18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 22)

18

— Чую, тут гамоняць, — сказаў ён. — Сукіны дзеці, паспаць не дадуць. Калі ў вас, шчанюкоў, шэрсць абсохне, тады, можа, зразумееце, што старому чалавеку трэба даць паспаць. — Яго нецярплівыя пальцы ўхітрыліся расшпіліць два ўжо зашпіленыя гузікі, і ён забыўся, што хацеў зрабіць. Рука забралася ў прарэх і з задавальненнем паскрэбла пад пахвінай.

Маці вярнулася на кухню з мокрымі рукамі, далоні ў яе былі набрынялыя і зморшчаныя ад гарачай вады і мыла.

— Думала, ты спіш, — сказала яна. — Дай зашпілю. — І хоць дзед і адбіваўся, яна ўсё ж утрымала яго і зашпіліла яму ніжнюю сарочку, кашулю і штаны. — А то ходзіш — адна любата! — сказала яна і адпусціла старога.

Ён злосна замармытаў:

— Дажыў-ткі, дажыў чалавек — ужо зашпільваюць яго. Дайце мне самому зашпільваць свае штаны.

Маці жартаўліва сказала:

— У Каліфорніі не дадуць табе расхрыстанаму шпацыраваць.

— Не дадуць? Ха! Дык я ім пакажу! Вучыць яшчэ мяне там будуць, як жыць. Захачу — з голым перадам расхаджваць буду, калі ўжо на тое пайшло.

Маці сказала:

— Такі вольны стаў на язык! Год ад году ўсё горш і горш. Перад табой, відаць, казырыцца, Том.

Стары выпнуў шчаціністы падбародак і ўставіў на дачку хітрыя, калючыя, гарэзлівыя вочкі.

— Так, сэр, — сказаў ён, — хутка ўжо ў дарогу рушым. І, далібог, праўда, вінаград там проста гронкамі вісіць пры дарозе. Ведаеце, што я зраблю? Нарву яго поўны таз і сяду на яго прама ў штанах ды яшчэ патаўкуся, і няхай сок пацячэ па калашынах.

Том засмяяўся:

— Слова гонару, хоць дзвесце гадоў дзеду будзе, яго ўсё роўна не ўтаймаваць. Значыць, дзед, у дарогу пускаемся?

Стары падцягнуў да сябе скрынку і цяжка апусціўся на яе.

— Так, сэр, — сказаў ён. — Даўно пара. Брат мой сорак гадоў таму назад туды паехаў. З таго часу ад яго ні гуку. Прайдзісвет быў, сукін кот. Ніхто яго не любіў. Уцёк з маім адназарадным кольтам. Вось сустрэнуся з ім або з яго дзецьмі, калі ён імі абзавёўся ў Каліфорніі, і запатрабую назад свой кольт. Я яго ведаю, гэтую кукушку: калі дзеці ў яго і былі, дык жывуць яны ў чужых гнёздах, куды ён іх падкінуў, так у чужых і жывуць. Канешне, я з радасцю паеду ў Каліфорнію. Там, адчуваю, памаладзею. Як прыеду — адразу на збор фруктаў.

Маці кіўнула галавой:

— Дзед гэтак і зробіць. Ён толькі апошнія тры месяцы не працуе — з таго дня, як бядро сабе скруціў.

— Святая праўда, — пацвердзіў дзед.

Седзячы на прыступцы, Том паглядзеў праз двор.

— Вунь і прапаведнік ідзе, аднекуль з-за свірна.

Маці сказала:

— Ніколі не чула такой незвычайнай малітвы, як сёння раніцай. Гэта ж не малітва была. Проста гаварыў, але гучала, як малітва.

— Нейкі ён дзівакаваты. І гаворыць дзіўна. Быццам размаўляе сам з сабой. Але не дзеля таго, каб заваражыць і набіць сабе цану.

— А ты глянь на яго вочы, — сказала маці. — Быццам ласка боская на яго сышла. Словы яго проста ў душу даходзяць. Ён як богам блаславёны. Ходзіць, апусціўшы галаву, і ўсё пад ногі сабе пазірае. На ім нябеснае бласлаўленне. — Яна змоўкла, бо Кейсі падыходзіў ужо да дзвярэй.

— Сонечны ўдар схопіш — расхаджваеш па такой спёцы, — сказаў яму Том.

Кейсі адказаў:

— Ага… усё можа быць… — І раптам загаварыў, звяртаючыся да ўсіх разам, — да маці, да дзеда, да Тома. — Мне таксама трэба на Захад. Абавязкова трэба. Можа, вы возьмеце мяне з сабой? — Ён сам здзівіўся з сваіх слоў і застыў на месцы перад імі.

