каб аглушыць сябе адразу. Але, выпіўшы, яны не смяяліся, не пускаліся ў скокі. Не спявалі, не перабіралі струны гітар. Вярталіся на свае фермы, трымаючы рукі ў кішэнях і нізка апусціўшы галовы, і з-пад іх чаравікаў узнімаўся чырвоны пыл.