Маці пытальна паглядзела на Тома, бо адказваць павінен быў ён — мужчына, але Том маўчаў. Даўшы яму час скарыстаць сваё права, маці нарэшце сказала:

— Нам гэта вялікі гонар. Але цяпер, разумееце, я вам нічога абяцаць не магу. Бацька сказаў, сёння ўвечары мужчыны ўсё абгавораць і вырашаць, калі ехаць. Давайце лепш пачакаем, пакуль усе не збяруцца — і Джон, і бацька, і Ной, і Том, і дзед, і Эл з Коні. Усё і вырашаць, як толькі ўсе вернуцца. Калі месца будзе, нам гэта, вядома ж, вялікі гонар.

Прапаведнік уздыхнуў.

— Усё роўна я пакірую туды, — сказаў ён. — Што тут робіцца! Я пахадзіў — дамы пустыя, зямля пустая, усё наваколле апусцела. Тут я не застануся. Пайду туды, куды ўсе ідуць. Буду ў полі працаваць і, можа, зарадуюся.

— А прапаведаваць будзеш? — запытаўся Том.

— Прапаведаваць не буду.

— І хрысціць не будзеш?

— І хрысціць не буду. Я ў полі працаваць буду, на зялёных палях, увесь час з людзьмі буду. Вучыць іх болей не стану. Сам лепш павучуся. Дазнаюся, чаму людзі ходзяць у густую траву, прыслухаюся, як яны гавораць, паслухаю іхнія песні. Пачую, як дзеці ядуць маісавую кашу. Як муж з жонкай таўкуць матрацы па начах. Буду есці з людзьмі, вучыцца ў іх. — Вочы яго былі вільготныя і блішчалі. — І сам паваляюся ў траве з той, што пажадае легчы са мной, — адкрыта, без хітрыкаў. І клясціся буду, і бажыцца, і ўслухоўвацца ў паэзію людской мовы. Усё гэта святое — раней я не разумеў. Гэта ўсё — даброты жыцця.

Маці сказала:

— А-мін.

Прапаведнік ціхмяна сеў на калоду каля дзвярэй.

— Не ведаю, што яшчэ рабіць адзінокаму чалавеку.

Том далікатна кашлянуў.

— Калі чалавек вырашыў больш не прапаведаваць… — пачаў быў ён.

— Ат, я проста занадта гаваркі, — сказаў Кейсі. — Ніяк ад гэтага не магу збавіцца. Але прапаведаваць не буду. Прапаведаваць — гэта значыць нешта тлумачыць людзям. А я задаю ім пытанні. Хіба гэтак прапаведуюць?

— А я ведаю? — адказаў Том. — Пропаведзь — гэта і тон голасу, і пэўны погляд на рэчы. Пропаведзь — справа добрая, калі толькі пасля яе не хочацца забіць прапаведніка. У мінулыя Каляды прыйшлі да нас у Макалестар з Арміі Выратавання. Тры гадзіны бітыя ігралі на карнетах, а мы сядзім і слухаем. Абыходзіліся з намі ласкава, а паспрабуй хто з нас падняцца і пайсці, адразу карцэр заробіш. Вось табе і пропаведзь! Улагоджвалі людзей нявольных, якія не могуць даць ім па карку за такую пропаведзь. Не, які ты прапаведнік! Глядзі толькі не ўздумай тут на карнеце іграць.

Маці падкінула голля ў агонь.

— Зараз вы перакусіце, вось толькі малавата ў мяне.

Дзед выцягнуў на двор сваю скрыню, сеў на яе і прыхінуўся да сцяны. Цень ад дзённага сонца падаў ужо на двор.

Грузавік вярнуўся пад вечар, падскокваючы і грукочучы ў клубах пылу. Пыл пластом ляжаў на насціле кузава, і капот быў увесь укрыты ім, а фары слаба свяціліся, нібы зацярушаныя чырвонай мукой. Сонца садзілася, і ў яго апошніх промнях зямля была чырвоная, як кроў. Эл сядзеў, прынікшы да руля, горды, сур'ёзны і дзелавіты, а бацька з дзядзькам Джонам займалі ганаровыя месцы побач з вадзіцелем. Стоячы ў кузаве і трымаючыся за планкі бартоў, ехалі астатнія: дванаццацігадовая Руці і дзесяцігадовы Ўінфілд — мурзатыя і дзікія, вочы стомленыя, але поўныя захаплення, пальцы і куткі рота чорныя і клейкія ад лакрычных ледзянцоў, якія яны выкленчылі ў бацькі ў горадзе. Руці, у доўгай, за калені, сукенцы з ружовага міткалю, трымалася, як паненка. Але Ўінфілд быў яшчэ дзіця — з тых, што бегаюць смаркатыя, падоўгу бавяцца недзе за свірнам, падбіраюць і кураць чужыя недакуркі. Тады як Руці ўжо разумела, якую годнасць ёй надаюць, якую адказнасць на яе накладаюць пачаўшыя ўжо прыкметна выдавацца грудзі, Уінфілд быў яшчэ гарэзлівы і дурненькі, як цялятка, хлапчук. Побач з імі, лёгка абапіраючыся на дошкі борта, стаяла Ружа Сарона. Стараючыся захаваць раўнавагу, яна пагойдвалася на насках, прымаючы штуршкі грузавіка каленямі і бёдрамі. Ружа Сарона была цяжарная і таму вельмі асцерагалася. Яе валасы, заплеценыя ў косы, ляжалі светла-попельнай каронай вакол галавы. На круглявым твары, такім пачуццёвым і прываблівым яшчэ толькі некалькі месяцаў назад, цяпер паявілася ўжо адчужанасць цяжарнасці, самазадаволеная ўсмешка, упэўнены і горды выраз, і яе поўнае цела — налітыя мяккія грудзі і жывот, крутыя клубы і ягадзіцы, якія раней так спакусліва пагойдваліся, нібы запрашаючы пляснуць па іх далонню ці пагладзіць, — усё яе цела набыло адбітак стрыманасці і самавітасці. Усе яе думкі былі скіраваныя ў сябе ўнутр, на дзіця, ва ўсіх яе рухах выяўляўся клопат пра яго. Дзеля яго яна цяпер старалася захаваць раўнавагу, стоячы на насках. Ёй здавалася, што ўвесь свет носіць у сваім лоне плод, і мысліла яна толькі з пункту гледжання прадаўжэння роду і мацярынства. Яе дзевятнаццацігадовы муж, Коні, які ўзяў за жонку пухленькае і палкае дзяўчо-гарэзу, спалохана і недаўменна прыглядаўся да перамены, якая адбылася з ёю, бо цяпер не было ўжо ні кашэчай валтузні ў пасцелі, ні кусання і драпання, ні прыглушаных смяшкоў і заключных слёз. Ён бачыў перад сабой стрыманую, абачлівую і мудрую істоту, якая сарамліва ўсміхалася яму, але не ўступала. Коні ганарыўся Ружай Сарона і баяўся яе. Як толькі выпадаў момант, ён дакранаўся да яе рукой, стаяў блізка, зусім блізка, каб адчуць целам яе бядро ці плячо, і гэта жывіла пачуццё блізкасці, якое магло зусім пакінуць яго. Коні быў хударлявы, з рэзкімі рысамі твару юнак тэхаскай пароды, і яго блакітныя вочы то гарэлі пагрозаю, то свяціліся ласкаю, то цямнелі ад страху. Ён быў добры, старанны працаўнік і мог бы стаць добрым мужам. Ён выпіваў, але ў меру, пускаў у ход кулакі, калі інакш было нельга, ніколі не выхваляўся. На людзях паводзіў сябе ціха, і ўсё ж яго прысутнасць адчувалася, з ім лічыліся.

Калі б дзядзьку Джону не было пяцідзесяці і не быў бы ён па праву роднасці адным з важакоў сям'і, ён палічыў бы за лепшае адмовіцца ад пачэснага месца побач з вадзіцелем і з радасцю ўступіў бы яго Ружы Сарона. Але гэта выключалася, бо яна была яшчэ маладая, і да таго ж жанчына. Дзядзька Джон адчуваў сябе ніякавата, засяроджаныя, неспакойныя вочы яго глядзелі тужліва, і ў моцным хударлявым целе адчувалася напружанасць. Амаль усё жыццё адзінота адгароджвала яго ад людзей, ад натуральных чалавечых пачуццяў. Але пачуцці спелі, збіраліся ўсярэдзіне і нарэшце вырываліся вонкі. Тады ён прагна накідваўся на ежу і аб'ядаўся да рвоты, або глушыў самагон ці віскі, пакуль не ператвараўся ў бяссільнага паралітыка з чырвонымі слязістымі вачамі, альбо пажадліва распуснічаў з якой-небудзь шлюхай у Салісе. Пра яго расказвалі, што аднойчы ён дабраўся да самага Шоўні і паклаў адразу трох прастытутак у адну пасцель і цэлую гадзіну шумна валтузіўся з трыма абыякавымі жаночымі целамі. Але, чым-небудзь насыціўшыся, дзядзька Джон хадзіў сумны, прысаромлены і, як і раней, адзінокі. Хаваўся ад людзей і стараўся загладзіць сваю віну падарункамі. Крадком забіраўся ў дамы і засоўваў дзецям пад падушкі жавальныя гумкі, сек дровы і не браў за гэта грошай. Раздаваў другім усё, што ў яго было, — сядло, каня, пару новых чаравікаў. Тады нікому не ўдавалася пагаварыць з ім, бо ён уцякаў, а калі сутыкаўся з людзьмі твар у твар, ён сцінаўся і паглядаў на іх спалоханымі вачамі. Смерць жонкі і доўгія месяцы самоты, што настала пасля таго, далі свой плён — згрызоты сумлення і сорам, і адзіноту яго нішто не магло парушыць.